Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Злез да вады, пашукаў камень-грузіла велічынёю з галаву. «Каб хуценька апусціцца, час не марнаваць…»

…Спуск ішоў імкліва, пад нейкі аднастайны гул. Янг не паспяваў глытальнымі рухамі выраўніваць ціск у вушах, і некалькі разоў балюча кальнула ў перапонкі. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй, вада ціснула на грудзі з такою сілаю, што на кожны ўдых даводзілася траціць вялікае намаганне. Хацелася не на ўсе лёгкія ўдыхаць, а патрошкі і чым найчасцей, каб хутчэй забяспечыць сябе паветрам. Густым і цягучым паветрам… Але помнілася Раджава папярэджанне, што бывае з аквалангістамі, калі дыханне збіваецца на такі рытм.

Таямнічая халодная цемра насоўвалася імкліва, і не вытрываў больш, выпусціў камень з рук. Здалося, што пачуў яго стук аб дно. «Ага, блізка ўжо… Цяпер і без каменя можна пагружацца…» Праплыў трохі ў напрамку кручы, хоць ногі і рукі не вельмі слухаліся, дзеравянелі ад холаду. Увагнуў галаву на грудзі, кінуў уніз рукі, запрацаваў ластамі. Цемра згусцела ўжо так, што дно хутчэй угадалася, чым убачылася. Амаль у той жа момант пальцы драпнулі па дне, адчулі ліпкасць мулу і глею.

Густы і раўнамерны гуд, злавесны клёкат чуліся тут мацней, з-за яго не ўлавіць было булькатання пухіроў выдыхаемага паветра, сіпення і свісту лёгачнага аўтамата. Што там можа так раўці? Хіба які матор працуе ці механізм? Тады, на Біргусе, калі ныралі з Мансурам, пад вадою быў такі грукат, што вушы закладвала. Потым гахнула-бабахнула, і беднага Мансура давялося несці на руках дадому. Можа, і цяпер тут рыхтуецца які выбух?

Слізі і мулу на камянях амаль не было. Дно ўсё апускалася і апускалася, роў вады рабіўся нясцерпны. Янг ужо хапаўся за камяні не для таго, каб падцягнуцца ўперад, а каб стрымацца. Нейкая неадольная сіла адрывала яго, разварочвала і так, і сяк, нават нагамі ўперад. І раптам рукі сарваліся з камянёў, Янга закружыла і панесла па крузе. Супраціўляўся бязлітаснай пачварнай сіле як мага, гроб рукамі і ластамі — чым далей ад гэтага рова, ад гэтага дзікага месца! Наверх! Туды, дзе шарэе вада, дзе павінны быць паветра і сонца! Гарачае, жывое сонца…

На гэты раз Янг гроб даўжэй, над галавою ўжо добра пасвятлела. Яго насіла кругамі, а ён усё гроб і гроб, штурхаўся ластамі. Варта было крыху спыніцца, параўняць ціск у вушах і дыханне, як зноў засмоктвала ў глыбіню. Кругі звужаліся, хуткасць вярчэння ўзрастала, мацнеў роў. Янг ужо здагадаўся, што гэта раве вада, правальваючыся пад зямлю, зразумеў, што і яго можа засмактаць туды. На мяжы жаху і вар'яцтва зрабіў яшчэ адзін адчайны рывок угору і адчуў, як левую лытку паласнуў дзікі боль, нагу падкурчыла сутарга… Збілася і дыханне, яно стала бязладным. Янг ужо задыхаўся без паветра. Можа, з асноўнага балона ўсё выдыхаў? Кінуў руку за карак, намацаў вентыль рэзервовага, крутануў з апошняе сілы.

«Легчы на дно, выраўняць дыханне…» — скрозь роў вады пачуў Раджаў наказ.

Бязладнае, некіруемае кулянне… Глухі звон балонаў, Янга ўдарыла аб скалы, прыціснула да шчыліны дагары. Ляжаў упоперак шчыліны, а яго трэсла, душыла, смактала дзікая сіла. Думаў толькі адно: «Не выпусціць загубніка… Удыхаць — працяжна, выдыхаць — працяжна… Ра-а-аз — два-а-а-а… Ра-а-аз — два-а-а-а… Удыхаць — доўга, выдыхаць — доўга… А колькі там яшчэ паветра, ці хопіць, каб адолець гэты вір? — Янг стагнаў ад болю і дыхаў, дыхаў.— Калі ж тая сутарга адпусціць?»

І вось адчуў ужо, што ўдушша мінае, паветра стала хапаць, дыханне выраўнялася. Дацягнуцца б цяпер да лыткі, пашчыпаць яе здранцвелымі ад холаду пальцамі… І дацягнуўся неяк, памяў, пашчыпаў, не чуючы гэтых шчыпкоў. Боль у лытцы стаў цішэць, расцякацца, але нага не слухалася, шалёны паток яе трос, біў, трапаў, мяў, шпурляў, і былі моманты, калі здавалася: вось-вось яна адарвецца і знікне ў прорве. І ўсё ж у нейкі міг Янгу ўдалося яе падкурчыць, а за ёю і правую, уперціся пяткамі ластаў у край расколіны, адштурхнуць цела крыху ў бок ад асноўнага патоку. Буйства вады, д'ябальскі масаж адчувалі цяпер толькі ногі, ласты трэсліся і тузаліся, іх клала вадою то так, то гэтак… Зрабіў намаганне, перавярнуўся на жывот… Упірацца нагамі зрабілася горш, затое можна было хапацца рукамі. На адных руках і падцягваўся, адсоўваўся ад ненасытнага жэрла — здавалася, поўз вельмі доўга, вельмі далёка. Потым адштурхнуўся з усёй моцы ад дна, заперабіраў нагамі, але зразу адчуў, што адпоўз мала. Яго зноў панесла па крузе, пацягнула ўніз, хоць і супраціўляўся, махаў рукамі і нагамі. А потым перастаў супраціўляцца, зрабілася прыемна ад таго, што даў рукам і нагам спакой, што плыве па крузе. У нейкім трызненні ўявілася, што гэта бура ці смерч, які дзесьці яшчэ зусім блізка раве і вые, узняў яго над зямлёю, і ён лунае ў густым паветры, а рукі, простыя чалавечыя рукі служаць за крылы.

