Тут, на будоўлі, усімі больш распараджаўся Міканораў бацька, які ва ўсім раіўся з Ірыбком. Дамецік i Грыбок паказвалі, якія ямы капаць, як глыбока; якой даўжыні рабіць шулы, дзе абчэсваць, а дзе стругаць толькі. Міканор сам, у расхрыстанай сарочцы, без шапкі, з наліплымі на лоб, потнымі белымі валасамі, уядаўся жалезняком у зямлю, даставаў, кідаў на горку вільготную гліну. Ён жа ўдваіх з Зайчыкам над наглядам Дамеціка i Грыбка закопваў першае шула пад будучую канюшню, заўзята, нават люта ўтоптваў ботамі свежую зямлю вакол шула.
— Будзе стаяць. Покуль не сагніе, — сказаў весела Зайчык.
— Доўго пастаіць, — адгукнуўся Дамецік. — Дуб — дзераво жывучае.
— Жывучае, — падтрымаў яго Грыбок.
Да вечара ўкапалі тры шулы, абтапталі пры ix зямлю. Упоцемку паклалі нават дзве падваліны. Мужчыны трохі пасядзелі на ix, пакурылі, толькі тут заўважылі, як нарабіліся за дзень. Нылі спіны, балелі рукі; пальцы непаслухмяна, важка скручвалі цыгаркі…
— Замучыў ты, братко, усіх! — папракнуў Міканора Зайчык. — Як так будзе, то духу ненадоўго хваціць!..
— Ето з непрывычкі! Прывыкнем — анігадкі будзе! — пажартаваў, заступіўся за Міканора Хведар.
— Шчэ дзень, а там — будзе лягчэй, — сказаў Міканор. — Возьмемся старое раскідаць!.. — Ён зацягнуўся. — Возьмем старое, штоб памагало новаму…
На другі дзень зноў ездзілі ў лес, прывезлі дубоў. Хведар, Дамецік, Грыбок у лесе не былі: з ранку цюкалі на выгане, рыхтавалі шулы. Пасля абеду на выгане сышліся ўсе: да поцемку ставілі шулы, часалі, лажылі падваліны. Калі курылі, седзячы на падвалінах, Міканор сказаў Алёшу i Хоню, каб прыйшлі заўтра да яго гумна з сякерамі — рабіць "лёгкую" работу…
Навіны ў Куранях хутка разбягаюцца ад хаты да хаты. Раніцай усё сяло гаманіла, што Міканор будзе раскідаць сваё гумно. Каля платоў, каля калодзежаў, на дварах перадавалі адзін аднаму, меркавалі, судзілі кожны на свой лад. Не аднаго дзівіла, уражвала: не адумаўся, не баіцца нішчыць сваё, сваёй рукой. Не адзін нядобра круціў галавою, вызначаў: зусім здурнеў, стараючыся за сваю дурную выдумку.
He абы-як хваляваліся i многія калгасаўскія. Тoe што Міканор збіраўся бурыць не чыё-небудзь, а сваё гумно, не давала супакаення: усе разумел i, што вельмі хутка за гэтым i ім трэба будзе адважвацца на такую страту. Міканор i пачаў з сябе, разумелі, пэўна, таму, каб паказаць прыклад, як трэба ахвяраваць сваім дабром…
Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, салодка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе пільна-трывожны позірк маці. Папраўляючы штосьці ў печы, яна павяла вачыма ў яго бок. Іолькі момант, яшчэ санлівы, бачыў Міканор яе позірк, але i гэтага было даволі, каб зразумець, пра што яна трывожыцца. З той хвіліны, ці абуваўся, ці мыўся, Міканор ледзь не ўвесь час заўважаў яе насцярожаную ўвагу, чакаў, што яна загаворыць. Яна маўчала: можа, адтаго, што не ведала, як пачаць, Міканор знарок не паказваў, што заўважае яе позіркі, што гатовы слухаць.
Калі падала снедаць, села насупраць, склала рукі на грудзях, глядзела, як ён есць, i, як раней, маўчапа. Ён чакаў: зараз загаворыць.
— Дак ето… сягоння? — выдыхнула нарэшце.
— Сягоння. — Міканор знарок не зірнуў на яе, спакойна еў аладкі з салам. Паказваў: няма чаго ўжо гаварыць пра гэта.
— Не… перадумаў?..
— Думалі ўжэ…
— Думалі…— Хвіліну вагалася: столькі спрачалася за гэтыя гады, ведала, як ён слухаецца, усё ж не вытрывала, папракнула: — Ето — канешне: бурыць!.. Толку з яго старого — калі раскідаць. Як яно струхлело ўсё… — Яна апошнім часам, пярэчачы, амаль заўсёды гаварыла так, быццам клапацілася больш пра Міканора, пра яго ж выгаду. — Як ставіць ужэ, то — са ўсяго новаго. Штоб пастаяло доўго.
— Падзержыцца шчэ i етае, мамо…
— Нас з табой перажыве, не бойся, — падтрымаў Міканора бацька, ідучы да стала.
Матка ўстала, дала яму месца, прынесла яшчэ аладак. Папракнула:
— Ты б, стары, памаўчаў. Калі ўжэ разумнаго сказаць не можаш! — запярэчыла Міканору: — Падзержыцца! Ето здаецца толькі. Сагніло ўсё з сярэдзіны. Толькі на пагляд — дзераво як дзераво, а так — гнілое ўсё! — Асцярожна, лагодна села побач. — Да й ці тут не трэба яно калгасу… Ці калгасу ўжэ i гумнаў не трэба?..
