Анісі давялося яшчэ пачырванець пад самы канец вячэрняга пасяджэння, калі дакладчык выйшаў да трыбуны з заключным словам.
— Некаторыя таварышы, выступаўшыя ў спрэчках, — казаў Галадзед, — пры цэлым шэрагу правільных з ix боку заўваг у сваіх прамовах дапусцілі шэраг прынцыповых памылак… Кой-хто з выступаўшых прамоўцаў спрабаваў так паставіць пытанне, што трэба наперад адбудаваць сельскую гаспадарку, а тады будзе лепш развіваць i прамысловасць. Адна сялянка тут сказала, што калі мы пабудуем спачатку сельскую гаспадарку, то ў нас будзе i мяса, i масла, i г. д., што мы зможам іэтыя прадукты вывозіць за межы, атрымоўваць ірошы, за якія можна будаваць добрыя квагэры, i г. д. Такая пастаноўка пытання прынцыпова няправільная. Камуністычная партыя зусім выразна i правільна паставіла пытанне, што толькі на базе высокай тэхнікі i культуры, на базе машынізацыі сельскай гаспадаркі можна мець сапраўдны яе ўздым…
— От, я знала! — ціха прамовіла Аніся.
Апейка паціснуў ёй руку, супакоіў. У думках запярэчыў Галадзеду: "Дык хіба ж яна супраць гэтага выступала! Яна казала ж, што для таго, каб хутка расла прамысловасць, трэба, каб i сельская гаспадарка не была ў заняпадзе. Добра вялася. Правільна казала!"
— Таварышы, трэба мець на ўвазе, — вучыў Галадзед, — што нават i пры "жырнай" сельскай гаспадарцы i пры шырока разгорнутай лёгкай прамысловасці, калі ў нас не будзе буйной машыннай індустрыі, мы рызыкуем ператварыцца ў добрую калонію індустрыяльных дзяржаў. У гэтым асноўнае пытанне…
З большасці спрэчак, якія тут праходзілі па майму дакладу, — заканчваў Галадзед, — відаць, што калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР знаходзіцца ўжо на такой ступені, калі пры ўсіх спробах кулака дэзарганізаваць беднату i серадняка, якія імкнуцца ў калектыў… мы бачым… што ўжо самі беднякі i сераднякі пачынаюць агітаваць друг друга за калектывізацыю. Мы чулі з гэтай трыбуны, што іменна самі сяляне i сялянкі кажуць, што калектывізацыя — гэта адзіны шлях уздыму сельскай гаспадаркі БССР… І вось, іменна ўлічваючы гэта, я i паставіў у сваім дакладзе пытанне рабром аб тым, каб да канца І930 года ўдзесяцярыць колькасць калгасаў i плошчу пад імі. Гэта задача цяжкая, але мы павінны яе не толькі паставіць, але i вырашыць. Чаго б гэта нам ні каштавала!..
3
Усе дні былі запоўнены пасяджэннямі. Пасяджэнні былі раніцай, былі ўвечары. На ранішнія спяшаліся ледзь развідняла, з вячэрніх прыходзілі познім вечарам.
Пасля дзённых клопатаў вячэралі голасна, доўга; доўга не маглі ўгаманіцца.
Апейку да позняй ночы не спалася. У поцемку радкаватым ад святла з вуліцы, яшчэ нібы сядзеў на сесіі; успамінаў пачутае, абдумваў-ацэньваў выступленнй меркаванні прамоўцаў. Асабліва ўважліва разбіраў ён у думках даклад аб калектывізацыі, з якім выступаў нарком земляробства Рачыцкі.
Чым больш у ціхім поцемку ночы Апейка ўдумваўся ва ўсё, што чуў днём у дакладзе, тым больш мацнела дваістае ўражанне ад яго. Нарком даволі стрымана гаварыў пра поспехі i праўдзіва казаў пра цяжкасці, якія перашкаджаюць разгортваць калгасы. "Нядрэнна было б мець пару тысяч трактараў да вясны — для падмацавання таго калгаснага руху, які мы маем, аднак спадзявацца на атрыманне ў бліжэйшыя гады той колькасці трактараў i машын, яка я нам патрэбна, не прыходзіцца…" Рачыцкі не таіў, што вельмі мала ёсць спецыялістаў для калгасаў, разумна дадаў, што спецыялісты, якія патрэбны, павінны мець асаблівую падрыхтоўку для працы ў агромністых гаспадарках. Патрэба ў спецыялістах, сказаў ён, перавышае ранейшыя планавыя разлікі самае меншае ў дзесяць разоўі "Гэтае пытанне нам вырашыць не пад сілу, — адкрыта дакладваў ён, — i на бліжэйшыя гады мы ў гэтых адносінах будзем мець вялікія цяжкасці…" Услед за гэтым, сціскаючы рукамі край трыбуны, лабата набычыўшыся, амаль не варушачыся, Рачыцкі абураўся: "Ёсць спробы запужаць, што арганізацыйна i тэхнічна мы не будзем здольны абслужыць таго калгаснага руху, які маецца зараз i які нарастае ўсё з большай сілай, не сумеем гэты рух прыстасаваць да нашай арганізацыйнай здольнасці, тэхнічнай узброенасці i фінансавай магчымасці. Такія настроі, па-мойму, надта шкодныя i ix трэба з усёй рашучасцю, з усёй сілай выбіваць!.."
