Іван Мележ
Подых навальніцы
Частка першая
Раздзел першы
1
Было лета. Самы пачатак. Ранкі, дні, вечары.
Ранкамі, яшчэ шэрым часам, у халадку, валокся сярод вуліцы, гукаў пастух з пугаю. Млява рыпелі вароты, заспаныя гаспадыні i гаспадары выпіхвалі на вуліцу рагуль i падласых. Чым далей, больш цадзілася дымоў над стрэхамі, шырэлі, багацелі гукі; усё званчэй уядаўся ў ранішні гоман віск свіней i парасят. У свой, заведзены час выпраўляліся на вуліцу малыя свіныя наглядчыкі: бы п’яныя ад сну, ад слёз, пляліся з аблавухімі да выгану…
Дні былі ў будзённым, заўсёдным клопаце. Даараўшы, дасеяўшы, пасвілі коней, палолі поле i грады, рыхтавалі косы, граблі. Пад поўдзень, калі бліскотна пякло з неба, падсохлую вуліцу, затравелыя прыгуменні i двары апаноўвала дрымотная млоснасць. Тады спакой над радамі хат i гумнаў трывожылі найбольш лямант квактух ды задзірыстае, давольнае галёканне якога-небудзь крыкуна з чырвоным грабянём. Іншы раз у цішыню ўбіваўся вясёлы голас ад выгану: падшыванцы — свіныя пастухі, забыўшы пра сваіх свіней, дурэлі ці плёскаліся ў копані, у зацвілай раскаю, тухлай вадзе…
Лагоднымі вечарамі спакваля ўціхала ўсё: каровы, коні, свінні. Спакваля ўціхалі людзі — спачатку старэйшыя, жанатыя, потым i моладзь. Маладыя, праўда, доўга яшчэ бадзяліся па вуліцы, галёкалі, рагаталі на прызбах, але цішыня нарэшце брала i ix. Калі не лічыць ціхіх вар’ятаў — закаханых, што, як апоеныя, да світання туліліся дзе-нідзе пры платах ды завуголлях, пасля паўночы на ўсёй вуліцы не было чуваць ні галаска — хаты спал i. Спал i росныя агароды, халоднае балота за агародамі…
Ад самага красавіка надвор’е прыяла людзям. Было багата цяпла, i ў час паілі зямлю спорныя дажджы. І азіміна, i яравое раслі на вачах, i разам з азімінаю, з яравым раслі ў асцярожных, звыклых да ўсяго сэрцах людзей надзеі на лета: малілі Бога, каб толькі i далей памог пагодаю.
Усёвышні ці не пачуў, ці не паслухаўся маленняў: ужо блізка да сенакосу пачалі нядобра лезці навальніцы. Зранку неба было i чыстае, i яснае, i яснасць стаяла доўга ўдзень, але за полуднем проста ўвачавідкі пачыналі пухнуць белыя, потым сіняватыя хмары. Парыла так, што ў Куранях i ўсё навокал млела ў духаце. Пад вечар хмары зацягвалі ўжо ўсё неба. У вячэрняй цемры безупынку кідаліся чырвоныя выбліскі. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі i агародамі нізалі стрэлы маланак i расколвалі ўдары грому. У навальнічнай цемрадзі бляск маланак быў бела-сіні, прагавіты, грымоты падал! i каціліся так магутна i грозна, што здавалася, на мокрым лапіку зямлі ca стрэхамі i ў балотным абшары навакол усё замірала ад страху. У цёмных хатах божкалі, хрысціліся, з неспакоем i надзеяй чакалі, што будзе далей.
Першыя навальніцы былі літасцівыя. Але наступная спраўдзіла гразьбу: зіхала, ляскала — ды i кінула грымучы агонь свой на гумны. У гэтым зіханні i лясканні не адразу ўхапілі, што на гумнах гарыць. Пакуль ухапілі, пакуль аціхла, адышло страхотнае лясканне i дапалі да пажару, агонь узяў ужо тры гумны. Хоць ліў безупынку дождж, хоць, як маглі, стараліся стрымаць агонь, да світання ад трох гумнаў засталіся толькі мокрыя абгаркі… Ранкам ужо адкрылася, што навальніца кінула маланку i на крыж за сялом, на разгалку дарог. Куранёўскія жанкі, калі ўбачылі гэтую неспадзеўку, затрывожыліся: большасць ix меркавала цвёрда, што гэта не на добрае, што чорны крыж — знак божай няміласці. Мужчыны найбольш маўчалі, але было відаць — нямала каму з ix здарэнне з крыжам таксама было не даспадобы. Былі i такія — i не толькі з маладых, якія не толькі не трывожыліся, а нават пасмейваліся: глядзіце, маўляў, i Бог сам крыжы паліць. Прызнае, што пара святая прайшла… Можна сказаць, што здарэнні гэтыя не выбілі Куранёў з абыдзённасці. І тым, якія баяліся Бога, i тым, што пагарэлі, не было калі доўга трывожыцца i бедаваць.
