Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Да паліцэйскага ўчастка не дайшлі, пачулі рокат верталётных матораў і далёкую страляніну. Павярнулі ў бок порта, куды беглі ўжо і дзеці, і дарослыя і адкуль добра было відаць, што робіцца на рэйдзе і аж да самага гарызонта. І ўся катастрофа з танкерам адбылася на іх вачах…

Потым, калі ашалелы натоўп пачаў цягаць іх з сабою то туды, то сюды, ім ледзь удалося ўхапіцца адзін за аднаго, каб не згубіцца ў людскім віры. Чмурэючы ад крыкаў і гвалту, прабіліся да восьмага сектара, дзе палалі ад падпаленай нафты рыбацкія джонкі-хаціны. Хацелася памагчы рыбакам у гэтым апакаліпсісе26, памагчы Гугу, яго сям'і. Пра свой ратунак браты не думалі. Прымалі на рукі нейчых дзяцей, нейкія клункі, адносілі чым вышэй на бераг, зноў прабіваліся да вады… Лодкі ўспыхвалі ўсё бліжэй і бліжэй. У дымнай копаці людзі мітусіліся, як чэрці. Ніхто не ведаў, ці ўсе насельнікі лодак выратаваліся, ніхто нічога не мог сказаць пра Гугу і яго сям'ю.

Потым стомленыя, мурзатыя пляліся па кальцавой дарозе на захад, куды падаваліся і людзі. На пляж наўкасяк ішлі перамешаныя з нафтаю вадзяныя валы, нафтаю быў заліты ўжо ўвесь пясок да раздзявалак і душавых, і нават будачкі-раздзявалкі. Нафта тут яшчэ не гарэла, але бяда ад яе была не меншая. Знакамітым на ўвесь акіян пляжам прыйшоў канец.

Недзе ў чацвёртым ці пятым сектары напаткалі Абдулу. Прабіўся насустрач людскому патоку з Тота на руках. Вочы спалохана абмацвалі кожнага стрэчнага-папярэчнага. Убачыў Раджа і Янга — і ажно сабачку ўпусціў з радасці.

— Няма нідзе сіньёры… А Тота ў калідоры злавіў, бегаў і скуголіў, бегаў і плакаў.

— Мо паспела выехаць, — сказаў Радж. Прайшлі і пяты, і шосты сектары, тут было самае вялікае зборышча людзей. Тут не было дыму, не дайшла сюды яшчэ і нафта.

Паселі ўтрох на бетонны парапет, які абараняў дарогу ад хваляў прыбою. Глядзелі, як коцяцца на бераг брудныя валы, глядзелі ўлева, на дэльфінарый. Ён яшчэ быў цэлы, яшчэ быццам існаваў, але здавалася, што яго ўжо і не было.

«Што ж далей? Чым усё скончыцца?» — балюча ныла ў кожнага сэрца.

Адно толькі ведалі хлопцы: яны не турысты, уцякаць ім няма куды. Лёс іх звязаны з Раем, з архіпелагам Вясёлым.

І будучыня Вясёлага звязана з імі…

Сонца было над самым захадам, яно раз-пораз хавалася за чорныя, страшныя клубы дыму. На такое сонца і Янг ужо мог глядзець без акуляраў.

Схаваецца хутка сонца, але прыйдзе раніца, і яно зноў узыдзе.

І будзе ўзыходзіць яшчэ не адзін раз…

1980–1982 гг.

вернуться

26

Тут у сэнсе «канец свету».

96
{"b":"549273","o":1}