Литмир - Электронная Библиотека
A
A

"Глупства! — прымусіў ён сябе адагнаць непатрэбны неспакой. — Глупства… Мае сумленне — чыстае… Чыстае… І ніхто яго не запляміць… Ніхто i нішто!"

Адсюль ужо блізка было да райкома. Райком быў у яшчэ новай будыніне з жаўтлявых, толькі трохі пасівелых бярвенняў, з вішнёвага колеру бляшаным дахам. Сама па сабе будыніна была падобна на дзесяткі іншых; вылучала яе з абывацельскага рада іншых хіба толькі шыльда "Юравіцкі райком КП(б)Б", зробленая нядаўна ў Мазыры — важная, багатая, серабром па чорным, адзіная на ўсё мястэчка сапраўдная шыльда. Акрамя яе, вылучаў райкомаўскую хату яшчэ хіба радок белых чашачак на сцяне — з тэлефоннымі правадам!.

Апейку пашанцавала: Башлыкоў быў акурат у райкоме. Апейка павітаўся з русявым хлопцам у гімнасцёрцы, памочнікам сакратара, папытаўся — больш для прыліку, — што новага, пайшоў у кабінет Башлыкова. Башлыкоў быў не адзін: перад ім на крэсле, у свіце, з пугаю ў руцэ сядзеў Чарнаштан, старшыня глінішчанскага калгаса. Сам Башлыкоў стаяў насупраць, за сталом, — стройны, прыгожы, у строгай сіняй гімнасцёрцы i сініх штанах. Звыкла трымаючы адну руку ў кішэні, ён весела адказаў Апейку на прывітанне, моцна, энергічна паціснуў руку, зноў павёў бліскучымі, прыязнымі вачыма на Чарнаштана. Па-сяброўску, як старэйшы, мудрэйшы маладому таварышу свайму, тонам парады сказаў:

— Усё гэта — настроі! Адсталыя настроі, Павел Васільевіч. Я вам раіў бы паменш прыслухоўвацца да ўсякіх настрояў, да ўсякіх гаворачак! Цвёрда весці сваю лінію!

— Дак жа знаць не хочуць нічого!.. — У мяккім голасе Чарнаштана чулася вінаватасць. — Слухаць нічого не хочуць!..

— Паслухаюць! Трэба толькі пагаварыць як належыць, павесці ix! Пераканаць!.. На тое i кіраўніцтва, каб кіраваць, весці людзей туды, куды ўказвае партыя! Улічваць асаблівасці селяніна, канечна, трэба, але гэта не значыць, што трэба ісці на паваду ў яго. Нельга ісці на паваду! Нельга патакаць усякім настройчыкам! Весці за сабой, весці — вот што трэба!

— Дак як ты ix павядзеш! Толькі i чутно: хто робіць, хто не робіць — толк адзінакі! Усім палачка ў ведамасці! Справядлівасці, кажуць, няма!

— У ix свая мерка справядлівасці, сялянская, уласніцкая. Im цягнуцца i цягнуцца трэба, каб зразумець справядлівасць нашу, пралетарскую! Яны прыраслі к старому, усе мераюць старым аршынам! Аддзіраць трэба ix, не шкадуючы! Аддзіраць i весці за сабой! Весці з кожным днём усё больш людзей! — Башлыкоў загаварыў заклапочана, дзелавіта: — Мы павінны ўзмацніць тэмпы калектывізацыі. У гэтым — галоўная задача, якую паставіла партыя перад нашым раёнам у цяперашні момант. Выкананне яе, гэта ясна, будзе нямала залежаць i ад вас. Сяло ваша — вялікае, віднае, на вас, я заўважыў, паглядваюць i друпя. Таму кіраўніцтва раёна спадзяецца, што вы пакажаце добры прыклад іншым…

— Дак мы — што ж, мы б — з радасцю, калі б — ладзілася! Калі б людзі дружно рабілі!..

Башлыкоў стаў ля стала, строга задумаўся. Костачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол.

— У вас там, па ўсім відаць, кулач’ё ваду муціць! Карыстаючыся вашай i нашай слепатой i бяспечнасцю, робіць сваю работу! У гэтым, канечна, i соль уся таго, што класава чуждыя настроі ў вас так развіліся! Сяло ў вас — заможнае, контррэвалюцыйнага душку хапае. І, вядома, контррэвалюцыйнай прапаганды. А мы развесілі вушы, ударыліся ў спячку. Забываем, што вораг не спіць, робіць сваю справу, пакуль мы спім… Трэба будзе спецыяльна прыгледзецца да вашага сяла…

— Рады будзем — прыязджайце, паглядзіце!.. А то так i глядзяць — штоб зноў назад…

— Назад дарогі, Павел Васільевіч, не будзе! Трэба глядзець у глыбіню, у корань! Дарогі назад няма, так i скажыце ўсім! Партыя аглядвацца не будзе, бальшавікі не прывыклі аглядвацца! Мы ідзём к суцэльнай калектывізацыі — так рашыла партыя. Калектывы — будучыня сялян, не аднаго, не дзесяці — усіх. І ў нашым раёне, i ва ўсёй краіне. Усе — рана ці позна — будуць калгаснікамі. К гэтаму ўсё ідзе. І тыя, хто сягоння яшчэ ў аднаасобніках, — таксама будуць у калгасах. Усе. За выключэннем кулакоў. Такая лінія наша! Так i скажыце людзям!

— Скажу… Дак мы будзем чакаць вас…

Башлыкоў, даючы знак, што гаворка скончана, выйшаў з-за стала.

