— Ну, гультай! Цацкаюцца, як з малым!
У хісткім святле лучыны Валодзя санліва глытаў бульбу, надзяваў торбу з кніжкаю i сшыткам, сунуўся на вуліцу, з якой нярэдка ўжо зваў яго гоман таварышаў.
— Не забуў хоць чаго, глядзі! — вечна ішла ўслед матка.
Пазней за ўсіх, калі не будзіла дзіця, уставала Маня. Седзячы на ложку, доўга спала, пазяхала ўголас, чухалася — ніяк не магла прачнуцца. Матка ледзь не кожны раз пры гэтым пачынала яшчэ больш завіхацца; лагодным голасам раіла паляжаць яшчэ: няма чаго ўставаць ні свет ні зара, адна тут управіцца. Зноў жа — малое не давала паспаць па-людску. Маня сапла, крывілася недавольна i часта лажылася зноў. Здаралася, што Васіль i не бачыў, калі яна ўставала…
Удзень Васіль найбольш быў у гумне: малаціў. Зняўшы з шула цэп, размахваўся, біў i біў па разасланым жыце, па ячменю, пад якімі чулася цвёрдасць тока; зграбаў салому, падмятаў зерне; зноў зносіў, рассцілаў снапы, мерна, звыкла цупаў бічом. Часам прыходзіў дзед: памагаў веяць збожжа. Заходзіла матка: ці звала абедаць, ці прыносіла чаго-небудзь пад’есці; памагала адграбаць салому. Вярнуўшыся са школы, зазіраў Валодзя; калі аднойчы Васіль, спатнелы, зморана варушачы плячыма, выйшаў з гумна, малы ўзяў важкі, доўгі цэп, натужваючыся, размахнуўся. Біч мала не зачапіў галавы, a калі Валодзя выцяў па снапах, балюча рванула рукі; але Валодзя не адступіўся. Сапучы, падняў цэп другі раз, трэці… Васіль хутка вярнуўся, хмурна папракнуў:
— Вырас пад жаніха, а цэпам выцяць не можаш!
— От зараз, глядзі! — загарэўся Валодзя.
Ён, чырвоны ад натугі, ударыў бічом штосілы: канешне, як сам Васіль; але Васіль быццам i не заўважыў, строга загадаў адцаць цэп. Стаў моўчкі малаціць, як бы Валодзі тут i не было…
Дзятліха i дзед Дзяніс найбольш гаспадарылі на двары, у хляве: паілі жывёлу, кармілі, падкідвалі падсцілку. У хаце дзед то лез на печ, то рэзаў на лаўцы тытунь. Маці паліла ў печы, Маня гушкала дзіця, памагала свякрусе; тая, акрамя ўсяго, пільна сачыла за меншым, прымушала садзіцца за стол, чытаць i пісаць урокі, што зададзены на дом… Усё нібы ішло як заўссды, але пад усім гэтым заўсёдным няўціхна жыло, не знікала ні ўдзень, ні ўночы іншае, якое, хоць яго i стараліся не паказваць, не заўважаць, было пры тым самым чутным, самым вярэдлівым кожнаму. Тая нягода, якая неспадзеўкі для ўсіх, акрамя Васіля, укацілася ў хату, калі Бугай на ўсё сяло раскрычаў пра тайныя Васілёвы ды Ганніны спатканні, не забывалася, не ціхла ніколі; яна была, чулася, турбавала ўвесь час. Нікому не было вядома, чым яна гразілася. Усе адчувалі гэта, i ўсе жылі ўжо не так, як жылі яшчэ нядаўна.
І раней невялікі весялун, Васіль цяпер ледзь не цэлымі днямі хмурна маўчаў. Сам ён амаль не пачынаў гаворкі i адказваў неахвотна, рэзка, коратка. Асабліва маўклівы, нелагодны быў ён з Маняю: здаралася, што за суткі не перамаўляўся з ёю словам. Ён не таіў, што не хоча сустракацца з ёю, стараўся да ночы не заходзіць у хату. Калі даводзілася сысціся за сталом, аберагаючыся яе позіркаў, хутчэй сёрбаў боршч i глытаў гарачыя камы — хутчэй вырываўся на волю.
