Ішоў к Глушаку так жа набычаны, з тым жа нязводным позіркам. Прыгорблены гадамі, ён ступаў неяк нядужа, валачыў ногі, i, каб не веданне, думкі не было б, што ён на такое здатны. Толькі вочы выдавалі яго, ды — рукі… Сядзеў за сталом усё такі ж набычаны, рукі з чорнымі растапыранымі пальцамі трымаў перад сабой. Глушак гаманіў даверліва i лісліва: прыязнымі i вострымі вочкамі бегаў то к Хролу, то к Хролісе, то зноў — к Хролу; як ні быў растрывожаны, не парушыў звычкі — вязаў спачатку гаворку дробную, для прыліку. Хрол маўчаў, Хроліха ж памагала Глушаку, снуючы з сянец к сталу, бавіла госця i загародскімі навінамі i сваімі скаргамі. Падзялілася не толькі навінамі, але i пляшкай самагонкі i закускаю: Глушак скора пачуў, як агонь, уліты самагонкаю, перамяшаўся з агнём злосці, які пёк ад самай гаворкі з Апейкам. Тут i развязаўся ў Глушака язык — стаў выліваць усё, што паліла не адзін дзень; прыпомніў i "васпаватага", i "гада латыша", i "заразу з воласці". He выліў усяго, калі маўклівы Хрол раптам п’яна адрэзаў:
— Так i трэба!
— Што?.. Што, сказаць… трэба?
— Душыць!.. Чавіць вас трэба!
Глушак скрыжаваў з ім здзіўлены позірк. Хрол не жартаваў, глядзеў так важка, ненавідна, бы хацеў i сам "чавіць". Хроліха заступілася за госця, паспачувала: "І ў нас жа тое". Глушак не ведаў, што казаць. Мімаволі падумаў з ніякавасцю i павагай да Хрола: "Еты — задушыць i не ікне!" Заўважыў — чорныя дужыя пальцы на стале варушыліся.
— Склізні!.. — пагардліва скрывіўся Хрол. — Даждаліся!.. Чаване басота вас — склізь пацячэ! Адна склізь будзе!.. Даждаліся!..
— Не мамент цяпер, — вінавата i як бы павучаючы, запярэчыў Глушак. — Сіла ў ix цяпер!.. Галавою сцену не праб’еш! — Ён заўважыў: Хроліха згодна ківала. — Не мамент!
Хрол зноў скрывіўся:
— Склізні!..
Зноў выпілі, доўга, аж Глушаку маркотна стала, маўчалі. Хроліха паспрабавала была перабіць маўчанку, але Хрол так зіркнуў, што яна анямела. Сядзела ўжо, са страхам гледзячы на Хрола. Хрол толькі вачыма павёў на дзверы, i яна знікла.
Хрол таропіў кудысьці ўсё той жа важкі позірк, толькі пальцы — заўважыў Глушак — заварушыліся нецярпліва, дужа. Стала аж нядобра адзін на адзін.
— Падцікаваць — ды!.. — Крывыя пальцы сціснуліся, скруціліся люта. — Штоб i не крэкнуў! — Упяў вочы ў Глушака, скрывіўся: — Няма… Склізні!..
Глушак сказаў, што "Гепеву" толькі i цікуе, каб выткнуўся хто: зразу прыляціць, зразу — пад рэвальверы, але Хрол адно скрывіўся. Добра, акурат налучыўся Хролаў хлопец, загарэлы, жвавы, паціснуў дужа руку, прысеў да стала. У куточках тонкіх, сцятых губ мільгнула прыхільная ўсмешачка. Глушак ахвотна ўхапіўся за яго роспыты пра Яўхіма, павёў лягчэйшую гаворку.
— А ты чаго ж, не думаеш жаніцца? — пацікавіўся знарок весела Глушак. Успомніў раптам яго мянушку: "Цацура".
— Ды от ждаць, глядзець прыходзіцца! Чорт жа яго знае, што шчэ будзе! — Цацура засмяяўся. — Ці трэба шчэ цяпер той хамут — жонка?
Глушак, хоць улавіў нібы намёк на Яўхіма, засмяяўся невясёламу Цацураваму жарту. Пахваліў за розум.
Яшчэ трывожней было на душы ў Глушака, калі ехаў ад Хрола. Браўся напрасткі, цераз балота; хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень, вышэй калень. Балота было тут не так шырокае, толькі ўправа i ўлева зялёнае куп’ё цягнулася немаведама куды; пакуль вочы бачылі, зелянелі куп’ё, асака, рэдкія, чэзлыя кусточкі, а ўперадзе бераг быў недалёкі. Адно перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Тут было трохі намошчана галля, але, гнілое, асклізлае, было яно так уціснута ў твань, што i на ім конь груз па пуза, а вада рачная падмачыла Глушака на возе. На самай сярэдзіне рэчкі ледзь не ўгрузлі зусім, Глушак думаў ужо, што давядзецца лезці ў гразь, памагаць каню, але конь усё ж выпяў калёсы на бераг. Тут ужо недалёка была цвёрдая дарога, колы пакаціліся па пясчаных каляінах.
Глушак як за туманам бачыў i гэтае балота, i пустое пясчанае поле, i цёплы хвойнічак пры дарозе. У вушах сядзела, не ўціхала пагардлівае Хролава: "Склізні!", чуў увесь час: "Так i трэба вам!.. Расчавяць вас!.." Спрачаўся ў думках, даводзіў: не час, "не мамент", ведаў, што няма чаго i зубы паказваць — абламаюць зразу, — а Хролавае: "Склізні!" — усё не ўціхала.
