Глушак вывеў Яўхіма на сваю палавіну…
Штосьці ў баку рэзала Ганну так, што зацінала дыханне. Як касой рэзала бок. Боль быў такі, што трываць, здаецца, не было як. Але трывала, супакойвала: ну, от усё, самае страшнае перабыла! Дайшло ўжо, дазнаўся, папомсціўся! Няма чаго таіцца — i баяцца няма чаго.
У суседнім пакоі стары Глушак, хоць бачыў, што Яўхім слухаць нічога не хоча, не ўцерпеў, упікнуў:
— Казаў я табе, казаў, калi табе жонкі захацелася! Не туды шлеш, казаў! Не паслухаў!.. Разумнейшы за бацьку буў! Бацько — нічога не петрыць! Бацько — дурань!.. Дак от — паспытай! Сам хацеў етаго!
Памаўчаў, дадаў павучальна:
— A толькі — вучы асцярожно! У меру! Калі хочаш буць цэлы!..
Яўхім не сказаў нічога.
5
З гэтага дня ў Глушакоў зноў узгарэлася вайна.
Не мінала дня, каб Яўхім не лаяў, не біў Ганну, злосна, бязлітасна. Як заўсёды, яна цярпела гэтае біццё моўчкі — толькі вішнёвыя вочы гарэлі ўпартым, нядобрым агнём. Разам рабілі Ганна i Яўхім у гаспадарцы, разам сядзелі за сталом, ляжалі ў ложку, a былі як бы аддзелены непераходнай мяжой. Былі як ворагі скаваныя адным путам.
Цяпер вечарамі Яўхім часта прападаў у Ларывона. Яна тым часам упоцемку клалася спаць, але сон не браў — з цягучай, няўціхнай тугою, як пакуты, чакала, калі затупаюць на ганку яго боты. Не адзін раз паўтаралася адно i тое ж: загадзя ведала, што будзе, калі ён, п’яны, пануры, прыцягнецца.
Яўхім вобмацкам сунуўся да ложка, важка садзіўся, соп, сцягваў боты. Боты не слухаліся, ён нецярпліва мацюкаўся, сцягнуўшы, кідаў водмаш, грымотна, лез пад коўдру.
Ганна чула едкі, дурнотны пах самагонкі — яго цяпер звычайны пах, чула натужнае, злое сапенне, ляжала нерухома, паказвала, нібы спіць. Але яго гэта не толькі не стрымлівала, а злавала больш.
— Сука! — кляў ён. — Гадзіна! — у розныя вечары словы былі розныя, але сэнс ix быў звычайна адзін. — І знайшла каго! Прамяняла на каго! На ету гніду!..
Яна не гаварыла нічога, не толькі таму, што ён не любіў, каб пярэчыла. Не хацела, не магла вінаваціцца, апраўдвацца, не шукала сцежкі да прымірэння. Нават калі ён, звярэючы ад яе маўчання, непадатнасці, пачынаў шалёна гнуць ёй плечы, круціць рукі, трывала боль, не прасіла літасці. Толькі часам, калі цярпення не ставала больш, гразілася, што пойдзе ў раён скардзіцца ці ўцячэ…
— Ткніся толькі туды, у раён! — сіпеў Яўхім. — Толькі папробуй, дак — пабачыш!.. Папробуй уцекці! На вяроўцы прывяду! Як суку паганую!.. — Не адзін раз, як бы ўжо цвёрда надумаў, гразіўся — Заб’ю! Зарэжу, калi што якое!.. Няхай арыштуюць, засудзяць, хоць у Салаўкі сашлюць! Пляваць! A ўсе адно не жыць табе, калi што якое!..
