Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Калі ішла к сялу, што нібы цікавала панурымі акенцамі, дварамі, стрэхамі хат i хлявоў, чула, як у грудзі паўзе i паўзе трывога. Трывога заныла i калі зірнула на родную хату, на купку чорных ігруш, на двор, па якім з хлява ішла мачыха. Трывога яшчэ памацнела, калі пайшла загуменнай дарогай, бліжэй i бліжэй да Карчоў.

"Трэба выбрацца так, кеб i не заўважыў ніхто. Штоб i падазрэння не було ніякаго… Канешне, штоб на дарозе ні старого не було б, ні Яўхіма. От, можа, зараз i зрабіць, Яўхім, пэўне, яшчэ не вярнуўся!.. Забраць матчыны чаравікі, андарак, кохту, — i ўсё. І нічога болей!.. І сысці хутчэй, нікому нічого не сказаўшы!.. Лесам сысці, штоб не бачыў ніхто! Штоб не ўчаніліся зразу!.. Патом, канешне, знайдуць! Але няхай патом грозяцца, калi не адна буду! Калі пад аховай, з Параскай!.."

"А прыбяжыць! Прыбяжыць жа! — падумала пра Яўхіма. — Не саступіць так! — У грудзі папоўз страх. — Прыляціць туды, як звер ашалелы! Што яму тая школа, што Параска!.. — Супакоіла сябе — Прыляціць — няхай прылятае! Няхай! Не вельмі ўкусіць!.. A i ўкусіць — усё адно! Усё адно ўжэ цяпер!.. Горай не будзе!.."

Яна была ўжо на Глушаковай сядзібе. Вочы дзіўна чула лавілі ўсё, што праходзіла каля яе, адзначалі. Гумно зачынена, стары, мабыць, у свірне. Не, i ў свірне нікога; i хлявы зачынены. Яшчэ ад свірна выглядвала, хто на двары; каб Яўхім, не дай Бог, не тырчаў ужо. Не прыпёрся не ў час.

Сцяпан пад павеццю калоў дровы, выпрастаўся, глядзеў на яе. Яна нібы не заўважыла, нібы з заўсёдным спакоем прайшла міма. Каля хаты стары закопваў падпірку к слупу; слуп у зямлі згніў, i плот валіўся. Корч на момант адвярнуўся, трымаючы жалязняк, востра зіркнуў. Прамаўчаў.

Ганна цвёрда ступіла на свой ганак. Хацела адразу падацца на сваю палавіну, але тут выткнулася з вядром свякруха, пераняла:

— Дзе ето гайсала?

Ганна ледзь стрымалася, каб не адрэзаць у адказ нянавісцю; але сцярпела: нашто заядацца, насцярожваць лішне!

— З Хведзькам дома пасядзела…

Не чакаючы, што скажа старая, узялася за клямку дзвярэй. Калі зачыніла ix, падумала: тырчаць, як сычы абое, бы назло! То тупала па пакоі, нібы штосьці робячы, то садзілася на ложак, то зноў усхоплівалася, тупала, — што б ні рабіла, неспакой, нецяргілівасць не аціхалі ні на момант… З неспакоем, нецярплівасцю гэтымі, якія часам апаноўвалі так, што, здаецца, не было як ужо стрымлівацца, паглядвала на двор, на вуліцу, слухала, лавіла гукі з суседняга пакоя. Стары ўсё корпаўся ля слупка, свякруха не вярталася. Яшчэ трохі от так, — i — чаго добрага — суджаны ля варот паявіцца, вернецца ў хату, а гэтыя тырчаць i тырчаць на дарозе!

Нецярплівасць раптам перайшла ў злосць, у рашучасць! Тырчаць, i — няхай тырчаць! Ці канешне асцерагацца ix, туляцца перад імі! Калі на тое, i Яўхіма яна не баіцца! І Яўхім не астановіць яе! Няма ў яе страху!

Проста шуму, гаворкі лішняй не хацелася! Калі ж так няхай тырчаць там сычы старыя! Пройдзе яна i так!.. Ганна разаслала на ложку хустку, паклала матчыны чаравікі, андарак, кофту. Пройдзе i так!

Пачула — хтосьці ўвайшоў у Карчовы сенцы, пазнала — старая. Выглянула ў акно — стары ўсё корпаўся пры плоце…

Старая нешта рабіла ў сенцах, перастаўляла, грымела начоўкамі, вядром.

Ужо калі завязвала моцным вузлом хустку-клунак, пабачыла — старога няма ўжо ля плота. Пачула — стукнула клямка, патупаў па сваёй палавіне. Апранаючы каптан, мімаволі слухала, лавіла — клямка раптам бразнула зноў Стары падаўся некуды! Падбегла да акна: на двары не было, пазнала — ляпнула клямка ў веснічках. Паплёўся на вуліцу! Старая адна ў сенцах. Сенцы перагароджаны, але як толькі Ганна выйдзе у ix, старая пачуе, вытаркнецца на ганак. Быць іншага не можа! Уздыме лямант на ўсё сяло!.. Няхай уздыме!.. І ўсё ж момант чакала, як бы набіралася духу. Перавязала нанава клунак…

Вось жа шчасце: старая ўвайшла ў хату, пашаргала па падлозе. Сціхла. Палезла — здагадалася Ганна — на печ! Падрамаць захацела, карыстаючыся тым, што стары сышоў!.. У чула праз забітыя дзверы важкае сапенне…

На дарозе к гумну, к лесу, толькі Сцяпан! Але Сцяпан — не страшыць. Дарога к гумну амаль вольная!.. Пачула, як часта, быццам падганяючы, закалацілася сэрца.

