2
Ba ўсім раёне не было цяпер сяла ці нават хутарка, у які хоць бы некалькі разоў не наведваўся Апейка.
Яшчэ ў першыя паездкі свае па раёне Апейка заўважыў, што людзі ў розных месцах жылі неаднолькава, што тыя, хто жыў падалей ад ракі, між балот ды лясоў, багата чым розніліся ад яго знаёмых змалку землякоў — жыхароў пясчанай надпрыпяцкай вёсачкі. Розніліся некаторымі звычаямі, розніліся гаворкаю: раптам прыкмеціў, што ў блізкіх, можна сказаць, суседніх сёлах па-рознаму вымаўлялі адны i тыя ж словы, быццам гаварылі на розных мовах! Дзіўна было чуць, як дзядзькі ці хлопцы аднаго сяла пацяшаюцца з гаворкі тых, што жылі за тым жа балотам, з другога боку яго! Пацяшаліся, хоць у саміх гаворка была дзіўная, хоць тыя, з другога боку, таксама падсмейваліся з ix! Апейка, дабіраючыся да разгадкі такога дзіва, меркаваў, што гэта была, мабыць, памяць далёкай даўніны, калі вёсачкі на сваіх выспах між багнішч жылі яшчэ больш асобна.
Дзе-нідзе сярод палешукоў трапляліся палякі i яўрэі. Палякі, прыкмеціў Апейка, трымаліся купкамі, каля мястэчка, у засценку, яўрэі ж, акрамя тых, што аселі ў мястэчку, жылі па адным, па два ледзь не ў кожным большым сяле, блізка ад дарогі. Палякі корпаліся ў зямлі. Яўрэі таксама нярэдка аралі i малацілі, але большасць кармілася розным рамяством — найчасцей кавальствам ды шытвом. Там-сям спрабавалі гандляваць. Любілі зямлю гэтую i цыганы: не дзіва было Апейку бачыць ці калёсы-буданы на грэблях, ці шумлівыя табары на выганах. Не раз самога якая-небудзь прычэплівая смуглявая маладзіца хапала на дарозе за руку, дабівалася расказаць, што чакае яго…
І палякі, i яўрэі, i цыганы былі тут свае людзі. Палякі часта радніліся з тутэйшымі; яўрэі мірна курылі на прызбах разам з палешукамі; амаль у кожным сяле знаходзілася хата, якая давала цыганам цяпло i прытулак на ўсю доўгую зіму. Яны былі ўсе, i цыганы, i палякі, i яўрэі, як ручаінкі, што ўліваліся ў вялікую раку, што самі станавіліся той жа ракою.
Раён быў, як вычьггаў Апейка ў адной краязнаўчай кніжцы, "даволі аднародны". Апейка чытаў кніжку ўжо тады, як нямала прыгледзеўся да раёна, i ў словах пра "аднароднасць" пачуў быццам іронію. Яму здалося — нішто не было больш далёкае ад ісціны, як гэта — "аднароднасць"! Ужо тое, дзе жылі, у якім месцы, розніла нямала людзей. Яго землякі, што ўмелі смаліць лодкі i закідваць у прыпяцкія затокі сеці, не ва ўсім былі падобны на тых сваіх братоў, хаты якіх ляпіліся ўздоўж шляху, якія з вясны да зімы толькі i корпаліся на сваіх перадзеленых, перамераных палосках. Людзі па шляху таксама бывалыя, звыклыя да блізкіх i далёкіх гасцей. Не дзіва тут сустрэць граматнага чалавека, амаль у кожным вялікім сяле — школы, настаўнікі. Але ўсё ж гэтыя не такія ўжо галасістыя, не такія вольныя на людзях. Гэтым лодка ды сець як дзіва якое, гэтыя не вераць у раптоўную ўдачу, калі за адзін дзень пабагацець можна. Мабыць, таму i гандлююць так ціха, асцярожна, паважна, i далей за Юравіцкі кірмаш выбіраюцца рэдка. Рачныя ж — рухавыя, i ў Нароўлі сустрэць лёгка, i ў Мазыры, i за Мазыром. Легка набываюць i легка трацяць.
