Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Лупіць з-за пляча, канешне, лягчэй, чым развязваць, разбірацца. Лупіць з-за пляча яно i больш "надзейна"; само па сабе відно — рэч "прынцыповая". Але ж сячы з-за пляча добра было, калі конь імчаў цябе насустрач ворагу, яунаму ворагу; тады, калі не было як разбірацца, калі трэба было дзейнічаць адразу. Сячы — гэта неабходнае ў вайну, супроць яўнага ворага. Але як сячы тут, дзе наступаюць не ланцуг на ланцуг, дзе свой i вораг разам, дзе добрае i злое пераблыталася, сплялося; дзе легка секануць шабляй не толькі па ворагу, a i па сваім? Чаму ж іншыя гатовы секануць па табе толькі за тое, што ты хочаш разабрацца, перад тым як узняць сваю шаблю? Што ты хочаш, перш чым рашыць, разблытаць, разгледзець таго, хто перад табой? Пільнасць, — пільнасць якраз i павінна быць зліта з уважнасцю, з імкненнем разабрацца ва ўсім добра!..

Апейка ўспомніў, што казаў Белы пра Бухімовіча, i падумаў: не памыліўся Белы; такі Бухімовіч, i праўда, можа быць як правакатар — са сваёй яўнай архіпільнасцю i тайным кар’ерызмам. Што, калі такія бухімовічы ды галенчыкі — пры ix галасістасці ды нахабстве — возьмуць сілу, калі не адзін, не два такія, пры цяперашніх акалічнасцях, возьмуць сілу, — чаго яны наробяць са сваёй архіпільнасцю? Пры такім парадку, калі вольна будзе нападаць на кожнага, хто захоча разабрацца, выключаць тых, хто намерыцца заступацца? Калі даць волю такім, каму хочацца — для справы, вядома! — надзвычайных мер i правоў? Каму не церпіцца секануць з-за пляча? Калі моўчкі дазваляць награваць "страсці".

Ён падумаў, што такія людзі i такія тэндэнцыі, калі ix не стрымаць, могуць зрабіць нетрывалым становішча ледзь не любога чалавека. Апейка тут жа запярэчыў сабе, што тэндэнцыя гэта жыве толькі таму, што пакуль мала праявілася: не заўважылі, як трэба, шкоду яе; калi ж толькі праявіцца, ёй дадуць бой. Прышчэмяць, як гадзюку, што ўпаўзла ў дом.

Яму верылася, што гэта — да пары, што прыйдзе пара, i недалёкая, — i з усім гэтым разбяруцца, як трэба. "Чаго ты хочаш? — спрачаўся ён сам з сабою, цвярозы, разважны. — Каб проста было ўсё? Не будзе проста. Складана будзе ўсё. Бо — складаны час. Вораг не той, што ў ірамадзянскую. Не тымі метадамі дзейнічае. Асцярожна, спадцішка. Затоены, пад друга маскіруецца. Усміхаецца, як друг. Не ўсякага зразу раскусіш. А трэба — выкрыць. Абясшкодзіць. Каб не ўсадзіў нож у спіну табе!.. Таму трэба пільнасць, надзвычайная пільнасць! І нічога не зробіш, іншы раз яна будзе перарастаць у падазронасць! І лагоды, далікацтва — не будзе! Барацьба не спрыяе далікацтву! Барацьба ёсць — барацьба! Барацьба патрабуе рашучасці, робіць жорсткім. Гэта — непазбежна… Нельга зваць да лагоднасці. Гэта аслабляе ў барацьбе! І гэта — пры барацьбе — проста немагчыма. Трэба быць цвёрдым, рашучым, напагатове заўсёды! Такі закон барацьбы. Азбука барацьбы. Ты добра ведаеш гэта. — Але нехта іншы ў Апейку i згаджаўся з першым, i спрачаўся: — Ведаю. Але той жа закон барацьбы кажа: адзін у полі — не воін. Помні, што побач плячо друга. Памагай таварышу, ён — паможа табе. Толькі з таварышамі ты — дужы, ты — баец!.."

