Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Калі дачытаў, сядзеў нейкі час задуменны: не адпускала прачытанае. Акрамя адчування агромністасці таго, што так жыва ўбачылася, турбавала важнасць моманту. Падумаў: не памыліўся, чакаючы, што будзе — важнае рашэнне. Як распарадак на наступленне… Чуццё не ашукала яго: рашэнням гэтага — лістападаўскага пленума суджана была асаблівая, надзвычайная роля ў тых нялёгкіх, крутых i шырокіх падзеях, што пачыналіся.

Праз думанне пра пленум прашылася будзённае: ці прачытаў ужо гэтае Башлыкоў, i калі прачытаў, то што выведзе з усяго? Тады адчуў стому, успомніў недаспаную ноч, устаў, згарнуў газету, паклаў у чамадан: трэба захаваць. Яшчэ поўны думак, стаяў каля акна, пазіраў на аснежаны пляц Волі, як бы пераконваючыся ў тым, што ён, праўда, у Мінску. Распрануўся, лёг — пачуў, што ўсяго яшчэ калыша з нядаўняй дарогі. Па звычцы стаў думаць пра заўтрашні дзень: што заўтра трэба зрабіць. Сярод клопатнай разнастайнасці думак вылучылася зноў, стала першай у чаргу тая, што ішла ад неспакою пра Алеся. "Зранку ж трэба зайсці ва універсітэт. Пабачыцца, высветліць усё… Зайсці абавязкова ў ячэйку, пагаварыць…" Потым у думкі ўвайшоў успамін пра сустрэчу з Чарвяковым: з ухвалай i павагай думаў пра шчырую ўважлівасць, чалавечнасць яго, якія выяўляліся i ў вялікіх справах, што былі вядомы раней, i ў такім нібы дробным, як сёння, у дробнай гутарцы. Для Апейкі заўсёды ўзорам была сціпласць, чалавечнасць Калініна, i ён падумаў цяпер: у Чарвякова ёсць гэтае ж, калінінскае. Недарэмна, як i Калініна, яго так любяць у народзе. Успомнілася, як адзін стары бальшавік казаў: у Лондане, у дні з’езда партыі, Ленін, зайшоўшы ў атэль, у нумар, дзе жыў дэлегат, праверыў, ці не вільготныя прасціны. Раптам згадаў, параўнаў: "Ленін прыходзіў. A Башлыкоў?.. Зайшоў бы, пацікавіўся?.." Адказаў самому сабе, добра ведаючы: "Не зайшоў бы. Палічыў бы, што — сакратару райкома… драбнавата!.." Падумаў: у некаторых маладых кіраўнікоў, асабліва ў тых, у каго не лішне культуры, — як нейкая хвароба — боязь прынізіць сябе. Боязь прастаты, сардэчнасці, таварыскасці; іншы раз — проста-такі недавер’е да звычайнай ветлівасці. Стрыманасць, халаднаватасць — як нейкі абавязковы закон паводзін. Адносін да ўсіх. Ад чаго гэта? Ад апаскі, што прастата, ветлівасць шкодзіць сур’ёзнасці, пільнасці?..

У думкі раз-пораз урываліся згадкі пра бачанае, чутае ўдзень: твары, гаворкі, вагонны лёт, бег снежных палёў за акном. Чуючы снежную свежасць пасцелі, неадступнае пакалыхванне, ён нейкі час ляжаў бяздумны, бесклапотны; было добра, лёгка. З лёгкім сэрцам ён i заснуў.

Прачнуўся ён яшчэ поцемку з той жа лёгкасцю на душы. Ад святла знадворку ў пакоі было шаравата; пабачыў — на абодвух ложках таксама ляжалі, на крэслах вісела вопратка. Апейка ціха адзеўся, абуўся, стараючыся не плёскаць вадою, памыўся пад кранам; асцярожна ступаючы, выйшаў у калідор. Рэстаран быў зачынены; ён знайшоў буфет, вузенькую баковачку, у якой нечакана было поўна заклапочаных людзей. Папіў чаю, зноў вярнуўся ў пакой, у якім, як i раней, заўзята храплі двое невядомых, апрануў паліго. Праз шкляныя дзверы выйшаў у сіняваты мінскі досвітак. Марозу амаль не было, у подыху ветру чулася трохі вільготнасць; у сіняватым, рэдкім поцемку ліхтары гарэлі цьмяна, няпэўна. Дзе-нідзе яны ўжо тухл i. У паветры чулася яшчэ начная ціхасць, што прыглушвала галасы i гукі; толькі галкі на голых дрэвах сквера дзёрлі горла, нібы стараючыся перакрычаць адна адну.

Адразу за вуглом атэля пачыналася Ленінская, адна з самых жывых вуліц Мінска; Апейка пругка i весела закрочыў на яе. На вуліцы было ўжо багата людзей i руху, Апейка ўвайшоў у гэты рух, як у паўзабыты, даўно не бачаны свет. Цікаўны, востры позірк яго кожны момант лавіў новыя праявы гэтага паўзабытага жыцця: абліччы, тое, што людзі неслі, абрыўкі гаворкі; дзверы, вітрыны, магазіны, што ішлі побач. Некаторыя магазіны былі ўжо адчынены; туды заходзілі i адтуль выходзілі, адтуль патыхала цяплом i хлебам ці зямлёю — надзейным знакам бульбы. Праз вокны Апейка бачыў людскi тлум, чэргі ля прылаўкаў. Паўз адзін магазін чарга доўга цягнулася i па грагуары: стаял i па хлеб. На многіх дзвярах былі яшчэ замкі, завалы, многія вітр Ы ны яшчэ драмалі ў цемры. Цёмна было ў кніжных магазінах, на раскладзеныя ў вітрынах кніжкі разам свяцілі цьмяныя ўжо ліхтары i ранішняя сінь; Апейка перад адной вітрынай стаў, пашукаў з надзеяй кніжачку са знаёмым партрэтам. Не знайшоў.

