Каля веялкі Міканор асабліва шкадаваў, што не ўдалося дабіцца пакуль малатарні. А як добра было б, каб хоць ненадоўга прыслалі трактар. Але ў Міканоравым шкадаванні была i надзея, i веялка яе нібы падмацоўвала: ёсць веялка, раней ці пазней будзе i малатарня, i, не сакрэт, i трактар. Усякая тэхніка будзе. Веялка — гэта пачатак. Усе разумець павінны.
Нязвыклае паволі станавілася звыклым. Дзень за днём, кожны ранак, выпаліўшы ў печы, паснедаўшы, калгасаўцы сыходзіліся каля Міканоравай хаты, гаманілі, курылі. Тут уведвалі ўсе, дзе каму рабіць, куды каму ісці. У цэнтры гурту звычайна быў Міканор — ён прыходзіў амаль заўсёды з гатовымі планамі: перад тым, бачылася, вымеркаваў, што трэба, разважыў сам з сабою. Было часам i так, што яму пярэчылі, раілі, асабліва Хоня, Хведар кульгавы, Хведарава Вольга, i ён, хоць i спрачаўся, нярэдка прыслухоўваўся, мяняў свае рашэнні. Праўда, рабіў ён гэта неахвотна i з няёмкасцю, нібы гэта прыніжала яго, выяўляла яго нявартасць. Тут вельмі памагаў Хоня, які цудоўна ўмеў прыйсці ў час на падмогу, ператварыць непрыемнае ў вясёлае, жартаўлівае. Часам i на бязрыбным балоце спаймаць нешта можна, дык, маўляў, глядзець усюды не шкодзіць; да ўсіх прыслухоўвацца!..
Як бы там ні было, Міканор усяму быў кіраўнік галава быў; як потым зразумелі, i брыгадзір, i бухгалтар, i старшыня. Што помніў, а што запісваў у сшытак: i колькі чаго намалочана, i хто намалаціў, i хто дзе рабіў. Сам асабіста ставіў кожнаму за дзень "палачку", па якіх, казаў, будзе відаць, колькі хто рабіў…
З прычыны асаблівага значэння Міканора цемнаватая i цесная Міканорава хата ўсё больш станавілася як бы цэнтрам тых, хто пайшоў у калгас. Сюды збіраліся на сходы, на нарады, нярэдка збіраліся i проста так. Пайсці ў Міканораву хату рабілася ўжо як бы прывычкай. Вечарамі ў Міканоравай хаце цяпер век свяціліся вокны, век гаманілі, меркавалі пра нешта калгасаўцы; іншы раз — было так — без Міканора: калi Міканору даводзілася прападаць вечарамі ў Алешніках ці Юравічах.
Раз ці два гэтымі вечарамі няпрошаны заходзіў у Міканораву хату Глушакоў Сцяпан. Сядзеў ён звычайна моўчкі, амаль увесь час глядзеў толькі ды слухаў. Міканору не даспадобы былі гэтыя яго наведванні, але старшыня неяк прамаўчаў: у хату прыходзіла нямала іншых пабочных, ды i сакрэтаў якіх-небудзь у тыя вечары не было. Так што праганяць хлопца не было i прычыны.
Але праз некалькі дзён хлопец паявіўся на двары ўранку, стукнуў дзвярыма, улез у хату. Міканор яшчэ не ўправіўся вочы працерці пасля сну, санліва сапучы, нацягваў сухія, абпыленыя боты, зіркнуў спадылба, недавольна.
— Чаго прыйшоў? — не адказаў на прывітанне.
Хлопец нібы няёмка — прыдурваецца! — стаў каля дзвярэй, пачаў мяць у руках шапку.
— У калгас… прасіць хочу…
— У калгас?! — Міканор паглядзеў на яго, нібы хацеў зразумець: што ён удумаў. Пацікавіўся непрыязна: Чаго ето?
— Як усе. Жыць.
Міканор устаў, націснуў на бот. Зноў глядзеў пранікліва.
— Хто ето навучыў цябе? Бацько ці Яўхім?
Сцяпан збянтэжыўся больш, пачырванеў.
— Сам я…
— Сам! — Міканораў позірк паказваў: думаў знайсці дурня! Сказаў спакойна, насмешліва: — Ідзі скажы свайму бацьку ці брату… Скажы: мы не такія дурныя, як ён думае!
— Чаго? — не зразумеў Сцяпан. На твары яго паявілася нешта разгубленае i дурнаватае.
— Скажы: няхай сам прыйдзе! — жорстка сказаў Міканор.
— Чаго? Ён i мяне… не пусціць…
Міканор сабраўся ісці мыцца.
— Вы мне… не верыце?
Міканор зазлаваў:
— Не верыце? Не верыце? Знаю я вас! Твой бацько таксамо — сіратою ўмее! Слязу пусціць!..
— Мне бацько не ўказ. У мяне свая галава. — У Сцяпанавым голасе пачулася ўпартасць. — І Яўхім мне не пара!
— Пара не пара, аднаго поля!
— На адным полі рознае расці можа. Не канешне, як бацько такі, дак i я…
— Не для вас ето! Ясно? — узяла нецярплівасць Міканора.
— Дак… як жа мне?.. — Сцяпан стуліўся, нібы прасіў аб літасці.
Міканору стала шкада яго. Ён i злаваў таму, што ўвесь час лезла агіднае шкадаванне. Якога не павінна было быць. Адужаў чуласць, адрэзаў:
— Не блытайся пад нагамі! От як!
