Можа, таму так востра чуеш прыроду, што бачыш, колькі яшчэ сярод людзей ёсць нялюдскага. Работа старшыні райвыканкома — не для беленькіх рук. З дня ў дзень прыходзіцца лезці ў гразь, браць яе сваімі рукамі — ачышчаць зямлю ад гразі. Гэта толькі збоку здаецца, што работа яго лёгкая: таратайка са скураным сядзеннем, возчык Ігнат, свой кабінет у раённай сталіцы. Прэзідыўмы за сталом з чырвоным сукном; слава i ўлада. Работа старшыні райвыканкома — гэта работа таго будаўніка грэблі, які першы ідзе i ў ваду, i ў твань, першы сячэ зараснік, вядзе дарогу i па полі i цераз балота. Работа байца i маленькага — аддзялённага — камандзіра, які з сакратаром райкома, без адгаворак, галавою сваёй i сэрцам адказвае за ўсё, што дзеецца ў раёне. У такі складаны час…
І радасць, i неспакой вечны ў сэрцы i ўдзень, i ўвечары, i начамі. І ў сёлах, i ў мястэчку, i ў дарозе. Адтаго ён i так часта ў дарозе, па сёлах — няма ніколі спакою.
Радасць увесь час з клопатам. Радасць: вясёлы, імпэтны гуд калгасных малатарань прыглушыў мернае цупанне цапоў ужо не ў адным i не ў двух сёлах. У кожным сельсавеце між цеснага бязладдзя мізэрных палосак — шырокія, прасторныя абшары калгасных уладанняў. Яны шырэй сталі за год. Касыя рады аратых, адзін пры адным, ступаюць калгаснымі палямі; баразна пры баразне пакідаюць за сабой вільготную свежасць пахкай зямлі — рыхтуюць да новага калгаснага засеву. Не толькі аратыя з коньмі — нястомныя трактары, пыхкаючы сінім дымам, гаманліва, па-маладому порстка, рушаць, як новыя працаўнікі, пачынальнікі новых, знаных пакуль толькі ў марах, часоў. За гумнамі, за крайнімі агародамі, пры дарогах растуць нязвыкла шырозныя двары з доўгімі аборамі i свірнамі. Ix складваюць са старых свірнаў i гумнаў; для ix прывозяць з лесу смалістыя сосны; хораша тады пахне свежай смалою на калгасных дварах!
Калгасаў пакуль небагата. Дзевяць калгасаў у раёне — як астраўкі сярод даўняга балота. Але бяда не толькі ў тым, што ix мала лікам, большая бяда, што амаль у кожным — мала народу. І — што яшчэ горш — мала парадку. Ладу мала. Мала калгасных будынкаў: жывёла найбольш па ўсім сяле, па розных хлявах. Будаўніцтва ідзе слаба. Тэхнікі вельмі мала. І людзі не заўсёды старанна працуюць. Без вялікай ахвоты. Як бы аглядваючыся назад. Свядомасці не хапае; i агітацыя не заўсёды даходзіць. Невядома, як зацікавіць, запаліць ix. Багата што яшчэ невядома; i чым далей, чым шырэй разгортваецца калгаснае, тым больш гэтых загадак. Але галоўнае: як дабіцца, каб людзі стараліся, каб рабілі ад усёй душы; каб любілі i зямлю, i коней агульных, як любяць сваё, адзінае!..
Багата клопату i неспакою было ў Апейкі. Але над усім — i дробным i нядробным — было адчуванне блізкіх вялікіх падзей. Подых гэтых вялікіх падзей чуўся ўсё мацней i шырэй па меры таго, як сыходзіла восень, набліжалася зіма.
4
Другая частка Апейкавага жыцця была ў мястэчку. Тут нязменна канчаліся ўсе яго вандраванні па раёне.
