Литмир - Электронная Библиотека
A
A

З той жа ціхай пяшчотай, увесь час бачачы i чуючы малую, як бы толькі ад звычкі глядзела на вуліцу, на двары, на людзей: усе збіраліся на балота. Вунь Зайчык, акружаны мітуслівай хеўрай сваіх старэйшых, запрагае небараку сівага; вось Сарока з сынам — хлопец, драбнаваты, але ў сіле ўжо, памочнік, нясе з хаты барылца; вось Андрэй Руды з жонкаю… Двор за дваром ішлі перад вачыма, Ганна ківалася ціха з калёсамі, глядзела як праз туман пяшчоты. Толькі як пад’ехалі пад край сяла, пачула неспакой, адвярнулася, нахілілася над малой. Але i не гледзячы, дзіўна чула, як набліжаецца ён, Васілёў двор, Васіль; не падымаючы вачэй, убачыла, як двор той падышоў, убачыла, што вароты адчыняюць, што адчыняе ix Валодзька; што Васіль сам ідзе па нешта к павеці; што Маня яго нешта ладуе ў возе. Нічога асаблівага не надумала, толькі i прайшло ў думках, што — вось-вось таксама выедуць; але ўсярэдзіне ўсё ж штосьці, чула, як бы замутнела. З гэтым неспакоем глядзела i на колішні свой двор, дзе бацька запрагаў каня, а мачыха карміла парасят, i на палоскі зялёнага жыта i першых парасткаў картоплі.

Каля чорнага крыжа Глушак, а з ім i старая, i ўсе, хто сядзеў у возе, перахрысціліся. Ганна перахрысціла i сябе i малую, якая ўсё хораша, салодка спала ў сваёй пасцельцы. Ганна такая радая была гэтаму сну малой, што толькі i клапацілася, каб не разбудзіў які штуршок; калі дарога станавілася няроўнай, брала калыску на рукі i трымала, пакуль калёсы зноў не пачыналі каціцца мякка…

За вольным прасцягам поля калёсы ўлезлі ў цесны, па-ранішняму хмурны i сыры хвойнік, у якім стала кідацца з усіх бакоў, апаноўваць камарэча. Ганна i тут пашкадавала затульваць малой родны, кволы тварык — увесь час над тварыкам клапатліва махала рукой. Ужо як з хвойніку з’язджалі ў мокрыя, з лужынамі, каляіны між гушчэчы алешніку, пачула, што ззаду хтосьці даганяе. Потым убачыла поблізу Васілёвага каня, самога яго. Выбраўшы зручнае месца, ён, сцебануўшы каня, затульваючы адной рукой галаву ад галін, хутка абмінуў ix i схаваўся за паваротам дарогі. У той момант ёй раптам успомнілася, што недзе тут ён абганяў калісьці яе з бацькам; недзе тут парвалася тады ў яго супоня, няшчасны, чырвоны, ён звязваў яе нанова. «Цяпер не парвецца, — прайшла ў Ганнінай галаве думка. — Цяпер у яго не такія супоні. Гаспадар!» Чамусьці згадалася, што чула пра яго i жонку: «Кажуць, не вельмі ён давольны Маняю сваёй…» Згадалася без спачування, як бы трохі з нейкай радасцю…

Узрушаная намяць напомніла ўміг амаль, здавалася, забытае: як раскладвалі вогнішча, анямелыя ад першай згоды, ад блізкасці; не толькі ў памяці, a i ў сэрцы ажыло, як легка, радасна было глядзець, што ён марудзіць, не наважваецца легчы поблізу. Аж дзіва было, як добра помнілася ўсё, да самых дробных драбніц. Помнілася ўсё; але, загарэўшыся на момант, сэрца зразу ж i патухла: толькі на момант успамін засмуціў душу скрухаю. Праз момант бачыла ўсё нібы не сваё, нібы выдуманае.

«Тры гады… Чацвёрты ўжэ…» — адно адзначыла сама сабе.

За далёкай даллю бачылася Ганне вольная, гарэзная маладосць. Усё радзей i радзей прыгадвала памяць малюнкі-праявы мілай даўнасці. І не было калі асабліва перабіраць згадкі, i не было ахвоты: нашто было вярэдзіць, трывожыць душу попусту. Чаго было чапляцца за тое, што навек адышло, сплыло ў нябыт, — калі трэба было, сваёй воляй гнала прывіды добрай, вольнай пары. Спачатку нялёгка адганяла, а потым — яны i самі не назалялі вельмі, нібы ўжо баяліся падступацца.

«Тры гады… Чацвёрты ўжэ…» Калi Глушаковы калёсы выкаціліся з цёмнай, залітай вадою дарогі на зялёнае разлеглае балота, Ганна раптам няцямна павяла вачыма: вунь тое месца, дзе яны начавалі ў тую ноч. Глянула — i адразу ж адвярнулася, не глядзела больш туды, адно сачыла за дачушкай…

3

Калі Васіль абганяў Глушакоў, у ім з’явілася нешта нецярплівае, дужае i як бы помслівае. Няхай бачаць, няхай усе бачаць, няхай яна глядзіць! — жыло, падганяла яго дужае i помслівае гэта пачуццё. Абагнаўшы, не згінаючыся ўжо беражліва перад галлём, роўна, уздымна седзячы, ён, здавалася, чуў на спіне позіркі ўсіх, хто сядзеў там на возе, i сярод ix асабліва — помсліва i па-юначы радасна — яе позірк. І ўвесь час, калі ўжо Глушакі прапалі за адным, за многімі паваротамі звілістай дарогі, чуў ён ix позіркі i асабліва — яе.

Так, увесь час падганяючы каня, порстка выехаў ён на сонечную шыр лугу, давольна адзначыў, што народу яшчэ не багата, луг яшчэ амаль пусты. «Не апазніўся!» — нібы пахваліў ён сваю гаспадарлівую ўпраўнасць. Калёсы ішлі паўз самы лес, паўз надзелы; за некалькімі абыякавымі наблізіўся, паплыў перад вачыма дзіўна неабыякавы, як бы свой, Чарнушкаў. «І етых няма!» — звыкла падумаў ён, не цешачыся i не шкадуючы; тады, як увайшла гэта думка, вочы яго нецярпліва беглі па Чарнушкавым надзеле, неспакойна шукалі штосьці. Калі спыніліся наводдаль, блізка ад падрослага куста, у Васіля ўсярэдзіне зацеплілася салодкае, добрае i нібы зайздрослівае: «Там!.. Там було!..» Адразу, нібы зусім нядаўняе, не перажытае яшчэ, ажыў, захваляваў незвычайны настрой той незабыўнай ночы, з якой пачалося тады самае лепшае ў яго жыцці.

Амаль адразу ж у радасць успаміну ўлез, зашчымеў нядобры жаль, i Васіль спахмурнеў: не так згадаў, як адчуў — між той ноччу i гэтым днём мяжа, якую ўжо не пераступіш. Як бы злавіўшы сябе на ўчынку неразумным, не вартым чалавека сталага, схамянуўся, папракнуў сябе строга: знайшоў глядзець куды, спакушаць сябе чым! Як жарабя, катораму шчэ рана ў аглоблі! Стала, ураўнаважана заявіў сам сабе: «Було — сплыло! Дак значыць: як i не було!..»

З гэтым настроем ён даехаў да свайго надзелу, спыніў каня, саскочыў з воза, цвёрдым гаспадарскім тонам загадаў усім — матцы, Мані, Валодзьку, здымаць з воза прывезенае; сам выняў касу, мянташку, торбу з салам, прасачыў, як маці ставіць на траву калыску для малога. Спадылба паглядзеў на Маню, што стаяла побач з малым на руках, чакала, калі матка падрыхтуе пасцельку. Строга, нават жорстка сказаў сабе: не вольны казак, вунь «аглоблі» — жонка. Не хапаючыся, без адзінага лішняга руху, як чалавек, які звык рабіць сваю справу, распрог каня, уладна пазваў меншага брата, шастаючы босымі нагамі ў высокай мокрай траве, з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца.

— Штоб глядзеў добра! — вялеў сурова Валодзьку.

Малы, пастрыжаны па-авечы радкамі, у зрэбнай сарочцы i зрэбных, да пояса мокрых штанах, шчыра паабяцаў:

— Буду глядзець!

Васіль той жа мернай хадою вярнуўся назад, дастаў з-пад сена лапці i рудыя анучы, сеў на росную траву каля воза, абуўся. Тут жа ля воза ўткнуў кассе ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Памянташыўшы, надзеў мянташку на кісць рукі, выпрастаўся, як бы ацэньваючы абстаноўку, агледзеўся: на луг выязджалі i выязджалі калёсы з мужчынамі, з жанкамі, з дзецьмі. Луг на вачах усё поўніўся людзьмі, рухам, клопатам. Наводдаль Васіль вылучыў Карчоў: там варушыліся каля воза. На сук дубка прыладжвалі калыску…

«Няма чаго!» — зноў недавольна стрымаў сябе.

Хмурны, сутулаваты, з нерухомым i ўпартым позіркам вачэй пад размочаным дажджамі казырком, важка ўціскаючы лапцямі траву, рушыў ён да ражка надзелу, дзе трэба было пачынаць. Стаўшы ў ражку, ён адпусціў касу ў траву, набраў паветра ў грудзі i дужа, шырока, з нейкай злосцю павёў касою. Мокрая, бліскотная трава пакорліва, амаль нячутна легла.

Дужа i нібы злосна Васіль ішоў i ішоў на яе, упіраючыся расстаўленымі нагамі ў пакошу, пераступаючы лапаць за лапцем, вёў i вёў касою справа налева, прымушаў траву класціся ў радок, адступаць усё далей i далей. Гэта быў ужо не той зялёны хлопец, які вадзіў касою з гонарам, які раўніва сачыў за тым, дзе дзядзька Чарнушка, гадаў, як зіркае за ім, Васілём, яна, цяпер ішоў тут мужчына, шырокі ў плячах, з дужай загарэлай шыяю, з дужымі спакойнымі рукамі, з дужымі ўпэўненымі нагамі; ішоў звыклы ўжо да свайго нялёгкага абавязку касца, звыклы да турботнага становішча гаспадара, галоўнага чалавека ў хаце. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілу, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў ён касою, лажыў i лажыў яе ў роўны радок злева.

2
{"b":"205308","o":1}