Удзень i яна гаварыла мала: толькі слязілася часам ды смаркалася. Яна нібы чакала ночы. Цяпер, у цемры, пад адной коўдрай, яна ўжо не хліпала моўчкі, як першыя ночы; з кожным разам да слёз дадавала ўсё больш папрокаў. Васіль, як бы адгароджваючыся, лажыўся спіною да яе; за спіною чуў, нудна, назольна гугніла: "Пайшла, дурная… За такого… Казалі: "Не ідзі"… "Hi кала ні двара"… "Чаго ты пойдзеш?"… Пайшла. Не паслухалася, дурная… Пашкадавала. Думала: бедны ды няшчасны, любіць болей будзе… А бяду агораем: прынясу сёе-тое. Скрыню поўную, карову… Хату бацько паможа… Дак от, аддзячыў… Аддзячыў за мае добрае… Адцзячыў. Загубіў жызню маю маладую!.. Асарамаціў на ўвесь свет!.. На вуліцу паказацца не можно!.." Яна доўга хліпала, смаркалася, потым зноў вяла, цягуча, паныла, нейкім сырым голасам: "Казалі: "Не ідзі за яго"… "Hi кала ні двара"… "Чарнушкава ета, голая, i то адвярнулася"… "А ў цябе дабра столькі", казалі. "Любы возьме"… Не паслухалас я, дурная!.. Сама ў пельку налезла…" Зноў за Васілёвай Спіною хліпала, смаркалася. Сапла важка. "Хведар з Алешнікаў наказуваў бацьку: "Аддай за Аўсея…" Не захацела, кручаная… Лепшага трэба було!.. Ад шчасця свайго сама адказалася!.. Сама… Пайшла б за Аўсея — жыла б прыпяваючы! На ўсе Алешнікі гаспадары, не тое што!.. Дак не ж, не паслухалася! "Кульгавы, крывы — Аўсей, не даўпадобы!.." Сама сабе загубіла жызню!.. Знайшла шчасце! На вуліцу хоць не вытыркайся!.." Зноў слязліва сцепалася, смаркалася. "Дабра столькі бацькаваго перабраў… Азалаціўся бацькавым дабром… Карову, землю такую забраў. Хату паставілі… Усе мало! Усе забуў, толькі пазвала ета… — яна памаўчала, шукаючы вартага слова, але не знайшла. — Я тут кручуся ўвесь дзень, корпаюся ў егым гнаі, свету не бачачы. А ён, — у голасе яе штосьці забулькала, крыўднае, злое, — а ён — па разорах качаецца з етаю!.. Ёй захацелася свежаго, яна крутнула хвастом, дак ён i пабег да яе! Па разорах качацца, покуль жонка корпаецца ў гнаі!.. Жарабец, кныр паганы!"
Маня быццам бачыла, з кім ён думкамі, душою, хоць i ляжыць пры ёй. Адтаго, што ён на ўсё маўчаў, яна ўсё больш злавала; усё больш чула, як бы ні хацела, не зможа нічога зрабіць, каб адхіліць бяду. Не раз i не два штоночы згадвала яна Ганну з такой нянавісцю, што не магла вымавіць яе імя; не знаходзіла, здавалася, вартых слоў. Тoe, што яна ўсё больш разумела, што змяніць нічога не здолее, што бяссільная, яшчэ распальвала яе нянавісць. "Знайшоў каго!.. Ету с-сучку!.. Якая шчэ ў дзеўках лезла пад усякаго!.. Якой толькі адно наўме!.. Толькі адно — штоб склешчыцца!.. Абы з кім! Абы — жарабец!.. Абы — кныр!.. Абы — склешчыцца!.. Ету… ету… Якая век па завуголлях бегае!.. Суку завугольную!.. Якая ля кожнага вугла! Ля кожнага плоту!.. Абы з кім!.. Абы — кныр!.."
— Маўчы ты! — не вытрываў Васіль. Ён сказаў з такім гневам, што яна ад неспадзеўкі анямела.
