Каб адагнаць злыя згадкі, стала знарок думаць пра лепшае, пра Хоню: што ж рабіць з ім? Злуецца ўжо на яе, i ці дзіва — столькі ходзіць! "Mo i праўда — пайсці?.. Любіць жа, што ні думай, любіць! Кеб не любіў, хіба б хадзіў столькі? І хлопец добры, на ўсё сяло адзін такі… Бязбожнік адно. Не шануе Бога. Але ето перамяніць можно… І матка яго — хоча…" Успомніла нядаўнюю сустрэчу: сама пазвала яе, Хадоську; ляжала на ложку з поцемку ўглядалася. Хоць слова спачатку не сказала, Хадоська пачула: спадабалася ёй. Хонева матка заплюшчыла вочы, памаўчала яшчэ, потым вінавата паварушыла губамі: "Страшная, мабуць, я стала…" Хадоську ўзяў жаль, супакоіць захацелася: "Не страшная, саўсім не страшная, от сказалі! Няшчасная толькі! А што няшчасная, хіба вы вінаваты ў етым!" Старой, было відно, спадабаліся яе словы. А ад Хадоські не адступаў жаль: шкода было Хоневу матку, шкода Хоню, шкода малых, што спачатку дзівіліся на Хадоську, а потым разбегліся з хаты кудысьці… Яшчэ два разы заходзіла Хадоська да Хоневай маткі, сядзела на ўслончыку ля ложка; няшчасная сама, чула ў ёй як бы прыяцельку сабе. З ёй было Хадосьцы ціха i спакойна. Адно нядобра было: даводзілася асцерагацца, каб не наплялі языкі, што да Хоні чапляецца… "Хоня — добры, — сказала неяк матка яго. — Не думай нічога вельмі…" Добры… Хіба яна не знае, што добры!.. Але хіба ад таго лягчэй? Бяда ж не ў Хоню, бяда ў ёй! V ёй!.. Хадоську ўзяла горнасць: захацелася плакаць. Яна стрывала, але ўсярэдзіне ныла, балела. З гэтым болем зноў успомніла Ганну на возе, падумала пра яе бяду — i не толькі не пачула жалю, a i нават спакою, які быў удзень. Узяла нават вастрэй, як зазвычай, непрыхільнасць: от i ў ix бяда. Тут жа падумала, што нядобра помсціцца чужой бядзе, але памяць злосна напомніла, як першы раз твар у твар напаткала Яўхіма, калі вярнулася з Юравіч. Нібы зноў прайшла паўз яго. Нават калі зноў згадала Ганну, нядаўняе i, здавалася, ціхае ўжо — як сышліся раптам, беручы шчавель, — за напамінкам пра Яўхіма, i гэта было непрыязнае. І ці дзіва: i там, на полі, хоць былі блізка з Ганнаю, слова не сказала. Бы сцяна між ix была!..
От i яна зазнала гора! От i ў яе… Тут Хадосьчыны думкі нібы наскочылі на другую, большую, агромністую — увайшла, уламілася раптам, не першы раз згадка пра сваё малое! Яе, Хадосьчына, малое! Яе у якога яна ніколі не бачыла i не ўбачыць! Яе, якому цяпер быў бы трэці год, якое магло б абдымаць за шыю, туліцца да фудзей, зваць! Яе, якому сама не дала жыць! Яе, якое — запякло адчайнае, няўцешнае, — якое сама, сама загубіла!!!
2
Мінулае ішло заўсёды побач. Яно то мацнела, то слабела, але не знікала; на ўсім, чым жыла цяпер, быў яго цень. Яно прыходзіла ноччу, ішло ўдзень, было ў думках, у настроі, ва ўчынках…
У той дзень, калі збялелую, спакутаваную Хадоську бацька павёз у бальніцу, бяда яе не асталася ў Куранях. У чыстай баковачцы юравіцкай бальніцы Хадосьцы не стала весялей, сорам, адчай пяклі, тачылі Хадоську ў ціхай бальнічнай баковачцы яшчэ горш.
У першы ж дзень у бальніцы, бы знарок, узяліся нагадваць ёй тое, што так хацелася забыць; ледзь унеслі Хадоську на насілках у доктарскі пакой, доктарка стала выпытваць, пра што i думаць было страшна; i была доктарка не адна, акрамя яе яшчэ дзве ў белым стаялі побач, хацелі ведаць, бачыць Хадосьчыну ганьбу. Не расчапіла Хадоська губ, як увайшоў нейкі дзядзька ў белым, намерыўся, здалося, таксама слухаць, глядзець; Хадоська, амаль непрытомная, бы ажыла, заматала галавою, дзіка закрычала: "Не, не!.." Яна ўсё крычала, ірвалася ўстаць з насілак i калі дзядзька пайшоў, i калі доктарка штосьці гаварыла супакойліва — крычала, пакуль зусім не аслабела ў моцных руках жанок у белым, страціла прытомнасць.
Нямілае, ненавіснае было з таго дня Хадосьцы ўсё — i белыя дактары, i гаваркія, назойлівыя жанкі-суседкі, i блізкі ельнічак за акном. Ёй чулася, што ўсе ведаюць пра яе, здавалася, што i глядзяць не абы-як, а з патайным! нядобрымі думкамі, як бы смеючыся з бяды яе, з яе сораму. Асабліва ненавідзела яна таго дужага, нахабнага дзядзьку ў белым, пра якога казалі — галоўны ўрач i які ледзь не кожны дзень абыходзіў усіх, пасміхваючыся, распытваў, аглядаў. Спачатку хацеў ён падысці i да Хадоські, але Хадоська ледзь убачыла гэга, яго — здалося — брыдкую ўсмешачку на сытым чырвоным твары, затрэслася, як вар’ятка, закрыла вочы рукамі, закрычала. З таго дня дзядзька не падыходзіў больш да яе, i калі быў ля суседакжанок, то трымаўся асцярожна, далікатна. Не радавалі ў тыя дні Хадоську бацькі, што часта, вельмі ж часта прыязджалі з дамашнімі гасцінцамі. Хоць ні бацька, ні матка словам не прагаварыліся, чула Хадоська, што яны ведаюць, якая бяда ў яс, гарэла ад сораму, ад вінаватасці, ад крыўды, маўчала непрыхільна, хвіліны дачакацца не магла, калі яны паедуць ад яе. Пасля сустрэч з бацькамі Хадоську асабліва даймала трывога пра тое, што, мабыць, ужо багата хто ведае ў Куранях пра яе грэх, ведаюць, можа, усе хлопцы, дзяўчаты ведаюць, смяюцца. Яна часам так ясна ўяўляла, як гавораць, як смяюцца з яе, што, здавалася, чула галасы, бачыла ўсіх увачавідкі. Хадоська камянела ад адчаю.
Доўга-доўга, шкадуючы, згадвала Хадоська бездань азярца каля Глінішчаў: чаму тады збаялася, не кінулася, не кончыла усё адразу; не адзін дзень, не адну ноч строіла думкі, як загубіць сябе. За акном гулі вятры. лютавалі сіберныя стужы — вылезь ноччу ў віхурнае поле ці ў лес, i ўсё кончыцца ўраз. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Не страшна i не балюча, i зразу стане легка. Канец усёй пакуце зразу… Пад поўнач ціха выбралася ў калідор — санітарка спала на састаўленых табурэтках; асцярожліва, на пальчыках абмінула яе — дзверы былі замкнёны, але тырчаў ключ; хапатліва крутнула ім i, нічога ўжо не цямячы, рынулася ў сенечкі, за імі — у ветраную цемень, у сівер. Санітарка потым гаварыла: бразнулі дзверы, моцна пайшоў холад; Хадоську здагналі за агародкаю, у хвойніку, у снезе — можна сказаць, у ад ной сарочцы.
