Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Пуол? Не ўскоквай, паводзь сябе спакойна і проста. Мы з паліцыі…— прашаптаў ён.

— Даядай, даядай — мы пачакаем, — сказаў другі.— Піва сербанеш? Добра смагу наталяе ў гарачыню… Не хочаш? Ну, як хочаш. Зірні цяпер пад стол…

Пуол трохі падаўся ад стала, схіліў галаву. Правы мужчына паказаў яму наручнікі і паціху, каб не звякаць, схаваў іх у кішэню. Пуол механічна кінуў у рот камячок ямсавай кашы-пюрэ. Мяккі, жаваць не трэба, а ён прыліп у горле — ні туды, ні сюды, ажно гыкнулася, пацягнула на ваніты.

— Пойдзеш адсюль спакойненька, гуляючы. Ты ж не хочаш, каб цябе бралі ў наручнікі? У цябе дастаткова віны для гэтага… Але ты спакойненька ўстанеш і пойдзеш. На плошчы звернеш на Партовую, за рогам стаіць «Таёта». Адчыняеш заднія дзверцы і садзішся… Паводзь сябе прыстойна, салідна, бо ад кулі не ўцячэш, — паляпаў па вытырклай кішэні першы.

Пуол спакойненька выйшаў з «Трыдакны». У двух кроках ззаду, таксама гуляючы і мармычучы нейкую песню, ішлі тыя двое. Зрабіў усё дакладна, сеў у машыну на задняе сядзенне. Тыя двое тут жа селі справа і злева ад яго, адначасова ляснулі дзверцамі.

У паліцэйскім участку ён трапіў да насатага афіцэра. Пасадзілі перад сталом.

— Закурвай… — пасунуў афіцэр Пуолу цыгарэты.

Пуол працягнуў да пачка руку, але пальцы не слухаліся, цыгарэту ўпусціў, давялося падымаць яе з долу.

— Мне дакладвалі: ты вёў сябе спакойна, — афіцэр пстрыкнуў запальнічкай, паднёс прыкурыць. — Гэта плюс табе… Уся твая эпапея з чалавекам у ружовай касынцы і Янгам нам вядомая. Ты абвінавачваешся ў тым, што ўступіў у злачынную сувязь з падпольнай бандай-трыядай, якая займаецца наркотыкамі.

Аднаго гэтага дастаткова, каб згнаіць цябе ў турме. Але свой лёс ты можаш аблегчыць, вядома… Чыстасардэчна раскажы, хто табе даручаў ісці на сувязь з тым чалавекам, да якога ты падаслаў Янга. Дзе ён жыве, якія прыкметы?

— Яны мяне з-заб'юць!.. — Пуол не вытрымаў, затросся ад плачу. — Яны т-такога мне ніколі не даруюць!

— А яны і ведаць не будуць, што ты нам штосьці расказаў. Мы ж цябе публічна не арыштоўвалі, у наручніках не вялі…— голас у афіцэра мяккі, нават бацькоўскі.

— Ага! Вы не ведаеце «Белай змяі»… У іх усюды вочы і вушы, усюды свае людзі…

— Нават тут? — крыва ўсміхнуўся афіцэр, пастукаў пальцам у свой стол.

— Чжан усё ведае. Нават пра тое, што вы сачылі за мною да самай кватэры. Яны ўжо прыкрылі гэтую кватэру — і канцы ў ваду.

— Чжан — гэта хто? Імя сапраўднае ці выдуманае?

— Не ведаю. Ён кітаец, зараз паранены ў нагу, з кватэры не выходзіць.

— Адрас!

— Не ведаю. Абодва разы мне завязвалі вочы, нават ноччу. Доўга вадзілі, марочылі — управа, улева, угору, уніз…

— А калі мы іголачак пад кіпці загонім табе? Не многа, па адной на кожны пальчык. Во-о такенькіх! — развёў афіцэр пальцы сантыметраў на дзесяць. — Гавары праўду! — прыкрыкнуў.

— Я і т-так… праўду… — Пуол скрыгатнуў зубамі, стрымліваючы дрыготкі плач. — Я яшчэ нічога не ведаю! Мяне нікуды не дапускаюць! Заданне выпрабавальнае давалі…

— Грошай хочаш зарабіць? Ты можаш някепска і ў нас зарабляць, калі часам трохі што раскажаш. Нас цікавяць яўкі, тэлефоны, кватэры членаў трыяды, адрасы падпольных лабараторый па перапрацоўцы опіуму, хто агенты па забеспячэнню сыравінай, месца захоўвання яе, агенты па збыту… Дзе іх марская база, якім транспартам валодаюць, што маюць на ўзбраенні… Пра тое, што ты нас інфармуеш, ніхто, акрамя мяне, ведаць не будзе. Адсюль мы цябе вывезем тайком, каб ніхто не бачыў, што ты быў у нас… Падпішы во гэтую паперку, вось тут во… Укажам табе тайнік, захочаш што напісаць — кінеш туды. А яшчэ лепш — пазвоніш па тэлефоне 11-00-22. Запомніў? Любому, хто здыме трубку, скажаш усё, што хацеў сказаць… Клічка твая будзе… Ну, скажам, Кантужаны… І мы на гэты раз памілуем цябе, не будзем прыцягваць да судовай адказнасці. Праз тайнік атрымаеш першы аванс — пасля першага званка-паведамлення.

Пуол заціснуў далоні між каленяў, угнута ківаўся, нібы збіраўся ўпасці пад стол, прыхавацца ад позірку афіцэра, ад яго слоў.

— Ну?!! — грозна прыкрыкнуў афіцэр, і Пуол уздрыгнуў, разагнуўся.