Тут быў, на тым баку, што бліжэй да хвойніку, да Прыпяці, яго дом. Палавіна дома, у якую ён усяліўся па праву старшыні райвыканкома. Тут была жонка Вера, былі малыя: сын яго большы — Валодзя, i шчабятуха Ніначка. Вяртаючыся пад поўнач ці пад досвітак, ён падыходзіў да чорнага акна, ля якога ён, здавалася, знадворку чуу цеплыню ix пасцеляў, цеплыню ix сну; прытульваўся, мімаволі прыслухоўваючыся да цішыні там, ціха, радасна стукаў. Ён чуу асцярожны шорхат, што адразу адзываўся на яго стук: Вера прачыналася так хутка, нібы i не спала; момант бачыў ці ўгадваў цьмяны абрыс яе твару, што прыпадаў да шыбы; нецярпліва пералазіў каля сцяны плот, скакаў на двор. Чуў з ганка, як яна адчыняе хатнія дзверы, як упоцемку ідзе праз сенцы, стукае засаўкаю.
Цяпло любага чалавека, цяпло роднага дома — як чуў Апейка ix пасля холаду, беспрытульнасці дарогі, пасля чужых канап i ўслонаў, пасля навалачы турбот. Вера тулілася да яго, уся поўная маўклівай пяшчоты, ды i ён, казаць праўду, чуў сябе так — нібы i не было ў ix тых васьмі гадоў — васьмі гадоў пад адной столлю. У пакоі заўсёды напагатове чакала лямпа, упоцемку Вера шамацела запалкамі; да таго часу, калі Апейка звыкла намацваў кручок i вешаў паліто, лагоднае жаўтлявае святло ўжо адводзіла цемру. Ціхая пяшчотная цеплыня бруілася ў сэрцы, калі Апейка на пальчыках ступаў у непрычыненыя дзверы, станавіўся пры ложках. Ніначка ляжала на матчыным; кожны раз, калі ён глядзеў на яе, вейкі яе пачыналі чула дрыжаць; нярэдка яна прачыналася, момант санліва, няцямна пазірала абы-куды; тады бацька шаптаў што-небудзь супакойлівае, i яна паслухмяна заплюшчвалася. Сын спаў на бацькавым ложку, каля другой сцяны, найчасцей носам у падушку, так што Апейку звычайна былі відны толькі кволая шыя ды неспакойны віхорчык на макаўцы.
З пачатку восені ён прыязджаў штодня i ў вялікай трывозе: дачка гарэла ад шкарлятыны — баяўся за дачку, баяўся за сына, ложак якога тады перастаўлялі ў сталовую. Цяпер бяда была ўжо ззаду: дачка выдужала i, на шчасце, Валодзьку хвароба абмінула. Трывога ныла хіба трохі як успамін пра нядаўняе, як нязжытая яшчэ дамешка да радасці, ад якой радасць, можа, толькі чулася вастрэй.
Адышоўшы ад дзяцей, ён сядаў за стол, аглядваўся, быццам хочучы без слоў даведацца, як тут жылі, што рабілі. Валодзева торбачка з лемантаром i сшыткам на канапе, падрыхтаваная — пад матчыным прыглядам на заўтра, да школы; сын пачаў працоўнае жыццё, з восені стаў вучыцца. Апейка яшчэ не зусім прывык да гэтай перамены — калі думае пра Валодзю, разам з радасцю паяўляецца часта i шкадаванне: нялёгка малому!.. Вунь там, ля парога, — канькі, сын катаўся; бацька амаль бачыў ужо, як ён, чырванашчокі, шчаслівы, уваліўся ў пакой… Каленкі, бок у лапінах снегу: падаў ці дурэў… Ніначчыны лялькі на гнутым крэсле, шматкі тканіны — спавівала, люляла ляльку перад тым, можа, як сама пайшла спаць. Сукеначка малой на спінцы крэсла — Вера латала сукеначку. Новая акуратная латачка на Валодзевым паліто, што вісіць ля парога, — на локці…
Яны ў такія хвіліны гаварылі мала. Вера не пыталася нічога — у тыя познія сустрэчы больш поўнілася клопатамі: вымак, мабыць, — дождж унь які; перамёрз — мароз унь цісне! Скінь боты, надзень сухія шкарпэткі, перамяні бялізну!.. Шкарпэткі i чыстая бялізна заўсёды былі напагатове; спрытна паяўляліся з аблезлага пузатага камода, паслухмяныя яе клопату, яе каханню. Праходзіла якіх некалькі хвілін, як Апейка стаяў ужо ў сухой бялізне, у сухіх, цёплых шкарпэтках, з асалодаю ўмываўся, садзіўся зноў за стол, на які яна збірала вячэру. Сабраўшы ўсё, яна садзілася сама, ціхая i маўклівая, поўная спакоем сустрэчы.
