Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Колькі от так ляжыць на гэтым лузе, на іншых лугах! Колькі не спяць, думаюць — аб чым мяркуюць, на што спадзяюцца? Колькі ляжала, гадала тут, спадзявалася — з таго дня, як прыйшлі людзі на гэтае мокрае, травяністае балота? Якія радасці i якія няшчасці бачыў гэты луг, як ступіў тут чалавек? Векавечныя, нязменныя з незапомных часоў тут толькі купіны, векавечныя поцемкі, векавечнае неба, векавечныя зоры. Дзесяткі, сотні гадоў чаргаваліся вятрамі ды цішаю, спёкаю ды сцюжай. Мяняліся тыя, што прыходзілі сюды з граблямі, з косамі. У турбоце, у знямозе старэлі дужыя хлопцы i маладзіцы, прыходзілі на змену новыя, такія ж дужыя, поўныя надзей, каб аддаць тут дужасць, маладосць сваю. Цэлыя таварыствы, пакаленні цэлыя змяняліся, як трава скошаная — маладой, сакавітай; нязменна, неўміруча высілася толькі неба — сіняе, хмарнае, з зорамі.

Колькі ж тут думак перадумана, між гэтых сівых зараснікаў, колькі надзей памерла, колькі расчаравання i злосці сатлела! Людзі думалі, ірваліся душою, а жыццё ішло сваёй мернай, важкай хадою, абыякавае, бязлітаснае да людскіх мар i стогнаў! Ішло, пакуль аднойчы не павярнулі яго, не перайначылі хаду: мокрае балота бачыла тады, мабыць, натоўпы нібы незнаемых, ахмялелых людзей; яго кроілі нанава, спрачаліся, радаваліся, браліся загрудкі. Калі перакроілі, аціхла, i ўсё як бы зноў пайшло роўнай, вечнай дарогай, з тымі ж клопатамі, неспакоем, з тым жа імкненнем.

Упершыню, як прыйшлі сюды людзі, даводзіцца ім думаць такое, пра што тут, мабыць, ніколі i не снілі. Жыць арцеллю адной, адной сям’ёй, аддаць усё нажытае, панішчыць усё звыклае, праверанае гадамі, зладжанае бацькамі i дзядамі! Ёсць чаго думаць: ніколі нікому не выпадала ламаць галаву над такой загадкай, трывожыцца такой трывогай, чуць такі неспакой перад заўтрашнім.

Тут у высокі лад думак увайшла зямная клонатнасць: згадалася нядаўная справаздача ў акружкоме, на якой казалі ім i запісалі, што калектывізацыя ў раёне ідзе слаба. Хоць было трохі крыўдна, што ў Мазыры быццам бачыць не хацелі ўсяго, што яны тут рабілі, як ім тут цяжка, Апейка не спрачаўся ні тады, ні цяпер: як бы там ні было, зрабілі i праўда небагата. Няхай не таму, што пусцілі на самацёк, як там гаварыў хто-ніхто, a зрабілі-такі небагата. Праўда, бяда тут не толькі ў працэнтах, на якія ўжо аж лішне націскалі на бюро. Бяда ў тым — i гэта асабліва трывожыла Апейку i цяпер, i ўсе дні да гэтага, — што з тых адзінаццаці калгасаў, якія ёсць, большасць ледзь ліпяць. Бяда, вядома, што яны малалікія, а яшчэ горш, што ледзь не ў кожным няма добрага ладу. І прычына найбольшая ў тым, што мала дзе — кіраўнікі як трэба: не ўмеюць, не могуць кіраваць! Арганізацыя працы ў большасці — кепская, кепская дысцыпліна! Кепскі ўлік!.. Не хапае добрых кіраўнікоў, не хапае рахункаводаў! Не хапае вопыту!..

