Едучы маўклівым, вусцішным лесам, доўга i радасна думаў пра Алеся: выйшаў хлопец у вялікі свет, распраўляе крылы. От i няшчодрая на хлеб i на пісьменнікаў балотная палеская зямля пачынае даваць свету паэтаў. Няхай ён яшчэ толькі спрабуе голас, няхай яго пакуль не вельмі шырока чуваць, — хто ведае, як ён узляціць потым, калі памацнеюць крылы, калі набярэцца сіл. Хто ведае, можа, там паўз лес, у палатаным кажушку i шапцы з гузікам, ідзе будучы Янка Купала ці Нікіцін. "Нас i дзеці нашы ўспамінаць з часам перастануць, а ён, хлопец гэты, можа, у народзе, у свеце век жыць будзе — словам сваім, вершамі сваімі?!."
Яго не раз дзівіла, i цяпер здзіўленне гэта ажыло зноў; колькі паэтаў, пісьменнікаў паявілася на беларускай зямлі за які дзесятак гадоў! Які дзесятак гадоў, да рэвалюцыі, мала хто i ведаць ведаў, што раджаецца, можа разрасціся шырока такая літаратура — беларуская, літаратура народа, які стагоддзямі "абыходзіўся" без сваёй літаратуры! Толькі дзесятак гадоў як рэвалюцыя ўзаконіла i мову i літаратуру, дала ім дарогу, а от — глядзіце, дзівіцеся, як цудоўнаму цуду! Не адно-два дрэвы, лес цэлы расце, ды які буйны, які багаты! За які-небудзь дзесятак гадоў — на добрай савецкай глебе! Якія ж сілы таіліся ў народзе век ад веку, каб не прапасці, не змарнець за стагоддзі ўціску цемры, пагарды, здзеку: каб здалець усё, наперакор усяму выжыць, дачакацца сваёй пары! Векавая прага цэлых стагоддзяў, маўклівых, скаваных, у гэтым радасным імкненні, у магутнай творчай нецярплівасці i сіле. "Творчасць наша, познія нашы кветкі, як жа расцвіцеце вы яшчэ праз дзесятак, праз два, тры, пяць дзесяткаў гадоў!.."
5
Гэта было ўжо зусім нядаўна, летам. Дайшло, што хлопец зноў прыехаў дадому, жыве ў маткі. Калi выпала наведацца ў адну з блізкіх вёсак, знарок збочыў да Алеся. Яму не пашанцавала: увайшоў на пусты двор, дзверы ў хату былі на зашчапцы. Памагла дзяўчына-суседка: убачыўшы дзядзьку, што азіраецца на двары, пабегла па Алесеву матку; тая рабіла штосьці за гумном — на агародзе. Матка, выціраючы рукі аб фартух, гасцінна запрасіла ў хату, але Апейка не пайшоў: сказаў, што заехаў ненадоўга, праведаць адно яе сына. Прыселі ўдвох на цёплай прызбе, пад ліпаю.
— Схуднеў саўсім… — паказала яму боль свой старая. Губы яе, сухія, патрэсканыя, жалліва смыкнуліся, але яна стрымала плач. — Сухоты прызналі. Працэс, кажуць…
Апейка, устрывожаны i сам, паспрабаваў, як мог супакоіць яе.