Нават калі было што-небудзь важнае, яна звычайна не гаварыла, асабліва калі гэта было непрыемнае: такая была ўжо ў яе, ды i ў яго, звычка: нішто не павінна было хмарыць сустрэчу, час радасці — усяму свая пара. Прыйдзе пара i клопату, цяпер здарожанаму чалавеку трэба адпачыць, пажыць бясхмарнай радасцю сустрэчы. І радасць жыла, з ёю ён — за поўнач, на досвітку — клаўся спаць, з ёю стомлены, нязвыкла спакойны, чуючы жонку, малых, засынаў — плывец, што даплыў нарэшце да свайго берага.
Калі ён уставаў раніцай, яе ўжо не было. Не было i Ніначкі, i Валодзі: Валодзя быў з ёю, у школе, Ніначка — у дзіцячым садзе. Праз сон Апейка чуў, як яна пяшчотным шэптам супакойвала малую — каб не будзіла татку! — як ціха i спакойна загадвала Валодзю; усё гэта праз сон праціналася да яго i знікала: змора сцірала ўсё. Абуджаўся ён ці сам, ці — дачасна — будзіў пасыльны з выканкома з якой-небудзь пільнай справай. Апейка, хутка памыўшыся, перакусваў тым, што Вера паставіла на стол, i ішоў на вуліцу, у клопатны дзень.
Ён часта думаў пра жонку, шкадуючы: нялёгка ёй, маючы дваіх, рабіць у школе — няхай сабе i на палавіну стаўкі. Ён, вядома, разумеў, чаму яна не хацела кідаць школу; ён разумеў: школа была не толькі працаю, a i ўцехаю, без якой жыццё было б бяднейшае; тут, ён ведаў, была не толькі звычка дзесяці гадоў, тут была i любоў яе, якую нішто не заменіць. Апейка i не настойваў, каб яна ішла са школы; яму было даспадобы, што яна жыве, як i раней, не толькі домам — актыўным грамадскім жыццём. Сапраўдны грамадскі дзеяч, i яшчэ які! Хто-хто, а Апейка ведаў, якая з яе настаўніца. І ўсё ж тое, што яна працавала ў школе, рабіла i ў школе i дома, рабіла за дваіх, надмеру, турбавала яго адчуваннем несправядлівасці, якую невядома было як паправіць. Апейка i сам з сабою, i з ёю ўдваіх не раз меркаваў, што б можна было зрабіць, каб хоць трохі вызваліць яе, але нічога добрага так i не вымеркаваў. Можна было б перавезці бацьку i матку: бабуля глядзела б малых, але старым шкода было кутка, набытку сваіх. Пра тое, каб наняць хатнюю работніцу, i гаварыць не сталі: наняць яе — гэта ж усё роўна што наняць парабка; камуністу, старшыні райвыканкома! Як ні думалі, аставалося адно: аддаваць Ніначку ў дзіцячы сад — адчынены, трэба для праўды сказаць, пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкома. Аддаваць дачушку ў дзетсад, глядзець за Валодзем, хадзіць у школу, у крамы, на рынак, рабіць усё, што трэба i што хочацца рабіць. І яна рабіла — упраўлялася неяк i ў школе, i з дзецьмі, i па гаспадарцы. Праўда, іншы раз i з дапамогаю старшыні райвыканкома, які часам — калі быў узрушаны ці стомлены — наракаў на неўладкаванасць сямейнага жыцця. Яна хоць i крыўдавала на яго ў такі момант, але перамоўчвала яму. Ён злаваўся, бурчаў, але, нарэшце, астываў, спакайнеў.