— Гаварылі ж ужэ, — сказаў бацька. — Ахвота дурыць хлопцу голаву попусту!
— Я разумнае яму раю, — стрымалася матка. — Не канешне бурыць усё, што складзено…
— Дай пад’есці хлопцу, — строга папрасіў бацька.
Яна прамаўчала, тоячы крыўду на бацьку. Падышла да печы, па-мужчынску рослая, зірнула ўсярэдзіну, узяла качаргу — падгарнула вугаль. Велікаваты, амаль бязбровы твар яе няроўна, хістка чырвоніла полымя.
— Не чапай, Міканорко, — папрасіла, калі Міканор выцер губы далоняю, устаў з-за стала. — Лесу багато.
Ён распрастаў плечы: добра пад’еў, чуў у плячах, у нагах, ва ўсім целе непатрачаную, радасную дужасць.
— Яго, мамо, i трэба багато, — сказаў паблажліва, сыта. — Новаму дзераву, мамо, таксама хваціць дзела, не бойцеся. Усё пусцім у дзело. І новае i старое. — Раптам загаварыў дзелавіта, сур’ёзна, нібы тлумачыў: — Мамо, нам трэба хутко зрабіць. І часу, i рук лішніх няма, не разгонішся. А тут — дзеразо гатовае саўсім. Зразу складуваць можно. Ясно?
На прызбе ўжо гаманілі калгаснікі. Міканор надзеў пінжак, цвёрдай хадою выйшаў на вуліцу. Памеркаваўшы, паслаўшы ўсіх працаваць, ён вярнуўся ў хату, хацеў узяць сякеру, якую паклаў пад лаўку каля дзвярэй. Сякеры не было. Ён здагадаўся: узяў бацька. Зноў заўважыў, што матка сочыць, я к бы чакае чагосьці; не азірнуўся, выйшаў з хаты.
Яшчэ ад хлява ўбачыў, што каля гумна цэлы натоўп. "От жыць стаў: куды ні пойдзеш, усюды — чарада, — падумаў, чуючы ахвоту смяяцца. — Кеб грошы браць за глядзенне, дак пабагацець можна було б!.." Ён легка, дужа пайшоў травяной, пажоўклай ужо дарожкай, з той ахвотай, гарэзнасцю, з якімі выходзіць борацца спрытны, упэўнены ў сабе хлопец перад усімі хлопцамі i дзяўчатамі, усім сялом.
Калі заўважыў, што яго ўбачылі, сочаць, пайшоў яшчэ лягчэй.
— Народу, — азірнуўся, быццам здзіўляўся, — як — на вяселле!
Заўважыў блізка Андрэя Рудога, Сароку, Грыбка, Зайчыка. Амаль усе калгаснікі стаялі тут — не пайшлі рабіць.
— Занудзіліся, мабуць! — падтрымаў Хоня. — Вясёлаго даўно не було!
— Будзе сягоння! — шмаргануў носам Алёша.
— Ну, дак што ж: калі ўжэ такая ахвота — пакажам, можа? — Міканор павёў вачыма на Хоню, на Алёшу, на Зайчыка.
— А можно i паказаць! — зарагатаў Хоня. — Мы не ганарлівыя!..
Міканор вынес з гумна загадзя падрыхтаваную лесвіцу. Прыставіў да страхі, на самы рог гумна. Праверыў, ці добра стаіць. Разуўся, аддаў боты бацьку, ступіў нецярпліва на папярэчыну. Хоня i Алёша самі ўзяліся падтрымліваць лесвіцу. З верхняй папярэчыны ўхапіўся пальцамі за жмут парослай зялёнымі струпамі моху страхі. Учарнелая, патлелая зверху салома крышылася — ён стараўся ўшыць пальцы глыбей. Чапляючыся рукамі, уцінаючы пальцы ног у салому, намагаючыся не асклізвацца, амаль на карачках, спрытна пабег угару. Ён бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю; увесь час радасна помніў: знізу глядзяць людзі. Не думаў ніколі, што так спатрэбіцца даўняя навука лазіць па стрэхах: умомант дапаў да самага верху, стрымліваючы частае дыханне, стаў. Стоячы наўколенцах, на самым вільчыку выпрастаўся — усярэдзіне штосьці радасна i — жудасна дрыжала. Знаёмае, забытае.
— Мо — перадумаў! — крыкнула знізу нейкая жанчына; здаецца, Сарока.
— Лезь уніз! — пазваў хтосьці з мужчын.
Другі падхапіў:
— Покуль не позно!
Ён зварухнуўся, зірнуў уніз: адтуль глядзелі, чакалі,— падумаў з хлапечай гарэзнасцю: "Глядзіце! Прывыкайце! Шчэ не раз глядзець трэба будзе!.."
— Сцеражы-ыцеся! — Міканор адвязаў, ірвануў сівую бярозавую паплеціну. Яна не адразу паддалася, нібы ўрасла ў страху, — ён ірвануў мацней, адарваў, стараючыся не траціць раўнавагі, учапіўшыся другой рукой у страху, штосілы штурхнуў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася i пераламалася каля самай Міканоравай рукі; перавярнулася разы два, пасунулася наўкася трохі i лягла над краем страхі. Унізе засмяяліся: