Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Хваціць вам адным! Напанаваліся ўжэ! — віскліва ўцінаўся лямант Зайчыхі.

— Прывыклі — на добрай зямлі адны!

— Няма такога закону — адбіраць!..

— І другім трэба жыць! Усе хочуць жыць!..

— Пажылі ўжэ!

— Ідзіце ў калгас! Дак i ў вас будзе! Добрая зямля!.. — прабіўся звонкі Хонеў голас.

Яму адказаў хтосьці ў злым запале:

— У… ідзіце! З вашым калгасам!

— Дак не разяўляйцеся! Маўчыце!

— Не будзем!.. Не пусцім!..

— Судзіцца будзем!

— Не аддадзім!..

Амаль адразу, як пачаўся гэты вэрхал, Гайліс сеў. Не першы раз быў на сходах, не першы раз сутыкаўся з бязладным, запальным гоманам. Розныя галасы чуў, i добрыя, ухвальныя, i злыя, поўныя лютасці i нянавісці. Усяго пачуў i пабачыў на сходах не толькі ў Куранях i Алешніках, у многіх, блізкіх i далёкіх, за лясамі, балотамі, вёсках сельсавета. Але не толькі таму, што "абстрэлены" быў даўно, спакойна сеў, цярпліва чакаў, калі ападзе лямант; не ў характары цвёрдага латыша было крычаць, неразумна адказваць на крык крыкам. Гайліс адказваў на крык спакоем, вытрымкай. Гайліс вытрымкай, непарушным спакоем паказваў, што ніякія крыкі яго не збіваюць з кірунку i не саб’юць. Паклаўшы цвёрдыя, абветраныя рукі на стол, зграбны, сабраны, прамы, нібы вытачаны з моцнага дубу, глядзеў ён у хату i быццам не чуў нічога. Hi адна рыска не варухнулася на абветраным, хударлявым твары.

Каморнік цяпер сядзеў не так абыякава, чыстыя, празрыстыя юначыя вочы бегалі па хаце з зацікаўленасцю. Ён лавіў абліччы тых, хто крычаў, углядваўся з нейкай прытоена-вясёлай жвавасцю; яго быццам цешыў гэты лямант. Міканор стаяў, стукаў далонню па сталу, надрываючы да хрыпаты голас, загадваў сціхнуць.

Нарэшце выкрычаліся, расчырванелыя, потныя, пачалі сціхаць.

— Товарышы, — нетаропка падняўся Гайліс, — этот шум не дает ніякой карысці. Это точно. Есць рашэнне, i райком партыі i райвыканком этот рашэнне адобрылі. Яны есць ужэ — закон… Это рашэнне — законнае. Яно не выдумано самоўпраўно. Яно прынято на основанні рашэння ўрада, штоб выдзяляць кожнаму калгасу адзіны поле…

— Дак канешне етае поле, сказано?! — нецярпліва перабіў Васіль.

— Согласно ўказанням урада, калгасам рэкамендуецца выдзяляць лепшую землю. Этот указанне одповедает тому, што совецкая ўлада хоча оказаць дапамогу калгасам добрай зямлёй. Штоб калгасы змаглі хутчэй стаць на ногі.— Ён пачакаў, калі ўціхне недавольны гоман, цвёрда павёў далей: — Это рашыла совецкая ўлада, i ніякія крыкі нічога не пераменіт! Не дадут ніякой карысці!.. А некаторых, — которыя будут крычаць асабліво i не будут уціхнуць, — можно будзет заставіць помоўчат! Штоб подчынялісь совецкі закон. Поважалі совецкі закон!

Цвёрдасць i рашучасць яго падзейнічалі; калі ён сеў, у хаце стаяла цішыня. Толькі ў сенцах гаманіў хтосьці, як бы пераказваў. Тады за сталом узняўся Міканор. Разважліва, памяркоўна загаварыў:

— Прыразаць землю — не сакрэт — будуць i на тых, каторыя цяпер уступяць. Дак, калі каму ўжэ так хочацца етай зямлі,— тут правільно сказаў Хоня, — давайце да тых, што ўжэ ўступілі. І вам будзе ўдзелено! Не абідзім! Як у добрай сям’і, падзелімся! Дарога нікому не перагароджана. Завем, можна сказаць, усіх, — каторыя гібелі i гібеюць сягоння! — Ён, давольны, што знайшоў добры лад у гаворцы, гаварыў лагодна, паблажліва: — Штоб адразу планіруваць па-новаму! Не перарабляць патом!.. Запішацеся ў калгас — i заўтра адрэжуць у калгаснае i вашу долю зямлі. Самай добрай… Дзядзько Андрэй, — згадаў, кіўнуў ён на Рудога, — надумаўся ўжэ. Падаў заяву. Дак, можа, шчэ хто хоча? Возьме прыклад?

Ён, трохі горбячыся, як заўсёды, нібы ніякавеючы за тое, што такі вялікі, грамозны, лагодна акідваў хату, з надзеяй чакаў. Ніхто не ўставаў, адводзілі вочы, каб не сустракацца з яго. Круцілі папяросы, дымілі. Хтосьці з жанок крыкнуў, што не пра гэта — не пра калгас гаворка.

Міканор увачавідкі мяняўся: паблажлівасць знікала, пакляваны, амаль бязбровы твар шарэў, стражэў.

