4
Янг заўважаў: задаволены Судзір. Але і ўстрывожаны: чаму гэтак лёгка ідуць дэльфіны на кантакт з Янгам, а з ім — туга, не памагае часам і рыба? Мо дэльфіны проста любяць дзяцей — хоць сваіх, хоць чалавечых?
Ева, ён пазнаваў яе па трох белых шкрабінах-палосках на левым баку за грудным плаўнікам, лашчылася, як сабака. Мо ўспамінала ў гэты час сваю дачушку Джэйн? Мо чалавечы дзіцёнак чымсьці замяняў малышку? Калі Янг доўга заставаўся пад вадою, нырала і яна, рострумам далікатна, але рашуча падштурхоўвала пад жывот, пад грудзі, каб хутчэй усплываў. І яна, і Дора, і Бэла, нават магутны Дзік (у яго з правага боку ў ніжняй сківіцы зуб сядзеў не ў радзе, а нібы ступіў крок да языка, а з левага боку чатыры зубы былі з'едзены да пенчукоў) любілі церціся аб Янга, браць яго за лытку зубамі, праводзіць туды-сюды, нібы чухаць. Калі першы раз гэтак зрабіла Ева, Янг з перапуду рвануў нагу, і на лытцы засталіся барвовыя пісягі ад зубоў. Дэльфінкі пачулі пах крыві, затрывожыліся, зашчабяталі, як вераб'і. Мо тыя, другія самкі, папракалі Еву за неасцярожнасць, а яна апраўдвалася, што Янг сам вінаваты, не трэба гэтак кідацца ў паніку. Нашчабятаўшыся, Ева падплыла да Янга, далася пачухаць сябе пад плаўнікамі, сама цярнулася шчакою аб яго бок — нібы прасіла прабачэння. Астатнія самкі дружалюбна кружыліся наўкола, высоўвалі з вады галовы, пасміхаліся на ўвесь рот. Тут жа і Дзік плаваў, і ніколькі не хваляваўся за свой гарэм, не раўнаваў да Янга.
Бобі, калі Янг даваў яму цэлую невялікую рыбку, не ныраў, каб з'есці, а браў далікатна за хвосцік і падкідваў так, што рыбка рабіла трайное сальта і падала ў рот. Нагуляўшыся, нахваліўшыся сваім умельствам, Бобі з'ядаў рыбку — пад вадою, вядома.
Малыш бачыў, што ў час прадстаўлення Судзір дае дарослым дэльфінам рыбу толькі тады, калі тыя правільна зробяць які трук. І ён лавіў у вадзе то лісток, то кавалак медузы, нёс Судзіру або Янгу, разяўляў рот: «Дайце і мне!» Раз Бобі даў медузу Янгу, узамен Янг нічога не даў. Бобі нырнуў і так пляснуў хвастом каля твару, што Янга захліснуў паток вады. Вынырнуў малыш пасля гэтага і насмешліва глядзеў, як Янг адкашліваецца.
У прамежку паміж першым і другім прадстаўленнямі Янг амаль увесь час плюхаўся з дэльфінамі. Судзір на гэта нічога не гаварыў, моўчкі пагадзіўся. Прывучыў малога да сігналаў-свісту. Варта было прасвістаць — два доўгія і два кароткія свісткі, а потым яшчэ дзве пары кароткіх (па рытму — нібы словы: «Ты дзе, Бобі? Плы-ві сю-ды»), і дэльфіня ляцела стрымгалоў.