Можа, удала зусім абыдзецца ўсё. Ганна асцярожна, стараючыся не стукаць, не рыпець падлогай, пайшла праз пакой. Краем увагі адзначыла: на палавіне старых было ціха. Старая адно сапла. Чуючы, як сэрца калоціцца ўсё часцей, усё весялей, як уся становіцца незвычайна імклівая, лёгкая, ступіла на ганак.

У той жа момант замерла: на двор праз веснічкі ўваходзіў Яўхім. За варотамі быў конь, i Яўхім, мабыць, ішоў адчыніць вароты. Яна пачула, як адразу пацяжэла ўсё ў ёй, аж нагам стала нядобра; але адолела гэты свой цяжар. Важка сышла з ганка, падалася дваром к хлявам, к гумну. Не думала, не разважала нічога. Не было чаго думаць. Толькі чакала.

Ён, мабыць, трохі сачыў услед, не мог зразумець, што да чаго. Але варот не адчыняў, сачыў, значыцца. Потым за некалькі шырокіх скачкоў падляцеў да яе, пераняў. Стаў наперадзе: твар у твар.

— Куды?

Так, абы не маўчаць, яна адказала:

— От… схаджу… Праведаю сваіх…

— А ето?

Ён пацягнуў клунак, хацеў паглядзець, што там.

— Ето — не тваё…

— Дай!

— Не тваё, кажу!

Ён тузануў за клунак, з клунка высунуўся чырвоны насок чаравіка.

— Ідзі ў хату, — загадаў Яўхім.

Яна не кранулася.

— Ідзі! Не ўводзь у гнеў.

Ганна хоць бы варухнулася.

— Чуеш?! — закрычаў Яўхім. Каля вачэй яго скура нядобра пачырванела.

— Не крычы! — Ціха, цвёрда яна прамовіла: — Не пайду!

— Не пойдзеш?..

Раптам голас яго заціх. Вочы пакруглелі, пранізліва, восгра закалолi яе. Калолі нязводна, няўхільна.

— А!.. — дзіўна пракаўтнуў ён.

Толькі цяпер дайшло да яго ўсё. Губы яго скрывіліся, задрыжалі, ён на момант разгубіўся.

— От яно што!..

Ён памаўчаў. Штосьці быццам растала ў ім. Цішэй, мякчэй, нібы з вінаватасцю, сказаў ён:

— Ідзі ў хату!

— Не пайду.

Ён пачакаў, перапьггаў, спадзеючыся яшчэ:

— Не пойдзеш?

— Не.

Зноў змоўк. Але тады, як маўчаў, проста ўвачавідкі — бачыла Ганна — мяняўся: цвярдзелі губы, халаднеў, наліваўся злосцю гюзірк.

От, было чаго хавацца, чакаць зручнага моманту! Лес усё-такі звёў, паставіў твар у твар! Не ўхілішся! І — няма чаго ўхіляцца! І так доўга гнулася, баялася! Хопіць ужо!

— Ну от, усё! — сказала дзіўна спакойна. Ступіла, хацела пайсці.

— Усё?!

Ён хапіў яе за плячо. Рука была як жалезная, i позірк шалеў ад нянавісці. "Зараз — ударыць. Зараз…" яна не дадумала, што можа быць зараз. Можа быць, зараз заб’е. Але дзіўна — страху не было… Усё адно! Чым так жыць…

— Пусці!

Мелькам заўважыла: ад павеці, набычыўшы галаву, важка ідзе Сцяпан.

— Усё?!! — Яўхім раптам ухапіў яе за шыю, дужа, з нянавісцю тузануў уніз, люта, са ўсёй сілы ўдарыў наском па назе.

Ганна ледзь устаяла. У другі раз Яўхім ударыць не ўправіўся: на яго, як рысь, увесь падаўшыся ўперад, рынуўся Сцяпан, нецярплівымі рукамі рвануў ззаду за каўнер. Ірвануў так, што Яўхіму ўмомант перахапіла, здушыла горла.

Яўхім крутнуўся, вырваўся, апе Сцяпан рынуўся, насеў зноў.

— Пусці яе! — крыкнуў Яўхіму неяк віскліва, запалены.

Яўхім прасіпеў з лютасцю, з пагрозай:

— Не суйся, смаркач!

— Пусці!!!

Яўхім кінуў Ганну, вырваўся, згарача даў кулаком Сцяпану ў сківіцу — так, што той, ускінуўшы галаву, адляцеў к плоту. Момант які ляжаў, упіраючыся локцямі, нібы цямячы, потым ускочыў, плюючыся крывёю, з гразьбою кінуўся на Яўхіма зноў. І зноў паляцеў к плоту, ды так, што грукнуў аб штыкеціны патыліцаю.

— А-а! — закрычаў ён з болю, злосці, бяссілля.

Ускочыў зноў, намерыўся быў рынуцца к Яўхіму, няцямна выцер далонню рот, зірнуў на яе, убачыў кроў. У вачах яго, рахманых звычайна, паявілася лютасць, штосьці звярына-глушакоўскае; поўны помслівага шалу, Сцяпан шыбануў к павеці.

Ганна, што была ўжо наводдаль, убачыла, як ён ухапіў ля дроў сякеру, трымаючы яе перад сабою, набычаны, нястрымны ў сляпой адвазе, важка, валка рушыў на Яўхіма.

119
{"b":"205308","o":1}