Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён любіў балотных мудрацоў. У Апейкі была проста неадольная слабасць: пагаманіць з такім, падчапіць, выклікаць на спрэчку, усчаць дыскусію; у кожнага мудраца былі свае меркаванні, свае развагі, свае сумненні: колькі тут можна было пачуць цікавага i павучальнага яму, які сам нямала пабачыў на свеце!..

У адным, можа, большасць людзей, з якімі даводзілася сустракацца, былі падобныя адзін да аднаго: у тым, як адносіліся да ўсяго, што казалі ім. Нават Апейка — свой чалавек — чуў нязменна: у землякоў яго не лішне даверлівасці. Не, яны слухалі Апейку; падобны да ix, ён умеў гаварыць з імі, ведаў, як падысці. Яго слухалі i ахвотна — нават вельмі ахвотна — ківалі, згаджаліся. Але амаль што кожны, слухаючы, ківаючы, чуў Апейка, не забываў ніколі прытым прасейваць усё праз сваё вельмі тонкае, пільнае сіта…

У кожным сяле, ды амаль што ў кожнай хаце — у гэтым людзі ў сёлах былі перакананы яшчэ больш за Апейку — жылі чым-небудзь выдатныя людзі. У адной славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее; у другой — дзівосны грыбнік, які дапаў да ўсіх грыбных тайн i век нясе грыбоў утрая больш за другіх; у трэцяй слава ззяе над паляўнічым: не тое што лісіц — ваўкоў ды рысяў перабіў, не злічыць, у качак пападае са стрэльбы, "заплюшчыўшы вочы"; гэты ведае такія сакрэты рыбацтва, пра якія іншым i не снілася; той такі выдумшчык, што як збрэша — жываты папарвяце; той так спяе, што за сэрца возьме; той — казачнік, той — балалаечнік, той — скакун! A колькі майстроў — касіць, капіць, стагі складваць; жаць, малаціць, веяць! Пячы хлеб, варыць патраўку; калоць свіней, рэзаць цялят! Праць, ткаць, бяліць палатно! Пілаваць дровы, плесці лапці! Багата дзе ёсць чалавеку паказаць свой спрыт, свой талент!..

Тысячамі самых розных, блытаных, — іншы раз, здавалася б, нечаканых — вузлоў вязала нястомнае жыццё чалавечыя дачыненні. Стракаты, нястрымна барвісты ішоў перад Апейкавымі вачыма свет; свет складаных, неахвочых да схем, з рознымі, часам супярэчлівымі якасцямі, імкненнямі, пачуццямі людзей; жывых людзей.

Апейка жыў сярод гэтага свету: сярод супярэчлівасці, блытанасці, загадак. Ён не ўмеў — i не мог — змяніць гэты свет на больш зручны, выдуманы; яму не давалі гэтага ні месца яго ў жыцці, ні характар яго: штодня, штохвіліны неабыякавым сэрцам чуў ён жывую бяду, жывыя надзеі! Яму доляй самой трэба было адказваць жывым, раіць жывым, развязваць бясконцыя вузельчыкі i вузлы. І трэба сказаць, ён не наракаў; ён нават давольны быў: з такім багаццем цікава жыць! Жывучы з такімі, разумееш, што ты патрэбны ім, патрэбны справе; разумееш, што недарэмна хлеб ясі працоўны!

3

У характары Апейкі былі дзве рысы — розныя, несуладныя: нейкая чуласць, схільнасць да элегічных адчуванняў i разам цвярозасць, практычнасць.

Чуласць, элегічнасць яго былі, мусіць, ад прыроды: пэўна, яны i былі калісьці прычынай таму, што Апейка з усіх жыццёвых доляў выбраў сабе долю настаўніка, ды яшчэ настаўніка літаратуры. Выраслы ля лесу, ля рэчкі, ён усё жыццё быў неабыякавы да лесу, да рэчак, да ціхага i вялікага жыцця прыроды. От i цяпер, жывучы неадступнымі клопатамі, ён увесь час чуў яе з сабою.

Ішла пара, якая заўсёды асабліва хвалявала яго, — восень. Ён заўважыў яе подступ здаля, са жніўня, — калі сонца падымалася яшчэ высока i ад гарачыні іншымі днямі аж млелі дрэвы, бабкі, недажатыя палосы, агароды за платамі.

Подступ яе радаваў добрым надворьем: палі дружна галелі, зелянелі адно палосы з картопляю. Дарогі былі поўныя працоўнага руху: дзе б ні быў, рыпелі вазы, сунуліся да сяла, па загуменных дарогах, уціскаліся ў расчыненыя гуменныя вароты. He толькі ў халаднаватых гумнах, a i на гарачых прыгуменнях пахла жытам, ячменем, аўсом; там i тут рады снапоў пры сценах аздаблялі чорныя гумны, як паясы: снапы сушылі. Дзенідзе цупалі ўжо цапы.

