Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Апейку вельмі ўсхвалявала дзіцячая шчырасць. Слухаючы малых, нібы вярнууся ў сваю нядаўнюю, мілую мінуўшчыну, нібы зноў быў настаўнікам: як настаўнік ён добра адчуваў, як важна дзецям тое, што яны кажуць тут, i тое, з чым яны пойдуць адсюль, куды прынеслі свае давер’е i надзею. Таму жыццёвы вопыт дадаваў да ўсяго сваю долю цвярозай няпэўнасці: ведаў Апейка, як няпроста будзе замацаваць у ix веру гэту i надзею. А да ўсяго, што б там ні было, радаваў сам факт: малыя самі ўсталі за праўду, вясковыя, сарамяжыя, прыйшлі ў райвыканком! Малыя грамадзяне будучыні!

Ён нібы не паверыў:

— Хто вас падгаварыў, штоб прыйсці прасіць за Івана Мікалаевіча?

Дзеці здзівіліся:

— Ніхто… Мы самі…

— Шкода стала. Мы i надумаліся…

— Няправільна яго знялі!..

— Скажыце — няхай ён зноў вучыць!

— Збуту не давалі, пакуль не сказаў, што падвязу. — Дзядзька з пугай пакруціў лысай галавою, са здзіўленнем i пашанай. — Як машкарэча, населі!..

Апейка ведаў ужо, i што Гарошку знялі i як усё было. Хтосьці з пільных Гарошкавых землякоў, можа быць, ім вывучаных, месяцы два назад напісаў у сталічную газету, што ў Крытах у школе — пры патуранні сельсавета i раённага кіраўніцтва — замаскіраваўся класава чужды элемент, белагвардзеец, які з залатымі пагонамі i з вінтоўкай у руках ваяваў за цара i ўсякіх урангеляў i губіў няшчадна трудавы народ. У газеце з пісьма зрабілі копію, якая i трапіла на стол сакратару Юравіцкага райкома партыі. Ліст гэты чытаў у кабінеце Башлыкова i Апейка. Пад усім, што паведамляў невядомы аўтар газеце i Башлыкову, стаяла гордае: "Непрымірымы селькор". Башлыкоў аддаў пісьмо Харчаву з рэзалюцыяй, напісанай зверху коратка i ясна: "Праверыць, прыняць меры, далажыць!" Харчаў за які дзень праверыў, i на другі дзень лёс Гарошкі рашыўся: Гарошку знялі з настаўнікаў. Харчаў прапанаваў таксама арыштаваць, i каб не Апейка, Гарошка даўно быў бы за кратамі. Башлыкоў падумаў, павагаўся i схіліўся да Апейкі. У Апейкі былі моцныя довады: Гарошка трапіў у афіцэры не па сваёй ахвоце, а як настаўнік; у грамадзянскую вайну ніякім белым не быў, рабіў дома. Быў потым у Чырвонай Арміі; з першых жа мірных дзён сваіх, пасля арміі, увесь час у сяле… Але вярнуць Гарошку на настаўніцкую працу Башлыкоў не згадзіўся. Цвёрда, рашуча…

І от гэтыя дзіцячыя, шчырыя твары, гэтыя вера i надзея. Што ён, старшыня райвыканкома Апейка, можа сказаць ім, любым i ясным, якія думаюць, што ў свеце ўсё так проста, што праўда i справядлівасць — рэчы абавязковыя i лёгкія. Не ведаючы добра, што сказаць ім, ён знарок стаў распытваць кожнага, як хто вучыцца, ці добра паводзяць сябе ў класе, ці памагаюць бацькам.

— Ну, што ж, — сказаў ён, гатовы развітацца. — Дзякую за тое, што вы сказапі. Я перадам усё, каму трэба. Скажу — што вы прасілі!.. От i ўсё — бывайце здаровы!

Некаторыя ўжо сабраліся, абнадзееныя, кіраваць да дзвярэй, калі бялявая, з ружовымі плямамі, насцярожылася:

— Дак яго — аставяць нам? Івана Мікалаевіча?..

— Я ж сказаў, перадам, што вы — прасілі…

— Не, вы скажыце — аставяць?

— Я буду прасіць!

— Не, не, вы — скажыце!

Апейка нічога не сказаў, толькі лагодна, як бацька, які не хоча крыўдзіць малога i не можа даць усяго, што той просіць, усміхнуўся:

— Ну, шчаслівай вам дарогі!..

Яны пачалі выходзіць, не вельмі ахвотна, не вельмі ўсцешаныя; найбольш таму, што дзядзька з пугаю штурхаў ix да дзвярэй. Не парадаваў ix; але што ж ён, Апейка, мог сказаць ім іншае?..

Адразу за імі ў кабінет ступіў бялявы хлопец у зацяганай, але крамнай паддзёўцы, у ружовай i залатанай пад каўняром нязрэбнай сарочцы. Кепка ў яго руцэ была таксама гарадская, з размоклым ад дажджу казырком.

— Можна зайсці? — хлопец пытаўся ціха, далікатна.

— Заходзьце. Сядайце.

Ён i ішоў ціха, i сеў на ўскрай крэсла; пад уважлівым Апейкавым позіркам няёмка адвёў шэрыя, з нейкай задуменнай прытоенасцю вочы. Потым сустрэўся з Апейкавымі, i позірк быў ужо цвёрды, рашучы i разам з тым даверлівы.

