Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Беразоўскі, як i седзячы, калі стаў, таксама горбіўся, важкая галава выдавалася ўперад; у стол упіраліся моцныя кароткія рукі. Вочы глядзелі спадылба, i збоку здавалася, што яны нядобрыя, злыя, i сам ён здаваўся хмурным, жорсткім.

— Я хачу ўказаць тут на некаторыя маменты, — сказаў ён важка, глуха. — З каторымі я не згодны. Антон Аляксеевіч тут асвятліў так, што Апейка звязан з варожымі элементамі i састаіць у радстве з імі. Ён гаварыў пра брата Савасцея. І не сказаў, што ў Апейкі ёсць яшчэ брат i тры сястры. І што яны — беднякі ці маламоцныя сераднякі. І не атмеціў, што бацькі Апейкі зноў жа — самай што ні на ёсць пралетарскай крыві. Гэта ён упусціў. Па-другое, ты, Аляксеевіч, упусціў, што за ахвіцэра Апейка хадатайстваваў не сам, а таму, што к яму прыходзілі дзеці са школы. От што. Паслухай, потым скажаш! — не даў ён перабіць сябе Галенчыку. — І я папутно хачу сказаць — шчэ раз, што ахвіцэры таксамо — розныя былі. Я табе расказваў ужэ пра штабс-капітана Карабкова, каторы шчэ пры царском рэжыме агіціруваў нас за бальшавікоў. І пайшоў пад суд за ето. Або вазьмі Тухачэўскаго — зноў жа ахвіцэр, да шчэ i з дваран. A Ленін не пабаяўся назначыць яго камандуюшчым. Пастой, паслухай! Я ж цябе не перабіваў!.. А тут жа гэты Гарошко — хто? Не тое што не дваранін, a i селянін — бацько яго — не асаблівы. Серадняк. Вывучыў яго, выбіваючыся з сілы. У людзі хацеў вывесці. Вывучыў, зрабіў настаўнікам. І з-за таго Гарошку етаму i начапілі залатыя пагоны. От які гэто ахвіцэр! І зноў жа людзі, як ты чуў, гаварылі: супроць савецкай улады — нічого не рабіў. За савецкую ўладу гаварыў!.. Не пішы, паслухай ды падумай… Дак які ж гэто, як ты кажаш, закляты вораг!.. І к таму ж дзеці прасілі Апейку за яго! Так што тут твая крыціка — пустая! І пра хлопца таго, пра Глушака, папутно— тое ж скажу. Kani ён хоча жыць па савецкаму закону — няхай жыве! І правільно — што Апейко памог яму! Няхай жыве! Што ж яго, як тое кацяня: яно на бераг, задыханы ўжэ, лезе, а мы яго зноў у раку: тапіся! Тут зноў тваё ўпушчэнне! І папутно зноў адкажу пра самого Апейку. Ты няправільно стараешся завесці яго ў тупік! Няправільно! Ён, канешне, чалавек, не святы, ето правільно: жывучы на зямлі, усяго набярэшся. Як той куст пры пуцях — i пылу, i шлаку. Але ён, Апейко, — харошы чалавек. Бальшавік. Не перабівай, слухай! Аб етом гавораць усе факты, усе надзейныя людзі пацвердзілі гэто, з якімі мы гаварылі. А ты ўхапіўся за мацер’ял, каторы падкінуў, можа, які-небудзь прахадзімец. "Ці можа быць такі чалавек на савецкім пасту!" І яшчэ падпяваеш яму: "Не можа!"

— Я не падпяваю, — абурыўся Галенчык. — Я даказаў гэта пераканаўча!

— Нічога ты не даказаў! — загарэўся i Беразоўскі.— Нічога! — гаварыў, як лажыў важкія, чыгунныя пліты — Ты кажаш: "Не можа!" А я кажу: можа! І ў партыі — можа быць! Такая мая думка! От што!..

Апейка, які пасля Галенчыка не вельмі верыў У гэтага не зусім зразумелага, прытоенага маўчуна, слухаў яго i з раптоўнай уцехай i з вінаватасцю. От, чакаў ад яго паганага, не верыў, а ён — глядзі ты, цвёрда сказаў сваё слова. І якое слова, якое разумнае, цвярозае; Апейка быў поўны неспадзяванай удзячнасці. Раптам перастала біць у скроні, пасвятлела ў галаве. Пачуў сябе лягчэй: як бы ўбачыў наперадзе прагаліну…

Спакайней, з давер’ем слухаў Белага, які, відаць, хацеў ужо канчаць абмеркаванне.

