Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Дзеці ж адразу аж завішчалі ад радасці. Віск-смех ix стаў перадавацца дарослым, з якіх той-сёй, як i Ганна, стараўся яшчэ разабрацца, што ж дзеецца на сцяне, — смех, рогат усё дружнеў, дужэў. Неўзабаве ўся хата трэслася ад рогату, у якім на час зусім забылася адважная постаць чорнага конніка. Людзям было нават шкода, калі гэтае вясёлае відовішча на палатне раптам прапала, i вясёлы кіношнік, сам вельмі рады, што пацешыў людзей, стаў зноў корпацца каля машыны. Неўзабаве тыя ж горы i таго ж конніка ўсе ўбачылі як трэба — ён ехаў на кані, камяністай крывой дарогаю. Гэта было ўжо нібы не так цікава, але хутка гісторыя загадкавага каўказца зноў захапіла ўсіх…

У гэту ноч, засынаючы, Ганна бачыла то хаты, што ляпіліся адна на адну, то чорнага чалавека, які ляцеў на кані, цэліўся са стрэльбы, зноў i зноў бачыла Васіля, як стаяў з Маняю, як адвярнуўся ад яе, ад Ганны. Дзіўныя відовішчы кіно i тужлівай рэальнасці снляталіся, блыталіся: на момант убачыла сябе на кані ляціць, ляціць, аж дух займае. Легка, добра-добра шчаслівая, туліцца да адважнага чорнага конніка. Не, не да яго, да Васіля. Ляцяць, ляцяць удваіх з Васілём. Васіль, мілы мой!..

І тут жа абудзілася. Ледзь даўмела, дзе ляжыць, у памяць зноў унізалася: як убачыла Васіля, як ён адвярнуўся, i Ганна ледзь не застагнала. Каб адагнаць тугу, крыўду, боль, стала знарок згадваць тое, што бачыла ў кіно. Але i тут спакою не было. Душа балела па адважным конніку, марыла аб нейкіх адважных учынках, аб прасторы, аб волі. Паляцела б, не паглядзела б ні на што, — каб было з кім… Цудоўныя відовішчы, якія яшчэ жылі ў ёй, звалі, вялі яе ў свет цудаў. Але ўтрымаць у гэтым свеце не маглі доўга: зноў i зноў у мары яе ўрывалася згадка пра Васіля. Самая дарагая надзея гразілася цяпер самай горкай стратай…

Частка трэцяя

Раздзел першы

1

Выехалі пад вечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак. Лес тут i ўдзень цёмны, сосны ды сосны, цяпер ехалі як у чорнай канаве. Ехалі паціху, Апейка сказаў, што спяшацца няма чаго: часу аж залішне, цягнік будзе апоўначы.

Недзе паверсе хадзіў вецер, але на дарозе, унізе, было ціха; толькі аднойчы, калі справа зашарэла поле, вецер шырока ўварваўся на дарогу, стаў мокра біць у твар. За полем дарога зноў увайшла ў чорную канаву лесу, у ціш i дрымотнасць. Мабыць, ад гэтай цішы, чорнай маўклівасці навокал гаварылі мала. Жанчына спрабавала была завязаць гаворку, сказала, што от зіма падступае, скора маразамі возьмецца. Апейка для прыліку падтрымліваў яе; i яшчэ разы два падтрымліваў, без ахвоты, i гаворка зноў аціхала, як бы глухла ў важкай лясной цішы. Так i ехалі амаль увесь час, дрэмлючы ці моўчкі думаючы кожны сваё; толькі Ігнат раз-пораз, як бы спрасонку, нокаў, памахваў пугаю; нокаў так ляніва, што кон i амаль не зважалі.

Лес выпусціў толькі каля самых калінкавіцкіх хат; зразу за соснамі заблішчалі агеньчыкі, пачалася вуліца. У вуліцы i коні i людзі пачулі сябе весялей; коні, здаецца, без Ігнатавых лейцаў, самі ўхапіліся ўподбег; так уподбег i дакацілі да доўгай i шырокай, са святлом у вокнах будыніны вакзала. Амаль зразу, як увайшлі ў залу, там усчалася мітусня, усе рынуліся к дзвярам, што вялі на перон, зала напоўнілася нецярплівым гоманам, крыкам. Занепакоілася i Апейкава спадарожніца: таксама захадзілася — хутчэй білет трэба б, не спазніцца б, — але Апейка супакоіў, што гэта не ix, гэта, па часе, гомельскі.

Так яно i было: поезд быў на Гомель. У апусцелай i пацішэлай зале узяў Апейка з касы два білеты, на Мінск праз Жлобін; абгледзеў, праверыў ix i так, i на святло; Ігнат, які сачыў за ўсім, рашыў нарэшце’ што задачу сваю выканаў i мае права лічыць сябе вольным. Ён зняў шапку i так, з шапкай у адной руцэ i з пугай у другой, сказаў, каб вярталіся жывыя-здаровыя, i валка спакойна падаўся да дзвярэй.

