Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Знаю ўжэ… Мачыха сказала… як у цябе було… — гаварыла яна, стараючыся не заўважаць яго стрыманасці.— Як Пракоп пайшоў…

— Пайшоў…— Васіль за тым, што яна сказала, чуў яшчэ пытанне — а як жа Маня будзе? — але не адказаў нічога. Не хацеў ні гаварыць, ні думаць пра гэта. Сам не ведаў.

Тое, што стаяла між ix, аддаляла, было няяснае, непадатнае, важкае. Яны стаялі, можа, хвіліну моўчкі — блізкія i далёкія разам.

Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася:

— От i няма чаго баяцца! Знаюць усе!

Васіль не засмяяўся.

— Знаюць…

— Не так яно страшно, як здавалася!..

Васіль прамаўчаў. Яго маўчанне не толькі не стрымала яе, а як бы дало большай рашучасці.

— Пацярплю шчэ трохі,— сказала яна аж дзіва легка. — А там!..

Васілю здалося: Ганна вось-вось засмяецца! Ён хмурна пацікавіўся:

— Што — там?..

— Кіну ўсё! Хай яно згарыць! — Як пра даўно абдуманае, сказала, ужо без смеху: — Пайду!

— Куды ето?

— Хоць куды! Куды вочы глядзяць!

— Сказала!..

— Надумалася — i пайду! Толькі таго i свету, што Курані. Як прападаць тут век, дак мо знайду што! — Яна гаварыла ўсё гарачэй, сур’ёзна: — У Мазыр пайду, а мо i далей! Абы — далей адсюль! Штоб Карчоў i духу не было! І не відно, i не чутно!.. — Ганна раптам дадала шчыра: — От кеб ты буў!

Яна не толькі хацела гэтага, яна быццам назвала: так гэта было сказана. Васіль чуў: сказала пра яго не так сабе, не выпадкова, думала пра гэта; яму стала хораша, радасна. Момант было адчуванне шчаслівай, вялікай блізкасці — у свеце было толькі яго i яе шчасце.

— Не бойся! Нічого не бойся! — як бы чуючы яго настрой, казала яна. — Ето толькі зразу, асмеліцца страшно! А там — добра будзе! Пабачыш!.. Ці мы паны якія! З чужого жыць прывучаны змалку? Рукі е, рабіць умеем! Не прападзём нідзе, пабачыш! Што я кажу — не прападзём! Жыць будзем, як ніхто не жыве тут! На зайздрасць усім жыць будзем! Удваіх — дружно, шчасліво, як ніхто! Я ж цябе так люблю! Так любіць буду век! Родны, мілы мой Васілёчак!..

Ніколі нічыя душа не хвалявала Васіля так, як яе ў той вечар. Ніколі нікога не любіла Ганна так, як яго, — у тым халодным, беспрытульным поцемку каля гумна. У бядзе, у роспачы Васіль быў Ганне не проста любым — быў надзеяй, ратункам, быў тым жыццём, да якога яна рвалася. І яна Васілю была тым шчасцем, якога яму так не хапала заўсёды…

Яе гарачы шэпт, яе рашучасць глушылі заўсёдную Васілёву разважнасць. Момант была дзіўная лёгкасць, чуў вясёлую волю ў сабе — нібы ўжо ішоў разам…

Усё ж — больш са звычкі — стрымаў сябе:

— Не так ето просто…

— Просто не просто, а — не трэба баяцца! Ето адважыцца толькі — страшно! А як адважышся — лягчэй! Страшно — толькі пачаць! А там лягчэй будзе — пабачыш!.. Не век жа жыць, не любячы! Штоб любіў — тады б другое було! А як не любячы — дак чаго баяцца! Чаго шкадаваць тых кароў, той хаты! Які ў ix толк — як церпіш толькі адзін аднаго! Любоў будзе — усё нажывецца! І не на гора — на радасць! Усё на радасць будзе!..

Яна раптам абарвала свой шэпт. Парывіста ступіла да яго, абхапіла рукамі за шыю, прыціснулася так, што ён пачуў усю яе — ад гарачага лба да дужых ног. Хвіліну стаяла так, як бы перадаць хацела ўвесь агонь сваёй душы, усю адвагу. Адарвалася так жа рэзка, сказала ціха:

— Не канешне зразу рашаць. Падумай… Як надумается, дай знак!

Апошнія словы прамовіла спакойна, неяк дзелавіта — павярнулася, цвёрда, хутка пайшла ў цемру загуменнай дарогі.

Васіль пастаяў трохі, падаўся паволі к двару. Ці стаяў потым ля павеці, ці ляжаў на палацях, згадкі, думкі аб спатканні з Ганнаю, аб тым, што яна гаварыла, важка варочаліся ў галаве, вярэдзілі душу з нязнанай горыччу. Былі хвіліны, калі здавалася, што ён гатоў кінуць усё — прападзі яно пропадам! — кінуць i ісці з ёю, з Ганнаю, па тое шчасце, што недзе ж i праўда можа, ёсць, можа быць іхнім! Праўду казала: не жыццё — калi не любіш, не век жа цярпець, не любячы!

