Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Я адмяняю ранішняе прадстаўленне.

— Як адмяняю?! — Крафт ажно асіп. — Як адмяняю, калі ўжо білеты прадаюць?!

— А вы гарантуеце, што ўсё пройдзе добра, не сарвецца? Што дэльфіны будуць слухацца? — голас Судзіра быў ледзяны да сухасці.— Мне здаецца, містэр Крафт, у вашых жа інтарэсах адмяніць адно прадстаўленне, чым… Бо калі што якое, па ўсім Раі пойдзе погаласка: «У дэльфінарыі няма чаго глядзець, адна халтура. Не ідзіце, толькі грошы выкінеце!» Падлічыце, якія могуць быць у вас страты, вы чалавек адукаваны… — і грукнуў за сабою дзвярыма так, што затрэслася ўся будыніна.

— Шалёны… Ці бачыце? Ён жа мэд! — пахітаў галавою Крафт і пайшоў за стол у сваё крэсла. Расхліснуў больш каўнер белай кашулі, глянуў на вялікія крылы вентылятара, што ледзь варушыліся пад столлю і не давалі ніякага ветру. Відаць было, што Крафту ўеўся ў пячонкі Судзір, але нічога не паробіш. Не падабаецца нос, але ж не памяняешся ім з другім чалавекам.

— Малу… Ты можаш ісці. Скажаш па дарозе касірцы, хай павесіць паперу: прадстаўлення ў 11.00 не будзе па тэхнічных прычынах. Адміністрацыя просіць прабачэння. Прададзеныя білеты сапраўдныя на 14.00. І прадае няхай толькі са штампам «14.00». І ты, Гуга, ідзі займайся спакойна сваёю справаю… Ды ўмыйся, а то мяне нудзіць на цябе глядзець. Пятнаццаць гадоў, а ты ўсё яшчэ такі маленькі…

Голас у Крафта быў стомлены, але Раджу не здавалася, як тыя разы пры размовах, што Крафт не толькі крыху няправільна будуе фразы, але яшчэ і разыгрывае ролю беднага і ашуканага ўсімі прастачка.

— Дружа Абрахамс… Табе такое заданне. Прывязеш урача з прыватнай клінікі Энтані Рэстана. Патолагаанатама. Рэжа тых, хто памёр. Хай паглядзіць нашу Джэйн… — Містэр Джэры гаварыў ціха, нібы на пахаванні, і Радж яшчэ раз падзівіўся: не падобны чалавек на самога сябе.

Калі і за Абрахамсам зачыніліся дзверы, Крафт сказаў Раджу:

— Што ты думаеш пра ўсё гэта? Ты ведаеш, што я маю на ўвазе.

— Здагадваюся. Я ўжо думаў… Здаецца, што — не. Разумееце? Ніякага дачынення да гібелі Джэйн «трыяда чайна» не мае.

— І я такой думкі. Пры іх жорсткасці і хуткасці на расправу ды такая далікатная помста. Але на ўсякі выпадак хай паглядзіць урач. Цікава, што ён скажа…

«Гаварыць яму ці не пра начны абстрэл?» — падумаў Радж на адыход. І сам сабе пакруціў галавою: не скажа. Невядома, што захоча зрабіць Крафт. Мо проста надумае звольніць, каб пазбавіцца ад небяспечнага работніка, які ўжо другі раз трапляе ў такія справы.

Раздзел сёмы

1

Янга абмацалі, абшукалі, штурхнулі ў машыну. Заціснуты паміж двума дарослымі, Янг не бачыў, па якіх вуліцах машына імчыць, куды зварочвае. Ехалі даўгавата — гэта адно і адчуў. І яшчэ дзівіўся: чаму чалавека з баулам не пасадзілі з ім — машына ж была вялікая, сямімесны фургон.

У паліцэйскім участку Янга ўвапхнулі ў велікаваты пакой, з лязгатам зачынілі дзверы.

Перш за ўсё пачуў рэзкі смурод. Пакой быў дзіўны, акенца адно, пад самаю столлю, у кратах. На столі ледзь блішчыць лямпачка ў драцяной сетцы. Святла яна дае мала, на падлозе амаль цёмна. Хацеў прыхіліцца да сцяны — адхапіў плячо: так балюча кальнула. Сцены былі патынкаваны так, што густа тырчалі саскішыпы, нібы луска акулы. Афарбаваны яны былі ў брудна-сінюю фарбу і паглыналі ўсё святло, якое падала на іх. Калі вочы трохі прызвычаіліся, Янг разгледзеў, што няма ў пакоі ні лавак, ні табурэтак, у кутках пад акенцам ляжаць нейкія валацугі ў лахманах. Адзін з іх прыпадняў кудлатую галаву і зноў улёгся, падклаўшы пад вуха локаць.

Янг баяўся падыходзіць да іх, апусціўся на кукішкі каля дзвярэй. Добра сесці гідзіўся — такая брудная, у нейкіх усохлых падцёках і пляўках была цэментная падлога.

Цярпеў гэтак з гадзіну. У галаве ўспыхвалі абрыўкі думак: «Папаўся… У турму кінулі… А што ж цяпер будзе? А як жа Радж? Ен жа нічога не ведае, дзе я, што са мною… А Пуол — гад… Гад з гадаў! Апошнія грошы выдурыў ды яшчэ паліцыі падсунуў…»

Потым заскрыгатаў ключ у дзвярах, усунуўся да паловы тулава паліцэйскі, агледзеўся па баках. «Цябе!» — тузануў за плячо.