"Уся соль у простай ісціне: разбірацца, хто — друг, хто — вораг. Берагчы друга, нішчыць ворага. Такая простая ў думках i такая няпростая ў жыцці ісціна. Дзе ворага можна палічыць за друга, а друга — за ворага!.. Пільнасць, уважлівасць, суд сур’ёзны, справядлівы — адзін закон, абавязковы для кожнага. "Толькі факты, бясспрэчныя факты", — помніць заўсёды!.."

"Так, усё можна давесці да абсурду, да шкоды, — згадзіўся ён, успомніўшы Алесевы словы. — Ва ўсім — праўда — патрэбна пачуццё меры. Пачуццё рэальнасці…" Успомніўшы Алеся зноў, Апейка думаў ужо толькі пра яго. Перабіраючы гаворку, Апейка чуў цяпер неадступнае нездавальненне сабой: ён не зрабіў усяго, каб правільна накіраваць хлопца. Дзіўна, ён, вопытны чалавек, у гаворцы з хлопцам часта не знаходзіў патрэбных слоў. Зялёны хлопец сваімі гарачымі думкамі часта нібы адольваў яго, старэйшага i вопытнага. Усё таму, мабыць, што ён, Апейка, аказаўся негатовым да такой гаворкі. Мала ведаў, стаў як бы вучнем. Узяло трывожнае, бацькоўскае: "Каб не надламала гэта ўсё хлопца! Мы — што, мы — старыя ваўкі, тоўстая скура. Нас цяжэй збіць. А яму як, кволаму парастку? Ды яшчэ — з чуласцю яго!.." Апейка падумаў, што трэба зрабіць усё, каб памагчы хлопцу, выратаваць яго…

Ужо вярнуўся камандзір-пагранічнік, упоцемку раздзеўся, скрыпнуў ложкам, захроп, а яму ўсё не спалася. "Інтэлігенцкая мяккацеласць", — сказаў бы Башлыкоў. Сам падумаў з папрокам сабе:

— Усё ж нервы распусціліся… І не трэба было піць…" Намаганнем волi прымусіў сябе супакоіцца зусім: трэба спаць, заўтра важны дзень.

Засынаючы ўжо, убачыў —апошні раз, — як па сцяне коса паплыло святло з плошчы. Паплыло i прапала.

Раздзел трэці

1

Чым далей адыходзіў той дзень, калі ўпершыню пайшла па Куранях чутка пра перарэзку зямлі, тым больш рэдкімі i спакайнейшымі станавіліся гаворкі пра яе. Можна сказаць, што тыя, якія не асабліва трывожыліся, пачуўшы пра перарэзку, цяпер яе за клопатамі i зусім амаль не згадвалі. Іншыя, каго перарэзка палохала, цяпер думалі пра яе без ранейшага страху, усё больш прызвычайваліся да надзеі, што нічога такога не будзе, што ўсё абыдзецца адным спалохам.

Як нядобры напамінак, што бяда не мінула, даходзілі раз-пораз Міканоравы i іншых калгаснікаў размовы, што перадзел, або, як Міканор казаў,— землеўпарадкаванне, рана ці позна будзе абавязкова. Тады трывога зноў находзіла на многія куранёўскія двары, нанава ўздымала прыціхлыя ўжо гаворкі пра зямлю, пра справядлівасць, пра Міканоравы падкопы. Але праходзіў дзень, другі, i ўсё цвярдзей пераконвалі, супакойвалі адзін аднаго, што Міканор проста страшыць, каб ахвотней ішлі ў калгас, што Міканору таксама не ўсё можна. Няма, казалі, такога закону, так што няхай не пужае: усё роўна не даб’ецца свайго. І праўда, час нібы падмацоўваў гэтыя надзеі: дні ішлі ды ішлі, а каморніка не было.