На другі дзень прыехала маці, адразу ж дачулася пра Хадосьчыну ноч; i ці дзіва — уся бапьніца гула пра гэта. Чулае матчына сэрца ўміг зразумела, што задумала дачка; глядзела на Хадоську вачыма, поўнымі болю i слёз, божкала, жахалася, благала: "Рыбачко Хадосечко!.. Што ж ето ты, галовачко, удумала!.. Бацьку, матку не шкадуючы, брацікаў, сястрычак!.. Ці ж мы не глядзелі цябе, як вока сваё! Не любілі, не шкадавалі хіба?! Як жа ж ты ўдумала такое!.." Хадоська слухала, але нібы не разумела нічога; не было ў ёй ні шкадавання аб сваім учынку, ні жалю да маткі — да ўсяго яна чула, як нешта сціскае, ломіць яе, поўніць усю такім холадам, што вось-вось не ўтрываеш, закалоцішся, бы ў трасучцы. Яна заплюшчыла вочы, паказала матцы, што спіць. У нястрымнай ліхаманцы яна не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Увечары холад раптам прапаў, цела яе стала гарэць, зрабілася так душна, што не было як дыхнуць. Праз нейкі гарачы туман бачыла яна доктара, якога паднялі сярод ночы, абыякава, бы з далёкай далі, чула, як ён мацаў ёй лоб, ставіў градуснік. Доўгую, бясконцую вечнасць, у якой не было ні днёў, ні начэй, не было нічога зразумелага, кідалася яна ў нясцерпным агні, у нейкіх блытаных, жахлівых відовішчах, стагнала, мармытала, крычала нешта; дактары казалі потым, што была ўжо трохі не на тым свеце.
Апрытомнела яна сонечнай, вясёлай раніцай — на марознай шыбе зіхцелі радасныя іскрачкі-зоркі. Ачнулася з дзіўнай, нечуванай лёгкасцю, бясхмарнасцю — ляжала, здавалася самой, лёгкая, бы тая пушынка: шапні вецер — i паляціць! Яна той раз ляжала так нядоўга, бо непрыкметна ўзяў сон, такі ж лёгкі, як i ява. Наступнымі днямі тая ж лёгкасць была ў ёй, не адыходзіла: ні аб чым не думала, нічым не турбавалася. Як бы іншы свет стаў: i марознае святло праз шыбы, i белая баковачка, i дактары, нават той, галоўны, з чырвоным тварам. Інакш спаткала яна i шчаслівых бацьку i маці: пачула нешта цёплае, святочнае, мілае. Бацька больш маўчаў, адно вачэй давольных не зводзіў, a маці гаварыла-гаварыла, аж захліпалася з радасці: "Не пушчалі нас! Не можно, маўляў, к ёй! Дохтар не вялеў, каторы галоўны, маўляў. A адзін раз я ўпрасіла самого, каторы галоўны. Плачам умаліла, штоб пусцілі. Прыйшла. А ты — i спіш i не спіш, губкамі ўсё мыляеш, як бы піць хочаш. Губкі — відно — гарачыя, сухія. І так голаву павернеш, i так — бы ляжаць нядобра, нязручно. І як пабачыла я — горно мне стало так, аж глядзець не магу. Слёзы так i бягуць. "Хадосько!" — кажу ціхо так i аж заходжуся. А ты як пачула, ці што, вейкі задрыжалі, расплюшчыла трохі вочы. Глядзіш кудысь угору, а вочы — няцямныя, змучаныя. "Донечко, рыбачко мая!" — кажу. А ты — як глухая. Бы не пазнаеш, бы я чужая! Вачмі не павядзеш — няцямныя, як нежывыя! "Мамко ж я твая! — кажу. — Мамко твая, чуеш?!" — а ты хоць бы знак які! Паглядзела трохі i саўсім заплюшчылася зноў! Губкамі замыляла, як бы ў роце перасохла, бы вады табе трэба! А там раптам — як застогнеш, як загамоніш — часто-часто! Не разабраць што!.." Маці зноў зайшлася горкімі слязамі, слова не магла больш вымавіць; здалася Хадосьцы нейкай кволай, няшчаснай, аж жаль узяў. Бацька не вытрываў, папракнуў: "От завяла! Па нябожчыку — нібыто!.. Дачка паправілася, а яна!.." Маці ўраз нерастала хліпаць, ражком хусткі выцерла вочы: "Па нябожчыку! A ці ж не была — усё адно што нябожчык! Я ж, можа, i ўспамінаю, i плачу — што рада! Што дочачка усё адно як з таго свету вярнулася!.."