— Вучыўся, вучыўся, ды ог — вывучыўся. — Разважліва, сумна падумала ўголас. — Нішчымніца, ведама. У горадзе, чула, голадна багата каму. А яму, без помачы, дак i саўсім. А ён змалку не моцны здароўем, век недаядаў. А тут яшчэ да навукі такі падкі, сушыў усё галаву, мабуць…
— Нічога, Мар’я Мацвееўна. Вылечыцца. У Мінску дактары добрыя. Першага сорту спецыялісты. Бальніцы добрыя, пад наглядам добрым будзе. Вылечыцца, не бядуйце да часу. Толькі от падкарміце, падмацуйце пакуль. Беражыце — чалавекам вялікім становіцца. Ганарыцца сынам сваім можаце…
— Я i рада б. Штоб не бяда, не сухоты етыя. А так ён — сынок — дзякуй Богу! Грэх паганае што сказаць! Кожнай матцы такога б сына! І ласкавы, i абыходлівы; не тое што маткі, дзіцяці не пакрыўдзіў ні аднаго! Ca ўсякім паздароваецца, кожнаму "добры дзень" дасць! І на работу не ўломак, усе яго хваляць!.. — Яна раптам сціхла, спахмурнела. Прызналася: — Не, не ўсе. Няпраўду кажу. Васіль тут, Сук, прыязджаў. З Гомеля — прыказчыкам там работае. Бацько яго жыве унь цераз хату. Дак Васіль той сказаў: "Не багато, сказаў, набраўся Хомка ў горадзе. Буў, сказаў, лапаць, лапаць i астаўся". Яно i праўда: усё добра, а от, i друпя гавораць, дзержыцца Алёшка па-простаму. Як усе адно i не буў у горадзе. І гаворыць не па-гарадскому, а панашаму. Як бы не ўмее іначай. A ў Васіля таго дак боты хромавыя, наваксаваныя. І еты, як яго, гальштух пад шыяю, i гадзіннік у кішэні, з ланцугом. І — усё пагарадскому, па-гарадскому: "дарагой ацец", "пажалуста". Культурны такі!
— Культуры той, Мар’я Мацвееўна, ва ўсім ім менш, як у адным Алесевым мезенцы!
— Не кажыце! Важны такі, як усе адно колішні пан. З гальштухам, чобаты хромавыя да калень, ідзе — ручкаю памахвае. Зямлі не бачыць. А як стане з кім, дак: "Здрастуйце! Как жызнь маладая?" Папяроску гарадскую ў губах дзержыць!.. Пан, ей-богу, пан…
— Чым жа яму, Мар’я Мацвееўна, пахваліцца другім, калі ў галаве мякіна?
— Яно такі праўда. Мякіна, адна мякіна…
Алесь абганяў картоплю. Неўзабаве сядзелі ўжо на ўзмежку, бачыў яго схуднелы, амаль без загару твар, вузкія i вострыя белыя плечы; зрэбныя, малаватыя ўжо, штонікі з лагіінаю на каленях, белыя, з наліплай рудаватай зямлёй ногі. Ён быў голы па пояс, i былі добра відны рабрыны пад белай скурай, было відна, які ён худы i змарнелы.
Сястра, што вадзіла яму каня, толькі падышла на хвілінку, паздароўкалася i зноў иадалася да каня — пасвіла яго наводдаль. Апейка i Алесь сядзелі на ўзмежку ўдвух.
— Чаму не зайшоў, калі ехаў сюды? — папракнуў Апейка.
— Я заходзіў. Вас не было. "У раёне", сказалі…
— Пераказаў бы ці паперку аставіў бы. Што вярнуўся. На радзіме…
— Мала ў вас клопату без мяне! Я думаў быў чыркнуць два словы, а потым рашыў — не трэба…
— Скажы: паленаваўся. На першы раз даю вымову. Другі раз, калі такое паўторыцца, будзе горш. Запомні…
Ён усміхнуўся:
— Запомню.
— Надоўга?
— На месяц.
— Болей трэба. На паветры добрым трэба пабыць. Агародам пакарыстацца. Свежай зелянінаю.
— У рэдакцыі прасілі. У газету я ўладзіўся. Рабіць трэба. Летам раз’язджаюцца ўсе. З-за гэтага найбольш i ўзялі. Ну, i калі падрабіць, як не летам!
— А што — з лёгкімі?
Ён паморшчыўся, не хацеў гаварыць.
— Найшлі нешта. Зацямненне вярхушкі справа. Дысемінацыя — ёсць такі вучоны тэрмін. Смяртэльнай небяспекі няма, сказалі. Але — патрэбна лячэнне. Добрае харчаванне, добры пакой, здаровы рэжым. — У голасе яго чулася іронія.