— Не хочаце? — прамовіў нейрыхільна, помсліва. — Не хочаце, дак — маўчыце!

За ім выступіў Хоня: акружаны хлопцамі, дзядзькамі, з таго месца, дзе стаяў, заявіў, што Міканор правільна кажа: каму хочацца добрай зямлі, дак давайце! Усіх прымем! Нікога не абдзелім! Кончыўшы, Хоня задзірліва зірнуў на Нібыта-Ігната.

Доўга, вучона гаварыў Андрэй Руды — тлумачыў значэнне землеўпарадкавання, значэнне калгасаў, ix перавагі над аднаасобніцкімі гаспадаркамі, заклікаў "асазнаць" цяперашні момант, узяць з яго, Андрэя, прыклад. Надакучыў нецікаваю прамоваю, збіў зусім гаворку.

Ніхто не запісаўся новы. Быў толькі бязладны гоман. З гэтым гоманам i разыходзіліся.

3

Доўга не маглі ўціхнуць Курані ў гэту ноч. Пасля сходу курылі, гаманілі купкамі на агародах, каля хат, не маглі расстацца, не выгаварыўшыся. Купкі былі розныя, i розныя былі гаворкі: радасна клопатныя, спакойныя, амаль абыякавыя, трывожныя, з бедаваннем, са злосцю, з пагрозамі Гайлісу, Міканору i іншым, з кляцьбою.

З агародаў, з двароў гутаркі разыходзіліся па хатах. Гаманілі, лежачы на палацях сярод дзятвы, Зайчыкі: старая цешылася, як яно будзе; Зайчык хіхікаў, згадваючы сход: як круціўся Нібыта-Ігнат, як сіпеў, пырскаў слінаю Корч. Вольга i Хведар гаспадарліва меркавалі, як можна засеяць тую зямлю, што яна можа даць. Дамеціха, падаўшы Міканору, старому i каморніку познюю вячэру, не ўтрывала, параіла сыну не вельмі заядацца з людзьмі, сказала, трэба па-добраму. Нібыта-Ігнат упоцемку, дымячы папяросаю, кляў апошнімі словамі ўсё на свеце, гразіўся, не хацеў слухаць жонку, якая супакойвала, раіла не браць так блізка да сэрца. І не кідацца на Міканора, на начальства, бо гэта можа вельмі пагана кончыцца; час цяпер такі, што трэба асцярожным быць. Матку падтрымала Хадоська, але бацька загадаў i ёй сціхнуць, не ўтыкаць нос туды, куды не просяць. Глушаку таксама не спалася; разышоўшыся з Яўхімам на двары, ён доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Люта — аж заенчыў той — бацнуў наском сабаку, што не ў час падлез пад нагу. Раздзеўшыся, доўга варочаўся ў цемры з боку на бок, пляваўся: адчуванне вялікай бяды паліла ўсё больш, чым больш думаў пра тое, што здзеелася. Гады, слізь падкалодная, — што ўдумалі! Мало ўжэ i налогаў, мало таго, што дыхнуць не даюць, душаць цвёрдымі заданнямі! Дак ужэ i ето: землю адабраць, якую ты нажыў! Усё адабраць, лічы, — корань самы вырваць!.. Гайня ненажэрная, жывого з’есці гатовы!.. З бяссільнай лютасці гатоў быў закрычаць: "Дулю вам! Дулю, а не землю! Дулю вашаму калгасу! Штоб вы ўсе падохлі!"

Васіля тачыла нездавальненне. Яно шчымела, калі разышоўся з Нібыта-Ігнатам, які лаяў i сябе, i яго, Васіля, што маўчалі на сходзе, не ўсталі i не сказалі, як трэба; Ігнат растрывожыў Васіля яшчэ i тым, што заявіў: заўтра ён так сабе не саступіць, як бы там Гайліс ці Міканорчык ні гразіліся! Як саступаць так раз за разам, нядоўга зусім без нічога астацца! Успамін нра гэта паліў Васіля, што чуў, як кашляе на печы дзед, як дражліва храпе тоўстая калода Маня, якой клопату ніякага да таго, што яму баліць. Праўду казаў Ігнат, паліў сябе Васіль: не сказаў, як трэба, на сходзе, дзёр толькі горла, калі ўсе крычалі; a калі ўсе прыціхлі, i сам маўчаў. Збаяўся, не заступіўся, як трэба, за сваё; за адзіны людскі свой кавалачак зямлі, які так трудна дастаўся, на які, лічы, уся надзея! З якога толькі i жывеш, лічы! Хвіліны злосці змяняліся хвілінамі роздуму, разважнасці, i тады бралі Васіля няўпэўненасць, страх, роспач: цвярозым розумам сваім прадчуваў, што — як ні будзе біцца за сваё — нічога, відаць, не даб’ецца. Не ўтрымае нічога. Не такія Міканорчык гэты i латыш упарты, i не так паварочваецца ўсё ў жыцці, каб можна было дабіцца чаго-небудзь. Акрамя таго, што самі яны такія, што не саступяць, i закон, i ўлада за ix, за свае калгасы! Ад роспачы яшчэ горш пякла злосць на Міканора: зараза рабая, ён больш за ўсіх стараўся i стараецца, каб сагнаць Васіля з зямлі. З адзінага кавалачка, які Васілю так трудна дастаўся, якім 2 лічы, ён толькі i жыве!..

94
{"b":"205308","o":1}