Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У гэты час зайшлі агенты, што ігралі закаханую парачку, — Янг пазнаў іх. Афіцэр не даў ім доўга раздумваць.

— Якія прыкметы таго хлопца, што падгаворваў Янга на сустрэчу з «ружовай касынкай»?

Адзін агент, той, што іграў дзеўку, выскаліўся.

— Ён во так во робіць… Мы з акна бачылі…— і неяк смешна адставіў ніжнюю губу, выпнуў уперад бараду і павёў ёю ў бакі, нібы яго душыў цесны каўнер.

Янг ажно засмяяўся: здорава! Вельмі падобна! І як ён мог забыць пра такую прыкмету!

— Ёсць такая звычка ў Пуола? — спытаў афіцэр.

— Ага… — шморгнуў носам Янг. — І ён яшчэ крыху заікаецца, калі ўзлуецца ці расхвалюецца… І ляўша ён.

— Ну во, бачыш. А казаў, што ў яго няма ніякіх асаблівых прыкмет. Трэба быць назіральным: у жыцці ўсё спатрэбіцца. — І афіцэр махнуў на яго рукою з такім вывертам, нібы выкідваў за шкірку. Адразу заклапочана ўгнуўся над паперамі.

Янга вывелі з кабінета, а яшчэ праз якую хвіліну ён апынуўся на тратуары.

Раздзел восьмы

1

Абрахамс вярнуўся з клінікі Энтані Рэстана і сказаў, што ўрач зможа прыйсці толькі вечарам. Чаго яму так ужо ляцець да мёртвага, калі ў прыёмнай чакаюць жывыя пацыенты? Тым больш што аддаў богу душу нават не чалавек, а…

Параіўшыся з Раджам, Абрахамс пайшоў з рыдлёўкаю на мыс Кіпцюра, які трохі прыкрываў ад марскіх хваляў уваход у заліў і рукаў-канал. Там і вырашылі пахаваць Джэйн пад пальмаю, непадалёк ад эстакады, па якой электратэльферам да вады спускалі «Нептуна».

Пачаў капаць магілу Абрахамс, потым прыйшоў на дапамогу і Радж. А пакуль стары не вылазіў з ямы, Радж сядзеў побач з гурбай сырога пяску і слухаў, як той філасофствуе.

— От, скажы, жывёліну бог стварыў. Разумная, мазгі нават большыя, кажуць, як у чалавека. А сказаць нічога не можа! І рук няма, каб пальцам на што ці на каго паказаць. Не могуць дэльфіны дастасавацца да нашага жыцця.

— А мы да іхняга — можам? — падаваў рэплікі Радж. — Таксама не… Вы паглядзіце, як ім добра ў вадзе, як яны плаваюць, як усё ў іх прыстасавана да вады. Толькі што жабраў няма, дыхаюць, як людзі.

Радж лез у яму, Абрахамс сядаў на яго месца.

— Гэта праўда. Куды бог на якое месца прызначыў цябе, там і сядзі, не рыпайся. І ў людзей гэтак… — Абрахамс расціраў калені — занылі ад таго, што пабыў у сырой халоднай яме, — і моршчыўся.

— А як жа тады вытлумачыць, што людзі змагаюцца за лепшую долю? Не чакаюць ласкі ад гаспадароў-работадаўцаў, а дамагаюцца ад іх і зарплаты лепшай, і лепшых умоў працы. Забастоўкі робяць, калі што не так.

— Гэта іх нячысты, злы дух падбівае на непакору.

— От бы радаваліся крывасмокі, каб вас пачулі. Вы ўсе іх дзеянні гатовы зараней апраўдаць: маўляў, ад бога гэта, цярпіце, людцы, пакорліва, інакш гэта і супраць бога бунт.

— З гаспадаром можна і палюбоўна дамовіцца. Розум, як і набедраная павязка, у кожнага свой.

У Абрахамса ў галаве адклаліся догмы раз і назаўсёды.

— Абрахамс, Абрахамс… А калі багацей і слухаць вас не захоча, адразу паліцыю выкліча? Дык мо гэтыя заводчыкі, капіталісты, уладальнікі гатэляў, усякія мільянеры — і ёсць злыя духі? Бо яны ж самі вымушаюць людзей баставаць, не даюць людзям добра жыць, зарабляць.

— Цярпі — і трапіш у царства нябеснае. Бо ўсё — ад бога.

— Значыць, што ёсць багацеі, мільянеры і ёсць беспрацоўныя, жабракі,— віна бога? Адзін пануе-балюе, на яго працуюць сотні — так і павінна быць? Адзін есць, а другі толькі слінкі каўтае?

— Ага, так было і будзе. Без волі бога нават валасок з галавы не ўпадзе.

— Во… — скубнуў Радж пяцярнёй сябе за валасы. — Калі ласка, штук пяць валасоў вырваў. Дык гэта я іх вырваў ці бог?

— Бог падбіў цябе на гэта — ускубнуць.

— Бог зрабіў так, каб супраць яго бунтавалі?

— Ну, не бог, то злы дух.

— Акрамя святых кніг вы што-небудзь чытаеце? Што на свеце робіцца — ведаеце хоць крыху?

