Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Затое прыплыў да іх Бобі, паклаў галаву падбародкам на цэментавы бераг басейна. Разявіў ружовы, у шараватыя плямы, як у Мансуравага сабакі, рот, паволі выштурхоўваў з рота языком ваду. Праскрыпеў тоненька, жаласліва, потым затрэнькаў дыхалам, задрыжала плеўка-перапонка, што яе прыкрывала: понк-пэнк-пынк-пінк, р-рыў-рын-н, нібы хто правёў кіпцем па зубцах металічнай расчоскі.

— Што, Бобі? Ты маленькі бэбі, а не Бобі… Што ты хочаш сказаць, на што паскардзіцца? — прысеў Радж, пагладзіў яго па гладкай, нібы паліраванай, галаве, патузаў у бакі за рострум. — Бяда ў вас, малышок, бяда… Што тут здарылася, бэбі? Чаму ты не раскажаш?

Бобі паплыў да дэльфінак, закруціўся каля іх, падаючы скрыпучыя гукі.

О, каб мог Бобі ці другі дэльфін расказаць, што тут адбылося!

Радж устаў. На душы было цяжка: дэльфінят усе любілі, як родных дзяцей.

— Радж, павер, я ні ў чым не вінаваты! — Гуга гаварыў гэта, і ажно губы дрыжалі.— Учора я пакідаў іх жывых і здаровых, ніякіх падазрэнняў не было.

— Ніхто цябе не вінаваціць, супакойся.

— Ага! Ты не ведаеш Судзіра! Ён цяпер з'есць мяне… Ён жа пачынаў з маленькімі нейкі нумар рыхтаваць.

— Вечарам усе добра елі?

— Па-рознаму, як заўсёды. Хто больш удзельнічаў у прадстаўленнях, той нахапаўся за дзень. Астатніх дакармліваў… Джэйн, здаецца, мала ела. Усё плавала паціху, не нырала… Але я падумаў, што і ёй перапала, не галодная.

— Судзір быў вечарам? Праводзіў рэпетыцыю?

— Не.

— Да Крафта ты не бегаў? Трэба хутчэй яму далажыць.

— Не было яшчэ яго.

Было восем гадзін раніцы. А палове дзевятай прыходзіць містэр Крафт, а палове дзесятай — Судзір. Рабочы дзень у Гугі пачынаецца ў восем гадзін, бо яму трэба і рыбу рыхтаваць — Судзір дэльфінам не кідае па цэлай, калі заахвочвае пасля выканання нумару. У астатніх супрацоўнікаў пачатак работы ў дзевяць.

У адзінаццаць пачынаецца першае прадстаўленне, у чатырнаццаць — другое. У сераду, суботу і нядзелю — па тры прадстаўленні, апошняе — у шаснаццаць. Пасля кожнага прадстаўлення Судзір разыгрывае «латарэю», уручае некаторым гледачам пластмасавых дэльфінчыкаў, прыклееных да скрыначак-падставак. Тыя дні, калі няма трэцяга прадстаўлення, Судзір займае гэтыя гадзіны на рэпетыцыі і іншыя заняткі з дэльфінамі.

Стаялі з Гугам на мосціку, кожны думаў пра сваё. Пад імі некалькі разоў праплыў, магутна працуючы хвастом, Дзік.

— Гуга-а! — пачулася з заліва. Прыплыў на адрамантаваным яліку, прывёз рыбу з порта загадчык гаспадаркі Абрахамс.

Гуга сарваўся з месца, пабег туды.

— Скажы яму пра Джэйн! — крыкнуў наўздагон Радж. — Трэба ж хутчэй вылоўліваць, а то і так дэльфіны хвалююцца.

А самому палезла ў галаву чорт ведае што. Мо Джэйн атруцілі? Пачалі з Джэйн — як папярэджанне, а потым і да астатніх дабяруцца. Мо прыклалі руку тыя з «WW» ці «WV»? Але ж выпадак з гарпуном быў больш за месяц назад, калі б і захацелі падпужаць яшчэ раз, то зрабілі б адразу, не цягнулі б столькі. А з сённяшнім абстрэлам таксама не звяжаш. Абстрэл быў хоць на некалькі гадзін, ды пазней, чым пачалося ўсё з Джэйн. Вартаўнік гаварыў, што ўсю ноч дэльфіны непакоіліся. А Гуга заўважыў, што Джэйн была як сама не свая яшчэ звечара.

У дэльфінарыі толькі афаліны, іншых прадстаўнікоў сямейства дэльфінаў не трымалі. Малыя дэльфіняты былі па семдзесят — восемдзесят кілаграмаў, самкі — па сто семдзесят — дзвесце. Дзік — усе трыста. Раджу аднаму няма чаго і лезці ў басейн, не справішся з імі. Выпадкаў нападу на чалавека не было. Але хто дасць гарантыю, што такога не можа быць?

Пайшоў да сябе ў камору раздзецца, каб быць гатовым. За гэты час падышлі містэр Крафт і вартаўнік Малу, потым Абрахамс. Малу знарок, мабыць, чакаў Крафта ў вартоўні, каб першым паведаміць пра такую падзею, нібы спяшаўся апраўдацца.

Радж выйшаў да іх, пачуўшы войканне і стогны Крафта. Усе стаялі на беразе басейна каля вышкі, глядзелі на дэльфінаў, і ніхто пакуль што не прапаноўваў, што рабіць.

— Пяцьсот долараў! Пяцьсот долараў з кішэні — фюць! — трагічным голасам шаптаў Крафт.