Рачыцкі нібыта шчыра гаварыў: "Мы маем шэраг выпадкаў, калі калгасны рух пераліваецца за межы ўплыву асобных звенняў савецкага апарату i праходзіць часта без належнага арганізацыйнага кіраўніцтва савецкіх устаноў". Хто-хто, a Рачыцкі добра ведаў, што рух гэты не быў такі стыхійны i "не пераліваўся" сам сабою; што на арганізацыю яго даводзілася нямала траціць сілы!
Рачыцкі загадзя аб’яўляў, што калгасы не атрымаюць належнай тэхнікі i што грашовая дапамога будзе недастатковая. "Наша галоўнейшая задача на бліжэйшы час, — гаварыў ён, — гэта… мабілізаваць усе рэсурсы, якія маюцца ў самога сялянства, i цалкам накіраваць ix на сацыялістычную рэканструкцыю ў сельскай гаспадарцы". І тады, у зале, i асабліва потым, уночы, калі нанава перабіраў усё, тачыла Апейку трывожнае: i спецыялістаў для калгасаў амаль няма, i тэхнікі мала, а быццам грэх — лічыцца з гэтым; адно імкненне над усім: абы хутчэй, пабольш сабраць! Нявесела было на душы, калі згадваў, як Рачыцкі, зазначыўшы, што частка калгасаў "засмечана кулацка-нэпманскім элементам", заявіў, што нібыта праз гэта "калгасы ўхіляюцца ад здачы лішкаў прадуктаў i сыравіны, не выконваюць дагавораў па кантрактацыі".
Рачыцкі заявіў, што трэба весці рашучую барацьбу з такімі "ілжэкалгасамі"; тымі калгасамі, якім, думалася Апейку, можа, найбольш патрэбна цярплівая ўвага, разумная дапамога! Ці яму, наркому земляробства, не было вядома, што гэтыя "ілжэкалгасы" часта не выконвалі дагавораў таму, што ледзь станавіліся на ногі!
Адным сказам нарком зазначыў, што асаблівую ўвагу грамадскасці трэба звярнуць на падрыхтоўку калгасаў да веснавой сельскагаспадарчай кампаніі. "Кампаніі", якая багата для каго была першай, незвычайнай вясной!
Багата думаў Апейка пра тое, што казаў у садакладзе Тарасенка, старшыня Клімавіцкага райвыканкома. Клімавіцкія былі героямі сесіі: ix хвалілі, па ix заклікалі раўняцца; Апейка слухаў гэта з недавер’ем — кожны раз ажывала, нагадвалася тое, што бачыў i чуў у Жлобіне. Тарасенка стаў за трыбунай незвычайна для героя сціпла — у старэнькім пінжаку з цёмнай сарочкай, з клопатным круглым ілбом, дзелавіта сабраны. І загаварыў сціпла, дзелавіта — фактамі, лічбамі. Не тоячыся, адкрыта загаварыў пра цяжкасці, пра сумненні, пра непаладкі. Разумна сказаў, што арганізоўваць калгасы з раздробленых гаспадарак — гэта зусім не тое, што ствараць ix на абшарніцкіх землях, як было раней. Зазначыў, што былі таварышы, якія наогул сумняваліся, што можна стварыць добрыя калектывы "ў нашых умовах са старымі традыцыямі зямельнай палітыкі". Не таіў, што нават не ўсе члены партыі адразу i легка паверылі ў калгасы. Што "цвёрдай сцяной" сталі на калгаснай дарозе жанчыны.
Вабіла яго манера гаварыць: гэта быў нібы не садаклад, а гутарка відавочца, які глухаватым голасам проста, адкрыта расказваў усё, што бачыў, што рабілася перад яго вачыма. Але ён быў не толькі добры апавядальнік, a i ўдумлівы, разумны чалавек, — Апейка пераконваўся ў гэтым чым далей, тым больш. Узяць хоць бы тое, што ён асабліва вылучыў думку, што арганізаваць калгас багата лягчэй, чым замацаваць, наладзіць яго. "Асабліва мы цяжка адчувалі сябе пры складанні ўнутранага распарадку калгаса, — казаў ён спакойна, разважліва. — Гэта ж не калгас, які аб’ядноўвае якіх-небудзь пяць — сем двароў. Гэта калгас, які мае шэсцьсот рабочых рук, гэта, што называецца, добрая фабрыка. І м неабходна даць кожнаму работу, i трэба, каб гэтая работа была прадукцыйная. Трэба, каб яны не шаталіся па полі або па кутках, а каб яны працавалі… Прыкладаў у нас не было нідзе. Нідзе не было такіх планаў унутранага распарадку… Бюро раённага камітэта парты i прыйшлося ператварыцца ў Калгассаюз. Мы сядзелі i самі пісалі, прыдумвалі, якім чынам пабудаваць унутраны распарадак. Так i склалі распарадак, якім карыстаюцца i цяпер…"