Стары перахрысціўся.
— Не пляці! Не паддавайся д’яблу, які шэпча табе! Бачыць ён усё, Бог, жджэ сваёй мінуты! І калі пабачыць, што — мамент, — скажа сваё! Скажа! Пабачыш!.. Прыйдзе ета мінута! Будзе ета пара! Перамераецца ўсё нанаво! Пабачыш! Бог скажа сваё!
— Дак падажджэм, — прамовіў Яўхім нібы спакойна, зноў з той жа схаванай, недаверлівай усмешкай.
— Сіла цяпер у ix! — не заўважыў усмешкі разгарачаны стары. — Цярпець ды надзеяцца — адно астаецца! Ждаць, калі Бог рэшыць!
— Дацярпеліся, даждаліся ўжэ!..
— Дажджэмся, буць не можа! Бог скажа сваё!.. Кеб палякі хоць! — раптам перамяніў гаворку стары. Шкадуючы, прагнучы, нібы памаліў: — Хоць бы тыя ўжэ! Гатовяцца ж даўно, пішуць i ў етых, у бальшавіцкіх, газетах!..
Яўхім дыміў адно, думаў штосьці сваё. Нечакана для старога падумаў уголас, цвёрда, неадменна:
— Усе-такі я запарву недзе етаго рабого, воко да вока! І пагавару — воко да вока! — Ён прамовіў "пагавару" так, што нават стары зірнуў трывожна i пільна. Яўхімавы вочы былі прыжмураны люта, бязлітасна. Як бы пакляўся — жыў не буду, пакуль не пагавару!
— Дазнаюцца зразу, — сказаў мякка стары, шкадуючы.
Яўхім прамаўчаў. Дыміў цыгаркаю, зноў абапёршыся аб вушак. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. То паглядваў на акно, ці не туліцца хтонебудзь, то кідаў позірк на старую, што ўсё драмала седзячы, то прыслухоўваўся, што чуваць адтуль, дзе Чарнушкава, неспакойна разважаў, што рабіць.
— К начальству б якому папробуваць? — глянуу на сына, быццам раіўся. — Крываротаго i то ўжэ як бы шкода, што прагналі… Падстугііцца не знаеш да каго…
Стары вытрымаў хвіліну, наважыўся, з асцярогай, уважліва: — Можа б… к юравіцкаму — пра каторага намякаў… папробуваць?..
— Можно папробуваць… — не здзівіўся, не стаў доўга разважаць Яўхім. Мабыць, i сам ужо думаў пра гэта. Уздыхнуў: — Надзеі на другое няма…
Стары ўзрадаваўся:
— Схадзі.
Яўхім варухнуўся. Кінуў, растаптаў лапцем акурак. Голасна, з яго бязлітаснасцю, сказаў:
— Адзін выхад — калгас. Нідзе не дзенешся! — Дадаў бязлітасна ж: — Усе адно жыць самім не дадуць! Да й чаго так жыць, як цяпер!
Стары памаўчаў. Нечакана прамовіў:
— Не прымуць.
Яўхім не пярэчыў. Моўчкі рушыў дадому.
Стары ступіў услед:
— Дак схадзі ж.
2
Стары параіў ісці не па шляху: нінашто лішне лезці ў людскія вочы. З хаты Яўхім падаўся да гумна, зазірнуў у гумно, пакорпаўся на прыгуменні. Потым ужо, у картовых штанах, у лапцях, у свіце, накінутай на плечы, выправіўся ў поле, спакойна, быццам з нейкім гаспадарчым клопатам, пакіраваў да лесу. Сцежкамі, не сустрэўшы нікога, абышоў блізкія Міхалі, вылез з лесу толькі каля балота. Па кладцы — двух круглых, слізкіх бярвеннях — пераступіў цераз мелкую пасля лета рэчку. За рэчкай зноў збочыў з дарогі, абмінуў Загародкі. Полем, сцежкамі, не выходзячы на шлях, кіруючы на знаёмую белую царкву, i дабраўся да мястэчка.
У мястэчку пайшоў таксама не па люднаму галоўнаму спуску, a ціхай сцежкай, што звіліста спадала з гары, паўз яр, паўз агароды. Зубрыч строга забараніў заходзіць у будынак, дзе ён рабіў. Ён забараніў i турбаваць сябе з інакшай, як пры крайняй патрэбе, прычыны; не якім-небудзь намёкам, a простымі, цвёрдымі словамі Зубрыч паказаў, што Яўхімава справа ў цэлым — чакаць, калі да яго прыйдуць. Толькі тады, калі сустрэча крайне патрэбна, неабходна, Зубрыч дазволіў: можна папрасіць яго сустрэцца, але не заходзячы для гэтага ні ў яго кабінет, ні на кватэру, а праз нейкага свайго Пелюха, якога Зубрыч уладзіў рабіць на насенным складзе. Да хаты гэтага Пелюха Яўхім i кіраваў цяпер.