Прывёў у нейкі пакой ці кабінет. Пад акном за сталом хтосьці сядзеў. Янг не паспеў прыгледзецца, як паліцэйскі казырнуў і бокам, як краб, выйшаў.

Янг зноў паглядзеў за стол. Дык гэта ж сядзіць той афіцэр-паліцэйскі, што вылез на вуліцы з машыны, пазвоньваючы наручнікамі. Высокі, з буйнымі рысамі твару, з вялікім гарбатым носам. Сёння ён у штацкім і без галаўнога ўбору. Глядзеў афіцэр на Янга і па-бацькоўску ўсміхаўся. Янг не паддаўся на гэтую ліслівую ўсмешку, адвёў вочы.

Справа ад уваходу быў яшчэ адзін стол, намнога даўжэйшы, і сядзелі за ім двое: адзін — той піжон з вусікамі, што ішоў па вуліцы за Янгам і пакручваў бліскучую палку, другі — дзябёлы і мажны, як перакормлены, еўрапеец, у шаравата-блакітным мундзіры. Каля яго на стале ляжала фуражка з надпісам па аколышку «Interpol». А злева, каля глухой сцяны, сядзеў за маленькім сталом каля машынкі яшчэ адзін паліцэйскі.

— Як цябе зваць, хлопча? — ласкава звярнуўся афіцэр і нават усміхнуўся.

— Янг. Янг Сінх.

— Вельмі прыемна. Класічнае імя для хіндзі. Лепш і не прыдумаеш. Скажы, калі ласка, чытаць-пісаць ты ўмееш?

— Умею.

— У-о-о?! — здзівіўся афіцэр. — Малайчына. Тады бяры ручку і распішыся на гэтай вось паперы.

— Як гэта? — падышоў Янг да стала начальніка-афіцэра.

— Ну — напішы сваё імя і прозвішча. Гэтым самым ты дасі клятву, што будзеш гаварыць толькі праўду, чыстую праўду. Калі схлусіш, пасадзім у турму.

Янг паволі накрэмзаў сваё імя і прозвішча. Рука дрыжала, аўтаручка не слухалася. Напісаў і адступіў далей ад стала. Вельмі ж ужо салодкім і клейкім быў позірк афіцэра, ажно не адляпіцца.

— Дык, кажаш, як цябе зваць? — яшчэ раз перапытаў афіцэр. — У мяне сын такога ўзросту, як ты. Дарэчы, ён ніколі не хлусіць.

— Янг Сінх. Дванаццаць гадоў скора. «Трэт-тэ-тэ-тэ» — застукаў на машынцы той, што сядзеў злева, за малым столікам.

— Дзе ты жывеш?

— Нідзе.

— Як гэта нідзе? Не ў паветры ж ты вісіш.

І ўвесь час, пакуль ішла размова з афіцэрам, стракатала машынка. Янг расказаў пра Біргус і пра тое, як выперлі іх адтуль амерыканцы (пры гэтых словах усе, хто прысутнічаў у пакоі, пераглянуліся паміж сабою і нават пакрахталі, паварочаліся). Як завезлі іх на Горны, як трапілі потым на Галоўны на храмавае свята, як памёр бацька, як адцураліся Янга землякі…

— Дык, кажаш, маці памерла і бацька памёр? Ай-яй-яй, бедны хлопчык…

— Маці не памерла, яе дрэвам забіла, — удакладніў Янг.

— Ай-яй-яй… — нібы не чуў афіцэр, адчыніў шуфляду стала, перагроб паперы і знайшоў там цукерку. — Вазьмі, калі ласка. Вазьмі, вазьмі, не бойся! І больш нікога ў цябе з блізкіх сваякоў няма?

— Есць брат Радж. Ён на Раі працуе ў дэльфінарыі. Паліцэйскі злева і гэта выстукаў на машынцы.

А тыя два, што сядзелі справа за доўгім сталом, нават і брывом не павялі — быццам вырабілі іх з каменя. Лёс Янга іх ніколечкі не кранаў.

— Даўно ты ведаеш таго чалавека?

Янг у непаразуменні паглядзеў на афіцэра. — … таго, з кім цябе разам арыштавалі?

— Я яго зусім не ведаю.

— Ты хочаш сказаць, што першы раз падышоў да яго?

— Ага.

— Што ты павінен быў яму сказаць?

— Што ў гатэлі «Санта-Клара» месцаў няма. Што яму трэба ў «Ганконг», апартамент сорак першы… Але я ўсё не паспеў яму сказаць, ён пачаў крычаць на мяне.

Афіцэр хуценька сунуў руку пад стол. Адразу ж за спінаю Янга рыпнулі дзверы, хтосьці заглянуў.

— Засаду ў нумар сорак першы «Ганконга». Усіх упускаць, нікога не выпускаць!

— Стоп, стоп! — магутным басам сказаў той, каля якога ляжала шапка з надпісам «Interpol». І далей ужо загаварыў па-англійску. Афіцэр выслухаў яго і згадзіўся:

— Правільна. Вазьміце дакументы таго… Зразумела? І зарэгіструйце спачатку ў парцье. Быццам прыехаў той, каму было забраніравана месца. А парцье прыгразіце, каб не прагаварыўся. І самі ў засаду!

26
{"b":"549273","o":1}