Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Aгe, не хоча!..

Міканор скінуў другую паплеціну, ухапіў яшчэ адну, але тая была старэй, счарнела зусім, — трэснула, ледзь Міканор паспрабаваў адарваць ад моху. Міканор кінуў уніз толькі канец яе. Адарваўшы паплеціны, Міканор рашуча скубянуў чуб абадранай ветрам, пасечанай дажджом саломы на самым верее. Зверху чорная, крохкая, яна ўнізе была бура-рудая, тхнула даўнім пылам, тлеласцю. Дажджы прыбілі яе, спрасавалі, яна аддзіралася неахвотна, непадатна. Міканор екубаў яе жменя за жменяю, люта шпурляў убок — частка яе ляцела ўніз, частка застравала на страсе, асобныя пасмы з радасцю хапаў, нёс вецер.

Чым больш скуб Міканор, тым быццам больш злосна кідаў салому. Хутка з рудога саламянага плеху вылез жаўтлявы гуз, пачаў расці, зрабіўся верхам крокваў. Паказаліся першыя, верхнія жэрдкі, гумно нібы ашчэрылася зубамі.

— Не кідай так! Звязуй! — пачуў Міканор бацькава; здагадаўся — бацька раіць звязваць салому. Каб скарыстаць потым, крыючы канюшню.

Міканор паспрабаваў звязваць: салома была такая тлелая, што ламалася, крышылася, ледзь паспрабаваў скруціць перавясла.

— З яе ўжэ i гною добраго не будзе! — засмяяўся Хоня, беручыся памагаць Міканору.

Міканор кінуў нязвязаны сноп, крыкнуў бацьку:

— Аджыла ўжэ ваша салома, тато!

З гэтага часу на страсе завіхаліся ўжо ўтраіх: Хоня, Міканор i Алёша. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было легка i зручна, усе трое як бы хваліліся спрытам адзін перад адным. Замшэлая, у зялёных струпах страха ўвачавідкі ніжэла, выпускала i выпускала жоўтыя абпыленыя кроквы, абчэпленыя павуцінаю жэрдкі. Круціліся блізка, скакалі па жэрдках, лямантавалі вераб’і — бедавалі пра разбураныя гнёзды. І адно, i другое даводзілася бурыць — шэрыя, рупліва склееныя ластаўчыныя хаткі, не толькі Алёша, вельмі чулы да птаства, да ўсяго кволага, a i Хоня прыпыняўся, натрапіўшы на такую дамоўку. Адзін Міканор гнаў сваё цвёрда; папракнуў нават: вайна без ахвяр не бывае…

Унізе амаль увесь час тоўпіліся. Адны сыходзілі, паглядзеўшы, друпя падыходзілі. Нядобра, злосна зіркаў Нібыта-Ігнат, сышоў, не гледзячы ні на каго. Бедавала Куліна Чарнушкава: трэба ж так узяцца нішчыць сваё: да чаго дайшлі некаторыя. Чарнушка паявіўся пазней, спакойна пакурыў з Дамецікам; зазначыў па-прыяцельску: шкадаваць няма чаго, дабро такое! Збочыў з дарогі, ідучы кудысьці, стары Корч; горбячыся, глядзеў, як завіхаюцца ўгары. Калі ціха, як на пахаванні, падышла Дамеціха, разважна супакоіў: усяму свая чарга. Быў тут, дыміў люлькаю, кашляў сусед Дзяніс; малады — Васіль — не паявіўся, здалёк зірнуў i адвярнуўся, падаўся сваёй дарогай. Па-рознаму глядзелі i іншыя, што збіраліся каля гумна: адны гаманілі між сабой, ціха, разважліва, друпя — чаплялі тых, хто на гумне. Не аднаго радаваў імпэт разбурэння, нярэдка чуўся смех. Багата было i такіх, што глядзелі моўчкі, сур’ёзна, сумна. Якіх усё гэта трывожыла…

Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Пасля абеду сякерамі сталі абсякаць жэрдкі, прыкручаныя ссохлай, цвёрдай, як жалеза, лазой. Хіліліся яшчэ кроквы; але да вечара паскідалі i кроквы. Трымаліся пакуль сцены i цыбатыя, з сукамі, з раламі ўгары сохі. На другі дзень не стала i сцен — разабралі бярвеннямі, на калёсах звезлі на выган. Як калекі-крыжы, тырчалі на тым месцы, дзе нядаўна было гумно, адны сохі. Сярод нязграбных куч чорнай саломы i трухі.

Дамеціха, што жагналася кожны раз, калі бачыла няшчасную, жахлівую пустэчу, зірнуўшы на сохі вечарам, сумелася: на чырвоным заходнім небе сохі высіліся, як калекі з абсечанымі рукамі. Уздымалі абсечаныя рукі ў неба: быццам малілі ў неба заступкі, кары на бязбожных. Старая, чуючы, як разрываецца душа ад болю, страху i крыўды, пачала, хапаючыся, кідаць перад сабой крыжы: гарачым роспачным шэптам маліла памагчы, падтрымаць, злітасціцца: "Божачко, ты — усемагутны!.. Ты — разумнейшы за ўсіх! Памажы, парай!.. Дай розум ім!.. Навучы ix, неразумных!.."