— Алесь, адчайвацца не трэба. Але — i падсмейвацца таксама ні да чаго. Тваё здароўе не аднаму табе трэба… — улавіў іранічную ўсмешачку, не даў запярэчыць яму. — Будзь разумны!.. Пішаш тут?
— Мала. Гультую без сораму. Гуляю, гляджу…
— Гуляй. Адпачні. Вершы — потым. Самі пісацца будуць… Дарэчы, загараць табе, здаецца, покуль не трэба… Што ў горадзе?
— Вучыўся багата, экзамены. Дык не вельмі i бачыў…— сагнаў усмешку, заклапочана змоўк. — Неспакойна ў горадзе. Пошасць розная галаву ўзнімае. Усякі бруд напаверх вылазіць… Ну, i дурняў багата што толькі бруд i бачаць усюды. Не вераць, што людзі могуць быць i чыстыя!.. — ён раптам трасянуў галавою. — Ат, хай яны ў балота!.. — павёў бліскучым позіркам па пол i, на лесе наводдаль. Шчаслівы, заплюшчыў вочы; адкінуў назад галаву, шумліва, на ўсе лёгкія ўдыхнуў: —Паветра ў нас! Лесам i лугам, нават у полі, пахне!.. І наогул — рай тут!.. У Мінску ўвесь час у мітусні. А тут — ціш, воля! Думай колькі ўлезе!
Здаецца, усё запомнілася з гэтай сустрэчы; але з асаблівым жалем згадваліся белыя вострыя плечы, рабрыны пад белай, кволай скурай. З трывогай успаміналася яго іранічнае: "Ёсць такі навуковы тэрмін — дысемінацыя!" Потым ад урача даведаўся як мае быць, што значыць гэты навуковы тэрмін, напісаў яму на універсітэт ліст, i прасіў, i загадваў берагчы сваё здароўе, сур’ёзна паставіцца да хваробы. Успамінаў, вядома, i клопатнасць маршчынак на Алесевым твары, i неспадзявана вясёлае: "Ат!", i захопленае, зачараванае: "Ціш, воля!" Згадваючы ўсё, не бесклапотна ўспамінаў тое, што ён кінуў пра "бруд", пра "дурняў", якія не вераць, што ёсць "чыстыя", але неспакой гэты трывожыў яго толькі наогул, як агульная трывожная з’ява, а не як бяда, што мае асаблівае дачыненне да хлопца. Трывожыўся адно пра яго здароўе. Адсюль ён чакаў бяды. І вось, на табе!..
Цемра ў кабінеце пабольшала, а ён усё сядзеў на стале, перабіраў усё ў памяці, стараўся развязаць неспадзяваную, незразумелую зусім загадку. "Выдумка, паклёп!" — прыходзіла зноў упартае, самае простае. "Наплёў нейкі дурань — i пайшло! А там — i надрукавалі!.." Думка такая прыходзіла Апейку найбольш адтаго, што яму хацелася, каб было гэтае, самае лёгкае для Алеся, i адтаго, што яна найлепш адпавядала ўсяму, што ён ведаў пра хлопца. Але цвярозыя развагі адна за адной бурылі гэтае добрае, жаданае: "Так проста i надрукавалі б! Усё ж там блізка было, ля газеты. Усё відна. Праверылі, узгаднілі. Ды i — ясна сказана ж — абмяркоўвалі на камсамольскім сходзе. Калектыўная думка!.." Гэта заводзіла развагі ў тупік: тая ж самая цвярозасць казала, што, як бы там ні было, хоць i абмяркоўвалі, хоць i надрукавалі, усё гэта — няпраўда. "А ячэйка — не магла памыліцца? Ячэйка — маладыя, гарачыя хлопцы i дзяўчаты. Якія так легка паддаюшда настрою. Бываюць выпадкі, i дарослым не хапае цвярозасці. Дарослым, спакайнейшым, вопытным. А то ж — мал ад ыя, гарачыя…"