Не гаворачы нічога, Дамецік вылез з-за стала, пашаргаў босымі нагамі па земляной падлозе. Узлез на пол, пачухаўся гам. Засвістаў носам. А Глушак усё сядзеў, гаманіў, падступаўся к сэрцу, здаецца, i праўда спачувальнай Дамеціхі. Нарэшце наважыўся паскардзіцца на падатак: хоць разарвіся — не выканаеш столькі!
Старая ківала, спачувала. Але як толькі стукнулі веснічкі, затупалі па двары мерныя, упэўненыя крокі, Глушак пачуў сябе так, нібы зараз мусіць счапіцца люта. Яшчэ да таго як бразнула клямка ў хату, ведаў: Міканор ідзе!
Міканор нават не адказаў на прывітанне. Упоцемку сунуўшы шапку на цвік ля дзвярэй, адразу нядобра кінуў:
— Чаго прыйшлі?
— Просьба ў мяне… — Глушак казаў, як мог, лагодна. — Па справядлівасць, сказаць, прыйшоў…
Старая акурат запаліла газнічку, i Міканор быў перад Глушаком: у картовым мятым пінжачку, віслым галіфэ, у прыпыленых лапленых ботах; рабы, пляскаты твар моршчыўся, вочы мружыліся — пэўна ж, не ад газнічнага святла.
Глушак лавіў позірк яго: той не зычыў літасці. Яшчэ да таго як скончыў тлумачыць Глушак, Міканор адрэзаў:
— Справядлівасць, дзядзько, такая: здайце ўсё. Да астатняго хунта. Калi па-добраму хочаце! — У голасе яго яшчэ прыбавілася пагрозы, нагадаў: — І не застаўляйце, як летась, — штоб мы шукалi!
— Дак ці ж я проціў, Міканорко, штоб выконуваць! — Глушак трохі не маліў.— Дак багато ж вельмі! Кеб хоць зрэзалі сколькі! Штоб пад сілу було!
— Дзядзько, здавайце i — хутчэй! — пагразіўся непрыступна Міканор, выцершы твар i рукі, сядаючы за стол.
Дамеціха, што падавала міску з баршчом, паспрабавала заступіцца за госця, які так прасіў, але Міканор зразу ж загадаў строга:
— Мамо, не ўмешвайцеся, куды не трэба!
Міканор сёрбаў, не гледзячы на Глушака, не тоячы непрыхільнасці, недавольнасці тым, што ён прыйшоў, сядзіць; а Глушак, хоць бачыў усё, сядзеў, са сціплым, няшчасным тварам, цярпліва чакаў, не хацеў траціць надзеі.
Было ціха. Глушак чуў, што самае лепшае пакуль — сядзець так i маўчаць. Маўчала i Дамеціха, баючыся, мабыць, угнявіць сына. У цішыню адно Дамецік уплятаў залівісты свіст з палацяў. Доўга маўчалі. Глушак яшчэ спадзяваўся, што прыйдзе зручная хвіліна, калі можна будзе пачаць зноў. Прасіў толькі ў думках Бога, каб не прыперла не ў час каго-небудзь з суседзяў. І калі ўвайшоў хтосьці на двор, пачуў адразу. Чалавек ішоў хутка, рашуча.
Бразнула клямка, i ў хату рушыў — не хто іншы — Яўхім. Без шапкі, з раскіданым чубам, з расхрыстаным каўняром, кінуў на Міканора, на Глушака неспакойным бляскам вачэй. З аднаго позірку ўбачыў бацька, што Яўхім "сарваўся". Стрымлівацца, думаць ужо не зможа. Папрэ напралом.
— Ето ты распарадзіўся? — Голас яго прыкметна дрыжаў. Яўхім узяў з кішэні паперку, сунуў на стол.
Міканор кончыў есці, адставіў міску, выцер далоняю губы. Спакойна паглядзеў на паперку, на Яўхіма.
— Улада распарадзілася.
— Ты знаеш, с-сколькі ў мяне будзе?
— Знаем.
— Знаеш! — Яўхім ледзь стрымліваў сябе. — Дак калі я ўсе, што змалачу, аддам вам! Сабе не аставіўшы! Не хваціць на налог вам!
Міканор пакапаў мезенцам між зубоў.
— Хваціць.
— Хваціць! Ты знаеш усе! — Яўхіму нібы цяжка было дыхаць. Вочы гарэлі; гатоў быў, здавалася, рынуцца на Міканора.
Дамеціха пабялела ад страху.
Глушак устрывожана памкнуўся да сына, разважным, бацькоўскім тонам папракнуў:
— Яўхім!..
Той — быццам не чуў — паліў вачыма Міканора.
Дамеціха схамянулася таксама, кінулася к сыну:
— Міканорко!.. І — ты!.. Будзь разумны!..
Міканор дужаю рукою адвёў яе. Устаў на поўны рост; як вартавы, на сцяне за ім устаў цень. Заявіў спакойна:
— Знаем! — Спакойна ж павялеў: — Ты не крычы тут!
Яўхім момант не ведаў, што сказаць. Было відаць: душыла лютасць.
— Волi багато ўзяў сабе! — Але гэтага было мала. Ад лютасці, ад бяссілля аж затросся, адштурхнуў Глушака, шалёна, з віскам крыкнуў:
— Дак хай яно — гніе! Усе адно!
На палацях ускінуўся, здзіўлена таропіў вочы Дамецік.
— От як ты загаварыў, кулацкая душа! — у Міканоравым голасе таксама пачуліся гнеў, пагроза. — "Хай гніе!.." А ты знаеш — што за злосны зрыў дзяржаўных нарыхтовак?