— З т-такой умовай… — рашыў патаргавацца Пуол. — Вы мяне зараз т-тайком завезяце на Рай, у вас ёсць на чым. Мне трэба заданне выканаць для Чжана, а то мне не будуць верыць.

— Гэта для нас дробязь. Якое заданне — не пытаю. Потым, калі захочаш, раскажаш, — афіцэр схіліўся над сталом, яшчэ бліжэй пасунуў да яго паперку для подпісу.

Пуол дрыжачаю рукою ўзяў ручку… «А хай бы ж папытаў, якое заданне! Хай бы ж!.. Мне ж чалавека трэба забіць… Можа, самому сказаць? Мо яны што прыдумаюць, каб як адкруціцца ад гэтага? Але што яны могуць прыдумаць? І для «Белай змяі» ніякага апраўдання не існуе. Не зраблю — самому смерць…»

Быў момант, калі ўставаў з крэсла, хацеў заенчыць: «Мама-мамачка! Нашто ты мяне нарадзіла на свет?!»

Частка другая

Калі плачуць дэльфіны…

Раздзел першы

1

— Я ёсць італьяно… Ты мяне разумееш? Ты мяне заві сіньёра Тэрэза. Добра? Або донна Тэрэза.

Італьянка не магла памаўчаць і хвіліны. Сыпала і сыпала словамі і ўсё дабівалася ўвагі ад Янга: «Ты мяне разумееш?»

— Ты ніколі не быў у Рома? Не? О, повэра бамбіно, беднае дзіця… Гэта лепшы горад у свеце! Якія там палаццо! Такіх прыгожых дамоў ты не ўбачыш больш нідзе! Ну, чаму ты ўсё маўчыш? Ты такі малінконіко, сумны… Трэба быць оццімісто! У вас тут такая прырода, такі акіян!

Сіньёра Тэрэза на кожным кроку ўсклікала «Ой!» ды «Ой!» — усё з нечага дзівілася. Янг у думках так і празваў яе: «мадам Ой».

— Ой, мамма мія! Дзе ў вас поўдзень? Там?! Ой, дык у вас сонца не туды ідзе! Не злева направа, а справа налева! І яно ў вас… Ну але, трошкі на поўнач, не над самаю галавою!

Янг ішоў уперадзе сіньёры Тэрэзы, нёс на руках яе Тота, чорнага смешнага і калматага сабачку. З-пад доўгіх кудлаў Тота выглядвалі рахманыя і вясёлыя вочкі. За пярэднія лапаткі і грудзі сабачка быў адмыслова забэрсаны раменьчыкам.

Калі Тота адпачыў, Янг накруціў канец раменьчыка на кулак і пусціў сабачку на дол. Пабег Тота, старанна целяпаючы ружовым язычком, дыхаў цяжка: душна! Кожны рог дома, кожны слуп ці пальму ён абнюхваў, задзіраў ножку. Мадам Ой папераджальна ўзнімала палец: не перашкаджай, а то будзе нервовы.

Янг ведаў толькі такіх сабак, якія вадзіліся на Біргусе, і тых валацуг, што бачыў каля храма. А такое дзіва, як Тота, бачыў упершыню. Дый жанчыны такой не бачыў: сукенка белая, празрыстая, плечы зусім голыя, на галаве велізарны белы капялюш, а над капелюшом нібы яшчэ адзін капялюш, толькі ў два разы большы — японскі парасон ад сонца. Парасон сіньёра трымала ў левай руцэ, а ў правай пусты калматы мяшок і вялізную сумку, падобную на кашалёк. А паколькі ў італьянкі не было трэцяй рукі, каб весці Тота, дык яна і наняла Янга адразу, як выйшла з гатэля «Белая архідэя» пагуляць, пазнаёміцца са Свійттаўнам. Янг якраз тады спяшаўся з Абдулою ў порт, сябар абяцаў павучыць яго камерцыі — гандлёвай справе.

«Вызвалішся — прыходзь туды!» — пракрычаў на развітанне Абдула і падміргнуў Янгу: маўляў, не губляйся, ад гэтай цётачкі можна дабіцца неблагога прыварку.

— Янг, чаго ты маўчыш? — перапыніла донна Тэрэза яго ўспаміны. — У цябе ёсць мама?

— Няма.

— Мадонна мія… А падрэ, папа?

— Таксама няма… — уздыхнуў Янг. «Малахольная нейкая… Чаго яна лезе ў душу? Хоча, каб я разроўся на ўсю вуліцу?»

— Ой, ой!.. Я адразу адчула інтуіто, што ў цябе штосьці не так. Бэль бамбіно — прыгожы хлопчык, і такая трагедыя. Дык што, ты так і жывеш адзін?

— Так і жыву. Брат у мяне ёсць, на Раі працуе.

— О, Рай! Вечарам я таксама еду на Рай. Цэлы месяц пабуду ў Раі!

Заходзілі ў чарговы магазін, і сіньёра Тэрэза шырока расплюшчанымі вачыма разглядвала чорныя драўляныя маскі з вышчаранымі зубамі і лупатымі вачыма, прымервала пацеркі: «Караллё! Караллё!», капелюшы з пальмавага лісця. Розных пацерак, у тым ліку з чорнага карала, яна ўжо купіла некалькі. Соўгала ў сумку і бамбукавыя сурвэткі, бліскучыя ракавіны, тырчалі з сумкі і дзве маскі. Прадавец, бачачы, што яна не купіць у яго пацерак, пасунуў да яе цацачны чаравічак. Ціскануў штосьці ў ім, і з чаравічка порстка вытыркнуўся чорцік, дзіка, нібы ў яго балеў ад смеху жывот, зарагатаў, чаравічак задрыгаў, засоўгаўся па прылаўку.

34
{"b":"549273","o":1}