Ён не стаў тлумачыць значэння падзеі, ведаў, Апейка ўсё разумее. Апейка заклапочана памаўчаў, нібы паказваючы, што i не трэба тлумачыць. Правая апазіцыя зноў рашыла даць бой i пацярпела паражэнне. У маўчанні было i разуменне таго, што ўсе тры правыя лідэры — члены Палітбюро, кіруючыя дзеячы: Рыкаў — старшыня Саўнаркома, Бухары и — рэдактар "Правды", Томскі — старшыня ВЦСПС. Правыя зноў спрабавалі павярнуць партыю на свой лад…
Ён зірнуў на Апейку, нібы пытаючыся: які клопат прывёў сюды. Уважліва слухаў, пакуль Апейка расказваў пра Алеся, пра бяду яго.
Калі Апейка скончыў, стрымана, дзелавіта сказаў:
— Добра, я займуся гэтай справай. Што змагу, зраблю.
Ён запісаў прозвішча, імя, запытаў, каму ў ЦК камсамола напісана пісьмо. Апейка заўважыў, што аловак трымае ён у руцэ цвёрда i піша цвёрда, i падумаў, што ён, праўда, зробіць усё, што можа.
Белы зірнуў засяроджана, раптам загаварыў павольна, важка:
— Тут яшчэ з адным пісьменнікам гісторыя была. З Міхасём Зарэцкім. Тым, каторы напісаў раман "Сцежкі-дарожкі". Зарэцкі, як кажа ваш паэт, таксама нямала наблытаў. Яго моцна пакрытыкавалі. І не толькі пакрытыкавалі. Той-сёй з партыйных кіраўнікоў рашыў, што яму наогул не месца ў партыі. Далі такую параду ў пярвічную ячэйку, дзе быў Зарэцкі. У ячэйку Дзяржаўнага выдавецтва. Там разабралі яго справу i, хоць за Зарэцкага некаторыя моцна заступаліся, выключылі. Дзевяць было за выключэнне, сем — супроць. Фактычна — выключылі пад націскам зверху. Зарэцкі напісаў заяву ў ЦКК. ЦКК разабралася як мае быць i рашыла, што падстаў дастатковых для таго, каб выключаць яго з партыі, няма. І аднавіла ў партыі. Тут бы, здаецца, канец справе. Дык не ж. На адным партактыве выходзіць на трыбуну газетны дзеяч — Бухімовіч, вы яго, можа, ведаеце. І апошнімі словамі крые ячэйку за Зарэцкага. За патуранне ворагу, за страту класавага пачуцця. За палітычную слепату. Мала таго, адважна выпнуушы грудзі, крые ЦКК.
Тымі ж самымі словамі. Громіць усіх. Ён — адзін класава чулы, палітычна прынцыповы, непахісны! Яго асабістая думка вышэй думкі ўсіх іншых, думкі партячэйкі, ЦКК!..
— Я з адным такім пазнаёміўся ўжо, — адазваўся Апейка. — На чыстцы ў Юравічах…
— Галенчык не адзін… Модна сгановіцца выкрываць, крычаць, лупіць — пад маркай прынцыповасці! Модна i выгадна. І рызыкі ніякай, i смелым паказаць сябе можна! Лепшым за ўсіх! Архібарацьбітом, архібальшавіком!
— Мне здаецца, што гэта падобна на спекуляцыю, — горача падхапіў думку Белага Апейка. — Спекуляцыя на цяжкасці моманту…
— Спекуляцыя, — згадзіўся Белы. — У аснове якой вельмі часта — кар’ерызм. Імкненне пагрэць рукі на сітуацыі, выскачыць на чужой бядзе. Зрабіць кар’еру… — Ён дадаў раздумліва: — Па сутнасці ж, гэтыя дзеячы часта выступаюць як правакатары. Падбіваюць на падазронасць, нецярпімасць…
Апейка адчуў у голасе яго трывогу, падумаў, што Белы, мабыць, не першы раз думае пра гэта i, можа, не першы раз гаворыць.