І зноў працяглы ўдар аб дно над расколінай, яго крыху паварочала так і сяк, нібы паток сам прымяркоўваў, як лепш умасціць яго, распарадзіцца Янгавым целам. Здавалася, што Янга груба раздзяваюць, здзіраючы жыўцом не толькі адзенне, але і скуру, тузаюць за ласты. Нават зрабілася смешна ад гэтых марных намаганняў вадзяной віхуры. «Пачакай, не рві… Расшпілю зараз…» — дацягнуўся да правай, здаравейшай нагі, адшпіліў раменьчык. Дзікая сіла ў момант сарвала ласт, а прорва з задаволеным ровам глынула яго. Другі ласт не адшпіляў, Янг проста забыўся, што ў яго дзве нагі… Яму ўбачыліся нейкія ўспышкі-сполахі, нібы водбліскі далёкай навальніцы. Здалося, што яго завуць — адтуль, з расколіны-жэрла, з пракаветнай цемры. Пісклявы галасок працінаў усе гукі: «Ну ідзі ж за мною… Ідзі-і-і!» Янгу зрабілася смешна: гэта ж голас таго ласта, што адшпіліў! А раней жа ніколі ён не падаваў гуку, мо хіба саромеўся? «Я зараз… Пачакай, акваланг толькі скіну — замінае… К чорту яго!» Намацаў паясны рэмень, адшпіліў… Апошні раз удыхнуў на ўсе лёгкія і вырваў загубнік з рота. Вадзяная віхура памагла сарваць акваланг з плячэй, і Янг напаследак нават з агідаю адштурхнуў яго ад сябе. Не супраціўляўся ўжо, калі яго пачало разварочваць, усмоктваць у шчыліну, наравіўся толькі, каб менш засядаць і стукацца аб вострыя вуглы галавою, плячамі, менш чапляцца адзеннем, а калі гэта здаралася, то аддзіраў сябе, праштурхоўваўся з п'яным утрапеннем. «Іду-у! Я ўжо іду-у-у!» — крычала ўся яго істота. І калі засеў у вузкім месцы, заклакаваў сабою жэрла, затузаўся, нібы ў перадсмяротнай агоніі, разам з выдыхам крыкнуў проста ў ваду. Крык быў поўны дзікага жаху, бо свядомасць на міг праяснілася, уцямілася — «У пастцы!». Сутаргава затузаўся і ўніз і ўгору, супраць патоку, а лёгкія ўжо крычаць-енчаць — «Паветра-а!».

Топячыся, трацячы прытомнасць, пачуў яшчэ, што нейчыя зубастыя, як у кракадзіла, шчэлепы абхапілі хворую нагу вышэй костачкі, тузанулі бязлітасна, нібы ўпраўлялі вывіх…

4

Натача і Абдула, прывязаўшы Тота да дрэўца, шукалі золата. Не на беразе возера, а ў ручаі, высока, яшчэ перад вадаспадам. І трэба ж было такому здарыцца! Кружылі сёмы тазік — каменьчыкі, галька, гравій, пясок. Збіралі, разглядаючы, зверху большыя камяні, адкідвалі, ссыпалі, грэбліся. Зачэрпвалі ваду і зноў кружылі, перамацвалі асадак. Знайшлася чачавіцінка-гарошына, трошкі пляскатая, у ноздрачкі, з ямкай на баку. Па звычцы паклалі на камень, трэснулі другім зверху. І во дзіва, яна не рассыпалася, а спляскалася. Свежыя драпіны ад каменя зырка-вогненна бліснулі. Яшчэ не верачы сам сабе, Абдула па інерцыі гахнуў другі раз, з усёй моцы, а трэцяга ўдару не зрабіў: рука завісла з каменем каля вуха.

— А дзе… тое? — ледзь прагаварыў, бо ў роце раптам стала суха. — Золата дзе?!

Камень-кавадла быў пусты.

— А во! Прыліпла… — Натача ўзяла з яго рукі камень, адкалупіла жоўта-аранжавы струпок. — Золата! Чэснае слова — золата!

Пакруціла ў пальцах, абгледзела з усіх бакоў, цісканула нават клыкамі: паддаецца на зуб, мяккае! Метал, значыць.

— Дай сюды! — ледзь не вырваў той струпок-аладачку Абдула. І ён абгледзеў струпок з усіх бакоў, і ён пацапаў яго зубамі. — Ух ты-ы… — усхапіўся на ногі, закруціў галавою ў бакі.

— Супакойся, — астудзіла яго Натача, сама з каленяў не ўставала. — Колькі ўжо часу прайшло? Нешта Янга доўга няма.

66
{"b":"549273","o":1}