Бачыла, што не пляце попусту, што, калі прыйдзецца, спраўдзіць сваю гразьбу, — то таіла страх у сабе, аж ляжаць спакойна не магла побач, то чула лёгкасць, бясстрашнасць: чаго ёй дрыжаць за такое жыццё, няхай яно прападзе пропадам! Адно не мянялася ў Ганны: хоць ведала, што не толькі злосць i лютасць жывуць у ім да яе, ні на міг не иашкадавала Яўхіма, не зжалілася над яго дурным каханнем. Бы агнём выпаліла ў Ганнінай душы спагаду, шкадаванне да яго.
Чуючы, як ныюць плечы, баліць усё цела ад Яўхімавай "ласкі", цешылася ўспамінамі пра спатканні з Васілём, радасцю сустрэч, i такіх яшчэ блізкіх, чутных, i тых, якія, здавалася, даўно ўжо нібы забыліся.
І весела, горка было ад тых згадак. Што б яна аддала цяпер за тое, каб зноў вярнуць бесклапотнае, неразумнае шчасце, якое некалі само ішло да яе! Каб не Яўхім, a Васіль от так быў побач — няхай маўклівы, хмурны, недавольны якою няўдачай, часам няхай — несправядлівы, недаверлівы да яе, але ўсё ж — жаданы, любы, родны. Адзін — любы, адзін — родны, адзін на ўсім свеце.
У цёмнай, душнай цішыні бяссонных начэй упарта, учэпліва церабілі Ганну думкі-мары: як бы зноў спаткацца, хоць на момант, хоць адным словам перамовіцца! У гарачай, растрывожанай галаве, як сон увачавідкі, узнікалі добрыя, шчаслівыя малюнкі: сустрэліся раптам, калі ішла па загуменню да сваіх. Нікога навокал, толькі ён ды яна; Васіль так рады ёй, што відаць — чакаў, не мог дачакацца. Стаіць, маўчыць, толькі цісне руку, так балюча цісне, што трываць, здаецца, няможна. Але ёй як бы i не баліць, няхай цісне, няхай!.. А вось — на вячорках яна, прадзе з жанкамі кудзелю. Зайшло некалькі мужчын пагаманіць, i ён сярод усіх. Сядзіць, маўчыць, слова ёй не кажа. І яна маўчыць, не зірне нават на міг — ведае, што жанкі сочаць. Не глядзіць на Васіля, а сама ўсё бачыць. Усё разумее, як бы думкі яго чуе. І ён як бы чуе… Узяла прасніцу, пайшла нібы дадому… Ён неўзабаве за ёй… Зноў — удваіх, як калісьці каля плота… Цемра, дождж імжыць, a ім добра-добра…
Думкі-мары раз-пораз спыняў, цверазіў одум — разважная, разумная, ведала: пустыя яе спадзяванні, хваравітыя сны. Пустыя — не таму, што за ёй сочаць, што ў няволі яна, а больш таму — што не вольны ён.
У такія хвіліны здавалася сабе страшэнна, безнадзейна адзінокай. Душу паліла роспач, i з крыўдамі, што поўнілі Ганну, усё часцей упаўзалі, апаноўвалі, трывожылі ліхаманкавыя думкі: кончыць усё разам, у адзін момант! Трохі страху, нядоўга болю — i ні Карчоў, ні пакуты ніякай не будзе! Чортава вока на глінішчанскім возеры супакоіць ураз!..
За хвілінамі безнадзейнасці i адчаю прыходзілі вера i рашучасць: не ўсё яшчэ прапала! Усё можна яшчэ паправіць: свет вялікі, ёсць у свеце месца для яе i Васілёвага шчасця! Ці ж не бачыць яна, што не любіць Васіль сваю Маню!
Пазваць, пайсці з ім хоць на край свету, к шчасцю свайму!..
Як ніколі, нямілая была ёй цяпер Глушакова дамоўка. Як у няволі, у палоне, акружанай з усіх бакоў ворагамі чула сябе Ганна дзень пры дні. Як i раней, рабіла яна, што трэба было, але рабіла нібы заведзеная, поўная ў душы непрыхільнасці i нянавісці да ўсяго, што было Глушаковым дабром, Глушаковай уцехай. Не раз, не два кляла яна ў думках Глушаковы хлявы, Глушакова гумно, Глушаковых свіней, авечак, Глушаковых сабак. Кляла, звала з маўклівага неба пагібель на усё.