— Знаю! — Яўхім не збаяўся. Не таіў нянавісці.— І ты — знай: не астатні раз бачымся! Мо шчэ пабачымся калі! Так што i ў мяне сіла будзе!
Міканор ухмыльнуўся:
— Наўрад!
— Не заракайся!
Яўхім стукнуў дзвярыма з сянец з такой сілаю, што лямпа хітнулася i затрымцела. Хвіліну ўсе маўчалі. Міканор, нерухомы, не зводзячы воч з дзвярэй, глыбока засунуў кулакі ў кішэні, сказаў жорстка — нібы камусьці другому:
— От як шчэ гаворыць, сволач!
Глушак цярпліва перамаўчаў. Паказаў, што чуе сябе вінаватым. Што не хваліць Яўхіма. Вінавата, як бы просячы не браць вельмі ў галаву, адгукнуўся:
— Здурнеў саўсім! Як разгарачыцца, сам не помніць, што кажа! Не глядзіць ні свайго, ні чужога, бацьку, матку не глядзіць! На мяне дак сколькі разоў сляпіцаю лез! Заслепіць вочы — i лезе! Не кажы проціў яго нічого! — Глушак заўважыў: Дамеціха жалліва ківала, павёў зноў вачыма на Міканора. — Ето як буў малы — упаў раз у пограб. З таго часу ўсё. Абы загарэўся — дурнее! На мяне, кажу, сляпіцаю сколькі разоў лез! Дак ты не крыўдуй, Міканорко! Не думай, што тут што якое!.. — Ён узяў са стала Яўхімаву паперку, згарнуў.— Мы не проціў, штоб выконуваць. От толькі, кажу, няма як — штоб усе. Хоць жылы перарві — не хопіць!.. Кеб скінулі пудоў якіх пятнаццаць?..
Міканор ужо сядзеў ля стала, але яшчэ жорстка таропіўся ў дзверы. Не чуў, што казаў Глушак, не хацеў i слухаць. "От боўдзіла! — зазлаваў стары на Яўхіма. — Прыпёрся, зачапіў, раз’ятрыў гада! Сам сапсаваў усё!.." Калі цягнуўся ціхай вуліцай дадому, да злосці дамяшалася яшчэ трывога: каб не перадаў гэты васпаваты пра Яўхімаву гаворку ў Юравічы! Ліха тады не абярэшся!..
На другі ранак Глушак з’ездзіў на поле, прывёз яшчэ воз снапоў, скінуў абы-як. Hi за што аперазаў віламі каня. Усё было няміла, нават ненавісна: i конь, i сын, i снапы, i гумно. Увесь свет. Hi на момант не забывалася, кіпела злосцю, лютасцю: пяцьдзесят шэсць пудоў! На прыгуменні плюнуў, загадаў Сцяпану паставіць каня ў хлеў. Плюючыся, лаючы ў думках увесь свет, пабрыў на вуліцу, вуліцаю на дарогу к цагельні, к грэблі. Як быў у полі — у рваным зрэб’і, у штанах, праз дзірку ў якіх бялела калена, у лапцях — сунуўся ў Алешнікі. Загадзя амаль упэўнены быў, што дарэмна ідзе, a ішоў. Не мог не ісці, не паспрабаваць…
За грэбляю бачыў: i ў Алешніках ці не ўсе ў полі або пры гумнах. Здалёк на палосах, на дарогах, на прыгуменнях былі відны вазы. У сяле было ціха i пуста. "Робяць! А ты — лезь! Марнуй час залаты!.. Чорта ён — залаты! Буў — залаты! Буў ды — збуў, прапаў!.. Дак хай еты — прападае! Хай хоць усе прападае! Усе к ліху!.."
У доме, дзе быў сельсавет, у першым пакоі — "на пошце", век таўкліся людзі: адны з газетамі, з пісьмамі, друпя — гэтых найбольш — са ўсякімі гамонкамі, з самакруткамі; цяпер, дзякуй Богу, i за бар’ерчыкам, дзе сядзеў начальнік пошты, было пуста. За дзвярыма, у сельсавеце, гаманілі; Глушак асцярожна сунуў галаву ў непрычыненыя дзверы — былі толькі Трахім, сакратар, i Гайліс — старшыня сельсавета. Гайліс збіраўся кудысьці ісці — браў паперы са стала, лажыў у шуфлядку.
— Ві за што? — зірнуў ён на Глушака, акуратна замкнуўшы шуфлядку.
Калі Глушак тлумачыў, латышовы вочы, здавалася, сінелі, як неба зімой: худы, сухі, жаўтавата-загарэлы твар быў цвёрды i недаступны.
Усё даслухаў спакойна, не варухнуўся нават. Спакойна ж, мерна стаў адразаць слова за словам:
— Bi не есць бядняк, i ві не маеце права на льготу. Bi — кулак, эксплаататор, вот хто ві есць. — Гайлісавы словы білі роўна, цвёрда. — І мі налажылі на вас падаток — як на кулака. Это зроблено намі законно — согласно закона про сельскагаспадарчы падаток. Mi не зрабілі ніякого иарушэння этого закона, i ві не маеце право трэбоваць пераглядаць ваш падаток. — Ён маўчаў, пакуль Глушак нанава тлумачыў, што ён просіць; загаварыў зноў так жа роўна i так жа цвёрда: — Калі ві хочаце мірно жыць з савецкай уладой, то ві абовязаны всьо віконаць — до одного грама. Інакш — будзеце, согласно законаў савецкай улады, мець суд.