— Багацей… Па-іхняму называецца — хан. Па-іхняму — хан, а па-нашаму — пан. Тое ж самае. У сачыненні Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна апісан адзін такі случай.
Нагаварыўшы ўсялякіх цудаў, у якія Васілю i верылася i не верылася, Руды, як старэйшы, мудрэйшы, узяўся навучаць, як выбрацца з бяды.
— Калі будзеш расходзіцца з бабаю сваёй, глядзі востро, штоб не абдурылі. Штоб усё, як паложано па Гражданскаму, а такжа, так сказаць, Працэсувальнаму кодзексу. Па кодзексу паложано палавіну імушчаства — табе, палавіну ёй. Яжэлі ёй, скажам, карова, то табе — конь. Яжэлі хату дзяліць, то такжа трэбуй: палавіна — мне. Або калі, дапусцім, хату ўсю ёй, то ты імееш право трэбуваць факцічаскую замену. У відзе, прымерам, каровы, свіней, хлява i таму падобнаго. Штоб усе па закону було, а не так, як Лесуну захочацца!..
Руды згадаў пра сваю папяросу-люлечку толькі на прыгуменні. Закурыў, падаўся лёгкаю, давольнаю хадою па загуменні дадому; Васіль жа, вярнуўшыся ў гумно, згадваючы яго парады, пачуў сябе яшчэ горш заблытана. "Напалавіну ўсё! Палавіну табе, палавіну — ёй! Легко табе дзяліць! Рэзаць чужое!.."
Ён веяў намалочанае, калі заўважыў, што ў вароты, за спіною, хтосьці ўвайшоў. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, як стаяў на карачках, азірнуўся: увайшоў сусед Міканор, у зрэбным, у лапцях, у расхрыстанай сарочцы, з асцюком у бялявых калматых валасах.
— Ну, дак як будзем? — сказаў голасна, весела, пасля таго як паздароваўся, пагаварыў для прыліку пра розныя дробязі.
— Што? — не зразумеў Васіль.
— Надумаў ужэ, можа?
— Што?
— У калгас надумаў, пытаюся?.. Пара ўжэ падаваць заяву. Чакаеш, што спіцыяльно запросяць? Ну, дак от я прыйшоў, спіцыяльно. Падавай заяву i — канец з канцом! Трэба канчаць ету валынку, на новую дарогу станавіцца. Бяры от, калі на тое, Ганну — i давай! Зразу рассякай вузел!.. А не, дак, калі на тое, — давай з дзвюма! — Міканор засмяяўся. — Абагульнім!
Васіль толькі ўнурыўся на яго смех.
— Mo — памагці табе? — Міканор не смяяўся, але глядзеў весела.
— Чаго?
— Напісаць заяву.
— Абыдуся покуль.
— Дурны ты! — незласліва, з папрокам сказаў Міканор. — Улез у кучу гною i бачыць не хочаш нічого! Яму добрага хочуць, на свет цягнуць, а ён улез у кучу гною i толькі адно: абыдуся! Сядзіць — i вылазіць не хоча! Жук i той выходзіць, а яго дак i выцягнуць не можно!
— Не можно, дак i не цягні!
— От, шчэ i прчаць пачынае, калі спробуюць цягнуць! Ты што ж, думаеш — ето табе жартачкі! Ты што ж думаеш — парція, увесь народ ето так сабе — з калгасамі! Пагавораць, пагавораць i — перастануць! Ці мо думаеш — круцяльня тут якая-небудзь? Абмануць хочуць, ці што?
— Нічого я не думаю! І думаць не хочу! Надумаўся ўжэ, што ў вачах зелено!..
— От, от — шчэ не зрабіў нічого, a ўжэ ў вачах зелено! Зелено, бо не тое думаеш, што трэба! Не тых слухаеш! Табе ўсякае кулацкае гадаўё голаву ачмурыла, дак табе i зелено! І м нятрудно ето, бо ты цёмны, за старое сваё гніллё дзержышся! А нас слухаць не хочаш! Не хочаш слухаць тых, што адны цябе могуць выцягнуць з гною! — Міканор доўга, цярпліва, таварыскім тонам тлумачыў радасці калгаснага жыццятлумачыў, хоць Васіль слухаў неахвотна i недаверліва Нарэшце цярплівасць яго кончылася.
— Ну, дак — напішаш? — прамовіў нядобра, строга.
— Падажду.
— Глядзі, штоб не було позно!
— Што ты прыліп з етым калгасам! — загарэўся Васіль. — Наравіцца — дак жыві! Што ты — сілуеш мяне!..
— Я не сілую, я — раз’ясняю табе! І папярэджую — штоб не позно було!
— А! — Васіль плюнуў з адчаем. — Позно, не позно— усе адно!
— Унь як!.. — Міканор глядзеў на Васіля так, быццам бачыў першы раз. Быццам стаяў перад непрыяцелем. — Кулацкая ж ты душа! З беднякоў выграбся, а ўжэ — чысты кулак! Стопрацэнтны кулак! Шчэ, можа, горай за кулака! Акапаўся — не падыходзь блізко! Не гавары яму, яму не наравіцца слухаць пра калгасы!.. Не наравіцца па-такому — загаворым іначай! Возьмемся i за вас!
— Бярыцеся!
— Возьмемся скора! Так возьмемся, што — пачуеш! Прывыклі, што цацкаюцца з вамі!..
Ён цвёрда пайшоў у вароты, пакінуў пад рудою з пачарнелымі кроквамі, з радамі старых лат, з павуцінай i пылам дзесяткаў гадоў страхою даўкі подых пагрозы. Але пагроза гэта толькі распальвала Васіля: "Возьмемся, грозіцца! Бярыцеся! Найшоў, чым пужаць! — Стомлены яшчэ тым неразвязным думаннем, што было да Міканора, рашыў горача — Усе адно!.. Як так ірвацца!.."
