Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён яшчэ раз паўтарыў пад канец, што трэба не толькі не стрымліваць тэмпы, якія былі дасюль, а яшчэ ўзмацняць ix. Беларусь па калектывізацыі павінна ісці ў першых радах, заявіў ён перад тым, як аб’явіць, што сесія закончыла работу…

У гэты вечар, вярнуўшыся з развітальнай вячэры, Апейка стаяў трохі каля акна. Перад ім была цьмяна асветленая плошча з голымі дрэвамі, у акно біўся моцны вецер, з даху капала. Апейка чуў дзіўную стому: здалося, даўно-даўно ў Мінску, з радасцю думалася пра дарогу дадому. На плошчы жаўцела кругамі некалькі ліхтароў, некалькі агнёў свяцілася наводдаль, у пройме між дамоў. Гледзячы на ix, Апейка падумаў раптам узрушана: колькі ix, агнёў,— не такіх, а з лучыны, з газы, з-пад саламяных стрэх — на поўнач, на поўдзень, на ўсход, — i ў кожнай хаце — роздум, недавер’е i вера, надзея i адчай. Вялікі, неабсяжны прастор — да Масквы, за Маскву, за Урал, за Сібір — у роздуме, у надзеі, у трывозе. У вялікім клопаце, небывалым паходзе. Убачыў нібы нанава Юравічы, свой раён — адна, дробная кропелька ў акіяне! Кропелька, але якой дарагой здалася яна. І ў кроплі свой свет i свая надзея!

Няхай трывога, няхай — пакута, боль, але наперадзе — добрае. Добрае жыццё. Пакуты для добрага — не паганыя пакуты. Усё ўрэшце прыйдзе к добраму. Гэта — галоўнае!..

5

Раніцай, перад ад’ездам, ён зноў зайшоў да Алеся. Сядзеў нядоўга: не было калі. Алесь адзеўся; разам ішлі па крывых i мокрых, пачарнелых завулках, коўзаліся на слізкіх сцежках. Сонца значылася не яркае, а жаўтлява-цьмянае, затуленае мутнай смугою. Усё неба было нейкім вільготным, туманным. Алесь маўчаў, ступаў панура: усё ў яго жыцці было, як i раней, няясным…

— Жыццё ёсць жыццё, — сказаў Апейка. — Усялякае можа быць… Гэтае-то высветліцца скора, я ўпэўнены!.. Але потым — спакою не будзе! Усякага пабачыш, i бяду не ад ну, пэўне!.. І радасці будзе, i бяды! Такая штука — жыццё!.. Дак от, — прыпыніўся, як таварышу глянуў у вочы: — Што ні будзе потым табе — ніколі не падай духам!.. Усякую справу робяць жывыя; людзі. Ёсць i ў нас i разумныя, i дурні. І нягоднікі ёсць. Заўсёды былі, i ў нас ёсць, як ні шкода… Але — ёсць народ, i ёсць партыя. У ix — наша сіла. З імі толькі мы чагосьці варты. Яны разбяруцца ва ўсім, папраўдзе. Не сягоння, дак заўтра, а разбяруцца! Трэба верыць!.. І яшчэ, — Апейку ўзяла іншая думка, задумаўся, як сказаць лепш. — Трэба жыць так, з такім настроем… што мы жывём у вялікі час… Цяжкі i няроўны, але — вялікі час…

На вакзале, перад грэцім званком, Апейка напомніў яму:

— Я табе, брат, не проста так сказаў. Помні: крута будзе — ирыязджай. Уладзім. Ці настаўнікам, ці яшчэ кім.

— Пабачу, — думаў Алесь пра нешта сваё.

Апейка, нібы перадаючы сілу, моцна сціснуў яго руку. Не адразу адпусціў. Ужо з акна вагона, калі поезд крануўся i Алесь пачаў адплываць, штосьці пацягнула да яго. Заныла ўсярэдзіне — нядобрае, неспакойнае, трывожнае…

Грукалі, грукалі ўнізе колы, прыціхаючы адно на станцыях ды паўстанках. Тады грукат змянялі тупат i мітусня за вокнамі i ў праходзе, у вагон пачынала цягнуць холадам. Тупат i мітусня ўціхалі неўзабаве, i зноў перамаўляліся адно колы, i пад ix гонкую гаворку ішлі i ішлі ў памяці знаёмыя i незнаёмыя твары, нанава чуліся галасы, гоман. Быў нібы зноў у клубе імя Карла Маркса, у нядаўнім жывым хваляванні.

Як i там, у клубе i ў гасцінічным нумары, разам былі, мяняліся радасць, клопат, неспакой. Цешыла, уздымала неяк асабліва чутнае: пачынаецца, па-сапраўднаму! — шырыня прастору, які ўбачыўся вачавідкі, ва ўсёй сваёй агромністасці i нязвыклай мнагалюднасці. Цвярозы, практычны розум яго, што меў звычку перабіраць усё, высвятляць сам, адзначыў за мінулыя дні не адзін факт таго, што рабілася прадумана, сур’ёзна. Розум гэты нямала запомніў i такога, што варта было пераняць, скарыстаць. Помнячы, што дарога няпростая i будзе нялёгка, Апейка цяпер чуу сябе як бы мацней перад тым, што трэба было зрабіць. Разам з тым ён нібы больш рэальна, бліжэй чуў той свет, тую новую вёску, для якой жыў увесь час. Ад гэтага больш брала яго нецярплівае: хутчэй бы наблізіць, зрабіць…

