Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Гарбаносы ступіў колькі крокаў да стала, паціснуў Крафту руку. Яшчэ і рукі яго не пусціў, а ўжо агледзеў усіх прысутных:

— У вас нарада? Інструктаж? Я хацеў бы пагаварыць толькі з вамі… Доўга не затрымаю — з паўгадзіны.

— Калі ласка, калі ласка… Панове, усе на паўгадзіны свабодныя.

Аднак чакаць і нудзіцца давялося амаль гадзіну, пакуль наведвальнікі пайшлі.

Палезлі па лесвіцы зноў у кабінет.

— Панове… Я вымушаны вам сказаць… — пальцы ў Крафта дробна трымцелі.— Паліцыя аператыўна пабывала на Горным у лагеры Піта Уілсана. Няма ў тым лагеры ніякіх дэльфінаў, няма загародак у моры. Містэр Піт Уілсан шчыра смуткуе і шле нам сваё спачуванне. Ён не вінаваты ні ў чым… Пошукі будуць працягвацца.

Судзір слухаў гэта і крыва ўсміхаўся.

Частка трэцяя

Грот афаліны

Раздзел першы

1

— Нашто яна нам? Не хапала яшчэ дзяўчынак!

— Я абяцаў яе ўзяць, разумееш? Мы не зможам без яе абысціся.

— Без дзяўчынкі? Х-хэ…

— Без дзяўчынкі! Яна падрыхтавала ўсё неабходнае. І нам памагаць на возеры будзе.

— Чым менш людзей ведацьме пра гэта, тым лепш.

— Ды Натача такая… такая… Ну — як добры хлопец!

— Нават лепшая за мяне?! — у голасе Абдулы пачулася рэўнасць.

Хацеў Янг адказаць «лепшая!», ды спахапіўся.

— Вы абое — мае самыя лепшыя сябры!

— Ну — добра. Веру… — рэўнасць усё яшчэ чулася ў голасе Абдулы. — Вядзі!

— Вядзі… Выйдзем за горад, прыхаваем усё ў кустах. А то пакуль да Натачы завалачэм, пакуль назад…

— А дзе яе схованка? Забралі б, што яна падрыхтавала, і пайшлі б.

— Ты зноў за сваё! Па-першае, я не ведаю — дзе. Па-другое, гэта было б проста свінствам, калі не здрадай.

Ішлі ўгнуўшыся, абліваючыся потам, дыхалі цяжка, як загнаныя. На Янгу быў акваланг, не надзяваў толькі маскі і ластаў, а так хоць зараз кідайся ў ваду. Абдула нёс на руках Тота, а за плячыма пару запасных балонаў.

— Яшчэ гэты сабака на маю галаву! — абураўся Абдула. — А ці добра хоць ты прымкнуў ялік? Лепш было б расстарацца які ланцуг і за пятлю — р-раз! А трос і развязаць можна ці перарэзаць.

— Дарэмна я табе не даў на Раі паспрабаваць перарэзаць трос ці развязаць вузел. Кішка тонкая!

Яшчэ прайшлі моўчкі, але кожны думаў пра ялік. Мо няварта было яго прымыкаць на прычале разам з лодкамі рыбакоў? Мо лепш было б дзе за горадам выцягнуць на бераг, замаскіраваць у кустах. Але ж справа зроблена, і няма калі перарабляць. Абдуле балела, што на нейкую Натачу трэба траціць ліха ведае колькі часу.

Тота тузаўся з рук, матляў ружовым языком, тоненька павіскваў. Мо хацеў вады? Але ж і хлопцы з задавальненнем папілі б, ды няма.

За горадам дайшлі толькі да павароткі на какосавую плантацыю, і Абдула забаставаў:

— Я тут пачакаю вас, — скінуў з плячэй балоны. — Тота папасу, папільную.

— Добра, няма чаго ўдвух біць ногі. Папільнуй тады і акваланг, — Янг скінуў цяжкую ношу. Вызваленае ад грузу цела страціла раўнавагу. Янга падало ўперад, і ён ажно прабегся, каб не ўпасці.— Я хуценька, не сумуй! — і прыпусціўся трушком.

Аднак гэтае «хуценька» расцягнулася гадзіны на дзве.

Калі Янг вярнуўся з Натачаю да развілкі, убачыў: Абдула з Тота ляжаць пад кустамі і храпуць, ажно трава сцелецца. Каб хто хацеў, то можна было б і акваланг украсці, і саміх.

— Адпачнём крыху, хай паспяць, — прапанавала Натача і сама прысела каля іх, паклала пад куст сваю торбачку.

— Час марнуецца! — сказаў Янг, але таксама апусціўся побач з ёю. — Давай завяжу… — убачыў, што дзяўчынка адною праваю рукою і зубамі стараецца тужэй завязаць вялікі і ўказальны палец на левай. — Адразу відаць, што ніколі малатка ў руках не трымала.

— А я без малатка… Я каменем біла. Раз па цвіку, раз па пальцах… Са скрынак навыцягвала цвікоў, а яны ржавыя, слабыя.

— А каб сякераю трэба было рабіць, то пальцы паадсякала б?

— Што я — дурная?