І вось, калі ўжо амаль звыклі, што ніякага перадзелу не будзе, каморнік паявіўся. Міканор вёз яго сярод дня, i з выгана, з двароў, з вокан багата хто з куранёўцаў бачыў, як, спусціўшы ногі з драбінак, ківаўся ў Міканоравых калёсах па-гарадскому апрануты хлопец. Перад Міканорам стаяла, заўважылі, нейкая зеленаватая скрынка, ляжала штосьці ў чахле, было яшчэ штосьці, чаго не разабралі; але i без таго ўсім было відаць: на калёсах везлі нейкае важнае абсталяванне. Значыцца, чалавек ехаў на важную справу. Усім было хутка вядома, што Міканор прывёз чалавека на свой двор, што ўсё абсталяванне памог занесці ў сваю хату. Што чалавек i застаўея ў Міканоравай хаце; будзе, мабыць, там жыць. Яшчэ да таго як Міканор сказаў, каго прывёз, па Куранях пайшло здагадлівае: "Каморніка прывезлі!.. Рэзаць землю будуць!.."

Не прайшло паўз увагу куранёўцаў i тое, што трохі пазней, перад абедам, прыехаў да Міканора яшчэ важны госць, Гайліс — цяперашні старшыня еельсавета. Неўзабаве, паабедаўшы, каморнік, Міканор, Гайліе, Хоня i Алёша выйшлі з хаты, загуменнем, дзе было не так гразка, падаліся ў поле. Куранёўцы, якім пашчаеціла ўбачыць гэта з прыгуменняў ды агародаў, пераказвалі потым іншым, што ў полі за гумнамі каморнік, Гайліе i іншыя нейкі час стаялі, пра штосьці раіліся. Як пра надзвычайную асаблівасць, расказвалі тыя, хто бачыў, што у каморніка бялела нейкая папера, да якой хіліліся i Гайліс i іншыя. Расказвалі, што было відаць, як усе раз-пораз падымалі галовы ад паперы i нібы шукалі штосьці ў полі. З гэтага здагадлівыя куранёўцы выводзілі, што папера мела нейкае вельмі важнае значэнне для ўсёй справы. У ёй нібы значыўся не знаны пакуль куранёўцам лёс…

Ад загумення каморнік, Гайліс, Міканор, Хоня i Алёша, пра нешта гамонячы між сабой, пайшлі паўз сяло да выгану, дзе тырчэлі голыя кроквы пустой, без варот, калгасаўскай канюшні. Канюшня сама, было відаць, ix не цікавіла; Міканор адно на момант затрымаў ix, сказаў штосьці, але ўсе амаль адразу ж пайшлі далей. Яны, можна было здагадацца, падаліся да выгану таму, што паўз яго ішла з сяла мокуцьская дарога. Гэтай дарогай усе чацвёра i пайшлі ў поле, пакуль не сталі зноў, разглядваючы паперу, якую выняў з сумкі на баку каморнік. Калі каморнік схаваў паперу, збочылі з дарогі i падаліся полем, напрасткі праз палосы; дайшлі ледзь не да самага Церамоскага лесу. Ад Церамоскага лесу, што чарнеў ужо голы, але нават цяпер густы сваімі зараснікамі, ад чорнага мокрага i панурага балацянага гушчару павярнулі крута ўлева, зноў праз палосы, напрасткі. Можна было здагадацца, паказвалі каморніку, якая яна, куранёўская зямля: то рабая, у белых i чорных плямах, то зусім чорная, балотная каля Церамоскага лесу, каля мяжы бяскрайніх балот, што пачыналіся ў лесе; то ўсё больш жоўтая, больш пясчаная, па меры таго, як балота i мокры лес адыходзілі далей. Недалёкі збоку лес проста на вачах мяняўся: усё больш i больш зелянелі сосны, якія неўзабаве ішлі ўжо аднастайным i дружным зборам. І проста на вачах мянялася i поле: ці даўно было рабое, з жоўтымі плямамі, а вось ужо адзін, буравата-жоўты, прыбіты асеннімі дажджамі, россып. Неахвотна, рэдка бярэцца трава; па пожні відаць, якая няшчодрая тут зямля: пожня рэдкая, сцяблінкі—тонкія, кволыя, чэзлыя. Каляіны дарогі, што ідзе тут, у сасняк, на луг, у Мокуць, глыбокія i сыпучыя, поўныя пяску, травы абапал мала i кволая, дарога ўся — голая, сумная.

91
{"b":"205308","o":1}