"Ухапіся толькі за карак які пальцамі сваімі — секануць так, што i рукі не вернеш! Не тое што рукі, a i галавы! Сіла, улада ў ix! Ге-пе-ву!.. Буў час — калі палякі, немцы булі. Сплыў!.. Астаецца толькі ждаць — калі Бог зноў верне!" Але калі ўспамінаў Апейку, падатак, які чакаў яго ў Куранях, злосць, вялікая, на ўвесь свет, залівала ўсяго, усе развагі. Нельга было чакаць. Не было змогі чакаць. Трэба было рабіць штосьці. Што?!
Ледзь распрог каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы — паявіўся Яўхім. Прыкурыў ад вугалёчка пры печы, сеў на сваё звыклае месца ля стала, глянуў насмешліва.
— Ну, што, дабіліся, тато, праўды?
— Дабіўся… — Глушак штосілы чвякнуў пастол пад лаўку.
— Трэба було праверыць!
Глушаковы рукі неслухмяна задрыжалі. Не мог развязаць абору на другім пастале. Раптам плюнуў, закрычаў Яўхіму:
— Трэба, не трэба! A i на ражон — няма чаго лезці! Жыць надаело?!
— Не надаело, — як бы павінаваціўся Яўхім. — Толькі ж — i так жыць… Нудно!
— Ну, дак выткніся шчэ раз! Мо — у Гепеву возьму ць! Весялей будзе!
— А, усе адно! Як так жыць! — у Яўхімавым голасе былі такія нецяргілівасць i бясстрашнасць, што стары глянуў з трывогай.
— Дурань! — узяў Глушака жаль.
Яўхім перамаўчаў. Дакурыў папяросу, паслініў абкурак, ляніва ўстаў. Кінуўшы абкурак у сметніку ля печы, ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы.
Было цемнавата, i Глушак запаліў лямпу. Выняў з каробачкі векавечныя акуляры, зачапіў вяровачкай за вуха. Па ўсім было відаць, што бярэцца за справу сур’ёзную, важную: з такой сур’ёзнасцю толькі маліўся ды — апошні час — чытаў газеты. Цяпер на стале былі газеты; ён разлажыў ix па парадку — "Савецкую Беларусь", "Бедноту", "Правду". Узяў першую, схіліўшыся да святла, вострымі, тхарынымі вачыма пабег па лісце, пакуль не знайшоў — "Весткі з-за мяжы".
У гэты вечар пашанцавала: рукі нецярпліва задрыжалі, калі разабраў вялікія чорныя літары: "Польшча рыхтуе вайну". Так было напісана, чорным па беламу; другі раз прачытаў: "…рыхтуе вайну"! Поўны надзей, ад якіх аж млела ў грудзях, уліп у газету, варушачы сухімі губамі, разбіраў слова за словам. Толкам нічога не было, усё пісалі паогул, але i гэта радавала, абнадзейвала: сам Ленін унь казаў, так i напісана — яшчэ ў 20-м годзе, — што Польшча імкнецца на Беларусь i Украіну! А от жа дык проста напісана: "Польшча ўзбройваецца пры дапамозе чужаземнага капіталу!.." Нібы спецыяльна для яго, каб ведаў, каб не сумняваўся!
У другіх газетах — недарэмна, значыць, патраціўся — вычытаў, што на савецкую зямлю ўчыняюць наскокі белагвардзейскія i кітайскія атрады. Гэта, праўда, не так цешыла, было чорт ведае дзе, як на тым свеце; ды i артыкул быў увесь злы, усё гразіўся тым кітайцам i белагвардзейцам даць адпор, але i гэта падтрымлівала надзею: вайна збіраецца! От яшчэ: "Кітайскія драпежнікі рыхтуюцца да новага нападу… Кітайскія генералы групуюць значныя вайсковыя сілы каля нашай мяжы… Хочуць справакаваць вайну!.."
Аж пот узяў. Ужо не было нібы кволасці, калі чытаў, што хлебанарыхтоўкі трэба выканаць поўнасцю i ў тэрмін, што трэба бязлітасна ўдарыць па варожых кулацкіх элементах, якія будуць імкнуцца сарваць важнейшую дзяржаўную кампанію. Усё ж усярэдзіне кіпела, са злосцю ўпаўзала i трывога. Ён зняў акуляры, паклаў у каробачку. Стаў на калені перад абразамі.
У цемры, на палацях, апанавала чутае, бачанае за доўгі, марны дзень, зноў убачыў чаргу ў юравіцкай бакоўцы, Апейку, Хрола. Зноў запякла злосць, ледзь згадаў: "Нам трэба многа хлеба". Трасцы, хваробы вам, а не хлеба! Ён сам не заўважыў, як зашаптаў гэтыя словы так, што старая побач заварушылася. За хвілінай ненавіднасці да яе — пайшлі думкі пра Хрола, пра Яўхіма. Дурні, самі гатовы падставіць галовы пад калёсы! Падстаўце, калi жыць надакучыла! Падстаўце, пабачыце! Гепеву сама рада будзе — ціскане так калёсамі, што галовы дурныя хрупнуць, як гарбузы!.. Падставіўшы галаву пад калёсы, не астановіш ix! Сіла трэба! На сілу — сіла! Падтрымка трэба! Вайна! Адна надзея — вайна!.. Са злосцю падумаў: пішуць усё — будзе, будзе, а — не, няма! Усё — "гатовяцца", "гатовяцца"! Як ні балела душа, розум вялеў: "Не час! Ілбом сцену не праб’еш! Ждаць — адно астаецца. Маліцца Богу ды — ждаць! Адно — ждаць маменту!"