Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Вам, цётка, не страшно! — засмяяўся ад Сарочыных прымавак Апейка. — Вам зробім выключэнне: у вас асобыя ўмовы, вы — удава!

— Удава — сама сабе галава! А як зачнецца калекцівізацыя, дак не паглядзіце, скажаце: іксплуатацыя!

— Дак, можа, цяпер i мне эксплуатацыю прыпішуць? — жартам напалохаўся Міканор.

— Упішуць! Сама ў сельсавет пайду! Начальству ў вушы нагуду!

Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам i не ўведала! Неўзабаве за ёй наведаўся Андрэй Руды; курыў, разважаў аб вялікай палітыцы, асцярожна, дыпламатычна падступаўся таксама: якія важныя справы прывялі сюды старшыню райвыканкома. Гаманіў, мітусіўся Зайчык; маўчаў найбольш, уважліва, удумліва слухаў Чарнушка; гасцей за дзень перабыло ў Апейкі нямала. Ён усё пасмейваўся, запэўніваў: памагчы Міканору прыехаў i зарабіць трэба. Ён бачыў, што ніхто не верыць яму, i быў давольны той загадкавасцю, якая ўсё расла вакол яго i надавала яго візіту ўсё большую цікавасць. З гэтай загадкавасцю расло нібы i значэнне яго прыезду сюды.

Не было нічога дзіўнага ў тым, што надвячоркам, калі стала спадаць дзённая ліхаманка, людзей зноў пацягнула да Міканоравага агеньчыка. Пацягнула далёка не ўсіх, багата хто з гаспадароў непахісна прырос да сваіх вазоў, сваіх надзелаў, як нейкіх рубяжоў абароны насцярожана цікаваў здалёк, нібы чакаў варожага нашэсця. Агні, што чырванелі па ўсім балоце, нагадвалі Апейку табары часоў вайны; як калісьці пад Рэчыцаю або пад Мікашэвічамі… Перад боем…

Мабыць, нямала ад каго з тых, што сядзелі ў абароне каля вазоў, сышліся да Міканоравага агеньчыка жонкі. Жанчын якраз i было найбольш між тых, хто акружаў Апейку. Яны трымаліся разам, то гаманілі між сабой, то прыслухоўваліся да таго, што гаварылі мужчыны з начальнікам; найбольш Андрэй Руды, які дабіваўся нейкага "навучнага" падыходу…

— Дак скора ў калякціў нас пагоняць? — уламалася раптам, знарок недалікатна, Сарока.

Апейка заўважыў — на людзях яна як бы выхвалялася сваёй грубаватасцю: глядзіце, маўляў, якая я смелая!

Яна абрэзала Андрэя, абуранага яе некультурнасцю, знарок некультурна паўтарыла:

— Скора?

Апейка спакойна, зморана, з нейкай млявай усмешкай сказаў:

— Не скора.

— Не скора? — Сарока на момант разгубілася: не чакала такога.

Жанчыны захваляваліся.

— Не скора. — У цішыні, гатовай выбухнуць, дадаў: — Саўсім не будуць. Гнаць — не будуць.

— Няўжэ? — выказваючы ўсім мудрасць сваю, не паверыла Сарока. Не тое што не таіла, знарок выстаўляла: не верце ніхто; я не веру, i вы — не верце!

Жанчыны, гатовыя паспакайнець, насцярожана прымоўклі. Глядзелі на Апейку, чакалі.

— Не будзем. Самі прасіцца будзеце, прыйдзе пара!

— Aгe! — насмешліва адгукнулася Сарока.

Яе весела падтрымалі.

— Будзеце! — прарочая ўпэўненасць Апейкі прымусіла прыціхнуць.

— Ды мы шчэ паглядзім: прымаць ці не прымаць! — памог Міканор.

— Цётку Аўдоццю — адставіць трэба зразу! — падаў звонкі голас Хоня. — Штоб папапрасілася!

— А як не будзем прасіцца? — выскачыла наперад Сарокі гарачая Чарнушчыха.

— Папросіцеся! Пабачыце, дзе выгада, — папросіцеся! Кожны ж дабра сабе хоча!

Тут завіраваў нецярплівы, бязладны гоман. Здавалася, ніхто нікога толкам не слухаў, усе гаварылі, часам крычалі, кожны выказваў сваё, перадуманае, гаворанае ўжо не раз, але неадступнае, балючае; сыпала нейкімі прымаўкамі Сарока, аж гарэла Чарнушчыха, круціўся, блазнаваў Зайчык. Апейка i не заікнуўся, каб перабіць галас, рынуцца абараняць, даказваць сваё, смактаў сабе папяросу з газеціны, змораны, абыякавы нібы. Гэта злавала i разам бянтэжыла; гоман то ўскідваўся люта, то ападаў без сілы — неўзабаве i зусім апаў.

Як апошні зык ветру, што прамчаў над лесам, было недавольнае, здзіўленае:

— Нашто ето ў калякціў усіх канешне?

На шчаках Чарнушчыхі палалі два неспакойныя кругі, вочы зырчэлі, дакаралі.

Андрэй Руды памог Апейку, тонам дасведчанага цярпліва растлумачыў:

— Калякціў — ето штоб нужду сялянскую адолець лаўчэй. Рычаг, так сказаць.

