Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ты пра мяне ўсё ведаеш, а я пра цябе — не. Дзе твае бацькі падзеліся?

— Бацька рыбаком быў, загінуў у шторм. Нечакана тады шторм наляцеў, многа лодак не вярнулася. А маці ўмудрылася другі раз замуж выйсці, за нейкага гандляра. З'ехала ажно ў Інданезію.

— Ты хто па веры? — пацікавіўся Янг.

— І сам не ведаю. Мо мусульманін? Памятаю, што некалі дзядзька, пакуль не апусціўся, цягаў мяне ў мячэць. Тут, у Свійттаўне, і мячэці ёсць, і буддзійскія храмы, і цэрквы ўсякія.

— Мне ўсё роўна, якое ты веры. Я буду дружыць з табою ўсё жыццё!

— І я з табою, Янг… — Абдула абняў яго. — Я табе братам буду. Нас цяпер трое братоў — ты, я і Радж. От бы пабываць на Раі, з Раджам пазнаёміцца, у дэльфінарый заглянуць! Дэльфіна зблізку паглядзець, пагладзіць.

— Пабываеш! Я думаю перабірацца да Раджа, а калі-небудзь і ты перабярэшся. Я таксама яшчэ не бачыў зблізку дэльфінаў. Радж казаў, яны амаль ручныя, свойскія. А што пад вадою робіцца — як у чароўнай казцы! Я нічога так не хацеў бы, як паплаваць пад вадою. З аквалангам!

— Няма дзіцячых аквалангаў, не разганяйся.

— А не ўсё роўна, дзіцячы ці дарослы? Маску падагнаць можна, а балоны… Нам жа менш трэба паветра, чым даросламу, на тых самых балонах можна і даўжэй прабыць пад вадою, і заплысці глыбей. А ты ведаеш, як я плаваю? Адку-уль! Я лепш за ўсіх малых на Біргусе плаваў і пад вадою магу больш прабыць не дыхаючы.

— Не хваліся вельмі.

— Хочаш — на заклад? Я цябе абганю ўраз.

— Я слаба плаваю, не было калі бегаць на мора.

— А яшчэ ведаеш, пра што я мару? Пабываць з аквалангам на возеры… Ёсць на Горным возера, мы там з Амараю былі, хацелі зямлю знайсці, каб біргусаўцам пасяліцца. І мы такое там бачылі! Толькі ты дай слова, што нікому ні гу-гу!

— Каб мяне акула зжэрла! — пакляўся Абдула.

— Золата ў тым возеры ёсць. Там двое англічан ці амерыканцаў, аднаго Штам зваць, лазілі… Усе рэчачкі і ручаі перапаролі, зямлю настармачылі. Усё прамывалі пароду ў бляшаных рэшатах — кружаць, кружаць, кружаць. Потым тое, што зверху, лягчэйшае, выкідваюць, асадак глядзяць. Так золата шукаюць — Амара казаў.

— Вось гэта штука-а! — Абдула ажно сеў.

— Яны і з дна возера чэрпалі пясок, гравій, глядзелі. Каб нічога не знаходзілі, то столькі б не пароліся… Залаты пясок і самародкі вельмі цяжкія, яны на дно асядаюць. Тыя двое без акваланга плавалі, толькі з маскаю і трубкаю. А вось каб з аквалангам нырнуць!.. Мы пайшлі адтуль з Амараю, а тыя засталіся лазіць.

Абдула часта задыхаў.

— Вось бы нам знайсці па самародку! Абмянялі б на грошы… За золата многа грошай даюць.

— Золата — самыя лепшыя грошы. А што б ты зрабіў з самародкам, каб знайшлі?

— За золата можна знайсці ўрача, бальніцу, дзе наркаманаў вылечваюць. Дзядзьку б на ногі паставіць, тады б я ад яго паехаў… А так — не магу пакінуць старога… І яшчэ: я паступіў бы вучыцца ў коледж.

— І я! Перш за ўсё — вучыцца… Каб потым і на капітана вывучыцца, па ўсіх морах і акіянах плаваць. Увесь свет аб'ехаць! Можна плысці на захад, марак Дуку расказваў, а вярнуцца з усходу… Усё плысці і плысці, і прыплывеш з усходу.

— Я чуў пра гэта. Але не верыцца.

— Праўда-праўда, бо зямля круглая. От глядзі… Дай сюды галаву… От так: паплывём ад левага вока…

— Не выпары, капітан дальняга плавання.

— …ад левага вока паплылі…— Янг заперабіраў пальцамі па галаве Абдулы. — Кругом, кругом… Над адным вухам, над другім… А во ўжо і правае вока, і во — зноў левае. Прыплылі! З другога боку… Зразумеў?

— Ага… Мы будзем сёння спаць ці не?

— А мне і не хочацца. Чаго ты чухаешся, як свіння?

— Ды клапы, мабыць, папрачыналіся, палезлі.

— А што гэта такое? Маскіты?

— Не ве-едаеш клапоў?! Шчаслівы чалавек… Насякомыя такія, рыжыя, пляскаценькія, смярдзючыя. У шчылінах жывуць… А кусачыя — страх!

— Не было на Біргусе клапоў. Хіба што амерыканцы завязуць… Ой, і мяне куснуў! Давай пабяжым дзе-небудзь у сквер, на свежае паветра. На траўку ляжам… А то тут задыхнёмся ўтрох.

— Нічога, нічога… Ты яшчэ не ведаеш, не спазнаў добра, што такое не мець даху над галавою.