— Дай пахукаю, не вырывайся… Я ведаю, як баліць, калі па кіпцю смальнеш… І ў нас во мазалі ад вёслаў, а мы не хнычам.

Грот афаліны - i_024.png

— А я хіба хныкаю? Ён лёгенька дыхаў на Натачыны пальцы. У сэрцы разлівалася пяшчота.

— Пазногці чорныя, панабягалі крывёю… Пазганяе, мабыць… — Натача не вырывала ад яго руку.

— Так, так, так… — пачулі голас Абдулы і ўздрыгнулі, адхіснуліся адно ад другога. — То ў вас, можа, каханне, хі-хі?

Абдула ляжаў успёршыся на локаць, скаліў вялікія зубы.

— Абдулячка… Па шыі заробіш!

— А я ляжу ды любуюся: так шчабечуць, так шчабечуць — як птушачкі.

— Сціхні, сказана! І хопіць валяцца, каля возера наляжышся. Натача, ты бяры Тота і вядзі нас.

— Раскамандаваўся… — Абдула сеў, на ўвесь рот пазяхнуў, ледзь сківіца не вывіхнулася, а потым нагнуўся і тоненька брахануў на вуха сабаку: — Гаў! Гаў!

Тота ўсхапіўся, ашалела закруціў галавою туды і сюды, паспрабаваў натапырыць віслае вуха. Абдула сказаў:

— Чаго круцішся? Пад'ём! Натача рассмяялася.

— Ой, дык гэта ты такі, Абдула?

— Ой, а гэта ты такая, Натача? — перакрывіў яе Абдула. Устаў, прыклаў руку да сэрца, схіліўся ў паклоне: — Мілэдзі, прыміце маё шанаванне!

— Здароў,— проста працягнула яму руку Натача. — Значыць, так, хлопчыкі. Будзем кіраваць просценька на гарадскую звалку.

— Не хачу я на звалку! Я яшчэ жыць хачу! — прыкідваючыся дурнем, захныкаў Абдула.

Янг шырока крочыў за Натачаю і ўсміхаўся. Расказаў ёй, што гэты чорны сабачка — знакаміты іншаземец Тота.

Грот афаліны - i_025.png

Натача і праўда прывяла на смуродную гарадскую звалку — зарослую па баках кустамі катлавіну паміж пагоркамі. Некалькі грыфаў з голымі шыямі і брудна-шэрых буслоў марабу, цяжка махаючы крыламі, неахвотна ўзляцелі на засохлую акацыю.

Стрымліваючы дыханне ад смуроду, Натача вывела хлопцаў на заходні бок катлавіны, ускарабкалася на адну скалу, на другую. «Во!» — паказала сабе пад ногі. Хлопцы пакідалі груз унізе, палезлі за ёю. Абдула расчаравана свіснуў.

— І з гэтым хламам вы думаеце нешта намыць?!

Каля Натачыных ног ляжала ў яміне рыжае ад іржы некалі ацынкаванае вядро з прабітымі ў дне дзіркамі. Ляжаў і эмаліраваны тазік, эмаль з дна ўся паадбівана. Дзірачкі ў тазе былі прабіты драбнейшыя і больш густа. Усе зазубрыны вытыркаліся вонкі, не так, як у вядры — усярэдзіну. Абдула футбальнуў нагою вядро, і яно са звонам паляцела на дно катлавіны, выпудзіла худога сабаку, які падцяў хвост і кінуўся ў кусты.

— Ты што? — раззлаваўся Янг. — Бяжы, футбаліст, за «мячом».

— А на чорта яно! У ім нельга перагрэбаць, рукі паабдзіраеш.

— А насіць чым будзеш? У прыгаршчах? Рукамі чэрпаць з дна, у руках насіць? — Натача пакрыўдзілася: гэтак старалася, усе пальцы паадбівала, а тут…

— Давай! — падштурхнуў Янг Абдулу са скалы. — Любіш біць, любі і мячы падаваць.

У Янга апошнім часам неяк разам паявілася самастойнасць, пабольшала рашучасці. Можа, паўплывала тое, што пачаў працаваць у дэльфінарыі, сам зарабляць на жыццё? А мо і тое, што адчуў сябе дарослым. Нічога, што росту яму яшчэ не хапала, быў ніжэй за брата ледзь не на галаву.

Натача злітасцівілася, забрала ў Абдулы вядро, кінула ў яго сваю торбу і збегла са скалы.

— Не спяшайся, цяпер першы пайду я, — сказаў Янг.

Узвалілі на сябе груз, пакрочылі гужам на заходнюю ўскраіну горада. Пакуль трапляліся загарадныя вілы і бунгала багацеяў, стараліся ісці па сцежках-дарожках ці каменных прыступках, пракладзеных да іх. Але скончыліся сцежкі-дарожкі, а горы пачалі крута дыбіцца, загароджваючы шлях, — і пачаліся сапраўдныя пакуты. Тады з Амараю лезлі-карабкаліся з пустымі рукамі, і то Янг гатовы быў язык высалапіць як сабака. А цяпер валаклі вялікі груз, і ногі ажно падкошваліся, балелі ў сцёгнах і лытках. Паветра лавілі шырока разяўленымі ратамі, а яго ўсё роўна не хапала, задыхаліся.

63
{"b":"549273","o":1}