Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён азіраўся, не мог паверыць: разарана было ўсё. Усё было загублена. Усё было кончана…

5

Слотным, з халоднымі подыхамі днём у Хоневу хату ўвайшла смерць. Маці памерла блізка да змяркання, ціха, без слова; калі старэйшая сястрычка Верка, разгубленая, пазвала Хоню з гумна, ляжала матка на палацях, бы жывая, нібы толькі заснула; на твары свяцілася невядомая радасць.

З той жа незразумелай, спакойнай радасцю ляжала яна на лаўцы пад абразамі, у прыціхлай, без заўсёднага галасу хаце, у якую адзін за адным сунуліся куранёўцы, цікаўныя, уважлівыя, спалоханыя. Найчасцей яны неўзабаве сыходзілі, адны — проста спатоліўшы цікаўнасць, друпя — як бы выканаўшы неадменны, нялёгкі абавязак. Нямала было i такіх, што тоўпіліся, гаманілі ціха, народу ў хаце таўклося даволі: часу вольнага цяпер хапала. Сярод усіх толькі некалькі старых жанок. сябровак, якія помнілі матку такой жа рухавай i вясёлай, як Хоня, гаравалі шчыра, шапталіся жалліва, выціралі ражкамі хустак чырвоныя ад непрытворных слёз вочы.

Усім абрадам кіравала незвычайна ціхая, важная Сарока. Хоню не трэба было зваць яе, яна сама прыйшла яшчэ да таго, як Хоня падумаў пра новыя, неспадзяваныя клопаты; прыйшла, пачала хадзіць паволі, упэўнена, гаварыць з Хонем, як бы Богам самім прысланая. Прыгнечаны, прыціхлы, Хоня ні на момант не працівіўся гэтай няпрошанай апецы: паслухмяна рабіў усё, што яна раіла, што загадвала, сам ішоў раіцца з ёй. Амаль увесь час у хаце была Хадоська, якая першы раз прыбегла яшчэ пад вечар, глядзела на матку нема, — з жахам i вінаватасцю. Цяпер яна плакала час ад часу, памагала Сароцы, песціла, супакойвала дзяцей, што ціснуліся ці на палацях, ці на печы; у хісткім водсвіце лучыны памагла Сароцы прыгатаваць вячэру, накарміла малых.

На другі дзень Хоневу матку вынеслі з хаты, пад мокры снег, што сыпаў на мокрую, хлюпкую зямлю. Снег лажыўся матцы на белы, касцяны твар, на тонкія рукі i не раставаў, а яна ляжала ў сасновай труне i як бы радавалася — ці то снегу i беламу небу, ці то таму, што от вызваліла сына ад клопату. Жанкі галасілі: то — голасна, то сіпла вылі; Хоня ішоў, хлюпаючы лапцямі ў гразі, перамешанай са снегам, i ўвесь час паблізу бачыў, чуў вінаватую Хадоську, якая амаль няўціхна галасіла.

Калі дайшлі да могілак, снегу было ўжо багата i на матчыным твары, на адзежы. Сарока асцярожна сцерла яго з твару, вялела Хоню i меншым развітвацца. Хоня апошні раз прытуліўся да роднага твару, зноў пачуў, які ён халодны; на холадзе гэта не ўразіла так, як там у хаце; было ў гэтым нават нешта нібы жывое: нібы нахаладала на мокрай стыласці. Сарока за руку падвяла да маткі самых малых, Косціка i Вольку, якія паслухмяна прылажыліся да матчынага твару. Хоня адзначыў той момант, калі паклалі на труну века, прыкрылі разам з маткай i некалькі падляцелых сняжынак, — адзначыў з дзіўнай пустатой у сабе i спакоем. Калі труну сталі спускаць у яму, жанкі загаласілі, залямантавалі галасней, з адчаем, ён рантам пачуў роспачны, горкі лямант Хадоські: "Цётачко, цётачко! Век ужэ не пагавару з вамі! Не прыйшла, як казалі! А цяпер ужэ не пагавару! Не пачую ніколі, не пабачу!.. Не абіжайцеся, цётачко!.."

Калі над матчынай магілай абраўнялі горку зямлі з новым дубовым крыжам, калі пачалі разыходзіцца, Сарока з мінай пакорлівасці, паслухмянасці лёсу, з якой яна рабіла ўсё ў гэты дзень, узяла Хоню за локаць, сумна, нібы стомлена сказала, што трэба ісці дадому; ён ступіў быў некалькі крокаў, стаў, азірнуўся, — адчуў, што чагосьці не хапае.

— Дзе — Хадося? — успомніў ён.

Сарока павяла вачыма, потым моўчкі i сумна кіўнула на сярэдзіну могілак. Ён заўважыў за голым, прыцярушаным веццем знаёмую постаць у цёмным каптане, пайшоў да яе.

Хадоська была з Ганнай, перад магілкай з малым, толькі пасівелым крыжам, Хоня здагадаўся: тут пахавана Ганніна малая. Хадоська, якая стаяла спіной да Хоні, прытуліўшыся да Ганны, штосьці гаварыла.

— Злая була я. Паганая. Божачко, якая паганая!.. — Плечы Хадоські задрыжалі, галава яе ўпала на Ганніна плячо. — Даруй мне, Ганначко!