— Час позні, таварышы. А мы хацелі б абмеркаваць яшчэ аднаго таварыша… Таму я яшчэ раз прашу: быць дысцыплінаванымі. Памагаць нам працаваць… Не шумець у зале… — Ён памаўчаў, i Апейка зразумеў: зараз пачне гаварыць пра яго. Белы загаварыў так жа роўна, спакойна, але разважліва: — Чыстка… Што такое — чыстка?.. Чыстка — здаецца — вельмі простае: чысціць… Бяры мятлу — лепей густую ды пацвярдзей — i мяці… Чысці, шаруй. Пакуль не стане чыста. Чым мятла цвярдзей, чым шаруеш цвярдзей, тым лепей… Проста… — Памаўчаў зноў, заявіў: — Проста i— няпроста!.. Проста — калі падлога, i няпроста — капі людзі! Няма такой мятлы, якая чысціла б проста людзей. Няма i — не будзе! От у чым закавыка! Тут штука — тонкая! Тут не размахнешся! Тут дзесяць разоў трэба прыгледзецца, вывучыць усё! Каб рашыць сйравядліва, па-бальшавіцку!.. Яно ж — i гаспадыня добрая, метучы, не асабліва размахнецца мятлой… Глядзіць, як бы са смеццем не вымесці i лыжкі ці лапця… А як жа камісія павінна глядзець, каб не аставіць у партыі смецця. І каб, — Белы загаварыў з націскам, — каб не вымесці таго, чаго вымятаць не трэба! Што патрэбна ў гаспадарцы, што трэба партыі бальшавікоў!.. От што такое, калі падумаць, чыстка! Вымесці смецце i аставіць усё добрае!.. Той, хто вымятае не толькі смецце, a i добрых партыйцаў, той робіць не меншае зло, чым той, хто пакідае смецце!.. От з гэтага давайце i паглядзім на ўсю гэту гісторыю з таварышам Апейкам… Давайце паглядзім, хто такі таварыш Апейка!.. Таварыш Беразоўскі гаварыў, хто яго бацькі. Правільна гаварыў. Тут карціна ясная, i няма чаго паўтараць тое, што вядома. Давайце паглядзім на жыццёвую дарогу самога Апейкі!.. Дзіця бедных бацькоў. Пастух, касец… Навабранец… Салдат у акопах… Чырвонаармеец… Тут вельмі важна, што ў Чырвонай Арміі ён не адбываў службу, a служыў, не шкадуючы сябе!.. Быў ранены!.. За савецкую ўладу чалавек праліў кроў!.. Для савецкай улады ён стаў камандзірам. Агітатарам!.. — Год за годам перабіраў Белы Апейкава жыццё, пакуль не падвёў да вываду: усё, чаго дабіўся Апейка, ён дабіўся, дзякуючы савецкай уладзе i таму, што па-сыноўняму служыў ёй. Само Апейкава жыццё, якое нядаўна пад недаверлівым, зняважлівым позіркам Галенчыка выглядала нікчэмным, бруднаватым, цяпер разгортвалася, як няхай i не выдатнае асабліва, адкрытае людскім вачам віднае ад краю да краю поле. — Такое жыццё таварыша Апейкі…— нібы падвёў рысу Белы. — На ім — адна вялікая, паганая пляма. Брат. Кулак. Родны брат — кулак!.. Кулак i па свайму етановішчу, i, як мы ведаем, па свайму духу. Скажу проста, такое сваяцтва насцярожвае i прымушае нас больш уважліва прыглядацца да таварыша Апейкі. І я тут разумею недаверлівасць таварыша Галенчыка, — раптам прыкра адгукнулася ў Апейку. Насцярожыла. — Я i сам з асаблівай увагай вывучыў гэтую частку Апейкавай біяграфіі. Гэта вельмі важна для высвятлення асобы таварыша Апейкі,— трывожыў Апейку Белы. — Па тым, якія адносіны ў Апейкі з братам, мы можам меркаваць, хто такі сам Апейка… Таварыш Галенчык сказаў, што з адной яблыні яблыка ад яблыка падае недалёка. Сказаў нават, што ляжаць радам… Гэта правільна. Што да яблык. Але людзі — не яблыкі. Людзі могуць быць i радам, i могуць быць па розныя бакі барыкад… Таму мы ўважліва праверылі, блізка ці далека адзін ад аднаго браты Апейкі. Праверылі, еў ці не еў Апейка, як тут пісалі, кулацкае сала. Я магу ўпэўнена сказаць цяпер: не еў. Браты, можна сказаць, ідуць зусім рознымі дарогамі… Але, разам з тым, камісія ўказвае таварышу Апейку, што ён вінаваты, што не спыніў своечасова брата. Што даў яму вырасці ў такога вырадка, у кулака!.. Гэта віна ёсць на таварышу Апейку, i мы ўказваем яму!..

"Вінаваты, век буду вінаваты! — падумаў Апейка. — Век будуць чапляць!" Узяло расчараванне: разумны чалавек, а гаворыць такое! Але Белы не цікавіўся яго пачуццямі, Белы спакойна, незласліва i бязлітасна вёў сваю гаворку, мераў усё сваёй меркай. Вось пачаў ужо новае: "А цяпер паглядзім, як праявіў сябе таварыш Апейка на рабоце. Работа — самая дакладная праверка бальшавіка…" Апейка не прапусціў слова да тых апошніх, якія сказаў Белы:

— І калі найлепш пра чалавека меркаваць па рабоце, па справах, то таварыш Апейка — наш, савецкі работнік. Бальшавік… Ca сваімі заслугамі перад партыяй… Такія людзі патрэбны партыі.

Калі Апейку далі слова, ён раптам пачуў, што не ведае, з чаго пачаць. У душы было яшчэ поўна трывогі, неастылага хвалявання. І разам з тым жыла надзея, адчуванне, што усё кончыцца добра. Адзін будзе супроць, але магло б быць i горш. Ён бачыў перад сабою твары: яснейшыя ў кругах святла, цьмяныя — далей. Твары, вочы, вочы, што чакалі. Што ж казаць? Можна гаварыць многа, але нашто? Беразоўскі i Белы сказалі… І трэба — падумаць, разабрацца ва ўсім. Але — гэта потым… Як цяжка гаварыць, капі столькі адразу асела ў галаве, столькі перажыта!.. Трэба коратка. Самае галоўнае…

69
{"b":"205308","o":1}