Чухаючыся, палеглі. Янг, змораны ўсімі прыгодамі, пачаў драмаць, як Абдула таўхануў пад бок:

— Чуеш? Мы ўсё-такі пабываем на возеры. Паклянёмся давай!

— Клянуся!

— І я клянуся!

3

Пуол бадзяўся як беспрытульны. Супярэчлівыя пачуцці раздзіралі душу. Страх, як туман, ахутваў з галавы да ног. З-за прыступаў гэтага страху адмаўлялася варыць галава. Думкі ліхаманкава пераскоквалі з аднаго на другое. Што рабіць, куды кінуцца? Як перабрацца на Рай без цэнта ў кішэні?

Палавіна дня мінула, засталося яшчэ два з палавінаю дні, якія далі яму для выканання задання. А ён яшчэ і на прасянае зернетка не прыдумаў, як выканаць тое заданне, знайсці таямнічага «R.S.». «Буду Раджа шукаць на Раі… Усё-такі таварыш, сябравалі быццам бы некалі. Ён таксама ў дэльфінарыі працуе, усіх там ведае. Мо падкажа…»

Ноч дабыў Пуол у знаёмым скверыку на знаёмай лаўцы, нават валацугу спароў таго самага. Галодны, нявыспаны, з закарэлымі са сну вачыма пацёгся на базар — там лягчэй што-небудзь раздабыць. Ішоў і сяды-тады, выпрацоўвалася ўжо звычка, азіраўся. Часам здавалася (а мо проста ў страха вочы вялікія?), што нейкія падазроныя асобы віжуюць за ім.

Яму пашанцавала: натрапіў на былога старасту Ганеша і дзеда Амоса. Ганеш, мабыць, зусім аслеп, бо Амос трымаў яго пад локаць, падказваў, як ступаць, куды паварочваць. На паясах у аднаго і ў другога віселі доўгенькія бляшанкі-кансервы, у іх брынчалі медзякі.

— О, землякі, каго я бачу! Здаровыя былі! — першы зачапіў іх Пуол, і прывітанне яго было зусім непачцівым для іх узросту. Для блізіру пачаў распытваць пра здароўе, пра жыццё-быццё на Галоўным. Папытаў, ці не чулі, як там бацька з маткай на Горным пажываюць.

Амос ахвотна адказваў, увесь час звяртаючыся да Ганеша: «Ты чуеш, хто гэта з намі гаворыць? Сын Джывы… Такі гарадскі стаў, такія туфлі абуў…» — «А-а, той рыштанюга, што бацьку абакраў… Ведаю, ведаю…» — адказваў Ганеш.

— Стары! Калі хочаш ведаць, я нічога не краў. Пазычыў проста. Разбагацею — у два разы больш аддам. А ў цябе што тут звініць? — Пуол перавярнуў бляшанку Ганеша сабе ў жменю, тут жа хуценька і Амосаву. — І ў вас пазычаю, аддам з працэнтамі. О, ды ў вас тут крыха нейкая… Вы больш жаласліва прасіце… Ну — за мною не прападзе. Адзью, дзядулі! Шліце тэлеграмы на Горны з прывітаннем ад мяне! — і нават не азірнуўся, знік у натоўпе. Старыя патапталіся, пакруціліся ашаломлена: хто сказаў, што злодзей не страшны таму, у каго кішэні пустыя?

«Цяпер у порт… Паабедаю ў «Трыдакне» і сёння ж паспрабую перабрацца на Рай. Авось удасца… Эх, мала дзяды нажабравалі…» — пашкадаваў Пуол.

І ўсё ж настрой яго палепшаў. Ішоў і нават падчэкваўся на пальчыках. Але галава была забіта думкамі, і, пераходзячы вуліцу, сутыкнуўся з рыкшаю. «Глядзець трэба, чмут!» — гыркнуў на худога, жылістага мужчыну. Той не змоўчаў, таксама аблаяў яго, падняў аглабелькі-раму каляскі з пажылою японкаю і з месца набраў разгон.

Ішоў Пуол і пляваўся. Сутычка здалася нядобраю прыкметаю.

Ён памятаў Чжанавы словы, што абедаць у «Трыдакне» трэба ў правым кутку. Мабыць, першым кутку, а не дальшым, бо дальшы быў недзе за буфетнаю стойкаю.

Сеў спінаю ў самы куток. За гэтым столікам ужо сядзелі змрочны барадаты індус у чалме і стары з галавою, усыпанай белаю шчэццю ад барады да макаўкі. Барада старога дробненька дрыжала, нібы ніяк не мог пацэліць зубам у гарошыну. Ні адзін, ні другі не выклікалі ў Пуола падазрэнняў. Стараўся чакаць заказу спакойна, а сам украдкаю азіраў залу, абмацваў позіркам усіх, хто жаваў, сядзеў, хто піў ля буфетнай стойкі. Час ад часу пакручваў галавою, нібы яго душыў каўнер.

Барадач у чалме і шчаціністы стары пайшлі. На іх месца ад буфета адразу прыйшлі два спацелыя здаравякі ў касцюмах, з бутэлькамі піва і шклянкамі ў руках, хоць можна было знайсці свабодныя месцы і за іншымі столікамі. Селі на крэслы ўпрытык да Пуола — справа і злева, пацмокалі крыху піва са шклянак. Адзін падаўся галавою бліжэй да Пуолавай талеркі.

33
{"b":"549273","o":1}