Цэлымі днямі, было, не перамаўлялася яна ні з кім хоць бы словам, не глядзела ні на кога. Не спрабавалі загаворваць з ёй i яны, толькі адзін Сцяпан немаведама чаму хіліўся да яе, ліп адданымі вачмі — але яна як бы i не заўважала ні яго прыхільнасці, ні самога яго.
Так i жылі: маўчалі, калі пораліся ў хаце, калі рабілі ў хлявах, у гумне, маўчалі за сталом. Усюды i заўсёды былі чужыя, нядобразычлівыя — непрыяцелі, якіх лёс, нібы на здзек, звёў у адной хаце.
6
У той самы дзень, калі чутка пра сустрэчы Васіля i Ганны ўлезла ў Глушакову хату, прыйшла яна i да Дзятлікаў. Першая даведалася пра гэта Васілёва маці, якой перадала нядобрую навіну Нібыта-Ігнаціха. Занепакоеная, устрывожаная вельмі, Дзятліха i знаку не падала таго, якім важкім каменем легла ёй на сэрца небяспечная бяда.
Не паказвала яна трывогу i сваім; толькі з таго, як паглядвала час ад часу то на Васіля, то на Маню, як сачыла за імі, можна было б здагадацца, што гняце, паліць яе бяда. Тоячы страх свой, як ніколі лагодна хадзіла яна каля Мані, чым толькі магла, старалася памагчы, дагадзіць — нібы старалася пацешыць, парадаваць за крыўду, што зрабіў Васіль.
— Харошы які! — хілілася пры Мані над калыскаю з Васілёвым сынком. — Агу, агу!.. Разумны ж які!.. Такі малы, a ўжэ знае, што да чаго!.. Смяецца! Агу, агу!..
Маня, як заўсёды, паволі, быццам ляніва, рабіла сваё, паволі, быццам ляніва, насіла папаўнелае цела. Васілёва маці, што ўвагі не зводзіла з яе, гонячы трывогу, знарок супакойвала сябе: "Не знае нічого"; супакойвала сябе, але супакаенне не прыходзіла: чула. што блізка тая пара, калі да яе, да Мані, усё дойдзе. Дойдзе, не абміне — i да бацькі, i да яе прыйдзе. У Дзятліхі проста з рук усё валілася.
За цеснай халупай, у якой яны яшчэ туліліся, цюкалі сякеры, был i чуваць мірныя галасы працы: стаўлялі новую хату. Зруб быў ужо складзены, рабілі кроквы: глядзі ды радуйся, здаецца, — от-от можна будзе перабрацца! А тут раптам — такое! І каб стаўляў кроквы іншы хто, а то ж Пракоп сам, Манін бацька, з сынам Пятром — Маніным братам. І лес вазілі, i чысцілі бярвенні разам, разам складалі; i склалі ж — глядзі — не наглядзішся: відная, прасторная, на дзве палавіны, хата, якой век не было б у ix, Дзятлікаў, адных. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся свайго, дабіўся, чаго хацеў,— у людзі, лічы, выйшаў; сам выйшаў i сям’ю ўсю выцяг! І от — на табе!.. Забыў даўно, думала, Ганну тую, забыў — i ўспамінаць не ўспамінае; аж не, аказваецца — i не забыў i не астыў. Зноў загарэўся, зноў пацягнула да той — як на бяду! То-та смутны быў апошнім часам, усё таіў нешта, усё тупаў без ранейшай ахвоты, хмурыўся, бы ў нейкім одуме! Яна гадала, што за прычына, баялася: захварэў, можа, — аж от яна, тая хвароба!..