— Ты, Андрэй, памаўчы! Самі знаем — што рычаг!.. Не цябе пытаюць!

Апейка выпусціў з рота дым, збіў пальцам з папяросы агарак. Зірнуў спакойна i як бы не разумеючы.

— Дак вам жа, пэўна, гаварылі — нашто?

— Гаварылі-то гаварылі. Ды мы нешта не даўмелі.

— Нешта не можам даўмець!

Бачыў, разумеў: чакалі, спадзяваліся — можа, што новае, не чутае ні ад каго, скажа, мо тайну якую, нікім не паказаную, пакажа. Чакалі — бачыў па вачах, якія сачылі за ім, — хто з надзеяй, хто з недавер’ем, хто непрыхільна, але чакалі не абы-як. Чакалі — як усюды ў гэтыя дні. У другім радзе раптам убачыў дзіўна знаёмы твар; успомніў мігам, пазнаў: той, што сядзеў некалі ў каморцы за маслачкоў, Васіль Дзяцел. У вачах хлопца ці ўжо мужчыны была i надзея i насцярожанасць; насцярожанасць неяк асабліва кідалася, мусіць, адтаго, што пазіраў знаёмы спадылба. "Глядзіць усё так жа…" — прайшло мімаволі ў думках.

— Чаго ж тут не даўмець такога? — нібы здзівіўся, стараючыся прыдумаць, як завязаць далей гаворку.

— Ды от не можам…

Памаўчаў. Было чуваць адно, як гугняць камары. Ламала рукі, спіну — пытанне само папрасілася:

— Умарыліся?

He чакалі гэтага, не зразу быццам i зразумелі.

— Чаго тут. Ведамо… — адгукнулася некалькі галасоў.

Сярод ix, заўважыў, адзін быў Дзятла Васіля. Адзначыў сабе між іншага: глядзіць на яго, як на знаёмага, не адракаецца. "Але давер’я — небагата…"

— І я. Я дык, можна сказаць, зусім… запарыўся… — Варухнуўся, не таіў: жалезная спіна, ліха на яе, балела — як утрываць! Ён з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!..

— Ето я запарыў! — засмяяўся, паспрабаваў падтрымаць Апейку Міканор.

— Стараўся вельмі! — сказаў Дамецік. — He перадыхнуў ні разу!

— Не кажыце няпраўду, дзядзько! І перадыхаў, i рабіў не болей за ўсіх! Работнік проста не дужа!.. І работа — ліха на яе!

— Адвык, факцічаскі, ад сельскаго труда!

— Ето — не ў канцылярыі! — нібы падтрымаў Дзяцел.

— A сабіраўся шчэ на работу наймацца! — без злосці напомніла Сарока.

— Сабіраўся — прызнаю! Было такое! І цяпер не адмаўляюся: от пасплю, акрыяю! І — калі ласка, бярыце! Тсшькі — каб заплацілі добра! І — каб харчы! І тлушчы каб, i мяса!

— Aгe, захацеў! З такімі харчамі я i сама рабіла б днямі i начамі!.. Дый шчэ што ты там зробіш! Mo не так зробіш, як з’ясі!

— Рабіць буду, не шкадуючы спіны! Толькі ж самі знаеце — работа не лёгенькая! Папамахаць касою, устаўшы ні свет ні зара!.. Бо вы ж, мабыць, спаць не дасце!

— Не дам!

Апейка перачакаў смешачкі, загаварыў, нібы i не жартаваў зусім:

— Махаць касой — то ж яшчэ не ўсё. Самі ведаеце. Трэба ж будзе i насілкі цягаць цэлы дзень!

— Ды ў такую гарачыню, не сакрэт!

— Дарагі ты парабак, чалавеча! Дарагая торба — не варта на яе горба! Пакланюся Богу, другога папрашу на падмогу!

— Работа, цётка Сарока, дарагая! Акурат — для горба! Нажыву там ці не нажыву што ў вас дзеткам сваім, а горб, мусіць, будзе!

— Будзе! Не мінеш!

— Сагне ў крук!

— Труднае, факцічаскі, сялянскае дзело! — філасофскі абагуліў Руды.

— Цяжкае. Не шкодзіла б i аблегчыць! — згадзіўся Апейка. Ён раптам адчуў, як спала млявасць зморы, як бярэ запал. Сказаў горача: — Не шкодзіла б! Думаеце, акрамя вас, не баліць гэта нікому?

— А то — баліць?! — кінуў Дзяцел.

— Баліць.

2

У Апейкі была загана, якую ён ведаў у сабе i якую стараўся стрымліваць. Ён вельмі любіў тлумачальныя падрабязныя гутаркі-прамовы. Схільнасць гэтая развілася i разгарнулася ў ім асабліва з той пары, калі яму выпала на долю стаць чырвонаармейскім агітатарам, адным з першых пачынаць новае ў родных мясцінах. Чалавек дапытлівы, адукаваны сваёй цікаўнасцю i газетамі, ён звычайна ахвотна дзяліўся тым, што ведаў, цешыўся той сілаю, якую чуў у сваіх ведах i ўменні дзейнічаць на людзей.

17
{"b":"205308","o":1}