Заплюшчыўшы вочы, засынаючы ўжо, Апейка падумаў, што трэба ўсе гэтыя дні, пакуль лета, аддаць калгасам — памагчы ўмацавацца ім. Падумаў з надзеяй пра восень: увосень людзі з’едуцца з лугоў, з палёў, спадзе працоўная гарачка. Увосень павінны рушыць хутчэй. Хутчэй, шырэй… А пакуль — больш увагі новым калгасам!.. І — дадому, к бацькам… выбраць час, наведацца… Пачуў, як пырхнуў недзе конь, i здалося — маленькі зноў, прыгнаў пасвіцца кабылу. І яшчэ дайшло — бліснула недзе недалёка. Бліснула i загрымела, туга, працавіта…

5

Раніцай неба было без адной хмурынкі. Край яго над лесам густа пунсавеў, так што здавалася, вось-вось загарыцца лес. Вышэй ад лесу пунсовасць слабела, паступова пераходзіла ў ружовасць, якая ахоплівала паўнеба. Усё на лузе: кусты, лужы, копы, пракосы — таксама ружавела. Увесь луг як бы дыміўся.

Яшчэ да таго, як выйшла сонца, Апейка i Міканор каля воза перакусілі тым, што падала, просячы выбачэння ў госця, Дамеціха. Падзякаваўшы Дамецісе за сняданак, Апейка, у расхрыстанай сарочцы, з закасанымі рукавамі, з яшчэ больш ружовай, чым звычайна, лысінай, што свяцілася праз рэдзенькае светлае валоссе, дастаў з воза касу, неяк хітравата зірнуў на Міканора:

— Дык што ж, можа, твая праўда — пачнем сягоння? Паспрабуем па-новаму, па-калгаснаму, а?

— Канешне, не трэба адкладуваць! — адразу ўхапіўся Міканор.

— Адкладваць не трэба, але трэба рабіць з толкам. Я прапаную, — Апейка глядзеў усё з хітрынкай, — улічваючы абстаноўку — пераходную форму. Касіць будзем так, быццам косім кожнаму, але — разам, калектыўна. І капіць будзем кожнаму, калектыўна. А як ты мяркуеш?

— Можна i так, — сказаў прыкметна халадней Міканор.

— Дык — з каго пачнем?

— Да ўсё адно. З Зайчыка можна.

— З Зайчыка, — падтрымаў i Дамецік, што сачыў за гаворкай збоку.

— Што ж, давай з Зайчыка.

З косамі цераз плячо ўдвух: адзін у крамных штанах i ў ботах, a другі, як i ўсе вясковыя, у зрэб’і, у лапцях, пачоўгалі па мокрай траве, цераз накошу, зайшлі да Хоні, які ўжо браўся касіць.

— Куды ето выправіліся, як на заработкі? — Хоня, у расхрыстанай сарочцы, з кепачкай на макаўцы, весела бліснуў цікаўнымі, жвавымі вачыма.

— Можна сказаць, што i на заработкі,— паддаючыся тону яго гаворкі, адказаў Апейка. — На першы калгасны заработак.

— Рашылі з сягонняшняга дня рабіць па-калекціўнаму, — сур’ёзна, як i належыць кіраўніку, старшыні калгаса, растлумачыў Міканор. — На старых покуль надзелах, але па-калекціўнаму. Разам скасіць i прыбраць кожны надзел. Параіліся з Іванам Анісімавічам, — кіўнуў Міканор на Апейку, — i рашылі пачаць з Зайчыка. І от з-за етаго зайшлі к табе. Штоб падтрымаў першы, — кончыў прыяцельскім ужо тонам Міканор, як бы намякаючы, што Хоня таксама на асобым становішчы, Хоню — асобае давер’е.

— Да я чаго ж, — зухавата прамовіў Хоня. — Я не ўломак! Я хоць зараз!