За доўгім дашчатым плотам будавалі дом; людзі рабілі ўжо: з ночы яшчэ там i тут над сценамі блішчалі лямпачкі, пачэпленыя на жэрдкі i на драты між жэрдак. Магло быць, што людзі рабілі тут i ўсю ноч, — будавалі i ўдзень, i ўночы. Дом быў падняты ўжо за трэці паверх, было відаць, што будыніна расце вялізная, са смелым размахам, вартая сталіцы i часу. Нават проймы вокнаў уражвалі нязвыклай шырынёй, як яшчэ адзін знак нязнанай раней смеласці.

Неўзабаве Апейка пачуў далекаваты, але дужы гул; зацята, аж выбіваючыся на віск, лезла ўгару недзе ад Свіслачы машына. Ён мімаволі стаў, углядваючыся ў той бок, чакаючы, востра ловячы кожны гук, кожную праяву: ён ведаў, ішло дзіва, якое славілі газеты i паэты i якое ён толькі мелькам убачыў учора з аўтамабіля — мінскі трамвай.

Апейка зводдалек пабачыў, як трамвай вылез з-за гары, паволі, важка выпаўз, стаў каля цэнтральнага сквера. Выпусціўшы купку людзей i забраўшы тых, што чакалі, ён пабег насустрач Апейку лягчэй, хутчэй, з грукатам i звонам, якія імкліва, няўхільна раслі i дужэлі. Ён прамчаў паўз Апейку з такім громам, такім ззяннем вокан, за якімі людзі выглядалі дзіўна святочна, што Апейкава сэрца напоўнілася гонарам за сваю сталіцу, за краіну; у грымотным лёце трамвая, ад якога аж здрыгалася зямля, Апейку пачуўся магутны індустрыяльны поступ краіны.

На Савецкай людзей пабольшала, i ішлі яны цяпер вельмі хутка; іншыя ледзь што не беглі. Не адзін, не два паглядвалі на гадзіннікі над тратуарам: набліжаўся самы пачатак рабочага дня ва ўстановах. Апейку нярэдка штурхалі, але ён не злаваў; яму гэта было нават нібы прыемна, — як i сама працоўная клопатнасць, хапатлівасць, што ўсё больш апаноўвалі вуліцу.

Калі ён падышоў да Універсітэцкага гарадка, ужо зусім развіднелася. Гарадок будаваўся; там, куды падышоў Апейка, ён быў абгароджаны дашчатым плотам; за агароджай чырванелі недакончаныя камяніцы адразу некалькіх будынкаў. Пры кожным з ix былі людзі, мноства людзей; на драўляных усходах, на рыштаваннях, каля самаробных блокаў: насілі, паднімалі на блоках складкі цэглы, цабры з цэментам, кпалі сцены. Будынкі, як i той, які Апейка бачыў раней, будаваліся з размахам: кожны даўжынёй ледзь не на цэлы квартал; увесь жа Універсітэцкі гарадок быў сапраўдным горадам у горадзе: агароджа будаўнічай пляцоўкі абкружала ні мала ні многа — некалькі кварталаў. Занятая будаваннем вялікай індустрыі, краіна не шкадавала ні рабочых, ні матэрыялаў, каб зрабіць моладзі ўсё, што трэба для вучобы, для асветы…

Апейка не адразу знайшоў той адзіны цагляны будынак на два паверхі, дзе — каля самай чыгункі — ціснуўся пакуль універсітэт. Сцены будынка знадворку былі калісьці пабелены, цяпер дождж размыў пабелку, вецер наляпіў вугальнага тару ды пылу, будынак выглядаў так нікчэмна, што Апейка i не падумаў бы, што тут можа быць універсітэт. Да таго ж i дабрацца да яго было няпроста: усё навокал абгарадзілі,— можна было падысці толькі па вузкім калідоры між платоў, з боку чыгункі. На шчасце, дапытваючыся універсітэта, Айейка натрапіў на студэнтку, ветлівую, бялявую дзяўчыну ў кажушку i ў хустцы, вельмі падобную на сваіх юравіцкіх равесніц. Дзяўчына ў кажушку i давяла Апейку да універсітэта; ветлівая, сарамяжая, з пачырванелым на холадзе вострым носікам, сказала, дзе можа быць сакратар камсамольскай ячэйкі,— хапатліва пабегла падшытымі валёнкамі на другі паверх. Апейка агледзеўся: тут, дзе хадзілі маладыя хлопцы i дзяўчаты з кнігамі, дзе з усіх сцен глядзелі то расклады заняткаў, то сценгазета "За бальшавіцкія веды", то аб’явы пра сходы, пра вечары, Апейку неяк асабліва ўзяло шкадаванне, што не давялося самому пабыць студэнтам. "Не патаўчэшся ніколі ў студэнцкай гурме… Hi клопатаў, ні радасцей гэтых не зазнаеш ужо… Акопы ды шпіталі ды газета пад сельсавецкай газоўкай — усё тваё студэнцтва… Паспяшаўся нарадзіцца: будзеш век невукам. Усё жыццё… — Апейка стрымаў сябе: — Нічога, стары. Друпя павучацца. Умей радавацца за другіх. Змена якая ідзе, бачыш — прыгожая, культурная!.."

85
{"b":"205308","o":1}