Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пастаяў, паглядзеў з сумам праз рашотку на тое, што было на тэрыторыі дэльфінарыя. А бачыў толькі гушчыню кустоў і дрэў — парк. Скрозь лістоту трохі праглядвала круглымі бакамі нейкая не вельмі высокая будыніна з акенцамі-ілюмінатарамі.

І ў гэты час зарыпелі дзверы прахадной, адтуль выйшаў чалавек са стрэльбай за плячыма, яшчэ не вельмі стары.

— Ты каго тут выглядаеш? Зачынена даўно ўсё… Прыходзь раніцаю, — сказаў чалавек.

— Брат тут недзе… Казаў — шукай мяне ў дэльфінарыі… Радж.

— Ах, Ра-адж?! Так бы і сказаў… Няма яго, у горад пайшоў. Ты можаш зайсці, пачакаць, калі хочаш. — Чалавек зайшоў у прахадную, пачаў адмыкаць знадворныя дзверы. — Ну, чаго пераступаеш з нагі на нагу? Баішся мяне?

— Я не баюся, — Янг зайшоў, і чалавек зноў прымкнуў дзверы.

— Я вартаўніком тут… Хочаш — ідзі са мною, я абход тэрыторыі пачынаю рабіць. Заадно і раскажу, што ведаю… Малу мяне зваць, дзядзька Малу. Радж у нас фігу-ура… Во! — паказаў ён вялікі палец. — Не тое што некаторыя… От я, скажам, хто? Просты вартаўнік. А Радж мяне за чалавека лічыць, не так, як некаторыя. Таму і я яго люблю… Ты надоўга да Раджа? Назусім?! А як ты сюды дабраўся? Адзін ці з бацькам?

Давялося збольшага расказаць Малу ўсю сваю гісторыю.

— Ай-яй… А Радж мне нічога ж не гаварыў. Бачу толькі — сумны, вельмі сумны, перажывае ўсё. А не гаворыць!

Хадзілі спачатку па зялёнай зоне, па алеях. То тут, то там трапляліся паўліны — расхаджвалі па дарожках ці лужайках, цягнучы даўжэзныя хвасты, спрабавалі ўзляцець на дрэва. Адзін распусціў хвост — і Янг застыў на месцы. Такога хараства зроду не бачыў.

Грот афаліны - i_014.png

— Райскія птушкі… Райскія на востраве Рай… — зашаптаў у захапленні.

— Не-е, райскія не такія. У тых пер'е ўсімі колерамі вясёлкі пераліваецца, а найбольш пёрак ружова-аранжава-залацістых. Райскія дзікаватыя, у гушчар шыюцца. Мо пашанцуе, то ўбачыш.

Падышлі да той паўкруглай будыніны, што заўважыў з-за варот. Смешныя, па сценах круглыя вокны, як ілюмінатары на караблі. Заглянуў у адно зблізку і ахнуў: у будынку было наліта да самага верху вады. І чаго там толькі не плавала! І рыбы ўсякіх колераў і памераў, невялікія чарапахі, поўзалі лангусты, пад каменем скурчыўся спрут.

— А чарапахі цінаю зараслі! Водарасці на сабе цягаюць, маскіроўку! — не вытрываў Янг.

— У нас і вялікая чарапаха ёсць, слановая называецца, — сказаў Малу. — Кажуць, ёй сто гадоў.

Бабулька-чарапаха жыла ў загончыку пад фікусам. Упоравень з зямлёю там была ўкапана і ванначка з вадою. Чарапаха сядзела зараз над ванначкай, шырока расставіўшы ногі, і стагнала. Каля яе слязлівых вачэй круціліся мухі. «Бедная!» — пашкадаваў яе Янг.

Цікава, ці такія прыплывалі на іх Біргус адкладваць яйкі? Не раз з другімі хлапчукамі і Натачаю хадзілі з кошыкамі збіраць іх. Месцы кладак лёгка можна было знайсці па няўклюднай маскіроўцы, па слядах, якія пакідаюць чарапахі, зноў карабкаючыся ў мора. Хлопцы ніколі не выграбалі кладкі дашчэнту, бралі толькі па пятнаццаць — дваццаць яек. А іх у кожнай, гаварылі, бывае да сотні штук. Астатнія загрэбвалі пяском, чарцілі крыж — знак, што тут ужо нельга браць. Якія багатыя яечні пяклі ў тыя дні маткі! І самі елі ад пуза, і нават свінням скормлівалі… Калі наставаў час вылуплівацца чарапашанятам, на бераг выходзілі і малыя і старыя, дзяжурылі амаль каля кожнага гнязда, адганялі фрэгатаў, кайраў, чаек, не давалі хапаць малых. Зялёныя, падобныя на жабак, яны выгрэбваліся з-пад пяску і — дай бог ногі! — як мага спяшаліся да прыбою. Нібы самі разумелі, што іх паратунак у вадзе…

Грот афаліны - i_015.png

— Вось і дайшлі,— перарваў яго ўспаміны Малу. Янгу ўздыхнулася: радзіма, мілая радзіма, ніколі

ўжо не ўдасца яе пабачыць!

— Во, глядзі!.. Гэта трыбуны, чалавек дзвесце пяцьдзесят — трыста змяшчаецца… А гэта сам басейн… А во і дэльфіны плывуць, убачылі нас…

Янг не верыў сваім вачам: во гэтыя шэра-сінія сыценькія целы і ёсць самыя сапраўдныя дэльфіны?! І гэтак блізка?!