Сядзелі ўдваіх на канапе, доўга гаманілі; з гаварлівасцю жвавай вясковай жанчыны спадарожніца шчыра дзялілася, мабыць, усім, што было на душы: i неспакоем пра тое, як там чалавек адзін з дзецьмі ўправіцца; i надзеяй на сястру, якую яна прасіла, каб прыходзіла, наглядала; i клопатам, як там будуць яе каровы без яе: яна была даяркаю ў калгасе; пэўна, забудуць зусім, пакуль яна вернецца зноў. Не таіла i страху, як бы там чаго паганага не здарылася з Лысаю: занядужала нешта якраз надоечы. Апейка i слухаў, i сам пытаўся, i думаў раскідана пра свае пакінутыя няскончаныя справы, але найбольш жыў адчуваннем утомы, прадчуваннем перадышкі, чаканнем як бы свята.

Адэскі, які па дарозе на Ленінград павінен быў падвезці ix да Жлобіна, прыйшоў а трэцяй гадзіне ночы. У цёплым, поўным сонных людзей вагоне ім не адразу ўдалося ўціснуцца на лаўку; усюды ляжалі, сядзелі, храплі барадатыя дзядзькі, гарадскія хлопцы, цёткі ў хустках, з клункамі, дзеці; немаладая, басавітая правадніца, вядома, знайшла б месца дваім удзельнікам сесіі ЦВК Беларусі, але Апейка нават не заікнуўся пра гэта. Знайшоў месца Анісі, уладзіўся сам. Яму доўга не спалася, потым вагон заківаў, загушкаў: Апейка пачуў сябе вельмі легка, бесклапотна. Абудзіўся ён адтаго, што забалела шыя: сядзець было няёмка, не было на што добра абаперціся; санлівым паглядам заўважыў у акне светлую, шырокую шэрань снегу. Адвярнуўся, змяніў паставу, абапёршыся аб чамаданчык, паспрабаваў заснуць зноў.

У Жлобін прыехалі поцемку. Агні гарэлі цьмяна i рэдка, але нязвыклы яшчэ снег весяліў усё. Бадзёрыла, весяліла снежная, з дамешкам вугальнай гары, свежасць.

У зале было поўна народу. Ліхтары над людзьмі як бы віселі ў пары i дыме; свяцілі цьмяна. Не змаўкаў гоман. Чулася зразу цеплыня, цяжкі дух. Не так проста было i адысці ад дзвярэй. Акенца касы абляпілі — i не думай прабіцца. Апейка i не стаў прабівацца пакуль: да пягніка на Мінек яшчэ некалькі гадзін, можна не спяшацца кампасціраваць. Заўважыў у кутку буфет, стаў з Анісяй кіраваць да яго.

Распараная, важкая жанчына ў каптанчыку, што аж трашчаў на грудзях i на баках, таргавала йівам, чаем, гарэлкаю. Найбольш — півам з бочкі, каля якой пад насосам мутнела пеністая, з бурбалкамі лужына. Каптан у яе быў мокры, мокрыя былі чырвоныя рукі, якія яна час ад часу выцірала аб каптан. Аніся не адразу рашыла, што ёй узяць; з сур ёзнай мінай, бы наважылася на штосыді важнае, нарэшце выказала: чаю i — піва шклянку. Коржыка не трэба; коржыкі ёсць свае. Сабе Апейка папрасіў кухаль гііва; пакуль буфетчыца налівала, агледзеўся, дзе б прыладзіцца. Хоць бы куточак вольны на адзіным століку, залітым таксама, засмечаным аб*едкамі ад рыбы, картаплянымі лушпайкамі. Прытуліўся ля акна, што з гэтага боку, знутры, слязілася мутнымі пісягамі.

За акном быў аснежаны пляцок з голым крывым дрэвам, з ашмёткамі саломы на снезе, слядамі саней, лапцей, капытоў, конскай мачы. Патрохі развіднівалася. Смокчучы піва, закусваючы дамашнім хлебам i мясам, Апейка праз звон у недаспанай галаве слухаў, як гаманілі побач два хлопцы.

— Піво — паганае. Як цялячае пойло… З вадою, мабуць…

— Буў бы таран, дак i етае ўсмак ішло б…

— У Гомелі піво дабрэннае. Жыгулёўскае. А то шчэ — бархатнае…

— Мы самі сушылі рыбу. Як у Пхові работаў. Наловім, павесім на вяроўку на двары. От закуска!..

За станом хлопцы, мужыкі здаровыя былі ўжо асалавелыя ад гарэлкі, ад піва; размахвапі рукамі, размазвалі рукавамі i локцямі макрэчу на стале; важка варушылі сківіцамі, жуючы. Раз-пораз выкідвалі мацюкі.

Асабліва гарланіў адзін, чорненькі, вяртлявы, нахабны, што насядаў на рослага, рудога: "І ты, ты папусціўся?!" Друпя падпявалі яму.

— А што я мог?.. Што мне рабіць было?!. — апраўдваўся руды. Ён узяў гурок, стаў ніякава жаваць.

— Што?! — Чорненькі акінуў вачыма дружкоў. Усе рагаталі.— Што — пытаецца!.. — Ён скрывіўся, плюнуў цераз плячо. Аб’явіў: — Г… ты!

Апейка павёў позіркам: ля стала блізка дзяўчына з кніжкаю, хмурыцца, паглядвае спадылба, са страхам i агідаю. Побач матка туліць малую, закрывае сабой ад лаянкі, ад крыку; відна толькі яе спіна ды хустка Іншыя глядзяць хто недавольна, хто абыякава; ёсць i такія, якіх кампанія за сталом цікавіць: назіраюць i слухаюць…

80
{"b":"205308","o":1}