— Добра, што не Ева ці Дора… Або Дзік… Не пяццю сотнямі пахла б, — гаварыў Малу тое, што і ўсе ведалі.

— О, тады б адразу дзве тысячы выкрэслівай! Ды дзе дзве?! Дэльфіны ж абучаныя ўжо, не сырэц. Паспрабуй дзе дастаць такіх! — бедаваў Крафт.

— А таму праспяваем: «Богу слава!» За тое, што яшчэ не самае горшае абрушыў на галаву, — набожна заўважыў Абрахамс. Па вечарах ён ходзіць маліцца ў нейкую малітоўню, нават лічаць яго там праваю рукою прасвітара. — Пайду хіба сетку вазьму.

Радж як стаяў, адразу боўтнуў у ваду. Думаў, адбярэ Джэйн у дэльфінак, прыбуксіруе бліжэй да берага, каб лацвей было падчапіць сеткаю. Але пачалося нечаканае: толькі Ева, маці, засталася каля Джэйн, астатнія дэльфінкі ўзбуджана закружылі вакол Раджа, даўжэй застаючыся з таго боку, дзе была Джэйн і куды плыў Радж. Як тарпеда прымчаў з паўночнага кутка Дзік, самкі пачціва расступіліся перад ім, каб не замінаць Мансуру. Магутна развярнуўшыся, ажно ўздыбіліся хвалі, заплёскалі ў берагі, Дзік пагрозліва, але з меншай скорасцю рынуўся на Раджа. Рострум трымаў пад вадою так, нібы зрыхтаваўся для тарана. Радж прытармазіў, адвярнуў убок… Хіба ведаеш, што ў Дзікавай галаве? Дэльфіны ўдарамі рострумаў па жабрах забіваюць магутных шматметровых акул — акіянскіх тыграў. Дзік пляснуў хвастом каля твару Раджа, вадою ажно забіла дых, і павярнуў каля твару Радж закашляўся, адплыў яшчэ далей.

— Дзе Гуга? Няхай бы рыбаю паманіў іх у рукаў… Гуга! — закрычаў містэр Крафт.

— Узяць якую бамбучыну добрую, паадганяць іх — і ўсё, — параіў вартаўнік.

— Ты не Малу, а малы, — усё яшчэ кашляючы, сказаў яму з вады Радж. — Нельга з дэльфінамі груба, гэта народ горды.

Але калі падбег Гуга, то Крафт загадаў яму прынесці бамбучыну і рыбу.

— Судзір будзе біцца. Ён не дазваляе карміць дэльфінаў перад прадстаўленнем, — патаптаўся на месцы Гуга, сшалушваючы з рук рыбіну луску.

— Скажаш: я загадаў. Я — чуў?! Джэральд Крафт! А не нейкі там Судзір! — з паказным гневам прамовіў містэр Джэры.

Гугу нібы ветрам здзьмула.

3

— Радж, да Крафта! — паклікаў Абрахамс.

Радж зразумеў, што містэр Джэры праводзіць нейкае сваё следства і што перад гэтым была ўжо ледзь не сварка. У куточку стаяў заплаканы Гуга. У Крафта і Судзіра расчырванела-ўзбуджаныя твары. Хлопец памацваў свежы сіняк пад вокам. У другім кутку кабінета быў Малу.

— Я невінаваты, містэр Крафт! Невінаваты!.. — усхліпваў хлапчына. — Не звальняйце мяне! Рыба была не гнілая, хай Абрахамс скажа… Дый не ядуць дэльфіны прытухлую!.. Не магла Джэйн атруціцца рыбаю!

— Радж, ты сядай пакуль што, — паказаў яму Крафт на крэсла, але Радж садзіцца не хацеў, усе стаялі.— А вам, містэр Судзір, дазвольце аб'явіць вымову. Распускаць рукі — дзікунства, выбачайце… Вы маглі яму брэйк… зламаць, значыць, сківіцу, — потым Крафт яшчэ больш змякчыў тон: — Гэта проста непрыстойна. Калі вам хочацца наракаць на работу Гугі, вы скажыце мне. Толькі я маю права караць, я гаспадар тут, а не вы!

Радж глядзеў на Судзіра. У дрэсіроўшчыка быў чарнявы, ажно сіні, худы твар. На шчоках правалы, рот саркастычна і пагардліва ўсміхаецца — адным кутком.

— Гуга, ён цябе выцяў? За што? — спытаў Радж, паглядваючы то на хлопца, то на Судзіра.

Гуга прыкусіў губу, адвярнуўся да акна. Яно сядзела глыбока, нібы ў нішы, а сцены кабінета тут, у паддашку, навісалі ўсярэдзіну.

— Як звычайна — ні за што, — адказаў за яго Радж. — Дык чаму ты не ўпіўся яму кіпцямі ў морду, калі не падолееш у бойцы? Чаму так папусціўся? Ты ж ужо дарослы… Ды ў рэшце рэшт і містэру Крафту можна паскардзіцца.

Радж падышоў да хлопца, цярнуў яму далонямі пад вачыма. І зразумеў, што не трэба было гэтага рабіць. Ад такога шкадавання Гуга яшчэ горш разгорніўся.

— Не плач. Больш ён цябе не зачэпіць. А зачэпіць, то будзе мець справу са мною. Гэта я пры ўсіх гавару.

Судзір скрывіўся яшчэ больш пагардліва. Павярнуўся ісці, але кінуў цераз плячо, нібы ўсім рабіў вялікую ласку:

25
{"b":"549273","o":1}