Зачэрпнуў карцом вады i нахіліўся над начоўкамі. Ужо за спіной пачуў недарэчнае:
— Дак… бувайце здаровы!..
Добра, не было на гэты час у хаце маткі. Калі ўвайшла, запыталася, чаго прыходзіў Сцяпан, Міканор толькі махнуў рукою. Ведаў, што матцы лепей не гаварыць пра гэта.
Увесь дзень было дзіўна ніякава: лезла, тачыла непаслухмяная вінаватасць, як бы несумленна, пагана абышоўся са Сцяпанам. Гнаў развагі, што Сцяпан i стары яго — розныя зусім, што са Сцяпана — не сакрэт — мог толк быць. Падтрымліваў ранішнюю цвёрдасць: тое, што можа быць, яшчэ не значыць, што так канешне i будзе, што Сцяпан не можа — калі захоча стары — стаць за яго, за Яўхіма, за ўсё кулацкае кодла. І Іераконваў сябе: правільна зрабіў, так i трэба. Стараўся не прызнаваць, што злаваў на Сцяпана, нецярплівы быў асабліва таму, што Глушакі, гэта ужо не раз чапляла матка, хоць i няблізкія, a сваякі. Ён i матцы казаў i сам думаў, што лічыць такіх сваякамі можна толькі на здзек яму, але, як там ні кажы, сваяцтва усё ж нейкае было i што ні думай, нейкі цень на яго кідала. І ад гэтага ў яго была асаблівая злосць на Глушакоў, як бы яны хацелі падкапацца да яго такім спосабам. Таму лічыў, што з імі трэба быць асабліва цвёрдым, бязлітасным. Таму не хацеў, каб пра гаворку яго са Сцяпанам ведала матка…
Нярэдка бавіў вечары ў Міканоравай хаце Андрэй Руды. Ссаў свае далікатныя папяросы-люлечкі, пускаў ноздрамі далікатныя струменьчыкі дыму, слухаў іншых, улазіў са сваімі меркаваннямі, парадамі. Тым, як ён слухаў іншых, — прыжмурыўшы вочы, з паблажлівай усмешачкай, як гаварыў, павучальна, тонам старэйшага, мудрага, ён як бы паказваў, што ведае i ў гэтым даволі, вельмі можа быць — больш за іншых. Ён так трымаўся, нібы быў тут не госцем, якога ніхто не прасіў, а ледзь не галоўнай асобай, ва ўсякім разе, другой пасля Міканора. Міканор, якога Руды не раз дапаўняў, а аднойчы ўзяўся нават папраўляць, ускіпеў:
— Дзядзько, чаго вы лезеце ўсюды! Куды вас не просяць! Без вас разбяромся! Прыйшлі, дак сядзіце ціхо — ясно?
— Ты чаго кідаешся? — не хацеў траціць годнасці Андрэй. — Яжэлі савет даюць, так сказаць, дзякуваць трэба. Што памагаюць разумным словам. А не гырчаць!
— Я не гырчу! Я папярэджую, штоб не разводзілі тут сваю агітацыю i штоб не падрывалі аўтарыцет! Ясно?
— Я толькі хацеў памагці! Штоб аўтарыцет буў, следавацельно, большы! — Руды ўстаў, не хаваючы, а нават знарок паказваючы, што яго неразумна, няўдзячна абразілі: за яго ж добрае! З годнасцю заявіў:—Я думаў ужэ, так сказаць, далучыцца. Сабраўся ўжэ напісаць прашэніе. Але як ты так кідаешся, то, следавацельно, падажду.
Ён паважна пайшоў да дзвярэй, стукнуў дзвярыма. На другі дзень ён падсцярог Міканора каля Хведаравага свірна, паздароваўся з той велікадушнасцю, якая паказвала, што як ні вінаваты Міканор перад ім, ён гатоў забыць крыўду.
— Я напішу прашэніе, — сказаў, як бы хацеў супакоіць Міканора. — Толькі штоб мне, следавацельно, інцілігентную работу. Штоб бугалцерам, напрымер. Ці кладаўшчыком…
— Зразу вы, дзядзько, выгаду шукаеце, — папракнуў Міканор.
— Ета выгада найперш, так сказаць, для калгаса, — паправіў Міканора Руды. — Патом ужэ для мяне… — Дадаў, вучачы: — Трэба цаніць грамату! І скарыстоўваць граматнаго як кадраваго спіцыліста!..
Міканор мірна сказаў, каб падаваў заяву; паабяцаў падумаць аб просьбе…
6
Усе ў Куранях заўважылі: калгасаўцы вельмі трымаліся адзін аднаго. Нядаўна, здавалася б, чужыя, цяпер разам былі ў гумнах, на працы, разам — вечарамі. "Як сваякі", — дзівіліся людзі. Калгасаўцы нібы ўстанаўлівалі сваё сваяцтва, асобнае ад таго даўняга, ад веку, ад Бога, якое заўсёды i ўсюды шанавалі людзі.
І яшчэ заўважылі ў Куранях: калгасаўскія як бы ганарыліся сабой, сваёй адвагай i розумам. Глядзелі на іншых быццам на чорную чараду, што нічога не бачыць i не разумее. Не тое што ад Міканора, такое можна было чуць i ад Хведара, i ад Зайчыка. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы пасмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці.