Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— З гадзіну… А мо і больш. Зірнула Натача на сонца.

— Больш! А ён жа казаў, што паветра ў аквалангу на паўгадзіны! Я-янг!!!

Ускочылі на ногі, крыкнулі разам.

Рэха адбілася ад паўднёвага берага, прыляцела назад: «…а-а-ах!» Нібы хтосьці пацвяліўся і змоўк.

Ледзь голаў не скручваючы, хапаючыся за выступы, за галіны кустоў, Натача зляцела па строме на нізкі бераг, да вады.

— Я-янг! — Прабегла туды-сюды і зноў: — Я-янг! Адгукніся-я-я!

— Схаваўся недзе, пажартаваць хоча… — спусціўся ўніз і Абдула. — Я сам люблю такія штукі. Пачакаем крыху.

— Пачакаем? А акваланг дзе? Калі б хацеў пажартаваць, не цягаў бы з сабою такі цяжар.

— І на востраве ніякага руху… Птушкі спакойныя.

— Пабеглі на той бок возера! Шукаць трэба! — гарачылася Натача.

— Давай тазікаў тры перабяром, прамыем, і калі не прыйдзе за гэты час, то пойдзем шукаць. — Абдула стараўся быць спакойным. Не верылася, што з Янгам можа што-небудзь здарыцца. Чалавек жа і без акваланга добра плавае, і з аквалангам навучаны.

— Золата жоўтае, а сэрца ад яго чарнее. Хапуга! Бляшкі даражэй табе за чалавека! — кінула гнеўна Натача і пабегла паўз ваду па нізкім беразе ўлева.

Але доўга тут не набяжыш, водмель хутка скончылася, і трэба было лезці наверх.

Абдула прабіраўся за ёю назіркам, не раз гукаў: «Пачакай, не пры на скрут галавы!» А потым і гукаць перастаў. Натача скакала цераз ямы, агінала скалы, паднырвала пад кусты, спускалася ў равы, чапляючыся за галіны і карані — спрытна, лёгка, як малпа.

Калі ўзабраліся на самую кручу паўднёвага берага, былі мокрыя ад поту, мурзатыя. Трымаючыся за кусты, звіслі над абрывам, абшнарылі вачыма і востраў, і ваду да самай кручы. Нідзе нікога!

— Я-я-янг!!! — загалёкалі ўдваіх, без усякай асцярогі.

З вострава з крыкамі ўзнялася хмарка белых птушак, а з-пад ног, з-пад абрыву яшчэ большая хмарка чорных. Але нават рэха не пачулі тут.

— А што там жаўцее на вадзе? — паказаў Абдула ледзь не пад самы бераг.

Жоўтая, нібы здвоеная пляма паволі апісвала па вадзе круг.

— Акваланг! — выдыхнула са страхам Натача. — А дзе ж сам?

Грот афаліны - i_026.png

Абдула не паспеў нічога сказаць, Натача адступіла ад кручы на некалькі крокаў і рванула з месца, разганяючыся. На самым беражку адштурхнулася нагамі і, апісваючы вялікую дугу, паляцела ўніз. Рукі трымала перад галавою клінам, увайшла ў ваду амаль праменька, нават пырскаў было мала — шчабоўк! Не бачыў Абдула такога прыгожага скачка нават у хлопцаў, а не тое што ў дзяўчынак. Звесіўся, шукаючы яе вачыма на вадзе… Колькі тут вышыні — пятнаццаць метраў, дваццаць? Ад аднаго позірку дух займае!

Натача вынырнула не скора, мабыць, трохі аглушылася ад удару аб ваду. Страсянула галавою, фыркнула — і паплыла сажонкамі, як хлапчук, да жоўтай плямы.

Так, гэта быў акваланг. Натача рванула яго ўгору з сілаю, мо думала, што пад ім завіс Янг. Бліснулі сонечна балоны, зноў пляснуліся на ваду.

— Няма-а-а!.. — крыкнула з адчаем. Паклала рукі на балоны, моцна забарабаніла нагамі, кіруючы да берага.

— Туды!.. Туды!.. Тут не выберашся! — крычаў ёй зверху Абдула, паказваючы на ўсходні бераг. Потым кінуўся туды і сам: каля самай вады, у прыбоі была палоска пяску, на якую можна было выбрацца.

Падхапіў акваланг за рэмень, падаў і Натачы руку. А сам ужо абмацваў вачыма вентылі.

— Каторы з іх ад рэзервовай падачы паветра?

— Во гэты… — Натача хуценька пакруціла вентыль. — Ён адкручаны! — спалохана ўсклікнула яна.

Зразумелі: у Янга не хапіла на пад'ём паветра. Але чаму тады ён адшпіліў акваланг? Знарок, каб падаць ім нейкі сігнал? Пазначыць месца гібелі?

Зразумелі: дзе золата, там і бяда.

Раздзел другі

1

Не злавіць сеткаю вецер. Птушка ў небе, а дэльфін у вадзе не пакідае следу.

«Дзе ж тыя дэльфіны, куды пахаваліся?» Радж, дый не толькі Радж, — усе, хто быў на катэрах і глісерах, азіраліся ва ўсе бакі, мацалі вачыма па вадзе і блізка, і далёка, аж пад акаём, — няма дэльфінаў! І пагода стаіць як на заказ, звычайна ў такую пагоду чародкі дэльфінаў круцяцца каля Рая, найбольш смелыя набліжаюцца нават да купальшчыкаў.