— Дзюбы павысоўвалі з вады, разглядаюць нас! Ха-ха, на борцік галовы кладуць! А яны выскачыць не могуць? — прысеў каля бетоннага бар'ера Янг, працягнуў пад чырвона-жоўтыя парэнчы руку, каб дастаць да дэльфіна.

— Яны толькі вунь на той памост выскокваюць, пад вышкай. Гэта ўваходзіць у праграму прадстаўлення. Загадае Судзір, пакажа рукою — выскокваюць, кладуцца, як дровы.

— А яны не кусаюцца? Столькі зубоў вострых, і ўсе аднолькавыя, жавальных няма.

— Не кусаюцца, можаш пачапаць за рострум, пагладзіць.

— У іх дзюбы таксама скураю абцягнуты, не голыя! А цела якое гладзенькае, як шліфаванае! І халоднае, а не цёплае! А Радж казаў — цеплакроўныя жывёліны.

— Цёплыя. Але дамацайся паспрабуй да цяпла, на іх тлушчу, як на свінні.

— Вой, і маленькі ёсць! Во, во, смяецца нам! Як дзіця скрозь сон смяецца. А з вачэй вада цурчыць… Можа, ён гэтак плача?

— Ніхто не ведае, калі яны смяюцца, калі плачуць. А гэтага малога Бобі зваць. Была яшчэ малышка, Джэйн, — загінула. Адыдзем, а то яшчэ заўважыць Судзір, звягі не абярэшся. Не любіць ён, калі хто пабочны забаўляецца з дэльфінамі. Тут ён яшчэ сёння… Во, чуеш? Гамана ў «рэзідэнцыі».

Абыходзілі паўз трыбуны басейн, а Янг разглядаў дом на тым беразе. Дзіўны дом, ёсць толькі тарцовая сцяна, а бакавых амаль няма, стромыя скаты страхі пад ружовым шыферам пачынаюцца зусім нізка ад зямлі. На скатах страхі на другім паверсе тырчаць, як сабачыя будкі, вокны.

— Вунь там Радж жыве, збоку, дзе сярэднія дзверы, — паказаў Малу. — Там такая камора-склад, у каморы ён і жыве. — Памаўчаў і дадаў: — Судзір нешта доўга сёння тут…

І толькі паспеў ён гэта прагаварыць, як расчыніліся дзверы пад вышкаю. Да ніжняга памоста, на які выскокваюць дэльфіны, выйшаў еўрапеец у сіняватай шапцы з доўгім казырком, следам — Судзір. Ён быў на галаву ніжэйшы за белага, смуглясты і кашчавы.

Штосьці ўздрыгнула ў грудзях Янга. У высокім мажным чалавеку ён пазнаў Піта. Таго самага Піта, што лазіў з напарнікам на возеры Горнага вострава, шукаў золата.

— Ты чаго сцяўся? Судзір не бачыў, як ты гладзіў дэльфінаў, не бойся.

— Я… так… А куды ў горад пайшоў Радж? Малу не паспеў нічога сказаць, бо ў гэты час яго голасна аклікнуў Судзір:

— Гэй, ты! Выпусці містэра Уілсана.

Малу не спадабалася гэта «Гэй, ты!», як быццам у яго не было імя. Уздыхнуў.

— Янг, ты гэта… Можаш пачакаць Раджа тут, а не, дык хадзі са мною. Чаем пачастую… Ты піў калі-небудзь сапраўдны чай? — гаварыў гэта і чакаў, пакуль містэр Піт Уілсан перадыбае сваімі доўгімі хадулямі мосцік.

— Радж не казаў, куды пойдзе? — нанава папытаў Янг, а на прапанову вартаўніка нічога не сказаў.

— Недзе ў рэстаране ці ў бары твой Радж. Да яго зямляк заходзіў. З земляком пайшлі.

— А хто… зямляк? Не называлі яго?

— Чаму ж не… Знаёміў мяне: Пуол ці як яго…

— Пуо-о-ол?! Сюды дапяў ужо? — Янга нібы па галаве чым стукнулі.

Ён кінуўся цераз кусты да плота. Пакарабкаўся на яго спрытна, як малпа. Міг — і быў ужо на тым баку.

Нешта крычаў наўздагон Малу, але Янгу было не да яго.

Пуол. Паскуднік і гад, ён жа не проста так перабраўся сюды. Штосьці ўжо надумаў, Янг нутром адчуў, што над братам навісла небяспека. Якая? Ды якая ні была, а Раджа трэба папярэдзіць. Толькі куды спачатку кінуцца?

Раздзел другі

1

Не кожны рыбак, хто ў мокрых штанах. Пуол пераконваўся ў гэтым чым далей, тым больш. Які ён дурны, які наіўны! Хацеў з тэніскаю заявіцца ў дэльфінарый, да Раджа, паказаць яму, ненарокам спытаць — ці не ведае чыя? Ён жа ўсіх супрацоўнікаў там ведае. Радж Сінх… Радж Сінх… «Р.С.», «R.S.». Магла і яму тэніска належаць. Не раз бачыў на ім такую — з эмблемаю дэльфінарыя… «Праклятая, праклятая, праклятая…» — ажно зубамі скрыгатаў. Тэніска ўжо так пякла ў жывот, што было не вытрымаць.

37
{"b":"549273","o":1}