Ніхто ў Куранях не думаў тады, што пройдзе два-тры гады — i ад усіх гумен не застанецца i знаку. Што i загуменная дарога, i загуменні будуць толькі ў няпэўнай людской памяці…

Частка другая

Раздзел першы

1

Апейка багата ездзіў. Ледзь не штодня даводзілася выпраўляцца ў тую ці іншую дарогу.

Дарог большых было тры. Адна, самая кароткая i самая добрая, адразу ля райвыканкома глінянымі каляінамі крута лезла ярам угару. Тут Апейка заўсёды ішоў побач з таратайкай, іншы раз памагаючы каню.

З гары шырока i далека была відна зямля; Апейка з ахвотаю глядзеў, як ішлі i ішлі палі, дзе-нідзе перарэзаныя дарогамі, расквечаныя купкамі дрэваў; за сіняватай смугою хораша, мякка плылі таполі, кугікі далёкіх садоў ды стрэх, абрысы ўзлессяў. Дарога была шырокая i роўная, стары шлях з шумлівымі бярозамі i тэлефоннымі слупамі; коні тут не толькі ішлі, a i беглі ахвотна, колы лёгка каціліся ў цвёрдых каляінах, — дарога паволі ўсё паніжалася i паніжалася, пакуль не ўпірапася ў нешырокае балота абапал рачулкі Тур’і, дзе раптам збочвапа i ўжо бралася мастком ды крывою падковай грэблі.

Адсюль балоты ўжо амаль не адпускалі шлях: ішлі ўвесь час поблізу, край ix добра абазначалі стрэхі гумнаў i сады — сёлы тут ляпіліся к самым балотам, так што платы агародаў гнілі ў балоце. Ды i самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, падобна было, танулі ў балоце.

Людзі тут адвеку шкадавалі кожны шматочак добрай зямлі. Час ад часу балоты нецярпліва падбіраліся да самага шляху, а то i перахоплівалі яго: ад Тур’i, ад Глінішчаў кожныя паўтара-два кіламетры шлях узыходзіў на чорныя грэблі, тэлефонныя слупы ішлі цераз твань. Пад самы шлях падыходзіла балота i на мяжы раёна…

Раён цягнуўся ўздоўж Прыпяці; на карце ў Апейкавым кабінеце, якую намалявалі Апейку ў школе, раён падобны быў на рыбіну, што ляжала ўздоўж ракі. Мяжа нібы знарок старалася не адыходзіць далека ад берага, віляла найбольш усцяж яго. Паўз бераг з мястэчка ў процілеглыя бакі ішлі дзве друпя большыя дарогі. Абедзве яны ішлі па нізу, адна, прагрукатаўшы брукам галоўнай раённай вуліцы, адразу за апошнімі дамамі ўлазіла ў густы i цёмны сасновы лес, які, абхапіўшы, сціснуўшы з двух бакоў, не выпускаў яе больш за два дзесяткі кіламетраў, да самай чыгуначнай станцыі, якую таксама абцінаў лес. І гадзіну, i другую, едучы тут, бачыў Апейка нейкі насцярожаны лес, чуў, як важка ідуць у глыбокім пяску колы, як натужваюцца коні. Адсюль, калі збочваў улева, лесам, пяскамі, цераз брады Апейка выбіраўся да прырэчных вёсак, да Прыпяці; управа ж дарога выводзіла яго ў новыя лясы, у балоты, сярод якіх радкі хат з саламянымі ды гонтавымі стрэхамі, агароды, палі былі як астравы ў зялёным моры…

Самая знаёмая была Апейку тая дарога, што бегла з мястэчка ўніз паўз Прыпяць. Тут было ўсё асабліва вядомае: кожны ручайчык, кожная лугавіна, кожны радок крывых, каравых верб пры дарозе. Адтаго, што бачыў ix часта, а найбольш, мабыць, таму, што апаноўваў які-небудзь клопат, зазвычай нецярплівы, неспакойны, вочы нярэдка быццам i не бачылі ні верб тых, ні лугавін. Быццам не было ў ix нічога асаблівага. Але здаралася i такое — найчасцей ціхімі залатымі днямі, калі сэрца раптам станавілася немаведама чаму надзіва кволае, чулае, — што i вербы, i грэблі ішлі ўжо насустрач, знікалі, як жывыя, як блізкія. Радасць, нейкая святочнасць квола, нібы павуціна, трымцелі ўсярэдзіне, калі згадваў, як ехаў паўз гэтыя самыя вербы цікаўным, палахлівым звярочкам — першы раз у вялікі свет, у Юравічы, калі згадваў дробныя драбніцы, што зачаравалі, урэзаліся ў памяць на ўсё жыццё. Тужліва было, калі ўспомнілася, як гэтай вось грэбляю, п’янага, ачмурэлага, везлі на вайну, як гарланіў з братам Саўчыкам "паследні нынешні дзянёчак", як бацька адварочваўся, жалліва шморгаў носам. Тут — ціхі, пастарэлы, здавалася, на сто гадоў, ехаў праз паўтара года ранены — асцярожна трымаў на сене забінтаваную нагу. Побач у сене ехалі мірна мыліцы, паблісквалі дзвюма чорнымі цыратовымі падушачкамі… Каля хаты ён знарок весела скокнуў з гэтымі мыліцамі, а матка — раптам уголас, на усё сяло… Увесь дзень то смех, то — слёзы…

39
{"b":"205308","o":1}