Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ето я?!

— Ты, — Чарнушка не спыніўся на момант — звыкла сек зелле.

Мачыха, яшчэ распаленая няўвагай чалавека, яго недавер’ем, не ведаючы, што сказаць, вартае таго гневу, які гарыць у ёй, склала раптам фігу, ашалела тыцнула кудысьці ў сяло:

— От ім!

Чарнушка зноў стала параіў:

— Не заракайся!

Кінуўшы секчы, ён устаў, зірнуў на жонку зморана i як бы не разумеючы:

— Чаго ты ето бядуеш так? — Ён выдзеліў асабліва "ты". — Можно падумаць — ты найболей утраціш!.. Багацце самае вялікае, можно падумаць, у цябе!

— А не багацце? Як мы толькі ім i жывем! — Куліна глядзела на чалавека i, здавалася, таксама не разумела яго.

— Багацце, штоб яно правалілася! Свету белаго не бачыш, а толк які!.. Дочку ў багатыя вывелі! — загаварыў ён раптам інакш, болесна, як бы са слязамі.— Багацейкаю, паняю зрабілі!.. Цешся адно!.. — Зазлаваў, загадаў мачысе: — Бяры, зелле свінням давай, багачка!..

Чарнушчыха, збітая трохі папрокам за Ганніну бяду, у якой яна чула сябе такі вінаватаю, хоць i не паказвала гэтага, момант шукала, што б такое сказаць чалавеку, — калі ўбачыла, што Хведзька, які паявіўся аднекуль, сочыць пільна i з нейкім смехам.

— А еты, еты — зноў гультаваў! Зноў не ганяў на выган! Абы матка адвярнулася на хвілінку — гуляць!.. Выскаляецца шчэ! — Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла, i раптам ухапілася мяшаць свінням зелле.

— Няма капі i етаму рабіць! — прамовіў Чарнушка. — У матку пайшоў. Таксамо жыць не можа без паліцікі!..

Пад вечар зайшла Ганна, i спрэчка, што, здавалася, забылася ўжо, зноў узгарэлася, толькі што цяпер i бацька i мачыха — як нейкаму праўдзіваму суддзі — даводзілі Ганне кожны сваю праўду.

Хведзька таксама быў тут, упоцемку моўчкі сядзеў за стапом, чакаў, што скажа праўдзівы суддзя матцы i бацьку.

Сабраліся вячэраць, а не вячэралі. Нібы забыліся, чаго сышліся.

— Не багацце, кажа, — скардзілася мачыха. — Як усе адно я не знаю, якое багацце! Гора, а не багацце! Але i тое забуваць не трэба, якое ні е, а жывем з яго! Жывем, не памерлі!..

— Толькі што! — неахвотна — не любіў спрэчак! — азваўся Чарнушка.

— Жывем, дзякуваць Богу! І ядзім нешто, i адзеты! І хлеб твой, i хата твая! І карова, i авечкі твае! Як там ні жывеш, а жывеш спакойно! Знаеш: калі што якое, дак выручыць е каму!..

— От то-та i яно! — зноў коратка i неахвотна запярэчыў Чарнушка.

Ганне не хацелася спрэчкі: прыйшла пасядзець сярод сваіх, адпачыць ад працы, ад нямілай карчоўскай прагнасці.

— Жыць, канешне, трэба з нечаго, — разважна, для прыліку, адказвала яна мачысе. — A толькі, мамо, шчасце не ў адном багацці…

— Хто ж кажа, Ганно. Я толькі — што пра гаспадарку думаць трэба. Як жыць будзеш, думаць трэба!..

— Як е ў чалавека шчасце, мамо, дак i гаспадарка значыць нешто. А як няма — які толк са ўсяго!..

— Яно, канешне, i без шчасця — не соладко! Але як есці не будзе чаго, як зубы на паліцу палажыць прыйдзецца, дак от будзе шчасце!

— Бы адно голадам марыць там будуць! — азваўся Чарнушка.

— Перайначуваць усё страшно… — разважна прамовіла Ганна. — Да й тое, праўда, няведама, як там будзе.

A толькі горай, як е, наўрад ці будзе. Горай, здаецца, не бувае…

У той жа час у Васілёвай хаце усе таксама сядзелі за сталом, упоцемку сёрбалі боршч. Вячэралі моўчкі; толькі Васілёва малое захліпала ў калысцы — Маня недавольна прамовіла: "Зноў!.. Як усе адно знарок!.. Толькі прысядзеш, кеб узяць што ў рот… Штоб табе!" — сказала злосна, кленучы, але Васіль перабіў кляцьбу, загадаў ісці пакарміць малое.

Кончыў Валодзя сёрбаць, палез на палаці, перахрысціўся на абразы дзед Дзяніс, зачэкаў красалам, хацеў закурыць люльку, калі матка, што сядзела ля Васіля, ускрай стала, затурбавалася ўголас:

— Як ето яно цяпер будзе?

— Звярнуло, тым часам, з езджанай дарогі,— азваўся дзед. — Па балоту просто, па купінах…

Васіль маўчаў.

— Як?! — сказаў нядобра, з паирокам. — Знаць вам трэба ўсё канешне! Забіваць галаву!..

