Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Няма чаго! Няма чаго!» — як бы гаварыў ён сабе з кожным махам касы. Але калі спыніўся, распрастаўшы спіну, узяўся мянташыць, зноў мімаволі павёў вачыма па лузе, знайшоў: Карчы касілі, стары, Сцяпан i гэта пачвара Яўхім. Ганна хілілася каля калыскі, што бялела пад дубком. «Няма чаго!» Ён хмурна адарваў вочы, спасцярожліва паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Сачыла зноў, як усё роўна пільнуе; як чытае ўсё роўна думкі. Маня, тоўстая, санлівая, сядзела на траве, карміла дзіця. «Не выспалася зноў!» — падумаў нядобра.

«І сядзіць, як цесто з дзяжы…» Ён адарваў вочы, стрымліваючы прыкрасць, зірнуў на ўзлесак: конь мірна скуб траву, Валодзька гаманіў пра нешта з Чарнушкавым Хведзькам. «Стораж мне! — падумаў, нібы спаганяючы на Валодзьку прыкрасць. — Такі стораж, што глядзі i за канём, i за ім!..» Ён зноў дужа i ўзлавана павёў касою.

Стала хлюпаць вада: пачалося бліскучае, купчстае балота. Трава прыкметна горшала, вылазіла з яшчэ не глыбокай вады, купчасцілася весела на купінах. Трава — не трава, асака, i касіць цяжэй, i радасці мала. Ногі ўціскаліся ўсё глыбей, вада падступала да лытак, да калень, абцінала ногі, ляпіла штаніны да скуры. Скура нібы набракала. Васіль не зважаў на гэта: з узлаванасцю, якая дзіўна не адыходзіла i пра прычыну якой ён ужо не помніў,— вёў i вёў касу. Чым далей ён так ступаў, мерна, лапаць за лапцем, тым больш цела яго — рукі, ногі, спіна — налівалася зняможнай стомай, прыемнай, хмельнай, нібы пасля гарэлкі. Ён дужаўся з ёю, з нейкай нават задзірыстасцю. Ён быў захоплены рытмам, наступальнасцю працы. Што ні мах, няхай на даўжыню лапця ён ішоў i ішоў уперад; аддаляўся адтуль, адкуль пачынаў, набліжаўся туды, куды павінен быў прыйсці. Што ні мах, ён рушыў туды, куды павінен быў, кожны мах быў поўны простага, зразумелага сэнсу. Поўны тага абавязковага, сур’ёзнага, гаспадарскага, чым жылі i жывуць усе мужчыны, гаспадары, i чым трэба жыць яму.

Стома ўсё навальвалася, але ён не наракаў, як i на камароў, што назольна віліся, упіваліся ў твар, у шыю. Як няма балота без камароў, так i праца, ведаў ён, заўсёды ca стомаю. Калі робіш, стома — так i трэба; інакш i быць не можа. Калі робіш, у тым i задача ўся — каб не паддавацца стоме, адужваць яе i наперакор ёй ісці i ісці. Звыклы цярпець, захоплены наступальнасцю, рытмам касьбы, ён як бы неахвотна спыняўся, выпростваўся, каб памянташыць касу. Хвіліну стаяў, уткнуўшы кассе ў балота, няўпэўнена, гарачымі, дрыготкімі рукамі шаргаў па касе мянташкай, тады зноў апускаў касу i зноў шырока, мерна, як заведзены, вёў яе — справа налева, справа налева. Трохі нахіліўшыся ўперад, з чырвонай шыяю, на якую лезлі даўно не стрыжаныя рудаватыя пасмы, з якіх цёк пот, з сутулаватымі плячыма, з упартым, цяпер тупаватым позіркам розных вачэй — аднаго празрыстага, як вада, a другога — цёмнага, хмурнага, ён ішоў i ішоў, мах за махам, лапаць за лапцем, роўна, зацята, настойліва. Клаў траву ў свежы, акуратны радок, што ўсё даўжэў, адужваў цяжар у нагах, у спіне, у руках — ішоў i ішоў. Помніў, што да канца няблізка.

Нядобра, што ўсё гарачэй пякло сонца. Ад гэтага, здавалася, найбольш i лезла млоснасць, усё больш аслабляла рукі i ногі. Рукі рабіліся ўсё менш спрытныя, каса ішла няўмела; усё часцей пакідала кусцікі травы, якія трэба было падкошваць другім махам. Ад знямогі рукі квола дрыжалі, ногі падгіналіся так, што хацелася сесці проста ў ваду.

Ён адужваў кволасць, адужваў сябе; касіў, пакуль не знясіліўся дарэшты. Пакуль ужо не змог узняць касу. Тады павярнуўся, грузнучы па калена, распырскваючы гарачую ваду, ледзь цягнучы ногі, усё сваё здранцвелае цела, павалокся назад. Дашаргаў пасталамі да воза, паставіў касу i, не здымаючы з рукі мянташкі, падрэзаным дрэвам зваліўся на траву.

— Пад’еў бы, можа, — пачуў, як здалёк, клапатлівае, матчынае: матка глядзела, як i тады, тры гады назад, нібы на малога.

Ён не адазваўся. Паляжаць бы, паляжаць бы раней! Чуў — нібы здалёк — матка падгарнула пад галаву світу, — у звонкім, чыстым цяньку адразу ж забыўся дрымотаю.