— Мяне завуць — Глушак Сцяпан, — ціха i не адводзячы вачэй ад Апейкавых, сказаў ён. — Я падаваў заяву ў Вадавічы. Хацеў паступіць у Вадавіцкую камуну. Мне спачатку сказалі, што — добра, прымуць. А потым — адмовілі. Сказалі, што не могуць прыняць, таму што мой бацька — кулак…

— Вы з Куранёў? — перабіў яго Апейка.

— З Куранёў,— кіўнуў хлопец. Ён нялёгка, але цвёрда дадаў: — Я — сын Глушака Халімона. Мабуць, знаеце. Мой бацька — кулак. На яго наложана цвёрдае заданне. Але я яго кінуў. Мы з ім цяпер — як чужыя.

— Чаму вы яго кінулі? — зацікавіўся Апейка.

Хлопец памаўчаў, задумаўся.

— Я i сам не знаю, як сказаць. Трудно было жыць з ім. Просто — не можно жыць стало. Я хацеў з ім жыць, думаў спачатку, што — нічого, што — прывыкну. Цярпеў доўго: бацько ж усё-такі. Да i матку было шкода. Знаеце ж, як матцы, калі сын кідае. Хацеў перацярпець. Але — не выцерпеў! — Ён па-ранейшаму не адводзіў ад Апейкі ціхіх, задуменных вачэй. Памаўчаў зноў, загаварыў, ад душы шкадуючы, з болем: — Ён, мой бацька, жыве для аднаго: штоб паболей сабе. Хоць як, праўдай ці няпраўдай. Штоб паболей нажыцца. Прагны, просто сфах. Ён з-за етаго ўсіх парабіў усе адно як парабкамі. І сыноў, i матку нашу, i Ганну. Чужых парабкоў не бярэ, баіцца, дак свае — як парабкі… Дыхнуць просто няма як… — І позірк, i тон яго гаворкі былі такія шчырыя, што Апейка чуў праўду кажа. Не маніць, так нельга маніць. — І раней не было цярпець як, а цяпер — дак чаго цярпець?.. Цяпер — калі ўсё пачынае па-новаму быць… Дак я i кінуў яго. Счапіліся адзін раз як не загрудкі. Я i кінуў. Пайшоў жыць на волю. Як усе людзі…

— А не шкода яго, бацьку?

— Не. Можно сказаць — не, — глянуў ён проста. Падумаўшы, дадаў: — Матку шкода. Папамучылася яна…

"Не маніць. Праўду кажа…" — падумаў Апейка i злавіў сябе на тым, што спачувае хлопцу. Успомніў раптам, што ў Глушака ёсць яшчэ сын: пра гэтага сына Апейка ведаў ужо нямала.

— А з братам як? Дружна жылі?

— Дружно. — Ён адвёў вочы, позірк стаў важкі, нядобры. Губы злосна таргануліся. — Дружно… Мне такога брата… век бы не бачыць!.. Штоб яго зямля не насіла!..

З таго, як Сцяпан гаварыў, Апейка вывеў, што ён недзе вучыўся; запытаў — дзе, чаму недавучыўся. Пацікавіўся, ці любіць кніжкі, што чытаў, якія з ix спадабаліся найбольш; ці чытае газеты, ці ведае, што робіцца ў свеце. Хлопец адказваў лёгка, ахвотна: пра гэта гаварыць яму было куды больш даспадобы, як пра бацьку, пра бяду, якая захмарыла ўсё яму. Чым больш Апейка пытаў яго, чым больш слухаў, тым больш бачыў: хлопец — разумны, дапытлівы. "Талковы хлопец. Чулая душа… Чулая да ўсяго. І да новых павеваў… Шкода толькі — што сваяцтва такое…" Думка нечакана паставіла побач хлопца i самога, зблізіла: "Таксама— з плямаю, якой не заслужыў… Таварыш па няшчасці!.."

У думцы было i багата іроніі, i трохі суму i была невясёлая праўда… Апейка адагнаў непатрэбную думку. Уважна зірнуў на Сцяпана.

— Вучыцца, пэўна, хочаш?

— А не хацеў бы? — Шчырыя вочы не таіліся. Загарэліся на міг i згаслі.— Хацеў бы!.. Дак куды ж цяпер паступіш! Зразу скажуць: кулацкі сынок!.. От папрацую, дакажу. Тады, можа…

— Думаеш, дакажаш?

— Хачу даказаць.

Апейка раптам адвёў вочы, задумаўся. Не першы раз узяў асцярожны, цвярозы одум: нашто яму, Апейку, усё гэта; нашто — рызыка? Каму-каму, толькі не яму брацца за рызыкоўнае. Не яму, у якога ў самога не ўсё чыста ў біяграфіі. У якога — не абы-якая пляма… І не цяпер, калі так блізка чыстка. Дзе ўсё будуць перабіраць. Дзе ўсё могуць павярнуць i так i інакш. Ён i так за колькіх ужо заступіўся, за якіх друпя не адважвапіся. Прыгадаюць калі-небудзь, i, можа быць, вельмі скора. Тoe, што ён цвёрды з сапраўднымі ворагамі заўсёды, не заўважаць; а гэта — прыгадаюць, перакруцяць. Вельмі можа быць такое: як ты дакажаш праўду сваю? Харчаву, Башлыкову, іншым харчавым… Падумаў, шкадуючы: трэба ж, столькі блытаных лёсаў ідзе i трэба ўсё разблытваць самому, кіруючыся толькі сваім сумленнем.

48
{"b":"205308","o":1}