Ішлі няспынна дні, няспынна вялі клопаты — не хацелі зважаць ні на што. Да таго ж i чуцця да згрызот было не лішне. Жыццё кожнаму шчодра адсыпала, калі не штомесяц, то, ва ўсякім разе, штогод, даволі рознай бяды…
Мудрай разважнасці людзей былі разам i іншага парадку прычыны. Блізка былі вялікія хваляванні, якія добра помніліся i якія многа значылі ў людскім разуменні быцця, у самім ix быцці.
Да гэтага лета ў куранёўскія турботы ўвайшло, што далей, то ўсё мацней, яшчэ адно вялікае хваляванне. Пачаўшыся некалькі гадоў таму з усякіх не вельмі пэўных, хоць i трывожлівых чутак i гаворак, яно вярэдзіла цяпер куранёўскія хаты адчуваннем наступу няўхільных, небывалых перамен, якія рабілі ўсё заўтрашняе нетрывалым. Якія гразіліся ўсяму звыкламу, цвёрдаму, выпрабаванаму…
Потым ужо, з гадамі, з мудрай далечы, людзі не раз прыгадвалі гэтае лета. Тады ж нікому не думалася, што дням гэтым суджана запомніцца, надоўга асесці ў людской памяці. У людзей тут не было ні часу, ні звычкі на пустое думанне, ды i запомніліся гэтыя дні не так па сабе, як тымі восенню i зімой, што ішлі за імі. З часам восень i зіма як бы кінулі i на гэтае лета свой водсвет, далі адметнасці.
Праўда: што i ў гэтае лета людзі — няхай не ўсе i найбольш цьмяна — чулі не такі далёкі подых той помнай восені i зімы. Але i тое праўда — калі глядзець збоку: лета ішло, як усе леты. Усё было, здавапася, як заўсёды. Усё было, здавалася, звычайнае, будзённае, наладжанае.
Звычайныя былі раніцы i вечары, звычайныя, заўсёдныя — учарнелыя хаты i гумны, заўсёдныя — ззелянелыя, у векавечных струпах моху, стрэхі. Нічым не адметная вуліца з рудым пылам ды каровячымі бебахамі, нязменныя агароды з гурочнікам ды кіяхамі, нязменныя загуменні з трухою леташняй саломы; звычайныя палі-загоны са звычайнай зелянінай; звычайны лес навокал, звычайныя балоты — i тыя, што за агародам, i тыя, што за лесам.
Звычайнае, здавалася, было лета. Яшчэ адно лета, адно з многіх, якія ўжо зведалі ў спрадвечным клопаце Курані. Яшчэ адно на доўгай, няспыннай дарозе, каляіны якой выразаны вякамі і, здавалася, на вякі.
2
У звычайны час прыйшла пара касавіцы. У адну раніцу, яшчэ халаднаватым поцемкам, Курані ўзварушыліся, захадзіліся адным клопатам — на балота, касіць! У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы; налівалі свежай вадой біклагі, зносілі да калёс — у клунках, у торбах, у кошыках — хлеб, сала, гуркі, цыбулю; у кожным двары, ля кожных калёс завіхаліся старыя i маладыя, мужчыны i жанкі, кожны двор поўны быў руху i гоману; нават коні, здавалася, разумелі — прыйшоў зноў вялікі дзень касавіцы!
Глушакі збіраліся ехаць з двара, калі сонца толькі пачало выплішчвацца з-за цёмнага лесу. Усё ужо было гатова, можна было б выпраўляцца, i Глушак недавольна паглядваў на хату, дзе невядома чаго яшчэ корпалася Ганна, а з ёй i старая.
— Ідзі скажы — жджэм! — як загад прасіпеў ён Яўхіму.
Той ужо ступіў к хаце, калі Ганна ўслед за старой, што адчыніла дзверы, паявілася на парозе. Ганна туліла да грудзей спавітае дзіця, хіліла да яго чарнявую галаву, на пасме якой паблісквала сонца. Асцярожна, не падымаючы галавы, саступіла з ганка, ля калёс стала: камусьці трэба даць малое, пакуль сядзе сама.
— Падзяржы, — сказала Яўхіму, што быў поруч. Папярэдзіла: — Асцярожно — спіць!..
Уладзіўшыся на сене наперадзе, узяла калыску, якую прынесла раней, паклала на калені сабе, забрала ад Яўхіма малое; пяшчотна паклала ў калыску: так, пэўне, лепей будзе.
— Ну, можа, ужэ можно ехаць? — не стрымаў недавольнасці сваёй стары.
Яна нібы i не пачула; з пяшчотнай усмешкай, што не прападала з вачэй, з губ, неяк няцямна зірнула, упершыню заўважыла: раніца якая вясёлая! Ноччу быў дождж, доўгі, здавалася, бясконцы, а ранак — аж зіхціць. Толькі i знаку ад начнога дажджу: вясёлыя канаўкі пад стрэхамі ды лужыны сярод вуліцы.