Тры катэры і два глісеры ў іх групе. Сярэдні катэр нібы матка, ён і большы за іншыя разоў у пяць, не раўнуючы ўжо з глісерамі, і забяспечаны дзвюма лябёдкамі па бартах. У ім і бак — узвышаная пярэдняя частка судна — тырчыць намнога вышэй, чым у двух другіх: як другі паверх з каютамі і кубрыкамі. На баку, трымаючыся за радыёмачту, стаіць Судзір. Прыкладваючы да вачэй то далонь, то бінокль, ён углядаецца ў акіянскую далеч. Глісеры справа і злева ад катэраў, гойсаюць кругамі далёка, падскокваюць на вадзяных валах ад катэраў, паказваючы каршунаватыя «ногі», а часам і сам «абутак» — падводныя крылы.

Няма дэльфінаў, нібы хто папярэдзіў іх — ратуйцеся, браточкі, аблава!

Разгорнутым строем судны абышлі Рай па вялікай дузе. Гатэлі на востраве здаваліся меншымі за чвэрць запалкавага карабка. Дамы прыгожа бялелі, жаўцелі і ружавелі сярод зеляніны, а пляжы і белыя карункі прыбою вакол вострава надавалі асаблівае хараство — нібы з акіянскай сінечы паўстаў каштоўны, у візерунках аправы камень-самацвет.

Потым прайшлі трохі ў напрамку да Галоўнага вострава, але па дарозе траплялася шмат то рыбацкіх лодак, то суднаў, што спяшаліся на Рай, і Судзір падаў сігнал паварочваць на ўсход — у той бок, дзе праступаў з вады надламаны, але яшчэ востры рог гары вострава Блакітны.

Незаселеным лічыўся востраў Блакітны. Адзінымі бачнымі насельнікамі былі птушкі, ад іх скопішчаў ажно бялелі прыбярэжныя скалы. Раптам Судзір паказаў і рукою, і біноклем на паўночны захад ад Блакітнага. Усе пачалі ўглядацца ў той бок: ледзь прыкметныя цёмныя коскі выскоквалі з вады. Дэльфіны!

Судзір звесіўся з бака і штосьці пракрычаў уніз рулявому, а потым, нібы ўспомніўшы пра партатыўную рацыю, падхапіў яе, паднёс да рота. Такія ж рацыі былі ва ўсіх рулявых, усе прыслухоўваліся да яго каманд. Левы катэр, на носе якога стаяў Радж, павялічыў хуткасць. Прыбавіў хуткасці і правы, дзе быў містэр Крафт. (Судзір спачатку не хацеў браць яго ў мора — карысці ніякай, а замінаць, умешвацца непатрэбнымі распараджэннямі будзе. І Крафт вымушаны быў сказаць, што будзе толькі гледачом). Усе тры катэры павярнулі на паўрумба17 ўлева і трошкі больш разышліся. Цяпер паміж сярэднім і крайнімі было метраў па семдзесят, а мо і сто. Судзір яшчэ нешта камандаваў, бо глісеры перасталі гойсаць абы-дзе, а хутка памчаліся наперад, нібы ад крайніх катэраў раптам пацягнуліся, ахопліваючы нейкую прастору, рукі-клюшні.

Радж зразумеў Мансур: трэба хутчэй ахапіць чараду, скучыць дэльфінаў, закружыць на месцы. А што будзе далей? Упершыню ўдзельнічаў Радж у адлове дэльфінаў, усё было ў навіну. Гэты раз, як прывёў Судзір у порт армаду суднаў (а некаторых наняў на месцы) і паставіў Крафта перад фактам, містэр Джэры ажно зніякавеў. Усё! Няма адступлення назад! Новыя вар'яцкія выдаткі, якіх ён смяртэльна баяўся, — рэальнасць. Нават не суцешыла Крафта тое, што зараней плаціць не трэба. Усё роўна ж давядзецца раскашэльвацца. А на колькі? Нібы само ліха пацягнула тады за язык, падтакнуў Судзіру, згадзіўся на лоўлю новых дэльфінаў (як топішся, то і за пену схопішся), а цяпер ужо ўсё, адступлення не можа быць. Усё робіць Судзір сам: і флатылію прывёў, і распараджаецца, як гаспадар становішча, аддае загады. Па загаду Судзіра і Радж узяў з сабою ўсе даспехі аквалангіста, а цяпер прэе ў чорным гідракасцюме, чакае сігналу, каб скокнуць за борт. А скакаць давядзецца, бо дэльфіны заблытваюцца ў сетках. Пад вадою яны могуць прабыць дзесяць — пятнаццаць мінут, а звычайна ўсплываюць праз тры-пяць мінут. Уражлівыя дэльфіны страшэнна: калі не ўтопіцца, дык можа быць з перапуду інфаркт ці інсульт. Як у людзей!

Чарада дэльфінаў не здагадвалася, што будзе рабіцца далей. Яны дазволілі, каб іх абагналі, закружылі на месцы. Некаторыя весела выскоквалі з вады, шумна плюхаліся назад, зусім блізка падплывалі да глісераў, пускаліся з імі навыперадкі па крузе, і каб захацелі, то лёгка абагналі б, уцяклі. Адзін вялізны дэльфін, мо важак чарады, то заплываў наперарэз сярэдняму катэру, то ляцеў да крайніх, уздыбліваўся на хвост, баламуцячы ваду, нібы хацеў заглянуць, што робіцца на борце, чым займаюцца людзі.

вернуться

17

Румб — 1/32 частка акружнасці гарызонта.

67
{"b":"549273","o":1}