Ён абыякава ўзяў цэп. Проста таму, што трэба ж было штосьці рабіць. Доўга біў па снапах, не мог супакоіцца. Стаміўшыся, сеў на сценку застаронка; сядзеў, перадыхваў, астываў. Злосці не было ўжо, была толькі важкая, салодкая стома. У паспакайнелую галаву раптам увайшло: "А мо i праўда — пайсці? Забраць Ганну i — пайсці.— "Прыміце…" Як так ірвацца!.." Ён пабачыў сябе з Ганнаю ўжо ў кал гace, пабачыў з ціхай радасцю i палёгкай. Апе пазней, калі пачаў цвяроза абдумваць усё, на змену лёгкасці зноў прыйшла блытанасць пачуццяў, разваг: пайсці, кінуць усё, што нажываў гадамі! Улезці самому ў гэтую выдумку, якая можа аказацца пасткаю, пелькаю! У пельку ўлезці, толькі што — удваіх з Ганнаю!..
Думаў пра гэта i ўночы, i ў наступны дзень. І чым больш думаў, тым больш бачыў зноў: аблытаны ўвесь, па руках i нагах. І як ні падумай, каб разарваць, усё баліць нечым, усё нешта траціць трэба, — жывое адрываць ад сябе…
Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку — нарэзаў бярозавага вецця на мятлу, — сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Чарнушка ішоў нечага ў бярэзнік, у світцы, з сякераю за поясам. Сутыкнуліся пры самым канцы бярэзніку — праз рэдкае, голае галлё дрэваў праглядвала ўжо сяло. Убачыўшы блізка Чарнушку, Васіль разгубіўся, адвёў вочы, як бы баяўся сустрэцца з яго позіркам. Чуў сябе як малы, які ўлез у шкоду i трапіў на вочы гаспадару, добраму чапавеку, — як злодзей, якога злавілі, на якога глядзяць. Няёмка стуліўся, — не гледзячы, бачыў Васіль, — i Ганнін бацька, прыпыніўся, кльшаў гак, быццам думаў — ісці бліжэй ці не. Няцвёрда набліжаўся. Калі падышоў, неяк хрыпла йаздароваўся. Нібы не ведаў, як здаровацца. Васіль вінавата адказаў. Чарнушка ступіў ужо ісці далей, але стаў. Быццам хацеў загаварыць, а не мог. Не ведаў, як пачаць. Чырвоны ад няёмкасці, пільны, Васіль улавіў позірк ціхіх, добрых вачэй: у ix был i пакута i нейкая надзея. Васіля раптам узяў жаль да яго.
— От як яно… завязалася!.. — Штосьці булькнула ў горле, Чарнушка каўтнуў дрыготка. Паскардзіўся, быццам — роднаму: — От як!.. — Штосьці тарганулася ў Чарнушкавым твары, i вочы пачало завалокваць.
— Завязалася!.. — З адчаем павёў вачыма ўбок Васіль. Пачуў сябе як вельмі вінаваты.
Чарнушка стрымаў горнасць. Толькі боль прайшоў па твары. Васіль убачыў старэчыя маршчыны на шыі, i жаль да старога запёк зноў.
Стаялi. Маўчалі. Шумеў адно вецер угары, часам даляталі галасы з сяла. І гаварыць не маглі, i развітвацца штосьці не давала. Як бы было яшчэ недагаворанае, няяснае.
— Не абіжай яе! — папрасіў раптам стары. — Еты гад есць яе… У сіняках век… — у голасе старога пачуўся адчай.
— Дак ці ж я… не хочу…
— Звядзе яе еты… нелюдзь…
Васіль схаваў вочы, угнуўся.
— Як бы ето… выручыць яе?
— Я думаў ужэ… Трудно ето… цяпер…
— Трудно!.. — стары пашкадаваў зноў— Завязалася.
— Завязалася!..
— Усе-такі ты — падумай… — папрасіў з болем.
— Падумаю…
Зноў маўчалі.
— Ну, бувай! — першы схамянуўся, выціснуў Ганнін бацька. Мякка, зычліва — як роднаму.
— Бувайце!..
Ужо ідучы ўзболаткам, Васіль учуў з сяла сабачы брэх: брахалі Карчовы вартавыя. Пачуў як бы нанава. Цераз пажоўклае куп’ё, цераз голы агарод з вязкай вецця на плячы даплёўся да гумна. Да поцемкаў малаціў, падмятаў на таку, веяў, быў у клопаце; i ўвесь час пяклі яго i вінаватасць, i жаль да Ганны, да бацькі яе, i турбота: што ж рабіць?! Думкі пра Ганну ішлі з нейкім новым наплывам пяшчоты i імкнення да яе…
Усе гэтыя дні Васіль стараўся не сыходзіцца ні з кім. Кожны дзень бачыў за плотам Дамеціка, Дамеціху, паказваў, што не заўважае; калі хто-небудзь з Дамецікавых браў ваду з калодзежа, Васіль павяртаў назад з пустым вядром. Неяк каля гумна ледзь не сутыкнуўся з Ганнінай мачыхай, адразу адвярнуўся, нібы спакойна пайшоў у гумно. Слухаў, ці не ідзе ўслед: здалёк здалося, што мачысе хацелася загаварыць з ім. Ткнулася была неяк зайсці Сарока, загаварыла лісліва, але ён няветліва адышоў, падаўся к хлявам. Паказаў, што не хоча растарэкваць з балбатухай гэтай.