Хата была акурат пад гарою, у ціхім, парослым травою завулку, так што, ідучы сюды, Яўхіму не трэба было вельмі асцерагацца напаткаць каго-небудзь з куранёўцаў ці алешнікаўцаў. Трэба было асцерагацца хіба цікаўных позіркаў з хат ды двароў, але мала хто i па якой патрэбе мог ісці завулкам, збочыць у хату! Яўхім зусім i не чуў якой-небудзь насцярожанасці; як i тады, калі падыходзіў да мястэчка, i калі спускаўся з гары, i калі ішоў завулкам, ён чуў сябе вельмі спакойна. Схільны хадзіць па свету ганарліва, не туляючыся, ахвочы нават да рызыкі, ён лічыў, што ўся гэта зубрычаўская асцярожнасць ні да чаго, i калі трымаўся яе правіл, то толькі таму, што на гэта быў цвёрды Зубрычаў загад, i таму, што злаваць Зубрыча не было ніякай рацыі. Праўда, яго ні трохі не турбаваў клопат пра тое, каб не ўгнявіць Зубрыча: чым бліжэй падыходзіў Яўхім да сустрэчы з Зубрычам, тым менш тлела ў Яўхіма спадзявання i на самога Зубрыча i на гэты паход, у які ён выправіўся найбольш таму, што прасіў бацька. Ва ўсім гэтым паходзе Яўхіму бачыўся цяпер толькі той сэнс, што будзе ці не будзе якая-небудзь карысць, а паспрабаваць — можна. Каб не гадаць потым. Іншага выхаду ўсё роўна няма.
У Пелюхавай хаце былі толькі жонка з дзіцем на руках ды малая гадоў дзевяці. Малая, чарнявая, надобная на бацьку, адразу, як толькі ўвайшоў Яўхім, падалася да маткі, таропіла з-за матчынай спадніцы дзікаваты, пільны позірк. Уважліва, не вельмі гасцінна глядзела i Пелюхава жонка, невысокая, таўставатая, распатланая, у расшпіленай бруднай сарочцы. Можа быць, яе раззлавала дзіця, якое яна трымала, яна i цяпер нервова хітала яго, — але i Яўхіму, здавалася, нічога добрага не хацеў зычыць гэты позірк. Калі Яўхім сказаў, што яму трэба пагаварыць з чалавекам, яна, як бы злуючыся, загадала малой пазваць бацьку. Без ветлівага слова павярнулася, падалася, важка ступаючы босымі нагамі, хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Не запрасіла нават сесці. Яўхіма гэта ні трохі не збянтэжыла: ён спакойна агледзеўся, выбраў месца на лаўцы ля акна. Сеў, як у бацькавай палавіне.
Пелюх прыйшоў скора. Чорны, няголены, жвава ўскочыў, угледзеўся, не пазнаючы; відаць, чакаў кагосьці іншага, бо калі пазнаў, Яўхім заўважыў — юрлівыя, з бляскам вочы расчаравана пахаладнелі. З расчараваннем на твар легла насцярожанасць: пільна, коса павёў позіркам на жонку. Гэта было адзін міг, Пелюх амаль адразу ж адолеў разгубленасць: як перад найлепшым прыяцелем заюрліў перад Яўхімам, выказваючы радасць, якая можа быць толькі ад госця, якога даўно i нецярпліва выглядвалі. Яўхім, здзіўлены такім уменнем хлусіць, хоць, як заўсёды, чуў непрыхільнасць да такой хлусні, як мог падтрымліваў яе: здагадаўся, што жонка нічога не ведае, дзеля чаго ён прыбіўся, i не павінна ведаць. Запінаючыся, выціскаў з сябе выдумку: вінаваты, што не заходзіў доўга: але быў вельмі заняты, работа насела — не перарабіць. От толькі цяпер вырваўся, i то на хвіліну. Толькі калі жонка выйшла прынесці гуркоў на закуску да той пляшкі, якую паставіў гаспадар на стол, Пелюх, не крыўляючыся ўжо, не тоячы неспакою, запытаў Яўхіма, чаго яму трэба.
Пасля гэтага з паўгадзіны яшчэ сядзелі за сталом. Пілі спачатку з гаспадыняй, якая ахвотна перакуліла чарку самагонкі, ужо больш зычлівая прысела збоку стала. Яна, відаць, сядзела б увесь час i выпіла б яшчэ не адну чарку, калi б у баковачцы не захліпала, настойліва, патрабавальна, дзіця. Жанчына, зноў узлаваная, важка патупала ў бакоўку. Мужчыны пілі i закусвалі адны, пілі, пакуль бутэлька не апусцела. Тады толькі Пелюх, ужо непрытворна вясёлы, жвавы, падаўся з хаты, загадаўшы Яўхіму сядзець чакаць.
Прыйшоў ён не вельмі скора. У пакоі была зноў жонка з дзіцем на руках, i ён зноў з прытворнай весялосцю загаварыў пра тое, што на складзе спакойна, была адна падвода, дык ён адпусціў яе i вярнуўся. Жонка, мабыць, адчула, што ён нешта тоіць, бо прыглядвалася i ўслухоўвалася вельмі ж уважліва i недаверліва; толькі выйшаўшы правесці, ужо ў завулку ля плота, Пелюх перадаў, што Зубрыч вялеў чакаць яго пры дарозе, якая вядзе ў Крыты. У лесе, праз кіламетры два ад мястэчка. Праз гадзіну…
Дарога была ціхая, без людзей. Насустрач ішлі толькі спачатку бярэзнік, а пазней — сасоннік, там i тут перамешаны з бярозамі. Ужо калі Яўхім падыходзіў туды, дзе, па яго адліку, трэба было чакаць, учуў ён наперадзе рыпенне калёс, што ехалі з боку Крытаў; сышоў з дарогі, схаваўся ў зарасніку. На калёсах ехалі двое дзядзькоў: адзін правіў, a другі седзячы драмаў. Той, што правіў, быў у свіце, у старой шапцы, з рудой барадою, — вясковы дзядзька, a другі — малады, у паліто, з настаўленым каўняром. Збоку відно было — гарадскі госць, — які-небудзь упаўнаважаны…