Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У пакоі, які яму паказала дзяўчына, было два студэнты. Адзін — чорненькі, плячысты, у зацяганай, але адмысловай вельветавай куртачцы, другі — русявы з неяк па-дзіцячы мілым віхарком, у сацінавай сіняй сарочцы i пінжачку. Русявы, з віхарком, адказаўшы ц а нрывітанне, ветліва папрасіў Апейку пачакаць хвілінкуот толькі дакончыць гаворку з таварышам. Меркавалі пра спектаклі: для чагосьці выбіралі спектакль; адразу, як дамовіліся, чорненькі развітаўся, весела, хвацка стукнуў дзвярыма, i русявы цікаўна зірнуў па Апейку. Гэта i быў сакратар ячэйкі. Калі Апейка назваў сябе. сваю пасаду, ён зычліва падаў руку, ад душы паціснуў Апейкаву. Поціск быў дужы, чулася, што рука гэта ведала працу. Было i ў позірку яго светлых, нібы празрыстых вачэй штосьці вельмі добрае, зычлівае; i па гаворцы, i па манеры трымацца было відаць, што хлопец просты, шчыры. Гэтае ўражанне як бы дапаўняла тое, што каўнер касавароткі быў расшпілены; нібы паказваў: уся душа наросхрыст.

— У мяне да вас важная справа, — сказаў, як бы папярэджваючы, Апейка.

— Без важнай справы вы, пэўна, не зайшлі б сюды, — усміхнуўся зычліва хлопец. Ён як бы паказаў, што гатовы памагчы ўсім, чым можа.

— Я хачу даведацца, што на самой справе было з… — Апейка на момант запыніўся: як лепш назваць, — з Алесем Маёвым. Вы, канешне, ведаеце яго i яго ўчынак?

— Ведаю… — Апейка заўважыў, як у празрыстых вачах паявілася штосьці стрыманае, насцярожанае. Хлопец як бы адасобіўся. Запытаў:

— Вы — хто яму?

— Я вучыў яго…

Хлопец не зразумеў:

— Як — вучылі?

— Вучыў у школе. Настаўнікам быў у яго…

— А-а… — Уважлівыя вочы глядзелі, чакалі яшчэ нечага.

— Першыя вершы чытаў. І потым — сачыў, як можна было. Больш — па газетах… — Апейка тлумачыў спакойна, мякка, як старэйшы таварыш.

Хлопец дзіўна маўчаў. Быў ужо хмурны, вельмі сур’ёзны, як бы не хацеў пачынаць ці не ведаў, з чаго пачаць.

— Дык што ж было на самой справе?

— Што ж, раскажу, — сказаў хлопец раптам дзелавіта, цвёрда. — Толькі — коратка. Тут адна справа якраз чакае. Раскажу галоўнае… Гэта — непрыемная гісторыя. Непрыемная для ўсёй ячэйкі, для ўсяго універсітэта… Тут i наша віна, камсамольскай ячэйкі, не адмаўляюся. Прамаргалі, выпусцілі з-пад увагі. Камсамольца, таварыша аддалі, можна сказаць, самі ў рукі другіх. Самі не вялі выхаваўчай работы, вось тыя i выхавалі. Выхавалі па свайму ўзору i падабенству… Для нас гэта вялікі ўрок — i на сённяшні дзень i на заўтрашні…— Апейка, i ідучы сюды, i пачынаючы гаворку, яшчэ спадзяваўся на добрае, на тое, што ўсё акажацца калі i не зусім шчаслівым, то ва ўсякім разе не такім паганым, як ён трывожыўся; i вось кожнае слова студэнта пераконвала, што здарылася самае горшае. — Хлопец быў наш, — як бы білі Апейку словы шкадавання. — Быў наш. — "Чаму: быў наш?" — азвалася у Апейку нязгодаю, але ён стрымаў сябе. — Мы верылі яму. Спадзяваліся на яго як на камсамольца, таварыша! А от прамаргалі, i былы таварыш адкалоўся. Адкалоўся, а потым — пакаціўся ўніз. Дакаціўся да таго, што стаў прыслужнікам нацдэмаў. Паслугачом наццэмаўскага ахвосця! Паслугачом ворага!

— Вы — перакананы ў гэтым? — стрымліваючыся, сказаў Апейка.

Сакратар камсамольскай ячэйкі зірнуў на яго, нібы не разуме ючы.

— Я не веру гэтаму, — як мог спакойна, але прама, цвёрда растлумачыў Апейка. — Не веру, што ён стаў прыслужнікам ворагаў.

Хлопец трохі збянтэжыўся ад Апейкавай рашучасці. На чыстым ілбе разлілася ружовасць.

— Мы таксама спачатку не верылі… Не хацелі даваць веры. Але ён сам не скрываў. Больш таго — нават выстаўляў, паказваў усім. Спрабавалі адгаварыць, пераканаць — ён знарок упарціўся. — У голасе хлопца пачулася злосць. — Героя з сябе — падумаеш, герой! — строіць пачаў! Яму ўсякія Зарэцкія i Гаргныя — дарапя таварышы! Выдатныя дзеячы, сыны народа!.. Яны яго нахвальвалі, спявалі: ты — паэт, талент! І от — ён рашыў аддзячыць! Знайшоў таварышаў!