Зямля каля рэчкі найбольш пясчаная, няўдзячная. Тых жа, што каля шляху, яна падманвае рэдка, ёй больш вераць, больш стараюцца. Тут зямля спрадвечных аратых, векавечных плугатароў…
У тых, што за гушчарамі, за балотамі, багата ў чым i сваё, асаблівае жыццё i свае характары. За балотамі зямля найбольш паганая, людзі хапаюцца за лес, шукаюць ратунку ў лесе. З ягадамі, арэхамі, грыбамі запасяць на зіму жалуды: цэлымі гарамі ссыпаюць у засекі. Жалуды любяць свінні, жалуды таўкуць на муку: хлеб там рэдка без жалудовай дамешкі. Бывае i толькі з жалудовай мукі; ён у горле як гліна, у жываце — бы цэгла. За балотамі настаўнікаў менш, менш школ, з-за балот людзі рэдка выбіраюцца ў свет. Там не дзіва сустрэць цётку ці хлопца, якія век не бачылі ні паравоза, ні парахода. Там больш за ўсё цёмных, хворых на ліхаманку i сухоты, там самыя недаверлівыя, дзікаватыя позіркі…
"Даволі аднародны…" Той, хто пісаў кніжку, цікавіўся этнаграфіяй, ён казаў пра этнаграфічны склад жыхароў раёна. Яго не цікавіла — ён "меў права" абысці — галоўнае, што вызначала стан людзей у грамадстве — стан ix гаспадаркі; галоўнае, што кідалася найперш у вочы былому сялянскаму хлопцу i цяперашняму старшыні райвыканкома. Не толькі па абавязку, a i з як бы ўжо сардэчнай патрэбы раней за ўсё ўведвала Апейкава цікавасць, якая ў чалавека гаспадарка: колькі зямлі — пахаці, лугу, лесу (быў яшчэ нямала ў каго i "свой" лес); колькі едакоў у сям’i, колькі працаздольных; колькі коней ці быкоў — якое цягло; колькі кароў, авечак, свіней. Не абыякавая, не фармальная, чалавечная цікаўнасць яго старалася дазнацца не толькі тое, колькі зямлі i лугу, але i якіх; i хто тыя едакі ў сям’i, што не робяць; i які той конь, тая карова — якая карысць з ix. Усякія ж зямля i коні бываюць — ведаў ён не з падручнікаў якіх, а таму, што папахадзіў па гэтых усякіх землях i паездзіў, папарабіў на ўсякіх конях. І яшчэ не забываў ніколі: ці не служыць хто з хлогіцаў у Чырвонай Арміі, дзе, кім, — не забываў не толькі таму, што ведаў, як багата значыў той хлопец у гаспадарцы, a i таму, што помніў, паважаў армейскую службу; хацеў, каб усе помнілі: армія — то армія, хлопец не на гулях, а на дзяржаўнай службе, служыць народу. Значыць, пашана i яму, i яго бацькам ды братам. Пашана i ўвага…
Бачыў Апейка, што i заможныя i беднякі не ўсе былі на адзін капыл. Былі сярод заможных багацеікулакі, п’яўкі, што толькі i жылі з чужой крыві, з чужога поту, a былі i такія заможнікі, дзе дастатак увесь набываўся тым, што сям’я ўся — з падрослых, працавітых дзяўчат ды хлопцаў, якімі правіць суровы, бязлітасны камандзір-бацька. Бацька-манарх, бацька-катаржнік; камандзір катаржнай каманды. Былі i такія заможнікі, у якіх адно лічылася зямлі больш, як у іншых; але як зямля тая жаўцела жоўценькім пясочкам, то заможнікі такія праўдзіва нагадвалі голых каралёў. Былі i такія, у якіх за чорнымі, пакрыўленымі сценамі, за сляпымі акенцамі, заткнутымі анучамі, таіліся багацце i хцівасць, пра якія б век не падумаў,— поўная кулацкая дзяржава пад абдзёртай, старчай страхою! А другога гатовы былі залічыць у кулакі таму толькі, што ў таго хата відная на ўсё сяло; выпнуўся, паставіў усім на зайздрасць; лезе ўсім у вочы сваім хорамам; a ў тым хораме век галодныя дзеці — багацце ўсё!
Не блізнятамі былі, бачыў Апейка, i тыя, каго аб’ядноўвалі адным імем — бедната. За тым агульным, добра знаёмым абліччам галечы i нішчымніцы, якое яднала ўсіх, бачыў Апейка рознасць лёсаў i прычын: бедныя — ад беднасці зямлі,— што ты выціснеш з таго пясочку ці балота! — ад недахвату цягла: паспрабуй, разгарніся без каня! — адтаго, што хворыя кармільцы, адтаго, што няшчасці — невядома за які грэх — сыплюцца, адтаго, што ратоў поўна ў хаце: усё дай ды дай, a падмогі — ніякай! Былі бедныя, што век у працы, у клопаце, i бедныя, што чухаліся i то з лянотаю; был i век цвярозыя i век п’яныя. Былі такія, што Апейка загадзя мог бы паручыцца — у капгасе апорай будуць: калгасная гаспадарка на такіх будзе трымацца; a былі i такія — Апейка гэта таксама добра бачыў,— што не парадуецца калгас, прыдбаўшы: труцень, прыхлябацель, беднасцю сваёй пахваляцца будзе — як білетам на бясплатную паездку ў рай…
Што праўда, тое праўда: былі ў балотнай ды лясной старане, у якой Апейку выпала рабіць з людзьмі, ціхія, рахманыя, акурат такія, якімі палешукоў паказвалі свету старыя, спачувальныя кнігі; але былі i зусім іншыя, якія невядома чаму не ўварваліся ў тыя кнігі: не рахманыя — крыклівыя, задзірлівыя нават; былі баязліўцы, што дрыжалі перад усім, i зухі, якія не страшыліся ні чорта, ні Бога. Была жахлівая цемра i дзікасць, але ж колькі сустракаў у глушэчы сваёй Апейка такіх цётак ды дзядзькоў, што хоць не ведалі, як распісацца i ўвесь век корпаліся на сваёй Богам забытай выспе, — a былі проста мудрацы. Хоць, здавалася б, павінен быў прывыкнуць — сустракаў такіх не аднаго: ледзь не ў кожным сяле спаткаць можна было такога, — кожны раз захапляўся яснасцю, глыбінёй разваг, шырынёй думання не знаных нідзе, акрамя свайго сяла, філосафаў. Не мог не здзіўляцца: як можна было мець такі ясны, багаты розум пры векавечнай, да знямогі, працы, пры векавой дзікасці!