Ссінелы, як дэльфін, згаладалы, выбіраўся Янг з басейна і толькі тады ўспамінаў, што трэба было ўзяць маску з трубкай, трэніравацца з ёю. Радж адаграваў яго гарачаю каваю, запасы правізіі ў Раджа катастрафічна змяншаліся, на апетыт Янг не скардзіўся. Добра, што донна Тэрэза зноў, не дачакаўшыся іх у гатэлі, зрабіла візіт у дэльфінарый. Пакунак з ядой на гэты раз быў значна большы. Замілавана глядзела, як яны знішчаюць катлеты і каўбаскі, асабліва Тота: «Бедны сабачка, як ты схуднеў… Зусім сапсуеш страўнік, а тут, мабыць, ветэрынара няма. Янг, хлопчык мой, ты ўсё-такі старайся прыводзіць Тота на абед. І раніцаю кармі абавязкова, я зраблю сякія-такія запасы ў халадзільніку. Бяры, не саромся…» Янг успомніў белую шафачку-халадзільнік каля сцяны спальні ў нумары гатэля. Не заглядваў у яе яшчэ ні разу, а варта было б.
— Донна Тэрэза, не магу я ў вас больш! Я на службе ўжо… Пашукайце сабе другога каго, — пачаў Янг прасіцца, каб адпусціла.
Але сіньёра і слухаць не хацела.
— Як — другога?! Ой, што ты гаворыш — чужога ўзяць, з вуліцы?! Тота прывык да цябе! У яго можа быць нервовы стрэс! Сапсуецца страўнік, сапсуецца характар… І ў мяне будзе стрэс! Я цябе палюбіла. Мне будзе вельмі горка, калі ты нас пакінеш! Нават і не думай, чуеш?
І пайшла. А Янг глядзеў ёй услед, і хацелася плюнуць са злосці. Цудоўны Тота, пацешны, ён сам прывык да яго… Але ж дэльфіны! У яго з'явіліся дэльфіны! Аднаго Бобі, тоўсценькага, нібы напампаванага паветрам і зробленага з бліскучай гумы, Янг не прамяняе на дзесятак сабачак. Тым больш такіх спешчаных, як Тота, бездапаможных… От у Мансура быў сабака дык сабака! Ніхто з ім не няньчыўся, не браў на рукі, хіба толькі, як быў шчанюком. Бегаў дзе хацеў, дружыў з усімі хлапчукамі, любіў купацца, умеў добра плаваць. Мансур неяк жартаваў, што хутка вывучыць яго плаваць на сажонкі. «Ха-ха, сабаку — на сажонкі?!» Мансураў сабака заўсёды першы сустракаў рыбакоў на беразе лагуны, па яго паводзінах біргусаўцы вызначалі, ці ўсё добра ў рыбакоў і які ўлоў. І рыбакі любілі яго, адразу частавалі рыбай…
Дзе хоць той Тота? А-а, заснуў у цяньку пад кустом… Ну, няхай паспіць… Шкада, Раджа няма, паплыў з турыстамі пад ваду, мора крыху супакоілася ўжо.
Другое прадстаўленне даўнавата скончылася, а трэцяга не будзе. Зусім расстроіўся Судзір: сышчык-паліцэйскі, які прыходзіў расследаваць пакражу, сказаў, што няхай не спадзяюцца на хуткі і станоўчы вынік. Расследаванне — справа тонкая.
Судзір, выправадзіўшы паліцэйскага, забраў з Раджавай каморы дыпламат, перанёс да сябе ў «рэзідэнцыю». Потым надзеў гідракасцюм, акваланг і залез пад ваду ў басейн. Што ён там робіць — невядома, але дэльфіны віруюць над ім, ныраюць, усплываюць, гучна аддыхваюцца.
Янг пазбіраў паперкі на трыбунах, знайшоў у схованцы ключ ад Раджавай каморы. Адамкнуў, узяў на паліцы маску з трубкай, ласты, зноў замкнуў і схаваў ключ. Радж паказваў ужо, як карыстацца маскай і трубкай — тэарэтычна паказваў, не залазячы ў ваду. А цяпер будзе Янг трэніравацца практычна. Не святыя гаршкі лепяць, авалодае і ён гэтымі штукамі.
Уссунуў ласты, зашпіліў раменьчыкі і сам з сябе разрагатаўся: ну й шлэпала малое! Каб яшчэ рот да вушэй, то на жабу быў бы падобны. Нахіліўся над бортам басейна, чарпануў жменяю вады, прамыў шкло маскі знутры. Надзеў на вочы і нос, падсунуў пад раменьчык дыхальную трубку, загнуты канец павярнуў так, каб добра было браць у рот загубнік. «Судзір каля паўночнага канца басейна… Ну, а я тут буду, каля мосціка, і ў рукаве. Хопіць і яму месца, і мне…»
Пераступіў парэнчу — боўць!
