Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Міканор стаяў нямірны. З пагрозай i шкадаваннем прамовіў:

— Шкода толькі матку тваю… Да i дзеда паважаю…

Васіль нядобра зіркнуў, пацягнуў вочап. Ужо калі зняў вядро, заявіў упарта:

— Я ето так не кіну! — Голас яго быў нацяты, рукі дробна дрыжалі.— К Апейку пайду! Папытаюся, ці можно так — па савецкаму закону!

— Ідзі, ідзі,— Міканор упэўнена надзеў вядро на кручок вочапа. Затрымаўся, глянуў на яго. — Толькі б лепей у калгас пайшоў! Зразу ўсё i рашылася б!

Раздзел чацвёрты

1

У гэты вечар ледзь не ў кожнай хаце гаварылі пра падзеі ў полі. Кожнаму ў Куранях было ўжо вядома, i што казаў Яўхім, i як махаў рэйкаю Нібыта-Ігнат, i што рабілі Гайліс i Міканор, i як кінуўся на Міканора Васіль. Усё гэта выклікала самыя розныя меркаванні: адны хвалілі Васіля i Нібыта-Ігната за смеласць, друпя судзілі, як неразумных: таксама героі знайшліся! Гаварылі, што Міканору цяпер трэба будзе сцерагчыся Яўхіма, пільна паглядваць увечары. Найбольш было гаворкі пра Нібыта-Ігната: можна было чуць такое, што Ігнату — пры цяперашніх строгіх парадках — не паздаровіцца. Шэптам i з належнай шматзначнасцю пераказвалі, што за такія штукі — чутно — дзе-нідзе i к сценцы ставяць.

Вялікім i розным клопатам былі поўны хаты тых, хто трапіў у героі гэтых падзей. Васілёва матка i, як магла, лагодна суцяшала Васіля, каб не бедаваў пра страчанае, i, хоць асцярожна, дакарала — што не беражэцца. З бясконцай матчынай цярплівасцю вучыла свайго неслухмянага сына Дамеціха, папракала, што заядаецца са ўсімі, трывожна прарочыла, што гэта не давядзе да дабра. У Ігнатавай хаце было цёмна i маркотна. Уся вялікая сям’я, нібы асірацелая без бацькі, сядзела за сталом нязвыкла маўкліва; ціха разышліся ўсе пасля вячэры па палацях, на прыпечак, на печ. Нават меншыя не дурэлі, не чапаліся адно з адным.

Набедаваўшыся за дзень, Ігнаціха таксама сабралася ўжо лажыцца, калі на ганку пачуліся немагчыма знаёмыя крокі, патрабавальна ляснула клямка. Хадоська, што ляжала ўжо з малымі, несамавіта крыкнула: "Татко!", ускочыла, — як была ў адной сарочцы, кінулася ў сенцы. Яшчэ да таго як увяла яна нявіднага бацьку, хата напоўнілася радасным галасам. Скакалі, крычалі большыя, лямантавалі малыя. Жонка i Хадоська з нядаўняй бяды, з неспадзяванай радасці таксама загадает! жагнаючыся, божкаючы.

— Да сціхніце вы, — недавольна i звыкла злосна зыкнуў раптам Ігнат. — Як па нябожчыку!.. Есці лепей дайце!

Ён скінуў світу i сеў да стала. Спыніў Хадоську, што хацела запаліць лучыну: "Як-небудзь траплю ў рот i без святла!" — нявідны, моўчкі, прагна жаваў, сёрбаў, не адказваў на нецярплівыя жончыны пытанні. Ужо калі леглі, неахвотна i панура, нібы паказваючы, што радавацца асабліва няма чаго, сказаў, што сядзеў увесь час у Алешніках, што латыш гаварыў строга i гразіўся аддаць пад суд, але ўвечары адпусціў. Памагло, мабыць, што заехаў Апейка. Адпускаючы, латыш наказваў, каб быў разумнейшы, каб гэта было "апошні раз"!.. Ледзь выведаўшы ўсё, Ігнаціха не ўгрывала, упікнула: "Я што казала…", але Ігнат так зыкнуў, што яна адразу ўціхла. Услухоўваючыся ў яго неспакойнае дыханне, старалася адгадаць адно, чаму ён па-ранейшаму такі невясёлы, пра што так цяжка думае…

"Злы, — прыйшло ў думкі.— Век — злы. Быў i — будзе…"— Успомніла — з недарэчным гонарам i скрухай: а быў жа вясёлы! Калі жаніўся, больш галасістага за яго i не было. На ўсе Курані самы галасісты быў хлопец!.. Як скакаў! Лепей за ўсіх у цэлых Куранях!.. І кучаравы быў, чупрына — як лаза густая! І паверыць не паверыла б, каб не помніла. Аблез саўсім, чэрап свеціцца голы… Зацяты быў змоладу… З зацятасці гэтай i ссох, аблез. Зацятасць гэта i зрабіла злым. Зацятасць ды — няшчасці… Як знарок, век не шанцавала… То ж з-за адной Хадоські колькі наперажываўся. Як радаваўся ўпачатку, што Карчоў улягаць пачаў быў. Як цешыўся, што прыпяваючы жыць будзе. І от дачакаўся!.. З-за аднаго гэтага ссохнуць нядоўга… Цяпер от — Хоня, — не адыходзілі думкі ад Хадоські.— Хоня — хлопец непаганы, ён, Ігнат, сам ведае. Але ж — бядняк, горкі бядняк. Ды шчэ з маткай-калекаю… Хіба ж цяжка дагадацца, чаму ён, Ігнат, так коса глядзіць на Хоню. Чуе ж, што не соладка будзе дочцэ… Як знарок не шанцавала! — тоіць Ігнаціха ўздыханне. — То пакралі сена, то жыта градам пабіла. То згарэлі — згалелі саўсім. Як — кара якая божая. Дзеці — век хворыя, век чэзлыя, кожную вясну з галадухі скуголяць. То ж не было года, каб наеліся ўдосыць… Адна надзея на гэту палоску была, — узяў Ігнаціху пякучы жаль. — Усё дабро, лічы, з яе адной. А цяпер, — як цяпер будзе? — падступіў страх. — Калі — не дай Бог — удзеляць пясок!.. З торбай вясной пайсці давядзецца!.. І што наогул будзе?.. От i — будзь добры, вясёлы! Не злы будзь!.."