— Адзін чалавек — можна сказаць, звычайны, абмежаваны, з неабмежаванай хіба амбіцыяй — ставіць сябе над дзесяткамі партыйцаў, над цэнтральнай партыйнай камісіяй! Выбранай з’ездам! І ніхто там не выступіў супроць яго! Усе палічылі гэта нібы нармальным!
— Слухалі яго, можа, таму, што ён усё ж не радавы камуніст. З павагі да пасады…
— Можа быць… — Белы раптам прамовіў: — Нягоднік з пасадай — гэта нягоднік у квадраце. У кубе.
Ён устаў, як бы паказваючы, што гаворку канчае. Ужо каля дзвярэй затрымаўся, перад тым як падаць руку, сказаў:
— А Галенчык спраўдзіў пагрозу. Напісаў. Тлумачыць прыходзіцца… — Не выпускаючы руку, дадаў: Але вы не хвалюйцеся. Я растлумачу ўсё. Як належыць. — Белы вымавіў "растлумачу" спакойна, з годнасцю…
2
Вячэралі ў рэстаране ўпяцёх за адным стадом Аніся, яе новая сяброўка, вусаты, гаварлівы старшыня калгаса з-пад Полацка, рухавы, увесь у бліскучых рамянях камандзір-пагранічнік, Апейкаў сусед па пакоі Кампанія была выпадковая, — i выпадковая, раскіданая аж лішне вясёлая, гаворка была за сталом. Прычынай таму быў, мусіць, рэстаран: чысціня, бляск, гоман навокал, агульная святочнасць у зале; напэўна, памагала i піва, якога нямала-такі выпілі за вечар. Вусаты старшыня нібы жартам падладжваўся да Анісі, якая прыкметна раставала, час ад часу адно няёмка паглядваючы на Апейку. Увесь вечар ёй дзіўна хацелася рагатаць. Сяброўцы таксама было весела; асвойтаўшыся з прасцецкім, таварыскім пагранічнікам, яна дапытвалася з захапленнем i страхам: "А шпіёнаў вы лавілі?.. А якія яны?.. A няўжо ж вы ix так проста бачылі? І не страшна было?!" Пагранічнік ухіляўся гаварыць пра сваю справу, ахвотна i дасціпна расказваў усялякія вясёлыя гісторыі, анекдоты, чым выклікаў аж раўнівую зайздрасць у палачаніна: Аніся таксама з захапленнем смяялася пагранічніку…
Апейку, хоць ён з-за таварыскасці падтрымліваў кампанію, было не вельмі весела. Была нейкая хваравітая ўзрушанасць, i гаварыў неспакойна, i слухаў нецярпліва, i ўвага была прычэплівая, зласлівая. Не падабалася легкадумнасць зямлячкі, злавала назойлівая, не заўсёды разумная балбатлівасць старшыні. Адно пытанне яго ледзь не прарвала Апейкаву стрыманасць. Вельмі сур’ёзна i разам з усмешачкай, як бы звысака, вусаты запытаў: "А праўда — вашы кажуць: "Палешукі мы, а не чалавекі?" Ён захіхікаў, пакруціў галавою: дзівакі! Апейка толькі i сказаў з насмешкаю: "Не чуў! Прыеду — папытаюся!.."
Ён першы ўстаў з-за стала. Пагтрасіў прабачэння, развітаўся. У пакоі адразу ж раздзеўся, лёг у пасцель. Думаў, тут жа засне, але сон не ўзяў.
Па сцяне пайшоў водбліск нейкага святла, нейкія ўзоры; здалося, нібы сцяна зрушылася, нахілілася, папаўзла дзіўна коса; ён здагадаўся, што водбліск — ад фар аўтамабіля. Праз некалькі хвілін святло зноў папаўзло, зрабіла ўсё зноў няпэўным, незвычайным; паўзлі зноў дзіўныя ўзоры, знакі, што як бы дадавалі ўР а " жання незвычайнасці. Ён падумаў: ад чаго гэтыя знакі,— ад фіранак, ад рам, ад галін са скверу? — але ўражанне незвычайнасці, няпэўнасці так i асталося ў душы. Ніяк не i шло супакаенне. Бачанае ўдзень, чутае, сказанае лезла ў галаву, нагадвала, хвалявала.