Але між усяго гэтага, чым больш перабіраў у думках чутае на сесіі, даклады, выступленнй размовы, тым больш у тое, што цешыла, унізвалася клопатнае. Не адступала адчуванне: сур’ёзная размова заменена багата ў чым святочнай. Гэта, канешне, па-свойму прыгожа, прыемна; гэта таксама падымае людзей; але падымае па-святочнаму, не для цярплівай i цяжкай работы. Мала мабілізуе людзей на сур’ёзную, упартую працу, якая так патрэбна для найвялікшага наступлення. Апейка бачыў, што к тым турботным фактам, якія пяклі, трывожылі многіх прамоўцаў з акруговых цэнтраў i вёсак, мала хто па-сапраўднаму прыслухоўваўся. Над усім было адно — тэмпы, хуткасць: любым спосабам хутчэй, раней за іншых. Клопат пра гэта быў такі вялікі, што не хацелі чуць трывожных разваг, лічыцца з навакольным. І што горш яшчэ, усялякую спробу агледзецца, разважыць гатовы былі ўзяць як знак няўстойлівасці, як гнілы настрой!..

Зноў на памяць прыходзіла тое, што было ў рэзалюцыі аб калектывізацыі лістападаўскага пленума ЦК, i ён думаў, як небагата ў параўнанні з пленумам было дзелавітасці на сесіі; асабліва ў тых, хто кіраваў ёю. Проста цяжка было зразумець, як можна было абысці так многія важныя пункты, якія былі ў рэзалюцыі. Як можна было знізіць так асноўнае: сур’ёзны аналіз становішча, задач. Забыць фактычна папярэджанне пра недаацэнку цяжкасцей калгаснага руху, пра небяспеку фармальна-бюракратычнага падыходу…

Успомніў: "удзесяцярыць тэмпы!" — колы ўнізе, здавалася, выгруквалі таксама: "удзесяцярыць!.. удзесяцярыць!.."— i адчуў трывожна, што не ведае, як гэта ўдасца зрабіць. І не бачыў, што будзе, калі ўдасца зрабіць, — без аграномаў, тэхнікі, патрэбных кадраў. Трывога была шырокая: ведаў цяпер, што i іншыя не лепш гатовы! Падумаў, як гэты заклік падзейнічае на Башлыкова, на многіх раённых кіраўнікоў, якія i цяпер — чаго грэх таіць! — нярэдка дабіваюцца працэнтаў гразьбою ды прымусам! Нанава ўспомніў, што казаў Чарвякоў: ці можна дапусціць насільственную калектывізацыю? — i неспакой падужэў: як гэта можа падахвоціць некаторых!

Тэмпы!.. Хіба ён не разумее, што таптацца нельга! Хіба ён не разумее, што становішча патрабуе: трэба тэмпы! Але хіба ж тое трэба забываць: якая гэта няпростая, складаная справа — калгасы, i як важна рабіць яе сур’ёзна, добра. Вялікую, складаную справу i скалечыць легка, i загубіць! І людзей зняверыць! Як жа не лічыцца, таварыш Рачыцкі, з тым, ці ёсць змога, каб зрабіць з такім размахам, з такім тэмпам — добра, надзейна! Не похапкам, а толкам! Гэта ж, да усяго, не гадавая якая-небудзь кампанія!.. Чаго ж вы так легка "гатовы" перакрыць тэмпы, якія зацвердзіў ЦК партыі!..

"Няўжо я, праўда, не разумею чагосьці,— як мне даказвае Башлыкоў. Няўжо ва мне ўсё гэта праўда — сялянская хісткасць, мужыцкая жаласлівасць? Правы ўхіл, — у прыхаванай развагамі "форме"?.. Ухіл не ўхіл, — а прышыць — могуць! Прышыць i "зрабіць вывады"!.. Чаго там — могуць зрабіць, рабілі ж ужо. Робяць — гапенчыкі!.." Пагрозным успомнілася тое, што жорстка абвясціў у першы вечар, здавалася, добры, разважны Чарвякоў: жыццё бязлітасна адкіне ўсіх, хто не зможа ісці нага ў нагу! Нібы папярэджанне сабе чуў Апейка…

Намаганнем волі разарваў навалач думак, стаў думаць пра жонку, дзяцей — як там яны? Засумаваліся па ім, — як i ён па хаце сваёй? Месяц, здаецца, не бачыўся. "Дадому, дадому!" — чулася, грукалі пад вагонам колы.

Раздзел шосты

1

Той, хто хоча выбавіцца з бяды, хапаецца за саломіну. Шукаючы збавення, Ганна думкаю ўхапілася за, можна сказаць, незнаемую дзяўчыну.

Усё ж была нейкая надзея на яе — можа, параіць, куды пайсці, да каго падацца. У яе ж у Юравічах i ў Мазыры знаёмых, пэўне, багата.

Ганна ведала, што яна робіць настаўніцаю ў Глінішчах. Раз выпадкам сутыкнуліся тварам у твар — у алешніцкай краме; Параска аж бровы падняла здзіўлена i ўзрадавана: пазнала Ганну з аднаго позірку. Але Ганна вочы тады адвяла ўбок, не падала i знаку, што помніць, знарок схавалася ў натоўпе.

116
{"b":"205308","o":1}