— Уся мудрасць у святым пісанні. У хрысціян — у Бібліі, у мусульман — у Каране, у індусаў — у кнізе Вед. Дык нашто больш што-небудзь чытаць? Затое я радыё слухаю, часам такія пропаведзі цікавыя перадаюць…

— Ну, а пра сацыялістычныя краіны вы чулі? Там няма ўжо багацеяў-эксплуататараў, народ сам сабе гаспадар. Бог захацеў, каб так было? Вы ж гаворыце, што ўсё — ад бога.

— А-а… Там адны бязбожнікі жывуць.

— Не думаю, што адны бязбожнікі. А калі б нават і так, то можна, відаць, і без бога шмат чаго дасягнуць?

— Гм, кхы… Дай лепш я пакапаю, а ты пасядзі ў цяньку. Напякло табе галаву.

— Не бойцеся за маю галаву.

— Думаю, ніжэй узроўню вады не трэба капаць.

— Не трэба… Прыгожае месца выбралі для Джэйн — пад пальмаю… — Радж абапёрся рукамі на берагі, адштурхнуўся нагамі і спрытна выкінуў іх наверх. — Дык вось, пане Абрахамс, тлумачыць усё, і добрае, і агіднае, што робіцца ў свеце, воляю бога нельга. Вы ж ведаеце, я з Біргуса… Дык от: няма ўжо Біргуса… Правільней, Біргус-то застаўся, але там ужо гаспадараць амерыканцы, востраў прадалі ім. Амерыканцам трэба толькі востраў, толькі зямля для базы. А людзі, што на востраве, замінаюць, іх і выкінулі, як тухлую рыбу.

Да іх падышоў Гуга. Пастаяў, паўздыхаў — «Бедная Джэйн…», пайшоў зноў.

Дакапалі магілу, пайшлі па Джэйн, якая ляжала пад страхой у цяні, прыкрытая рагожай. Пагрузілі на насілкі, перанеслі на мыс не адкрываючы.

Вечарам прыйшоў урач. Прысутнічалі пры ўскрыцці Абрахамс і Крафт, Радж падышоў крыху пазней, нават гідракасцюма не здымаў пасля падводнай прагулкі. Урач паласаваў, разрэзваў, разглядваў, тут жа рабіў заўвагі, дзівіўся, што ў дэльфінаў усё, як у людзей. Выявілася, што Джэйн памерла ад вялікага ўнутранага кровазліцця ў вобласці шыі. Хутчэй за ўсё быў нанесены ўдар тупым прадметам. Ніякіх прыкмет атручвання выяўлена не было.

Урач памыў рукі, атрымаў наяўнымі, хуценька падхапіў сваю сумку і пайшоў. Час — грошы, а ён і так забавіўся тут.

Абрахамс застаўся адзін засыпаць магілу. Крафт і Радж ішлі з мыса разам, маўчалі.

— Кажы сваю думку: хто мог ударыць? — урэшце абазваўся Крафт.

— Гуга не мог, ён любіць дэльфінаў. Судзір?.. Цяжка сказаць. Думаю, што не.

— А самі дэльфіны не могуць?

— Ну што вы! Хіба мо незнарок як.

— Хоць бы незнарок.

— Мо падлезла якраз. Дарослыя скачуць цераз бар'ер, праз кольцы. Дзік трыста кіло важыць, уяўляеце, які можа быць удар? Ды яшчэ сканцэнтраваны на рострум.

Некалькі дзён Радж быў у напружанні. Чакаў якога падвоху ад кожнага турыста, асабліва ад ахвотнікаў падводных прагулак. З крысам не расставаўся ніколі. Гарпун са знакам трыяды схаваў на паліцу за рознае барахло.

Калі трыбуны галоўнай арэны запаўняліся гледачамі, Радж неўпрыкмет абмацваў позіркам кожнага наведвальніка, нават жанчын і падлеткаў. Але рабіць гэта перад кожным прадстаўленнем не ўдавалася, вольных хвілін было мала.

У некаторыя свабодныя вечары гадзіну-другую займаўся з Гуга. Дарослы хлопец, а прыйшоў у дэльфінарый, не ўмеючы ні чытаць, ні пісаць. А грошы лічыць умеў — да ста… Быў ад прыроды кемлівы, хоць і затурканы, усю навуку схопліваў на ляту. Хваліў яго Радж за поспехі, падарыў нават яму шарыкавую ручку, і Гуга квола ўсміхаўся. Выгляд у Гугі быў нездаровы, як сонны, пад вачыма сінелі падковы. Варта было што моцна сказаць знячэўку, як ён увесь скаланаўся. Ад рэзкага нечаканага стуку ледзь не траціў прытомнасць.

— Не сплю я, Радж, амаль ніяк… Ужо больш за месяц, і з кожнай ноччу ўсё горш і горш. Ляжыш, вочы заплюшчаныя, а ў галаве абы-што круціцца, і думкі ўсякія, думкі… Замучуся да раніцы ад думак. Устаеш, а галава як распухлая, цяжкая — на плячах не ўтрымаць, ажно ў бакі водзіць… Кармлю дэльфінаў і баюся: вось-вось нырну ў басейн…

— У цябе нервовае знясіленне. Ты б піў нанач якія парашкі для сну. — Радж падліваў яму ў шклянку чаю, падсоўваў бліжэй цукар і галеты і, хоць той аднекваўся, прымушаў піць і есці яшчэ.

— Парашкі… На парашкі грошы трэба. Усё, што атрымліваю ў Крафта, маме аддаю. Нас шасцёра ў маці… Было сямёра, але адзін брацік утапіўся. Мо з годзік яму было.

30
{"b":"549273","o":1}