Ёй захацелася прытуліцца да яго, палашчыць, суцешыць. Але яна не варухнулася: толькі паслухала, як ён дыхае. Баялася сказаць слова: яшчэ, можа, раззлу ецца!..

Нявесела хліпаў прыкручаны кнот у лямпе, што вісела пад Глушаковай столлю. Нядаўна сышоў госць — Лясун, які прамаўчаў увесь вечар. У хаце былі трое — старая, стары Глушак i Яўхім. Старая гарбацілася на ложку пры печы: успершыся локцем на сценку ложка, седзячы драмала, як кура. Раз-пораз локаць яе саскоўзваў са сценкі, галава падала на грудзі, яна прачыналася на хвіліну. Ставіла локаць на сценку i драмала зноў, але лажыцца раней старога не наважвалася. Яўхім сядзеў на звыклым сваім месцы каля стала i акна, успёршыся, як звычайна, плячом на вушак, курыў скручаную з газеты папяросу. Стары, што увесь дзень i ўвесь вечар не знаходзіў сабе месца, браўся за ўсё i кідаў са злосцю i роспаччу, што кіпеў i пляваўся ўвесь час, пакуль нема тырчаў Лясун, — раптам паскардзіўся квола:

— Ето — разанулі. Па самаму горлу. У самы жывот — нож!

— Разанулі,— стрымана згадзіўся Яўхім.

— Рабая зараза ета Дамецікава ўсё! Самая поскудзь, самы гад!

— Гад. — Яўхім зацягнуўся папяросаю, пусціў ротам дым. — Гад. Да от не возьмеш. Не чаванеш яму горло так, штоб храснуло, як у кураняці…

— Не возьмеш! — пашкадаваў i стары. Як ні кіпеў, разумна, з клопатам пра сына папракнуў: — А не возьмеш, дак няма чаго паказуваць, што хочаш узяць. Насцярожуваць гада загадзя.

— Рукі свярбелі ж дужа. — Яўхім зацягнуўся, доўга, марудна пускаў дым: — Свярбелі. А не можно.

— Нічого не зробіш! — Стары шкадаваў так, што нястрымна, дробна дрыжалі губы. — Галавой сцену не праб’еш! — Як самае дарагое, як найлепшую мару, сказаў, выдыхнуў: — Кеб — вайна хіба! — Помніў, што побач, за сцяной, Чарнушкава прыблуда, ад якой усяго можна чакаць i якой век асцерагаўся, — але не мог стрымацца, сцішыць голас: — Царскія генералы кеб з войскам! Балаховіч які новы няхай бы! Чутно ж: е недзе! Стаяць напагатове недзе, — а не йдуць нечаго!

— Генералы там такія… — Яўхім мацюкнууся.

— Генералы вучаныя. І злыя — землю ж i ў ix пазабіралі. Землю i маёнткі, i дабро ўсё пазабіралі. За граніцай ацірацца заставілі. Таксамо ж кіпіць няйначай у кажнаго, кажны рвецца вярнуць, што адабралі! — Заўважыў, што Яўхім слухае яго нядобра, як бы з насмешкай, стрымаўся. Загаварыў не так цвёрда: — Ці яны баяцца бальшавікоў? Ці маменту ждуць зручнаго? Штоб ударыць у зручны мамент?

— Не цешце сябе, тато…

— Як жа i жыць, як не цешыць! Не надзеяцца, — зноў гарачэй загаварыў стары. — Адной надзеяй толькі i дзяржацца шчэ можно! Толькі i надзеешся, што Бог наглядзіцца, кончыцца яго цярпенне!

— Не надзейцеся, тато, на свайго Бога…

— Не кажы! — Яшчэ загарэліся вочы старога. — Не гневай яго! От з-за етаго, можа, усе i выходзіць! Што не шануюць, што кожны абражае яго! З-за етаго ён, можа, i падумаў: хоць перадушыцеся, паешце адзін аднаго, — калі вы ўсе такія да мяне!.. Не смейся! — закрычаў ён, улавіўшы на сынавым твары усмешку. Слухае, як разумнейшы — дзівака! — Не смейся! — загадаў Яўхіму.

Яўхім сагнаў усмешку.

— Бог! Дзе ён, еты ваш Бог?! — сказаў Яўхім раптам нецярпліва, усхвалявана. — Kani тут такое робіцца, а ён — хоць бы што! Глядзіць — ды маўчыць! За бальшавікоў шчэ, падобно, стараецца! Бязбожнікам памагае!

99
{"b":"205308","o":1}