Учапілася недарэчна: "Ці праўда — вашы кажуць самі: "Палешукі мы, а не чалавекі"?" Пашкадаваў: дарэмна не адказаў як след. Адбыўся жартам. Трэба было сказаць як мае быць. Не знайшоўся. У яго заўсёды разумнае прыходзіць у галаву потым…
"Самі кажуць: "Палешукі мы, а не чалавекі"". Чаму гэта пайшло так шырока? Чаму ў гэта вераць? Ці таму, што яно падобна на анекдот; як анекдот, як парадокс, урэзваецца ў памяць? A людзі бяруць на веру, дзівяцца. Вераць… І газеты нават пішуць часам: раней палешукі самі гаварылі: "Палешукі мы — не чалавекі". Праўда, разумныя людзі ў газетах тлумачаць гэта праклягым мінулым: людзі былі такія цёмныя, дзікія, што не лічылі нават самі сябе за людзей, чалавекаў. За каго ж яны сябе лічылі?"
У гэтым — цяпер, у неспакойнай цемры асабліва — Апейка чуў нешта вельмі крыўднае, абразлівае. Ён чуў гэта i як крыўду сабе — усё ж ён ніколі не забываў, што сам паляшук, — i як крыўду тым, з кім жыў, каго любіў. Ці ж не абраза верыць, што чалавек так прынізіў сябе, так звык душою да гэтага, што ўжо нават i за чалавека не лічыць сябе. Да такой нікчэмнасці дайсці!..
Гэта не толькі крыўдзіла Апейку, але i злавала, як мана. Гэта была — мана. Няхай часта не ад пагарды, але — мана, мана. Колькі ні жыў у сваёй старане, начуўшыся ўсяго ўсякага, — ні разу не чуў гэтага: "не чалавекі". І не чуў, i не адчуваў… Не было такога… Была цёмнасць, наіўнасць, дзікасць нават. Што было, тое было. Але здзеку з сябе такога — не. Не было. Хіба што так, для выгляду, з хітрыкаў якіх, для якой-небудзь сваёй карысці. З хітрыкаў — гэта маглі, для якойнебудзь выгады — маглі сказаць i што-небудзь падобнае; сказаць, каб потым парагатаць з нягегласці таго, хто паверыў. З даверлівай дурнаты. Як маглі не заўважыць: у многіх з гэтых "нечалавекаў" век жыло перакананне, што яны вышэй за другіх. Што ў ix i "законы", i парадкі лепшыя, i яны самі — разумнейшыя. Што ёсць, тое ёсць. У якой-небудзь гіблай, за гушчарамі, за багнамі вёсачцы — не дзіва: дзядзькі ці Цёткі падсмейваюцца з суседзяў з-за балота, пацяшаюцца з гарадскіх — звычаяў i парадкаў. З убораў гарадскіх паненак, з дурнаты гарадскіх дзядзькоў, трэба ж такое, не ведаюць, чым кормяць цялят i як растуць булкі. Ці не ад гэтага пераканання i ў казкахусякі пан — дурань, i нават мужычы дурань з дурняў Іван разумнейшы за самага разумнага пана?.. "Палешукі мы, а не чалавекі…" Апейка падумаў: дзе-дзе, a ў ix старане дык аж лішне гэтага непахіснага пераканання ў сваёй дасканаласці. Дзе-дзе, а тут лішне ўжо любілі іншыя пахваліцца, пакрасавацца, паказаць сваю хітрасць, свой розум. Ён успомніў палескі жарцік, не раз чуты дома: "А за Гомелем людзі е?" — "Е. Толькі — дробненькія". Успомніў — i сам сабе засмяяўся: ці не ад ix, не ад юравіцкіх, пайшло гэта ў свет?