Вада з бульканнем запоўніла трубку. Вынырнуў, выставіў трубку, моцна хукнуў, выдзьмуўшы з яе ваду. Адразу ўдыхнуў паветра — і ледзь не ўтапіўся: захапіў трубкаю і вады. Дзіка кашляючы, задыхаючыся, сарваў з сябе маску, ухапіўся за жалезныя лескі, што вялі з басейна. Во д'ябальшчына… Лёгкія разрываліся ад сутаргавага кашлю, балела горла.
Янга ўпартасці навучыла жыццё: іначай нічога не даб'ешся. Аддыхаўся, зноў прыладкаваў маску з трубкай і паплыў ужо ціха, апусціўшы ў ваду толькі твар.
У вадзе шэры паўзмрок, каламуць. Ён ніколі не думаў, што ў басейне і ў рукаве аж да плаціны такая забруджаная вада. Бедныя дэльфіны, як ім хочацца з гэтай каламуці на волю і прастор, у чысціню і празрыстасць! А людзі злавілі іх, трымаюць у салёнай лужыне сабе на пацеху… Абрахамс казаў, што ўвесь час працуе помпа, падае свежую ваду, вада патроху заменьваецца. Але каб такі слабы быў вынік?!
Толькі каля лесвічкі з басейна на дне нарассыпана свежага пяску. А так дно скрозь укрыта мулам і цінаю, завялася нават нейкая брудная лапушыстая расліннасць. А некалі, пэўна ж, быў чысты бетон. Валяюцца кавалкі цэглы, камяні, аскалёпкі бутэлек.
А што гэта за цёмная тарпеда ляціць насустрач яму? Дзюба-рыла так і цэліцца проста ў твар, цямнеюць вочкі, магутна працуе ўгору-ўніз хвост… У нейкім паўметры «тарпеда» рэзка ўзмывае ўгору, засвяціўшы белым жыватом. Янг падымае з вады твар і пазнае вясёлую морду Бобі. Дэльфіня ўважліва, з насмешкай углядаецца ў шкло, здаецца, вось-вось падміргне: «Не схаваешся, брат… Пад любою маскаю пазнаю…»
Яны плывуць побач да паўночнага, правага краю басейна, дзе ныраюць, кружаць, шумна аддыхваюцца дэльфіны. Што там робіцца на дне? Янга разбірае цікаўнасць, хочацца падгледзець за Судзірам.
У глыбіні наперадзе відаць расплывістыя доўгія і неспакойныя цені дэльфінаў. З кожным грабком рукі яны відаць выразней, вунь і Судзір у чорным касцюме з жоўтымі балонамі за плячыма. На поясе ў яго торба, ён раз-пораз дастае адтуль кавалкі рыбы, соўгае ў рот то аднаму, то другому. Але дае і другое — пляскатыя ручкі бляшаных саўкоў-чарпакоў. Заднія барты чарпакоў крута заломваюцца ўгору, упіраюцца ў шыю дэльфінам. Спераду ў чарпакоў зубцы. То адзін, то другі дэльфін стараецца ўдзёўбнуць чарпак зубцамі ў кучу, набраць хоць крыху пяску. Але пясок тут жа змываецца з чарпака. Угору ляцяць бурбалкі, хмары каламуты марудна рассоўваюцца ў бакі… Янг крыху заплыў у правы рукаў і застыў на вадзе, ледзь паварушваючы рукамі і нагамі. Судзір ад яго ўнізе і правей, і Янгу відаць, як той лезе рукою ў торбу, выцягвае па кавалку рыбы і суе ў рот тым, у каго атрымліваецца лепш, больш застаецца пяску на саўку. А лепш атрымліваецца ў Доры і Бэлы, а не ў Евы.