Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Чаго ты прычапіўся! — сказаў Дзяцел. — Дыхну ць не дае!

— Дыхай, колькі хочаш. Толькі, не сакрэт, знай: i мы дыхаць хочам. Ясно?

— Ето з-за цябе трудно ўсім!

Дзяцел кінуў недавольны позірк на хату i рашуча пайшоў да яе. Доўга не паяўляўся. Калі Міканор зноў выйшаў на ганак, двор быў пусты. Калёс не было.

Увечар Міканор даведаўся: Дзяцел пасеяў. "Ну, што ж, няхай не крыўдзіцца!" — падумаў з пагрозай, хочучы помсціць.

7

Вечарамі ў Міканоравай хаце часта меркавалі, як абжывацца, дзе што трэба будаваць. Калі размова пачыналася пра гэта, то, было прыкметна, людзі жвавелі, гаварылі гарачэй, перабівалі адзін аднаго. Амаль заўсёды такая размова пераходзіла ў спрэчку. А гаварыць i спрачацца было пра што: якія прылады i машыны дабівацца, якія i дзе ставіць канюшню, кароўнік, свіран. Чуліся такія думкі, што трэба лазню, канечна, i школу, i яслі для дзяцей. І хоць ведалі ўсе, што ўсё трэба, спрачаліся, што — найперш, з чым пачакаць пакуль; раілі, як гэта разумна зрабіць, з чаго пачынаць, куды падацца, каб памаглі. Часта выгаворвалі сваё набалелае: як пагана без школы, без ясляў…

Можна было заўважыць, што спрачацца пра гэта людзі не прывыклі: многія, асабліва жанкі, гаварылі нясмела, няёмка, як бы прасілі загадзя прабачыць. Былі такія, што слухалі з недавер’ем i раз-пораз устаўлялі разважныя, не вельмі бадзёрыя рэплікі: лёгка казаць усё! — але большасць хваляваліся i верылі, што мяркуюць недарэмна. Асабліва горача гаварыў Міканор: яго проста абурала, што нехта можа думаць, нібы ўсе ix намеры — пустая фантазія; ён ні на момант не сумняваўся, што усё будзе зроблена. Ён так маляваў, якія будуць Курані праз пяць гадоў, што не ў аднаго дух займала. Ён нібы бачыў ужо ix сваімі вачыма: з шырокім калгасным дваром, з фермамі, дзе адны пародзістыя каровы, з трактарамі, што аруць i жнуць i малоцяць усё; з ветранымі рухавікамі, якія даюць электрычнасць у фермы, у хаты, што забудуць не толькі лучыну, a i газу. Ён нібы вёў па непазнавальнай куранёўскай вуліцы, на якой не тое што не ірузнуць па калені, a i ног не пэцкаюць, бо ўся яна забрукавана, а паўз платы пакладзены тратуары. І гэта пры тым, што людзі ходзяць не ў лапцях ці босыя, а, не сакрэт, як у горадзе, у ботах i чаравіках. Хораша было з Міканорам у гэтых Куранях, i калі хто-небудзь падаваў зноў слова недавер’я, дык большасць брала злосць.

Такія заглядкі наперад у другіх, найбольш — гарадскіх, людзей называліся марамі. У Куранях слова такога не ведалі: няпростае, нібы панскае было яно, стагоддзямі было яно ні на што ў куранёўскіх хатах; як думка пра белую булку таму, у каго няма чэрствай, чорнай скарынкі. Не жыло гэтае слова i цяпер у Міканоравай хаце. Тыя спрэчкі, якія вяліся пад ціхае хліпанне Міканоравай лямпы, называліся па-новаму — строіць планы. Слова гэтае ахвотна i хвалююча абжывалася ў старой, люднай хаце…

У тыя дні ў Куранях зацікавіліся тым, што Міканор чагосьці стаў заходзіць на пясчаністы, шырокі пляц за сялом, дзе-нідзе адно падзяленены рэдкімі, чэзлымі купкамі травы, хвашчу, рознага пустазелля. Пляц звалі выган, але пасвілі тут рэдка, ганялі ўсе жывёлу на другі канец сяла; тут жа найбольш гулялі дзеці, падшыванцы-падлеткі. Заўважылі, што Міканор ходзіць нейкі заклапочаны, як бы з нейкім намерам; здаровы, няўклюдны, у ботах, пашытых Хведарам, падыбае па выгане, стане, абглядвае месца, як бы мяркуючы нешта, пачне вымерваць штосьці крокамі. Выбера на позірк яшчэ месца, пяройдзе туды i зноў вымяркоўвае штосьці, мерае крокамі. І кожны раз, калі б ні прыйшоў, аглядваецца дзелавіта, вылічвае, мяркуе нешта.

Зацікаўленыя куранёўцы хутка дачуліся, чаму Міканор так прыглядваецца да выгану, дадалі да чутак свае меркаванні, пачалі чакаць, што будзе далей. Чакаць давялося нядоўга: праз якія некалькі дзён — у нядзельную раніцу — паявіўся Міканор на выгане ўжо з чарадою калгасаўскіх хлопцаў, дзядзькоў, жанок. Ca звязкам вяроўкі, з сякерамі, з абярэмкам альховых ды лазовых дручкоў. Вяроўку Міканор нёс на плячы сам; калі скінуў з пляча, развязаў, аказалася, што вяроўка гэтая — мерка: на ёй было завязана некалькі вузлоў. Міканор зноў агледзеўся, трохі адышоўся, аб’явіў:

— Тут будзе канюшня.