— Трэба глядзець наперад, Павел Васільевіч! — Дзелавіта дадаў:— Так i быць: у бліжэйшы час пад’еду! Сам пагляджу, разбяруся! Толькі вот спраўлюся з неадкладнымі справамі! Ну! — ён падаў руку, па-сяброўску, дужа паціснуў Чарнаштану.

Калі Чарнаштан пратупаў ботамі к дзвярам, Башлыкоў i Апейка праз шыбу глядзелі, як ён падбіраў сена, адвязваў каня, як нетаропка, задуменна выкіроўваў на вуліцу.

— Н-да… — Башлыкоў прайшоўся, стройны, паюначы пругкі ў хадзе. Пастаяў, рашуча крутнуў ручку тэлефона. Загадаў, каб далі Алешнікі, пазвалі Гайліса.

— Вітаю, таварыш Гайліс! Башлыкоў гаворыць! Дзятла няма?.. Рэдка бывае ён у вас!.. Не апраўдвай! — Башлыкоў строга хмурыў чорныя бровы, глядзеў кудысьці ў кут вострым позіркам. Ён памаўчаў, як бы даваў Гайлісу час зразумець, што зараз пачне галоўнае. — Што там у вас робіцца? Растлумачыць трэба? Я пра Глінішчы пытаю!.. Творыцца чорт знае што пад бокам, а вы — спіце i сны спакойныя бачыце! Спіце! Не бачыце, што робіць пад носам у вас кулач’ё!.. Не бачыце! Ці занялі апартуністычную пазіцыю, што яшчэ горш!.. Калі не выправіце — будзем гаварыць сур’ёзна! На бюро!.. Перадай гэта Дзятлу!.. Да пабачэння!

Ён важка палажыў трубку, мелькам зірнуў на Апейку.

— Думаеш, дарэмна прыгразіўся? Бачу па вачах. Дарэмна так строга — з Чарнаштанам?.. — Ён глядзеў проста ў вочы Апейку. — Абстаноўка патрабуе. Не такая абстаноўка, каб цырымоніцца! На сілу — трэба сілай! Упэўненасць i строгасць! Няхай бачаць i чуюць — кіраўнік ёсць кіраўнік!

Апейка зразумеў: гэта не так тлумачэнне сваіх паводзін, як павучанне яму, далікатнаму, мяккацеламу. Хацеў запярэчыць, апе Башлыкоў сказаў:

— Думаю, Глінішчамі трэба заняцца Харчаву…

— Харчаў няхай зоймецца… Толькі бяда там, відаць, не ў адной агітацыі кулакоў… Трэба, па-мойму, нешта рабіць у самім калгасе. Мы, па-мойму, мала лічымся з псіхалогіяй людзей. Трэба неяк заахвочваць людзей. Чарнаштан гэта правільна казаў…

— "Заахвочваць, заахвочваць"… Ох, гэта псіхалогія!.. Жыць яна не дае табе! Мяняць трэба яе, гэту тваю псіхалогію!..

Апейка адчуў, што спрачацца — безнадзейна. Перамаўчаў. Башлыкоў зірнуў, дзелавіта, патрабавальна:

— Ну, дакладвай, хваліся — калi ёсць чым!

Апейка сказаў, дзе быў апошнімі днямі, дзе правёў сходы, колькі чалавек уступіла ў калгасы. Башлыкоў дастаў блакнот, перапытваючы, запісаў. Стаў расказваць, дзе сам быў.

— Учора заязджаў на тваю радзіму. Перад сходам зайшоў да старых тваіх. "Дай, думаю, пагляджу, як жывуць бацькі нашага старшыні". Так што — пазнаёміўся… Спадабаліся i маці i бацька. Карась хваліў бацьку: "Майстар першай маркі — i ў полі, i на рацэ. І — часнейшай душы. Першы стары ў калгасе", — сказаў. Так што — харошае было знаёмства! Харошыя старыкі!

— Не скарджуся! — нібы пажартаваў Апейка. Ён усміхнуўся скупа, хоць добрае слова пра старых i было на радасць яму i хоць, бачыў, Башлыкоў давольны ад душы; чуў Апейка за тым, што сказаў Башлыкоў, недагаворку, прадчуваў, што той скажа яшчэ штосьці — не такое прыемнае.

З чулай насцярогаю чакаў.

Ён не памыліўся: праз які момант усмешка з твару Башлыкова сышла, губы строга сабраліся. Глядзеў проста ў вочы, шчыра, нявесела:

— А брат! Ну i брат! — Спачуваючы, пакруціў галавою. — Гэта — сваяк!

Апейка прамаўчаў. Маўчанне было доўгае, цяжкае. Потым Башлыкоў запытаў:

— Як ты прагледзеў гэта?

— Чаму — прагледзеў?..

Башлыкоў паясніў думку:

— Харчаў казаў: ён памагаў табе пры паляках? Прадукты, патроны табе насіў? Памагаў нам… Бедняком быў…

— Быў…

— Перарадзіўся?.. За гады савецкай улады?..

— За гады савецкай улады…

Апейка не таіў, што гаворка гэта для яго непрыемная. Ён не любіў гаварыць пра брата, не толькі таму, што гэта была не такая ўжо вясёлая тэма для гаворкі, а найбольш таму, што яму пры гэтым выходзіла як бы апраўдвацца, выгароджваць сябе; рабіць тое, чаго Апейка вельмі не любіў.

46
{"b":"205308","o":1}