— Дак як жа не забіваць яе? — нібы прасіла i раіла матка. — Тут жа, сам бачыш…

— Бачу, бачу!.. — зазлаваў Васіль. — Сваёй сухоты мало!

— Дак ці ж тое абыдзецца так, Васілько?! — нібы пыталася i тлумачыла матка. — Думаеш — усё ето?

— Тым часам, ето — пачынаецца толькі! — падтрымаў яе дзед Дзяніс.

Маня ад калыскі раптам уварвалася запалена:

— Няхай лезуць! Каму надаело жыць! А мы — нам i так не пагано!

— Ето — пачынаецца толькі!.. — падумаў зноў у голас дзед. — Ето так не кончыцца!..

— То-та ж i думкі ўсякія, Васілько…

Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Стала збіраць лыжкі, павольна, нібы чакала, як пойдзе далей гаворка.

— Як яно кончыцца, ніхто не знае, — сказаў Васіль спакойна, разважна, стала: як i належала гаспадару, галоўнаму чалавеку ў хаце. — Нам i без етаго сухоты — па горло!.. — Як бы папракаць стаў:— Трэба от малаціць жыто, ячмень да авёс! Да — араць! Хату дарабляць трэба! Штоб перабрацца скарэй!.. Штоб дзераво не пагніло да ўлазін!.. — Памаўчаў трохі.— Ля цагельні азімае пасеяць думаю…

— Азімае павінно ўрадзіць, — сказаў дзед. — Як пагода не падгуляе, павінно.

— Хату трэба штоб памог дакончыць бацько, — сказаў Васіль ужо да Мані.— Штоб i Пятра ўзяў на падмогу.

— Паможа. Я скажу, — паабяцала Маня.

Тым i скончылася гаворка ў Дзятлікавых хаце: сталі разыходзіцца па палацях, раздзявацца. Адзін дзед, які i летам спаў на печы, доўга яшчэ круціўся бяссонна, не мог уцішыць назольны кашаль…

Доўга не спалася Хадосьцы. Яна, як звычайна, ляжала на палацях з малымі, маленькі Антосік, скурчыўшыся, соваў ёй каленямі ў бок, уцінаў галоўку ёй пад паху. Хадоська ласкава падымала яго на руку, але праз момант ён зноў саскоўзваў з рукі, уцінаўся галоўкай пад паху.

Усе малыя спалі, толькі зрэдку з ціхім, мерным дыханнем злучалася глухое мармытанне: дзеці штосьці снілі. Але сны сніліся ім добрыя, не будзілі нікога; недарма найбольш чулася Хадосьцы ціхае, саподкае плямканне. Бацькі ж не спалі; хоць спачатку не гаварылі, Хадоська здагадвалася, што не спяць, думаюць пра штосьці.

— Гаспадары! — прахрыпеў нядобра, з пагардай бацька. — Сышліся!.. Галота!..

— Ты — багацей! — ціха папракнула матка.

— Не раўня ім, нібыто!..

— Ціхо ты! — шапнула беражліва матка. Зноў папракнула: — Hoc задзіраеш!.. Глядзі, кеб не апусцілі!

— Хто ето апусціць?

— Няма каму? От упаяюць цвёрдае!..

— Не ўпаяюць, — упэўнена сказаў бацька. — Серадняк, нібыто!..

— Сягоння — серадняк. A заўтра — захочуць — прылепяць цвёрдае.

— Не прылепяць! Няма за што!

— Е за што! Язык распускаеш вельмі!.. Смелы вельмі!

— Смелы! Што думаю, тое i рэжу!

— Я i кажу!.. Ды — не грымі! Разбудзіш!..

Бацькаў голас яшчэ падужэў.

— І буду — рэзаць, што думаю! Маўчаць нясцерпно!..

— Ціхо, кажу! — зноў шапнула, просячы, матка. Сказала з папрокам: — Пра дзяцей трэба думаць!

— Ты адна думаеш, нібыто!..

— І ты думай! Не адны!..

Бацька плюнуў i, чуваць было, важка павярнуўся. Не спаў таксама доўга, але ужо не загаворваў з маткаю. Думаў штосьці сам сабе.

Хадоська думала мала, неахвотна, чула сябе дзіўна адзінокай, пакінутай. Дзень гэты нібы адабраў у яе надзею; яшчэ ўчора яна спадзявалася, што Хоня ўсё ж адумаецца, вернецца да яе; чула, што мае хоць якую сілу i ўладу над ім, а сёння пабачыла, што ні ўлады, ні сілы ніякай няма; няма таго радаснага, цёплага, чым жыла ўжо даўно, з чым песціла самыя дарапя надзеі. Хоня не паслухаўся, пайшоў далей; зусім разышоўся. Казала ж яму: пра калгас каб i не думаў; у калгас, казала ж, яна не пойдзе, хоць што; калі не выпішацца, каб i не думаў пра яе; дык от — завёў усё сваё, аддаў; зусім ступіў за мяжу, якую яна не пяройдзе ніколі. За мяжу, якая ix раздзяліла; навек раздзяліла.

"Ну i няхай! Няхай жыве сабе! Не канешне ето, пражыву адна! Доля такая ўжэ: жыць адной!.. Е чаго бедаваць!.."

32
{"b":"205308","o":1}