— Няма ў мяне зла на цябе. І не було, — стрымана сказала Ганна, не зводзячы вачэй з магілкі малой.

— Даруй, Ганулько! Бога я ўжэ прасіла! Цяпер цябе прашу: не таі зла! Даруй!..

— От найшла пра што!

— Даруй, Ганначко!

— Ну, дарую! Штоб ты не думала…

Хадоська не дала дагаварыць, парывіста абхапіла Ганну за шыю, пацалавала.

— Ганначко ты мая! Любіла я цябе i любіць буду зноў! Век буду! — паклялася аддана.

Хоня азваўся нарэшце:

— Людзі пайшлі памянуць нябожчыцу. Mo i вы зайшлі б.

Хадоська выцерла слёзы, з ласкай i просьбай зірнула на Ганну:

— Хадзем памянём.

Ганна адарвала позірк ад магілкі. Кіўнула стрымана, пайшла першая.

Да самых хат ішлі моўчкі. Задуменныя, паглыбленыя ў сябе. Ужо калі ступілі ў вулічную гразь, калі пайшлі паўз аблепленыя снегам платы, хаты, Ганна стала, клапотна зірнула на абаіх.

— Пажаніліся б вы, — сказала раптам. — Добрая пара будзе.

— Да я хіба проціў,— проста адказаў Хоня. — Я даўно гаварыў ёй. Дак — цягне невядома чаго. Бацько баіцца. Бацько не хоча.

— От найшлі час! — папракнула Хадоська. Абветраны роцік быў строга сціснуты, вочы глядзелі кудысьці далека, цвёрда.

— А чаму не час. — Як глыбокае, выпакутаванае, Ганна сказала ціха, спакойна: — Жывым пра жывое думаць.

— Матка-нябожчыца сама хацела, кеб пажаніліся, — адгукнуўся Хоня.

На памінках булькала самагонка з пляшак у карцы i чаркі; усе, хто прыйшоў, пілі i елі ў ахвоту; чым больш пілі i елі, тым болей голасна гаманілі, шумелі. Старыя дзядзькі i жанкі ўспаміналі, яка я яна была порсткая ды вясёлая, Хонева матка, ззамаладу; якая спрытная ды жылаватая ў працы. Бывала, як выйдуць у поле з сярпамі, ніхто не перагоніць: з ранішняга цямна да вячэрняга магла не выпускаць сярпа, не разгінацца. І ў кампаніі не зломак была: i паспяваць, i паскакаць, i пасмяяцца — на ўсё спраўная была. І як Хонеў бацька памёр, не апала духам з такою араваю на руках, шчыравала весела, пакуль не ўвалілася ў тую сцюдзёную ваду на балоце, не застудзілася так, што скора i ўстаць не магла. І Хоню хвалілі: таксама малайчына, у матку ўдаўся, не сагнуўся ў бядзе; глядзеў старую — кожны сын няхай бы так глядзеў. Хто-ніхто раіў Хоню абзаводзіцца гаспадыняй, ківаў на Хадоську, але Хоня ўсё зводзіў гаворку на іншае.

Маўкліва сядзелі, можа, толькі адны Хадоська i Ганна. Хоня падліваў ім, папракаў, што п ч юць мала. Ганна трохі піла, а Хадоська толькі прыгублівала чарку; абедзве сядзелі задуменныя, строгія. У Хадоські час ад часу жалліва моргалі вочы, гатова была, здавалася, заплакаць, але яна стрымлівалася. Больш за ўсіх шумела цяпер, мусіць, Сарока: сп’янелая, хадзіла яна вакол стала, падавала яду, падлівала гарэлку ўжо без якойнебудзь паважнасці, гаварыла амаль безупынку, голасна i складна: "Штоб ёй, нябожчыцы, легко було на том свеце, штоб жылі i радуваліся дзеці! Кеб у нашаго Хоні жызня буда ў багацці i ў звоні!.." У бязладны, п’яны гоман уплятаў сіплы галасок стары Глушак, таксама асалавелы, гаманлівы. Сарока ўсё падлівала i падлівала яму i растарэквала найбольш з ім, відаць, яна i запрасіла старога; хоць магло быць i так, што Глушак прыйшоў i сам. Хоня стараўся не глядзець на яго: ніхто не мог прагнаць таго, хто прыйшоў на памінкі,— не было ні ў каго такога права. Тым больш што Глушак таксама хваліў матку, i Хоню хваліў.

Ганна пайшла сярод першых, а Хадоська засталася, перачакала ўсіх. У пацішэлай, спусцелай хаце разам з Сарокай прыбрала посуд са сталоў, падмяла хату, ласкавым словам суцешыла малых. Калі надзела каптан, каб ісці дамоў, Хоня таксама накінуў світу на плечы. Выйшаў услед у мокрую цемру двара. Каля варот узяў за непаслухмяныя рукі, затрымаў.

— Дзеці як — да цябе. Як да сваёй. — Хацеў прытуліць, але яна лагодна i цвёрда ўперлася рукою. Ён не стаў дабівацца. Памаўчаў, ціха запытаўся: — Можа, усё-такі надумаешся?

— От найшоў калі.

— Матка ж сама хацела. — Яна не пярэчыла. Хоня зноў узяў яе за рукі.— Ганна ето праўду казала. Жывым…

105
{"b":"205308","o":1}