Але за гэтым находзіла іншае, халаднаватае, разважнае, i душу гнёў камень. Куды ён пойдзе, як ён кіне ўсё, чым жыў усе дні, цэлыя годы, што набываў такой упартасцю — па крупінцы, па зярнятку — такім трудом, — свету белага не бачачы. Можна было б не ісці нікуды, не кідаць нічога, проста Ганну ўзяць да сябе — але ж тады што з тае гаспадаркі будзе: зямля лепшая прападзе, каня аддаць трэба, за хату век не расплоцішся! Ды i пра малое падумаць — як яму, бязбацькавічу няшчаснаму, быць, жывога бацьку маючы! А што без бацькі будзе — ясна: не аддасць жа Маня яму хлопчыка, не аддасць! А там — возьме хто яе сабе з хлопцам, — звядзе, гад які, занішто чалавечка, бацькаву кроў!..

І сынок, радасць яго i надзея. І — гасиадарка, якая так ужо зладавалася была! Конь, зямелька, хата! Дзе ты, калi ты ўсё зноў набудзеш!.. Але за гэтым чуў зноў абдымак Ганнін, бачыў, як яна гаспадыняй у хаце-мары, i зноў парываўся да яе, прагнуў яе! Вялікія, непрымірымыя імкненні рвалі Васілёву душу!..

Раздзел чацвёрты

1

Чыстку рабілі ў зале нардома. Народу было поўна. Людзі сядзелі на лаўках, стаялі з бакоў ля сцяны, ціснуліся ззаду, каля дзвярэй.

Дзве лямпы, што віселі над сталом прэзідыўма i пад брусам, пасярэдзіне столі, кідалі два кругі святла — у адным з ix быў стол пад чырвонай тканінай, за якім сядзеў прэзідыўм, a ў другім — дзесятка паўтара радоў тых, што слухалі. Уся іншая частка залы была ў паўзмроку; толькі прыгледзеўшыся, можна было ад сцэны бачыць чубы, лысіны, бароды, хусткі. Хоць старшыня, узіраючыся ў залу, не раз стукаў далонню па стале, загадваў сядзець ціха, не йерабіваць, гаманілі часта i перабівалі; хоць прасіў не курыць, курылі.

За сталом было трое: камісія па чыстцы. Пасярэдзіне сядзеў старшыня камісіі Белы, работнік парткалегіі ЦК партыі Беларусі i камуніст з лютага І9І7 года, прысадзісты, шчуплаваты, немалады ўжо, з зачасанымі назад пасівелымі валасамі, спакойны ў манеры гаварыць i ў рухах. Абапал старшыні былі члены камісіі: чорны, з кудламі, вельмі жвавы i вельмі худы Галенчык, прафсаюзны дзеяч з Мінска, былы майстар па вырабу хромавай скуры; i шыракаплечы, важкаваты з выгляду Беразоўскі, чыгуначнік. Абодва члены камісіі першы час пад позіркамі столькіх вачэй чулі сябе неабыякава: Беразоўскаму было як бы няёмка, ён амаль не глядзеў у залу i нібы не ведаў, куды пакласці рукі; Галенчык жа, ад увагі такога мноства людзей, быў поўны ахвоты дзейнічаць, трымаўся вельмі ўпэўнена, смела, здавалася, не ведаў, куды дзець энергію i смеласць свае. Позірк яго паволі, цвёрда хадзіў па радах, па абліччах, раз-пораз спыняўся з увагай — Галенчык углядаўся, вывучаў, з нейкім сваім вывадам ішоў далей. Раз-пораз ён адрываў позірк ад залы, чорныя, бліскучыя, лупаватыя вочы яго разбіралі таго, хто быў збоку стала. У гакім иавароце на худой, птушынай шыі Галенчыка быў відаць вялікі кадык, ды i ва ўсім яго вобліку было штосьці птушынае, пагрознае. З усіх траіх Галенчык прыцягваў найбольшую ўвагу; здавалася, што не Белы, а Галенчык галоўны тут, старшыня…

Першым выклікалі сакратара райкома Башлыкова. Святло падала трохі збоку i спераду, яно паблісквала ў гладкіх, без сівінкі вал асах, выдзяляла моцны, чысты лоб, моцны нос, плечы; яно адзначала кожную ямку, кожную маршчынку, рабіла Башлыкова трохі старэйшым; але i ў такім святле было відаць, які ён малады, дужы, прыгожы. Гэтае ўражанне дужасці яшчэ падмацоўвала ўпэўненая иастава, сгрогі, ладны, зеленаватага колеру кіцель, стрыманы i ў той жа час энергічны голас. Было відаць, што ён адчувае сябе цвёрда, што яго нішго не трывожыць. Роўна, голасна i разам сціпла казаў ён пра сваё жыццё. Нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот чацвёртым годзе, у Гомелі, у рабочай сям’i. Бацька — рабочы на чыгунцы, i сам ён рабочы з малых год; спачатку — на чыгунцы, потым — на электрастанцыі. З юнацкіх год у камсамоле, потым — у партыі. У час работы на электрастанцыі быў вылучан на кіруючую камсамольскую работу, быў пасланы вучыцца ў Мінск на шасцімесячныя курсы кіруючых камсамольскіх работнікаў. Пасля курсаў быў вылучан на партыйную работу, ва ўпраўленне чыгункі. Сціпла, проста сказаў Башлыкоў, што з упраўлення чыгункі ён пасланы партыяй на кіруіочую работу ў Юравіцкі раён сакратаром райкома.

63
{"b":"205308","o":1}