Нібы паказваючы, што ён слоў на вецер не кідае, Хоня тут жа ўзняў касу, ускінуў на плячо. Утраіх напрасткі пакіравалі да Алёшы. Таго таксама не трэба было ўгаворваць, ахвотна далучыўся. Людзі там i тут ужо касілі, іншыя збіраліся касіць, багата хто з цікавасцю паглядаў на незразумелыя зборы, змовы тых, што запісаліся ў калгас. Тыя ж трое, што ішлі з Апейкам, — бачачы, як да ix прыглядаюцца, ішлі i гаманілі між сабой голасна, ганарліва, нават як бы задзірыста. Адчувалі сябе быццам не такімі, як усе, смялейшымі, разумнейшымі. Вялікае гэта адчуванне: ты ідзеш першы, першы пачынаеш тое, што яшчэ ніхто не рабіў, першы бярэшся за тое, да чаго ў іншых не хапае розуму i смеласці! Тыя, што ішлі побач, бачыў Апейка, добра адчувалі гонар i шчасце быць першымі, асабліва хвалюючыя ў такі пунсовы ранак, перад столькімі позіркамі! Не трэба было ўгаворваць, адразу дапучыліся i Грыбок i Хведарава Вольга. Гатоў быў паіісці з вясёлай ахвотай крывы Хведар; хаваючы звыкла няёмкасць за сваё капецтва, за нагу на драўлянай падстаўцы, нсцярпліва падскокваючы на кастылях, паварочваючыся то да аднаго, то да другога, папрасіў:

— Mo касу каму адбіць трэба? Дык я ўмент!

— Трэба будзе, прынясем! — паабяцаў Хоня.

Зайчык ужо махаў касою. Калі падышлі, кінуў касіць, здзіўлена павёў вочкамі, але клопатнасць схаваў гарэзлівай мітуснёй:

— Чаго ето так рано? Шчэ ж, братачкі, жонка не напякла нічого!

— А мы найперш зарабіць хочам, — зарагатаў Хоня.

— Да от рашылі,— у сваёй старшынскай ролі выступіў Міканор, — работаць калякціўно з сягонняшняга дня. Па чарзе рабіць калякціўно. І рашылі пачаць з цябе.

— Я тут падумаю… — узрушана i вінавата загаварыла Зайчыха, што адразу падышла да гурту. — Я падумаю, — зірнула на Зайчыка, супакойваючы, — звару чаго-небудзь!.. Пакуль тое!..

— Да не трэба! — заявіў Хоня. — Перакусілі ўжэ!

— Паснедалі,— супакоіла жанчыну Вольга.

— Не, патом усе-такі трэба! — прамовіла Зайчыха.

— Трэба, — смяяўся i не смяяўся Зайчык. — Дзень такі!.. — Жартам, але не жартаўліва загадаў жонцы: — Разарвіся, але штоб як… Штоб як у людзей!

Хвіліну яшчэ ўгаворвалі Зайчыкавых, што нічога не трэба. Потым спрачаліся, каму першаму ісці, каму весці; гэта было вельмі важна не толькі таму, што весці павінен лепшы касец, але i таму, што гэтым вызначалася i агульнае прызнанне перавагі аднаго перад іншымі i разам як бы аддаваўся яму знак асобай пашаны. Апейка заспяшаўся, параіў першаму пайсці гаспадару, самаму сталаму сярод усіх, самаму, значыць, i заслужанаму. Але Зайчык першы ж запярэчыў: жартуючы, дурэючы, сказаў, што ён i касец не асаблівы i, галоўнае, зусім не сталы: ні ў каго ў Куранях няма ў галаве столькі ветру, як у яго. Ён першы ж i сказаў, каб наперадзе пайшоў Апейка. Зайчыка ўсе падтрымалі, i Апейку асталося толькі падзякаваць за гонар i давер’е. Адтаго, што рад быў пракошаны ўжо далека ад краю, вярнуліся к пачатку надзелу; Апейка пракасіў першы трохі, тады побач, ззаду пайшоў Міканор, потым Хоня…

22
{"b":"205308","o":1}