— І ўсё ж ён наш! Што б там ні было — наш, разумееш? Ён не можа быць не нашым. Усё, што ў ім ёсць добрае, усё гэта наша. Ад савецкай улады… Я ведаю яго, калі ён толькі начынаў разбірацца ў жыцці. Усе гэтыя гады сачыў. Гэта вельмі шчыры, адданы нашай справе хлопец. Ну — можа, памыліўся. Дык дакажыце, пераканайце! Нашто ж так адкідаць зразу!..

— Зразу, зразу! Мы i цяпер вымушаны прыбір аць за ім, столькі ён тут натварыў! — Хлопец не гaiy непрыхільнасці.— Не ўсё так проста было, як здаецца збоку! Студэнты — народ пепасрэдны: разважаць не вельмі ахвочыя. Даверлівы народ, схільны захапляцца, асабліва на яго факультэце, лігфакаўцы. І м падабалася гэта — паказное геройства! На сходзе было i крыку, i віску: заступнікаў у яго знайшлося даволі! Усё, што было бруднае, анархічнае, палезла наверх! Факультэцкі сход, цэлы сход, павярнулі па-свойму! Сход аказаўся не на вышыні! Ліберальныя настроі перамаглі прынцыповасць! Прыйшлося ўмешвацца! Нанава збіраць! Расхлёбваць кісель, які заварыў герой ваш!..

Ужо не заўважалася, што сарочка ў хлопца паюначы расхрыстаная, i дзіўна было, што вочы ў хлопца здаліся празрыстыя, наіўныя. Апейка зірнуў у гэтыя вочы i раптам зразумеў, што спрачацца з хлопцам ці пераконваць яго — марная трата. Ды сакратар i не таіў, што гаварыць пра гэта больш не хоча. Мусіць зараз ісці.

— Дзе знайсці яго? — запытаў Апейка.

— Яго выключылі, i ён жыве недзе ў горадзе. Зайдзіце на літфак, там, мусіць, хто-небудзь знае. Хаця — яны ў другую змену. Так што ідзіце ў інтэрнат… На Нямізе…

Раздзел другі

1

І вось Апейка ў інтэрнаце універсітэта, на старой, пазелянелай ад старажытнасці Нямізе. І зноў хвалюе тое, студэнцкае — неперажытае, завабнае: аб’явы пра сходы, пра заняткі, нейкі загад. Запіска, прыколатая шпількай: "Хлопцы, ёсць лішні білет на "Паўлінку". Галёрка, самы высокі рад! Самая танная цана! Спецыяльна для студэнтаў! Спяшайцеся! Пакой № 9". Яшчэ адна: "Хто ўкраў канспект па Замоціну?! Неадкладна вярніце!!!"

Прыбіральшчыца ці дзяжурная, добрая, з выгляду зусім вясковая цётка, што спаткала яго ля дзвярэй, жаласліва зірнула на Апейку, уздыхнула, паківала галавой: быў тут, жыў такі, у трэцім пакоі. Цяпер — няма, выселілі. Дзе жыве — не пыталася; але са студэнтаў павінен нехта ведаць. Паклікала аднаго, другога з тых. што паяўляліся на калідоры; ніхто з ix не ведаў. Цётка загадала ім пашукаць, хто ведае; пачалася бегатня па пакоях, і, нарэшце, прыйшоў рудаваты, з рабаціннем на носе, хлопец i сказаў:

— Я знаю, дзе ён.

Яны ідуць удваіх, студэнт трохі наперадзе, Апейка за ім: тратуарчык такі вузенькі, што ўдваіх ісці побач не ўдаецца. Ды i вуліца, старая Няміга, такая вузкая, цесная, што, ідучы тратуарам, сцеражыся ўвесь час, каб не зачапілі вазок ці каляска, што яшчэ коцяць па слабенькім снезе. Адліга, што зранку ледзь чулася, цяпер налезла настырней: i вецер, мокры, стылы, i пад нагамі слізгота.

— Вы разам вучыліся? — Пайшлі ужо іншай вуліцай, таксама вузкай, але цішэйшай; можна было ступаць побач.

— Разам. На адным курсе.

— Як жа дайшло да ўсяго гэтага?

— Ён i раней казаў так. Спрачаўся з тым, што пісалі. Пра Пушчу i Дубоўку.

— З чым спрачаўся?

— Ну, з тым, што яны нацдэмы, ворагі. Казаў, што ім перашкаджае сялянская стыхія i арыгінальнічанне. Але што яны з часам выхаваюцца ў добрых пралетарскіх паэтаў. І што ім трэба памагчы, а не адштурхоўваць…

— І як ты лічыш — няправільна ён казаў?

— Ды мы i самі багата хто так думалі… Толькі — не вельмі гаварылі. Так, хіба ў кампаніі сваёй, сярод таварышаў… А яму гэтага мала. У яго што наўме, тое i на языку. На сходах яго дык асабліва цягнула на спрэчку.

— Гэта пагана, што ён на сходах — адкрыта?

— Не, хто кажа… — Хлопец на момант запыніўся, загаварыў разважліва: — Казаць можна. Але неабавязкова лезці з усім тым, што ты думаеш. Не тое што скрываць трэба, але трэба перш падумаць, які будзе толк з таго. І тое яшчэ знаць трэба: што калі прыходзяць на сход i гавораць нейкія рэчы, то, значыцца, гэта ўсё праверана i абдумана таксама. Людзьмі, у якіх ёсць фактаў пабольш, якія знаюць пабольш… І наогул не трэба лезці на сцяну, без толку!..

86
{"b":"205308","o":1}