Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Не бачачы з-за слёз свету, Янг брыў уніз да ручая разам з іншымі паломнікамі. А паток тых, хто падымаўся да храма, усё яшчэ не радзеў.

Ніхто з біргусаўцаў яго не шукаў. Каму ён быў патрэбны?

За два крокі ззаду кульгаў за ім, матляючы доўгім языком, бяздомны руды сабака.

3

У цэнтры сталіцы хрыпелі ад натугі рэпрадуктары:

Свійттаўн4 — любімы горад,
Свійттаўн — пярліна мора,
Свійттаўн — як песня сэрца.
«Свійтта-а-аўн! — удаль нясецца.—
Свійттаўн! Свійтта-а-а-аўн!!!»
Духмяны наш, салодкі наш
І мілы наш — Свійттаўн!

Янгу здавалася, што рэпрадуктары-вісюлькі на слупах, падобныя на гіганцкія прыплюшчаныя, з рашотачкай знізу, невядомыя і неядомыя плады, ажно дрыжаць і трасуцца. Яны вось-вось палопаюцца ад напружання і гарачыні, упадуць на дол звонкімі аскалепкамі. Слухаць гэтую бясконцую жалезную песню было невыносна, у галаве звінела і ад недасыпу, і ад гарачыні, і ад таго, што перажылося ўжо тут, у сталіцы. Янг ужо некалькі гадзін бадзяўся па горадзе, не разумеючы, куды ідзе-брыдзе, каго ці чаго шукае.

Хацеў спачатку вярнуцца на Горны, дзе былі людзі іх абшчыны. Потым зразумеў, што вяртацца няма да каго. Ёсць, праўда, некалькі сяброў — Амара, Натача, Тун. Але ці на месцы яны зараз? А калі сёння на месцы, то дзе апынуцца заўтра? І хіба заменяць яны бацьку і маці, у іх сваіх клопатаў — не адгрэбціся. Шкада, вядома, сяброў: мо больш ніколі не ўдасца пабачыць. Але ж яму трэба думаць, як перабрацца на Рай, а не на Горны. На Раі брат Радж, каля яго і знойдзе прытулак.

Акіянскія цеплаходы не ходзяць на Рай, там і порта няма такога, каб іх прыняць, яны разгружаюцца тут, у Свійттаўне. Пасажыраў адразу накіроўваюць у доўгі аднапавярховы будынак з кароткім надпісам — «Таможня», пасля гэтага тым, хто прыехаў, можна свабодна бадзяцца па горадзе, сяліцца ў гатэлях. Некаторыя ж у горад не хочуць ісці, хочуць адразу на Рай. І прадстаўнікі турыстычнага бюро лістам сцелюцца — усім трэба дагадзіць, усіх задаволіць. Марскімі трамваямі або катэрамі на падводных крылах гасцей адпраўляюць на Рай. Янг даведаўся пра ўсё ад хлапчукоў-латочнікаў, яны таўкліся каля цеплахода, як камары, а найбольш прабітныя забраліся нават на цеплаход. Адзін кітаец-гандляр з латком на жываце некалькі разоў трапіўся на вочы.

Пры борце цеплахода коса вісяць два доўгія трапы з балясамі, па іх тупацяць і тупацяць дзесяткі і сотні ног. Патоку пасажыраў і насільшчыкаў, здавалася, не будзе канца.

Пракляты звон у галаве… Здалося, што знекуль, як з неба, хтосьці звонка паклікаў, бы ў якую жалязяку блямкнуў: «Я-я-ян-нг!» Ён закідаў позіркам сюды-туды. Перабраў вачыма адзін касы частакол людзей на трапе, другі… Нейкі смуглявы хлапчук махае яму зверху правага трапа — хто ж гэта? А той нецярпліва шмыгае пад рукі пасажыраў, наскоквае і спатыкаецца на іх чамаданы, валізы, сумкі, ледзь не вывальваецца пад балясы, коціцца ўніз. Абдула?! На трапе лаянка, хто-ніхто з насільшчыкаў спрабуе дастаць увішнага няўрымсту па патыліцы, але Абдула толькі раскаціста-звонка рагоча, выкручваецца і сыпле ўніз.

— Я-янг!!! — зноў крычыць ён радасна.

Янг падаецца насустрач, на душы адразу робіцца лягчэй. Вось каго б ён хацеў зараз бачыць — Абдулу! Кінуўся да яго ў абдымкі.

— Ты што тут робіш?

— А ты? Ад'язджаеш ужо адсюль?

— Няма куды… І… няма да каго… — Янг адразу спахмурнеў і з усёй сілы сціснуў зубы, каб не даць волю плачу.

— Расказвай!.. Раскажы, што здарылася… — Абдула цягнуў яго за руку падалей ад прычала.

Давялося расказаць — хоць збольшага.

— Не гаруй. Будзем трымацца ўдвух — не прападзём. Я ж таксама сірата! Кругленькі! Дзядзька, праўда, ёсць — ліфцёр. П'янчужка, наркаман. Я ў яго і жыву, у каморцы пад лесвіцай. У мяне ведаеш які шырокі тапчан? Удвух памесцімся… А зараз нажарэ-эм-ся-я — каб пуза трашчала! Я ведаю тут блізенька адну харчэўню танную, там партовыя рабочыя харчуюцца… Ха-ха, ну й дурная буржуйка мне трапілася сёння! Пластмасавы грэбень прадаў ёй за чарапашын. Кажу: «Гэта ж не абы-які, а з панцыра трохгадовай слановай чарапахі!» Паверыла, ха-ха… У дваццаць разоў больш, чым каштуе той грэбень, адхапіў! Бізнес! — І без таго шырокі рот Абдулы расплываўся ва ўсмешцы да вушэй.