Восень далічвала летні плен. Што ж, Апейку не было чаго быць недавольным гэтым плёнам. Яно было не пустое, не гультайскае — можна ужо сказаць — мінулае лета. Як i ў тыя гады, нязбытным, вялікім клопатам лета был i дарогі; трэба было, як i ў тыя л еты, карыстаючыся тым, што балоты падсыхаюць, што сярод лета ёсць трохі вольнага часу, ладзіць грэблі, правіць, лажыць маеты. Дарогі былі вечнай бядою: хоць нямала за мінулыя гады наладзілі, клопагу хапіла i на гэтае лета; хопіць i яшчэ, мабыць, не на адзін дзесятак гадоў. Паваждацца давялося нямала, але клопат, што ні кажы, не прапаў попусту: яшчэ дзве грэблі новыя — у самую балотную глухамань; яшчэ некалькі падсыпалі, наладзілі старых; пералажылі шчарбатыя, падламаныя маеты, збудавалі трохі новых. Можна, не хвалячыся i не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далека, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа, але усё ж — тое-сёе зрабілі. Зрабілі.

Першага верасня школьны званок паклікаў малых у тры новыя школы; Апейка ў той вераснёвы дзень дапаў да адной з ix, у Мокуці: сам бачыў, колькі радасці-ўцехі было ў бацькоў i дзяцей. Усё сяло, старыя i малыя, сышліся як на свята; заняткі доўга нельга было пачаць адтаго, што кожнай матцы, кожнаму бацьку хацелася паглядзець, як будуць іхні — ці іхнія — вучыцца. Потым разышліся, праўда, па палосах, па гумнах, але вечарам, каб не было Апейкі, спаілі б з радасці далікатнага настаўніка, адзінага пакуль на ўсю школу. Свята праўдзівае было, i Апейка не дзівіўся: раней трэба было перціся ў школу за цэлых сем кіламетраў, ды ледзь не ўсё лесам, па незлічоных лужынах, якія i летам не высыхал i; цераз балота за Куранямі. І лес там быў найбольш чорны, непралазны, поўны ўсякага звяр’я ды гадаўя… У саміх Юравічах — тут былі i Апейкава задума i яго кіраванне — зрабілі інтэрнат для дзяцей з далейшых сёл: школ другой ступені ў раёне нягуста: пакуль што — поўная — толькі адна; дык от i няхай будзе сталы прытулак усім, хто хоча ісці з балот да святла. Няхай будзе цёплы куток i страха перад вучобай, пасля вучобы; не ўсякаму бацьку ёсць на што наняць ix у мястэчку. Сам-насам Апейка радаваўся — ганарыўся нават, як асобым дасягненнем, — што ў гэтым годзе школы будуць не толькі з апалам: дрывамі ўдалося забяспечыць школы непагана, дзецям не давядзецца мерзнуць у халодных класах; у гэтым годзе ва ўсіх школах будуць для дзяцей гарачыя снеданні — хлеб i чай з цукрам! Ba ўсіх школах цяпер ёсць тытаны ці бачкі гатаваць чай! Есць хлеб i ёсць цукар!.. Гэта ўжо нешта ад будучыні, гэта ўжо, можна сказаць, — з’ява сацыялізму!..

Цяпер, калі восень відна не па нейкіх асобных прыкметах, a ўладарыць усюды, беспадзельна, можна ўжо скінуць з душы трывогу пра ўраджай. І налілося ўсё, i выспела, i прыбралі з поля, — за ўсе зернавыя можна быць спакойным: i за жыта, i за ячмень, i за авёс. Тoe — леташняе — лета было няўдалае: зернавыя ўрадзілі слаба; што вымакла з вясны, а што пагарэла; i людзям было мала, i перад дзяржавай у даўгу асталіся: не выканалі нарыхтовак. Была цяжкая восень: у трывозе аб людзях, з усякімі непрыемнасцямі зверху за нявыкананы план; i яшчэ больш цяжкая зіма i вясна. Людзі ў некаторых сёлах дамешвалі ў муку жолуд, пяклі з жалудовага цеста; не адной сям’і, некалькім сёлам гразіўся голад; трэба было памагаць, ратаваць колькі змогі. Памагалі i выратавалі: узялі з багацейшых сёл, выціснулі з кулакоў. Тым-сім, дзякаваць ёй, падсабіла акруга. Пасля ўсяго асабліва неспакойныя былі i вясна i лета; таму i асаблівая радасць, што не падвялі: ураджай сёлета — непаганы, калі раўняць нават з тым, што збіралі ў добрыя гады. Жыццё павінна выправіцца. Цяпер неспакой толькі пра картоплю; каб з ёй добра было ўсё…

Восень пакуль — не прыдумаеш лепшай. Золата — не восень. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк надзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Усё агорнута млявым, велічным спакоем: белаватае неба, далёкія i блізкія лясы, трава пры дарогах; усім гэтым, небам i зямлёю, прырода нібы кажа: я папрацавала нямала, нашчыравалася за вясну ды лета i от хачу пакволіцца ў спакоі. Яна, можа, i мае права на спакой, а людзям не да яго, не да спачыну. Людзі поўныя клопату, адвечнага асенняга імкнення. І таксама повен клопату Апейка; толькі ў клопаце яго не адна сям’я, не адна гаспадарка. Тысячы сем’яў, дзесяткі вёсак i вёсачак, раён…

42
{"b":"205308","o":1}