Ён загадаў Хоню ўзяць другі канец вяроўкі. Калi ён нацягнуў вяроўку, пакамандаваў, пакуль той не стаў, дзе Міканору хацелася, пазваў Алёшу Губатага ўбіць калок. Калі Алёша падышоў да яго, Міканор нечакана ўзяў сякеру з Алёшавых рук, з ахвотаю, дужым махам сякеры ўвагнаў калок глыбока ў зямлю.

— Ну, от адзін ужэ е!

Другі, між Міканорам i Хонем, убіў Алёша Губаты. Трэці калок убіў ён каля Хоні. Тады перацягнулі вяроўку, выраўнялі па тых двух калках, i Алёша забіў новы. Пакуль размячалі канюшню, навокал сышоўся натоўп. Спачатку гайнёй, з галасам — малыя, потым хлопцы, дзядзькі, старыя. Гаманілі, маўчалі, глядзелі цікаўна, зычліва, нядобра, панура. Тлумачыў штосьці Чарнушкавай Куліне Андрэй Руды, перасмейваўся з Сарокай Зайчык, акружаныя ахвотнікамі пасмяяцца. Моўчкі, рахмана глядзеў стары Глушак, хваравіты, прыгорблены; панура, з-пад навісі броваў сачыў Лясун. Пра нешта перагаворваліся Васіль Дзяцел i Нібыта-Ігнат. Калі Міканор перайшоў на новае месца, агледзеўся i аб’явіў, што тут будзе кароўнік, хтосьці з жанок, здаецца Чарнушчыха, крыкнула: "Няма такога права!" Услед за ёй, нібы толькі i чакалі, загаманілі, зашумелі недавольна мужчыны; асабліва незгаворлівы, упарты Нібыта-Ігнат. Чуваць было, што няма такога права — займаць агульны выган; што выган — каб пасці скаціну, што — не аддадуць выган.

— Дзетачкі, які ж ето выган! Хто сюды ганяў! — скрывіўся, хацеў звесці ўсё на жарт Зайчык, але Міканор перабіў яго, раўняючы з Хонем вяроўку, спакойна, нібы абыякава заявіў усім, што пра выган ёсць, не сакрэт, распараджэнне сельсавета.

Хтосьці на гэта крыкнуў, каб Міканор паказаў рашэнне, але Міканор, загадаўшы Алёшу забіваць калок, параіў пайсці ў сельсавет таму, каму хочацца праверыць. Дзядзькі яшчэ пашумелі недавольна, пагразіліся, што так гэта яны не кінуць, што скажуць, дзе трэба, але адтаго, што Міканор нават быццам i не слухаў ix, не тое што не спрачаўся, патрохі аціхлі. Неўзабаве многія разышліся, засталіся найбольш дзеці ды хлопцы з дзяўчатамі, што падгаворвалі Алёшу прыйсці пайграць…

У панядзелак у Куранях дзівіліся Міканораваму спрыту — некалькі калгасаўскіх падвод: Хоня, Зайчык, сам Міканор з бацькам — пакацілі ў лес. Пад абед зноў паявіліся на дарозе, што выходзіла з хвойніку, — на расцягнутых калёсах валаклі дубы. Возчыкі паважна ішлі побач, пылячы пяском. Перад сялом павярнулі падводы на выган, услед за Хонем пасталі. Памагаючы адзін аднаму, пачалі скідаць дубы.

Калі паскідалі, цугам, ужо седзячы, пакацілі ў сяло. Але пасля абеду сышліся на выгане зноў, цяпер i з іншымі калгаснымі, з жанкамі; між іншых кульгаў i Хведар на драўлянай назе. Былі цяпер без коней, з жалезнякамі, з піламі, з сякерамі.

— Ну, дзетачкі, памолімся! Кеб Бог не глядзеў крыво! — замітусіўся, хіхікаючы, падміргваючы, Зайчык. — Кеб стаяло — не гніло, не гарэло! Кеб скаціна вадзілася не пераводзілася!

Жанкі, асабліва Міканорава матка, накінуліся на Зайчыка: няма чаго вярзці глупства ўсякае, гневаць за нішто Бога. Зайчык паказаў, што спалохаўся, вельмі ж заўзята ўхапіўся капаць жалезняком. Усе па адным, па два браліся за сваё: хто, як Зайчык, капаў ямкі пад шулы, хто пілаваў дубы, хто абчэсваў бярвенне. Чулася мернае шарганне піл, сакавітае цюканне сякер. Востра, ядрана біла ў нос пахам свежага дуба. Хведар кульгавы, адчапіўшы драўляную нагу, сядзеў на бервяне, як на кані, памахваў сякеркаю так, быццам хваліўся спрытам i ўмельствам. Бязногі, калека, ён усюды, дзе мог, паказваў, што не горш за іншых, з любым паспрачацца можа. І праўда, дзе-дзе, a ў спрыце да працы, ва ўмельстве Хведара мала хто мог перагнаць. І шавец, i пчаляр, i цясляр — да ўсяго Хведар здатны надзіва. Недарэмна i тут Хведару даручылі не абы-якую справу: часаць шулы, дзяўбаць пазы па абодва бакі шулаў. Шулы — аснова сцен, шулы злучаць бярвенні. Завостраныя канцы бярвенняў учэпяцца ў пазы шулаў, бярвенні лягуць адно на адно сцяною. Важная рэч — шулы. Хведар гэта ведае. І ўсе бачылі, што Хведар ведае…

37
{"b":"205308","o":1}