Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну, благаславі, старая! — засмяяўся Зайчык, становячыся, каб ісці за Хонем…

Так яно весела i проста пачалося, на мокрым, нібы дымным, балоце, у ранак, ва ўсім, здавалася, падобны на ўсе іншыя. Балота жыло звычайным сваім клопатам, i ў клопаце гэтым мала хто разумеў, што з гэтага пачынаецца новае, не знанае яшчэ ў Куранях…

Пад вечар таго ж дня бачылі, як Апейка зноў праехаў паўз балота, знік разам з таратайкаю ў зарасніку, што абчэгіліваў дарогу.

Раздзел пяты

1

Не трэба думаць, што Глушаку не было шкада малой. Не чужая ж кроў, свая, Глушаковае насенне — i адзін дзень, i другі поўз у неспакойныя клопаты ціхі жаль аб нябожчыцы. Да жалю заўсёды прымешвалася злосць на нявестку, асабліва — на дурны выбрык на могілках. Як ні лаяў яе, чуў сябе — i гэта дадавала злосці — нібы вінаваты. Хоць супакойваў сябе: Бог даў— Бог узяў; хоць разважаў цвяроза: не ведаў жа, што так кончыцца, — калі маліўся аб малой, быццам прасіў ва Усявышняга літасці i даравання.

Жаль аб малой, вінаватасць за яе вярэдзілі душу старога Глушака ўсё ж менш, як калі б іншым часам. Хмару прыгнала не на яснае — на хмарнае, чорнае неба. Не да таго, не да малой было — нюхам старога, бітага воўка чуў неадступна Глушак: ішло на страту большае. Хоць не хацелася верыць, усё магло неўзабаве загінуць.

Багата што перамянілася ў Глушаковым жыцці за нейкія два гады. Далёкім, нікчэмна-дурным здаваўся яму цяпер той час, калі ён кіпеў люта, што абрэзалі трохі зямлі. То быў толькі пачатак: з таго часу жыццё не раз i не два пляскапа ў гразь яшчэ ці даўно самага паважанага, самага моцнага — можна сказаць, самага магутнага ў Куранях — гаспадара. І каб пляскала ў фазь адно, то яшчэ нічога: гразь — не кароста, сорам — не дым; а то ж падразала над корань, скручвала вяроўкамі ногі, заціскала вузел на шыі…

Леташняй восенню вымелі ўсё дачыста. Думаў прыхаваць трохі, закапаў сем мяшкоў у дрывотні, дроў налажыў наверх да страхі, дык i тыя вывернулі. Гумно, хлявы перакапалі, a дакапаліся, выцягнулі. Толькі i ўхаваў, што пяць мяшкоў на картаплянішчы за грушай. Ашалелыя ад капання, ад яго ўпартага "не", "няма", ад няўдачы, што не маглі дапасці да астатняга, — ледзь у міліцыю не пагналі зразу ж. Судзіць гразіліся, у турму ўпякаць збіраліся. Перадумалі яны там, ці што, a толькі абышлося неяк без міліцыі, без турмы; наказалі наастатак адно — на другі раз дабра каб не чакаў, калi не кіне злоснае сваё супраціўленне. Божкаў, кляўся, што забралі ўсё, бедаваў ca слязамі: як цяпер жыць будзе? — бедаваў не вельмі, каб не раз’ятрыць ненарокам горш; але калі ўспамінаў, думаў потым, нязменна паліла лютасць: зацягваюць на шыі пятлю, а ты i не выпручвайся! Не супраціўляйся, не будзь злосны! Сам памажы! Дзякуй, што не пасадзілі! Нібы тут рай, а не тая ж турма!..

Голас нават адабралі, лішэнцам зрабілі; як бы яму i рота разявіць няможна. Урэшце, праўду кажучы, не так яму i маркотна без таго голасу, пляваў бы ён на той голас, калі б той голас быў толькі голас; вялікі то гонар — мець голас разам з якім галадранцам, які ўчора жмені тваёй мукі быў рад! Голас важны не сам сабою; голас — то, напраўду, палёгка з падаткам; не маеш голасу — гніся, выжыльвайся пад цвёрдым заданнем! Выжыльвайся ды яшчэ маўчы — бо не маеш права голасу, бо — лішэнец! Каб яму на тым свеце на чырвонай скаварадзе, на агні вужакай круціцца — таму, хто выдумаў гэту пагібель! Тым, хто гнёў гэтым цвёрдым заданнем; асабліва ж — Дамецікаваму прыблуду, за якім i іншыя ў сяле бы ашалелі! Самаабкладанне, страхоўкі, нарыхтоўкі, падаткі, якім канца-краю няма, — чаго толькі ні начаплялі на гаспадара, каб выпіць з яго, як кроў, сілу, каб не даць яму падняцца!..

Яшчэ пазалетась падзяліў гаспадарку з Яўхімам. Падзяліў нават з ахвотаю: думаў, адрэзаўшы добрую долю Яўхіму, не такім багацеем будзе ўжо лезці ў зайздрослівыя людскія вочы. Думаў — галоўнае — падаткі зрэжуць, палёгку нейкую дадуць. Дык чорта лысага далі: упякалі столькі падатку, што аж заскрыгатаў зубамі. Ды не адзін падатак, а два — i яму, Халімону, i Яўхіму!..

Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт; толькі бляск у тхарыных вачах, як быў, астаўся пранізлівы, упарты, нязломны. Трудна было, а глядзеў наперад. Трудна было, a чуў — ад гэтага начамі, калі абдумваў усё, аж ныла ў грудзях — чуў, што гэта не ўсё яшчэ, што вузел толькі пачынае як мае быць сціскацца.

У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон i ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча: бачылася, трызнілася нейкая гара, дарога на ёй. Гара была як бы падобна на юравіцкую, дарога ўрэзвалася ў яе — таксама як юравіцкая: гліняная, каляіністая, з глыбокімі рванымі раўчукамі на баках. Знаёмая i звычайная дарога гэта, якой i хадзіў, i ездзіў тысячу разоў i якая нічым даўно не дзівіла, у сне бачылася нязменна такой агромністай, спадзістай, што Глушак, пазіраючы на яе, халадзеў. Ведаў, што не трэба ехаць, што дабром гэта не кончыцца, i ўсё ж кожны раз — бачылася — выкіроўваў з’язджаць з яе. Кожны раз адно, нязменна, бы наканаванае, чуў: калёсы наязджаюць на коней, коні не могуць утрымаць, усё разганяюцца з гары: ляцяць па крутым спадзе — хутчэй, хутчэй. Дух сцінала ад жаху, хацеў нацягнуць лейцы, паспрабаваць спыніць коней, але рукі былі без сілы: хацеў — калі бачыў, што ўжо нішто не ўтрымае ашалелых, — ратуючыся пагібелі, адарвацца ад калёс, саскочыць — i не мог. A коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. От-от — бяда, пагібель, канец: каторы з коней не вытрымае шалёнага лёту, ірване ўбок, рынецца пад колы!.. Божа, даруй!.. Трудны, ну граны крык выбіваўся з Глушака, раздзіраў трызненне; чуючы, як шалёна, задыхаючыся, тахкаціць сэрца, як халодны пот гоніць па шыі, па твары, ён яшчэ слабымі, дрыготкімі рукамі хрысціўся, жагнаўся, адцана шаптаў малітвы. Адчуванне жахлівага лёту к бядзе, к пагібелі, адчуванне бяссільнасці доўга яшчэ жыло ў ім, неахвотна, марудна ўціхала, адыходзіла.

Ён так ні разу i не дасніў страшнага сну да канца: кожны раз абуджаўся, калі коні i калёсы от-от мусілі не вытрымаць пагібельнага лёту. Але, мабыць, якраз ад гэтага страх перад тым, чаго недасніў ні разу, што было там, за мяжою перабытага, найбольш i гнёў яго, таміў душу няпэўнай i нядобрай невядомасцю. Страх гэты дзіўна не цьмеў у яве, ён як бы пераходзіў з грызненняў у жыццё. Тая ж злая невядомасць чулася i наперадзе ў жыцці, злая асабліва таму, што яна ўжо не была прывідам, трызненнем. Яна была праўдаю, чутнай моцна, рэальнай.

Трывога перад заўтрашнім была самаю вялікаю трывогаю яго цяперашняга жыцця. Як агромністая хмаpa, вісела яна над Глушаком, цямніла ўсё сваім ценем. І усё ж, хоць чуу яс над сабою, чуу, што насоўваецца больш i больш, жыў, як i ўсе, як i іншымі гадамі: араў, баранаваў, касіў. Хоць без радасці, без лёгкасці былой, стараўся, асабліва на сенакосе, гнаў сябе i падганяў другіх. Як бы не мог перайначыцца, перастаць жыць тым, чым звык жыць заўсёды, што навек уелася ў душу. Перастаць жыць заўсёдным клопатам было яму як смерць. А ён хацеў жыць. Ён ірваўся жыць.

Часам, праўда, i яго ўпартыя жылаватыя рукі абвісалі без сілы, браў одум: ні на што ўсё гэта, яго гонка. Усё адно — ветрам пойдзе. Гаду якому — хутчэй — на карысць!.. У такі момант кожны раз востра пякло неадступнае: што рабіць? Адтаго, што думаў пра гэта ўжо багата, што прыдумаць не мог нічога толкам, што ведаў — змяніць нічога не можа, не здолее, як бы ні стараўся, з безнадзейнай роспаччу грудзі раздзімала важкая, безвыходная злосць. Увесь свет ненавідзеў! Увесь свет вінаваты быў, што яму так пагана!

Потым браўся зноў за працу, уядаўся, як сляпы. Робячы, спакайнеў патрохі; важкія думкі сплывалі, не вярэдзілі ўжо вельмі, боль аціхаў. Звыклы клопат, стома як бы захіналі ўсё туманам, як бы п’янілі — хоць i гарэлкі апошнімі днямі Глушак часта не цураўся. Ці ў гарэлачным, ці ў клопатным чадзе Глушаку чулася — хмара над ім нібы лягчэла, не так ужо гняла; тады прылівала дужасці, упартасці, душу цешыла надзея: быць не можа, каб так ішло век, каб не перамянілася! І ў Бога — цярплівасць не вечная! І ў Бога ж цярплівасці ёсць край! І літасць ёсць к няшчасным!.. Усё шчэ павернецца! Рана зарадаваліся, людзейкі!..

23
{"b":"205308","o":1}