Азвалася са злой радасцю:
— А, не даўпадобы!.. Шкода стало!..
Васіль павярнуўся да яе так раз’ятрана, што яна замерла. Ведала гэтыя раптоўныя прылівы гневу. Ён i праўда гатоў быў учапіцца ў горла ёй. Колькі хвілін ледзь утрымліваў дыханне.
Яна адсунулася да сцяны, ляжала моўчкі, прыслухоўвалася. Калі ён паспакайнеў, захліпала:
— І не скажы нічого!.. Слова не скажы!.. Сама вытварае такое!.. А не скажы!..
Васіль мацюкнуўся. Адкінуў коўдру, поцемкі стаў шукаць апоркі. Сарваўшы світу з крука, накінуў на плечы, стукнуў дзвярыма. Доўга сядзеў на халодным ганку, не мог астыць.
З гэтага вечара Маня пабоивалася клясці каля яго Ганну Сцепалася толькі ў плачы, упікала, гразілася пайсці; ён, як i раней, ляжаў, адвярнуўшыся ад яе, маўчаў, думаў сваё. За ўсе ночы ні адным словам не павінаваціўся ён жонцы. Слухаючы яе, нанава ўспамінаючы ўсё, што было з Ганнай, Васіль не адчуваў ні сораму, ні вінаватасці перад Маняй. Не трывожылі Васіля яе пагрозы: "Пайду! Кіну ўсё. Як так мучыцца… Жыві, цешся з етай сваёй!.. Пайду! Лепей ужэ адной! Як такое…" Часам было i так, што Васіль, лежачы побач, не чуў ні скарг яе, ні пагроз; тады, калі яна хліпала, гразілася, ён думкамі, успамінамі як бы вырываўся з цемры, з хатняй задухі на волю, бачыў поле, прыгуменне, Ганну. Чуў Ганнін голас, бачыў Ганніна аблічча; цешыўся, ладзіў удваіх з ёю нязнанае шчасце…
Яму было шкода маткі, няёмка было перад дзедам; хата адна, ведаў: яны не спяць, чуюць усё. Нярэдка лавіў слыхам, як матка стрымлівае невясёлы ўздых, як дзед варочаецца на печы. Павяртаўся да жонкі тварам у твар, жорсткім, лютым шэптам загадваў:
— Сціхні!.. Зараз жа!..
Яго нелагоднасць да жонкі пераходзіла ў жорсткасць: ні разу не памкнуўся Васіль супакоіць Маню хоць словам; не толькі таму, што не ўмеў, a i таму, што не хацеў Аднойчы ноччу яна прытулілася да яго спіны, пяшчотна пагладзіла. Потым нават пацалавала. Васіль, які i раней не любіў "лізання", непрыхільна варухнуў плячом, як бы загадваючы адкаснуцца. "Выдумала! Знайшла час!.." — падумаў як пра недарэчнае. Але яна не адхінулася, зноў стала туліцца да спіны, лашчыць яго. "Не було нічого, — пачуў ён неспадзеўкі гарачы, дзіўна вясёлы шэпт. — Не було! Матка его праўду кажа!.. Выдумал i ўсё, нагаварылі!.. Бугай сам выдумаў i пусціў па сялу. Пусціў, a друпя — ухапіліся!.. Ім даўно хацелася етаго!.. Завідно було, што хату такую ставім! Што разжываемся! Не тое што некаторыя!.. От Бугай i выдумаў! A ўсе ўхапіліся! Ca зла, з зайздрасці!.." Яна раптам абхапіла яго рукою за грудзі, прыціснула так, што яму цяжка стала дыхаць; ён, можа, упершыню адчуў, што яна такая дужая. Яна павярнула яго да сябе: "Васілько, харошы! Ніхто нас не разлучыць!.. Я цябе буду шанаваць, штоб там ні казалі!.. Не буду слухаць нікого!.. Аднаго цябе!.. Аднаго!.. — Яна стала лашчыць яго, цалаваць так хапатліва, ашалела, што ён нібы не пазнаваў яе. Што раптам здзеелася з ёй, такой лянівай, няўклюднай, якая, здавалася, часта на хаду драмала!