Драмаў ён нядоўга; абудзіўшыся, размораны ляжаў, заплюшчыўшы вочы, i нічога не думаў. Калi пад’еў, паплёўся да каня: хацелася пабыць на адзіноце. Ляжаў зноў у цяньку, слухаў, як шапоча малады асіннік, i стомлена, раскідана думаў. Думаў пра новую хату, ад якой прыйшлося адарвацца з-за касавіцы; чуў пры гэтым пах свежага, смалістага дрэва, чуў, як трашчаць пад нагамі белыя трэскі. Было шкадаванне: не кончыў; i нецярплівае жаданне: кончыць бы, улезці скарэй. І турботнасць: не так скора ўдасца ўлезці — багата яшчэ рабіць. Страха, столь, вокны, падлога… Прыплыло ў думкі, што непагана бульба ідзе ля цагельні, на палосцы, вытаргаванай у Манінага бацькі. «Картопля будзе, як надвор’е не падвядзе…» Улезла зноў згадка пра тое, як абганяў Ганну; за ёй — згадка пра далёкія агеньчык i ноч, i ён нахмурыўся. От жа прычапілася! Зноў загадаў сабе жорстка: «Няма чаго!..» Знарок стаў цешыць сябе, што от недарэмна трапятаўся тры гады — дабіўся, можна сказаць, таго, чаго хацеў. Зямля добрая ёсць, конь надзейны, хата новая. Гаспадарка не горш, як у людзей!.. Але як ні цешыў сябе, з душы не сыходзіла жывая маркота, нездавальненне. Адчуванне якойсьці крыўднай няскладнасці, несправядлівасці жыцця.

4

Ускрай Глушаковага надзелу стаяў малады, ужо моцны дубок. Спыніліся каля дубка.

Неўзабаве Яўхім i Сцяпан з косамі цераз плячо чоўгалі лапцямі к ражку, ад якога меліся пачынаць касіць. Глушак адвёў коней, спутаў, вярнуўся i сказаў старой, каб наглядала.

— Ды біклагу ўкапай у землю. У день, — кінуў ён. Зірнуў на Ганну, як бы хацеў i ёй даць работу, але не прамовіў нічога, з касой падаўся да сыноў.

Ганна, якая пачапіла ўжо калыску на сук, гушкала малую. Малая ляжала разгорнутая, радавалася волі — моманту не магла паляжаць ціха, стрыгла ручкамі, ножкамі, мыляла ружовымі губкамі — штосьці сказаць хацела!

— Ну, што? Ну, што?!. — смяялася, нагінала да яе галаву Ганна. — Што? Ну, скажы!.. Ну, скажы, Верачка!.. А!.. Знаю! Хораша, кажаш!.. Хорашанько!.. Цёпленько! Сонейко! Птушачкі цілікаюць! Цілік, цілік!.. Камарыкі толькі нядобрыя! Укусіць хочуць! А мы ix адгонім! Ідзіце, ідзіце адсюль! Не чапайце Верачку!.. — Зноў смяялася, цешылася: — Хорашанько! Матылькі лятаюць! Жучкі гуцуць! Гу-гу-гу!.. Спяваюць Верачцы! Усе спяваюць Верачцы!..

— Агу-агу! — падышла, тыцнула чорным парэпаным пальцам Глушачыха. Паказытала Верчыну грудку. — Агу-агу!.. — прамовіла, як бы хвалячы: — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна!

Малая хутка-хутка застрыгла ножкамi.

— Ну, што? — зноў схілілася да малой Ганна. — Рада?! Пабегаць захацелася!.. Ну, ну, пабегай! Пабегай!.. У, як хутка! Як хутка! А я — даганю! А я — даганю! Даганю!!. Не, не магу! Верачка хутка бегае! Хутка!.. Ніхто Верачку не дагоніць.

Хуткая Верачка схапіла ручкай наіў, пацягнула да рота.

— От, i Яўхім усе браў у рот…

— Ну, куды ты! Куды ты! — не слухала старую, смяялася Ганна. — Бе! Ножку нядобра ссаць! Нядобра!.. Ну, куды ты?!.

Забаўлялася б, дурэла б Ганна з малою цэлы дзень, каб скрыпучы юлас старога Глушака не пазваў грэбці. Загарнула, стала спавіваць малую. Верачка не давалася, усё катурхала спавіўку — не хацела няволі; але што ты зробіш: не спаўеш — выкаціцца, не дай Бог, з калыскі, грымнецца на зямлю. Ганна, шкадуючы малую, адно старалася спавіваць лёітса: няхай усё ж буцзе дачушцы вальней!

— Не плач, не сумуй тут адна! Я скоранько вярнуся! Скоранько!..

Акуратна затуліла калыску полагам ад камароў, ухапіла граблі i хутчэй падалася да пракосаў.

Пераварочвала граблямі сена, a думкі, а душа былі ўсё каля дуба, каля дачушкі: ці не захацела есці, ці не мокранькая, ці не кусаюць камары. Пераставала грэбці, пільна ўслухоўвалася — ці не чуваць плачу.

Плачу не было, шыркалі адно косы наводдаль ды звінела, стрыкала балотная драбната.

Усё ж трывала неспакой нядоўга: уткнуўшы канец фабель у балота, подбегам падалася зноў да дубка.

У калысцы было ціха. Верачка спала. Адно некалькі камароў зашылася пад полаг, адзін — пачырванелы ўжо — сядзеў на шчочцы.

3
{"b":"205308","o":1}