— Ты не Абдула, а Абдурыла.

— Ха! А з імі так і трэба. Не ведаюць, куды грошы падзець. Думаюць, што тут чарапахамі ўсе астравы кішаць.

— А я думаю: чаго гэта ты ляціш па трапе, нібы галаву хочаш скруціць? Ты ад яе ўцякаў!

— Ага. Ха-ха-ха!

Яны канчалі абыходзіць паўкруглую прыстанскую плошчу. Ужо відаць на рагу плошчы і правай вуліцы шыльда «Трыдакна» з груба намаляваным малюскам. Вось і сама харчэўня з купалападобнай страхой.

— Эй, піраты! Спыніцеся на два словы — у мяне ногі не казённыя, каб за вамі бегаць, — пачуўся раптам знаёмы голас.

Хлопчыкі азірнуліся. Янг адразу пазнаў Пуола, і ў жываце нядобра пахаладнела. Успомніліся ўсе яго выхадкі: як трушчыў амерыканскім бульдозерам сваю і чужыя хаціны ў вёсцы, як насміхаўся і здзекаваўся над аднасяльчанамі, будучы на Горным. «Хто ён такі?» — прашаптаў Абдула. «Зямляк… Каб яго зямля не насіла…» — шэптам адказаў і Янг.

— Здаровыя былі! — хутка падышоў Пуол, падаў руку аднаму і другому, як равеснікам. — Закурым? — дастаў са штаноў карабок, папстрыкаў пальцамі пад донца, выбіваючы цыгарэту. Сам узяў у губы па-заліхвацку і фанабэрліва скрывіўся, выставіўшы ніжнюю губу.

— Мы не курым, — разам адказалі хлапчукі.

— То т-так вам і трэба, мне больш будзе, — схаваў карабок. — А ты ідзі, ідзі, шустрык. Мне во з ім трэба па-зямляцку паталкаваць, — Пуол асцярожна азірнуўся па баках.

— Мы разам, і нікуды ён не пойдзе, — натапырыўся Янг.

— Што — не магу я пару слоў сказаць земляку з вока на вока? — Пуол тузануў барадою і зноў азірнуўся. — Праз пяць мінут адпушчу.

— Янг, я закажу і буду чакаць, — кінуў яму, ідучы да дзвярэй «Трыдакны», Абдула.

Янг кіўнуў і хмурна ўталопіўся на Пуола.

Той стаяў так, каб прычалы з цеплаходам заставаліся ў яго злева і можна было туды касіць вокам. Янга развярнуў спінаю да «Трыдакны», а потым, нібы перадумаўшы, павёў за локаць у напалову расчыненыя дзверы падваротні дома, суседняга з харчэўняй. Выглядваючы ў шчыліну на плошчу, Пуол сказаў:

— Я ведаю, што ты смелы і сумленны. А ці ведаеш ты, што на гэтым можна зарабіць?

— Гавары, што табе трэба! Прысмактаўся, як п'яўка… — Янг нецярпліва пераступаў з нагі на нагу. Даць бы дзёру адсюль! Але Пуол зноў узяў яго за локаць, пакруціў барадою.

— Мне хочацца, каб ты зарабіў сабе на туфлі, а не хадзіў босы… — Пуол балюча наступіў наском новага туфля Янгу на пальцы, і той войкнуў. Хлопчыку ўжо хацелася ўдарыць яго галавою пад дых, і пакуль бы Пуол корчыўся і стагнаў, уцячы. — У цябе грошай колькі?

— Колькі ёсць, усе мае!

— Дурань, я хачу ведаць, ці зможаш ты мне даць рэшту. Каб на месцы і разлічыцца. А то ў мяне б-буйная купюра… Во! — паказаў пяцьдзесят долараў.

Янг дастаў свае, нават дробязь. Пуол узяў папяровыя, пералічыў.

— Малавата… Але няхай, іншым разам падкінеш мне яшчэ якую пяцёрку ці дзесятку. Значыць, так: во, у левай кішэні ў мяне пяцьдзесят долараў. Яны твае. У правай — восем долараў, што ты даў,— мае. Яны будуць мне як рэшта з пяцідзесяці долараў. Каб ты не ўцёк з паўсотняй, не даўшы мне здачы, я іх патрымаю пакуль што ў сябе.

— Хітранькі! А тады шукай цябе, як рыбу ў моры… Аддавай назад мае!

— Цішэй, дурань. У нас ужо няма часу спрачацца. Вунь, бачыш, прастуе сюды джэнцельмен у шапачцы з доўгім казырком, шортах і з ружовай касынкай на шыі? Рыжы баул у правай руцэ…

— Ну… — прынік Янг да шчыліны ў варотах.

— Ён зараз пойдзе па Партовай, ты — за ім, я — на адлегласці па другім тратуары, назіркам. Каля дома нумар пятнаццаць ён возьме баул у левую руку. Ты прынаравіся, каб у гэты час якраз апынуцца побач з ім. Скажаш: «Можа, вам памагчы?» Ён павінен адказаць: «Нічога, нічога… Тут ужо недалёка. У гатэлі адпачну». Ты: «А ў які гатэль вам трэба?» Ён павінен сказаць: «Санта-Клара». Ты адкажаш: «Там ужо месц няма. Вам трэба ў «Ганконг», ваш апартамент сорак першы». Паварочваешся назад і ідзеш да мяне па грошы. Усё запомніў?

вернуться

4

Англійскае слова Sweet мае шмат значэнняў, якія і абыгрываюцца ў песні: салодкі, духмяны, свежы, любімы, мілы, меладычны і г. д. Taun — горад.

22
{"b":"549273","o":1}