Литмир - Электронная Библиотека
A
A

…Янг абмінаў шматлюдныя групы людзей, якія трымаліся зямляцкага прынцыпу ці каставага, цераз кагосьці пераступаў, аб чыесьці ногі спатыкаўся. Не паменшала народу на прыстані, пакуль ён бегаў за аркестрам: вірлівая і гаманкая чалавечая маса запоўніла не толькі ўсю набярэжную, але і драўляныя прычалы-пірсы, і бетонныя, што ўрэзваліся далёка ў мора. Каля іх стаялі вялікія баркасы, лапочучы ветразямі, вялікія і малыя катэры і нават акіянскі, падобны на белую гару ці шматпавярховы дом, цеплаход-лайнер. Некаторыя, не хінду, каго не цікавіла заўтрашняе храмавае свята, ужо грузіліся на баркасы і катэры, адбывалі да сваіх астравоў. Людзі тоўпіліся, штосьці абмяркоўваючы, або сядзелі ці ляжалі, дрэмлючы. Толькі не пад какосамі: грукне па галаве арэх, можа забіць. Некаторыя нешта варылі ці смажылі на маленькіх раскладзеных агеньчыках. Шныпарылі, спрытна лавіруючы між людзей, латочнікі, прапаноўвалі бетэлеву жуйку, смажаныя арэхі, піражкі і цукаты, усялякую садавіну, гародніну, драўляных бажкоў, маскі, сандалавыя палачкі для акурвання багоў, ахвярнае малако. Дым і чад, усялякія пахі кружылі галаву. Асабліва рэзка пахла нечым кіслым і прыгарэлым.

З цяжкасцю Янг прабраўся ў паднавес да сваіх. Дзесяць старэйшых мужчын у іх групе, у тым ліку стараста Ганеш, дзед Амос і Натачын бацька Амат — жанчын не было ніводнай. А чаму было б не выбраць у гэтую групу і Амару? Было б хоць да каго Янгу прыхіліцца.

— Дзе ты бадзяешся? — накінуўся на яго Амос. Дзядзькі Амата не было відаць, а Ганеш ляжаў, прыкрыўшы твар хусцінкай, хваравіта стагнаў.— Сядай каля бацькі і не давай яму выкалупваць чарвей з ран. А то звяжам яму рукі… Ты ж не хочаш, каб вязалі яму рукі? — голас старога зрабіўся ласкава-саладжавым.

Не, Янг гэтага не хацеў.

«Добранькім прыкідваецца… А за што ж ён, усе яны бацьку катуюць? Паспрабуй вытрывай гэты сверб…» — Янг з жахам глядзеў на бацькавы пакуты, на тое, як ён з нейкай асалодай і ашалелай раз'юшанасцю раздзірае балячкі, паласуе сябе. «Мала ім ран… Бачыце, трэба, каб і чэрві былі, каб больш усіх уражвала… Каб самога Вішну прабрала да пячонак, калі будзе глядзець на бацькавы пакуты». Янг дакараў сябе: не трэба было ўцякаць адсюль, а сядзець з бацькам. А то кінуў-рынуў усё, захацелася, бач ты, паслухаць музыкі, павесяліцца. І гэта яму весяліцца? Яму, які згубіў усё ў жыцці?!

«Да Раджа трэба было падавацца, яму паказаць бацьку. Радж лепш паклапаціўся б пра яго…»

— Татачка, не трэба! Татачка, пацярпі! — хапаў бацьку за рукі, не даваў раздзіраць язвы, калупаць іх. А той вырываўся, мычаў, як без'языкі, кусаў заструпелыя губы, наравіў пакачацца па зямлі, пачухацца спінаю аб стойку-слуп ці аб сцяну. Хоць і саслабеў ён, але хіба параўнаеш сілу дарослага і сілу хлапчука? Вырываючыся, бацька некалькі разоў добра трэснуў сыну — раз у вуха, раз па шчацэ, — вока пачало падплываць і запухаць. Янг моўчкі плакаў ад крыўды на бацьку, на Амоса, на ўвесь свет…

— Ды не хныкай ты! Гэтакі вялікі хлопец, а горш за малога. Трэба, каб у бацькі такі выгляд быў. Трэба! — з'явіўся аднекуль і апусціўся на калені каля Янга дзядзька Амат.

— Такі ды не такі…— незадаволена бурчаў Амос. — Ужо не пакажаш Хангаву цярплівасць і пакору. Наадварот атрымліваецца — нецярпенне. І бунт плоці, пачуццяў! Каб ён хоць месяц пасціў, пакутаваў, а то…

— Што маем… Наварылі кашы з маніёкі, а хочам есці рысавую… Значыць, так, Янг: вартуй, каб бацька нікуды не ўцёк. Заўтра ўсе пакуты скончацца, яго палечаць. — Амат як стаяў на коленцах, так і заваліўся на бок і хутка заснуў.

«Палечаць… Хіба можна ўжо вылечыць гэтыя страшэнныя язвы? Якія кругі сінюшныя вакол кожнай — божа, божа… У бацькі гарачка, увесь трасецца, палае. Мо якое заражэнне крыві пачалося? А хто розум яго вылечыць? Хто?!» — пакутныя думкі душылі хлопца.

Нечакана апала трапічная ноч. І амаль адразу густа задыхалі, засаплі, захраплі наўкола людзі. А Янг не спаў, ён баяўся заснуць. Прывязаў бацькаву нагу да сваёй нейкім абрыўкам аборкі — хай тузае, абы не заснуць ненарокам, не ўпусціць бацьку.

Толькі на прыстані і ў гавані яшчэ не было спакою. Па вадзе снавалі рознакаляровыя агні, сяды-тады раўлі і чмыхалі, глохнучы, маторы баркасаў, чуліся нейкія прыцішаныя гудкі і свісткі. Дзесьці далёка, мо на тым беласнежным цеплаходзе-прыгажуне, задзынкалі ў звон-рынду — адбівалі склянкі. Але Янг не мог зразумець — што гэта.

2

Янг гатоў быў паклясціся, што не спаў. Ну, мо звёў трохі павекі, прыхіліўшыся спінаю да слупа, каб даць адпачыць вачам. Прахапіўся ад грукату тамбурынаў і тамтамаў, шчанячага віску флейты. Памацаў каля сябе… Тут бацька, не ўцёк! Во — стогне-дыхае.

— Уставайце хутчэй! — катурхаў біргусаўцаў дзед Амос.

— Піць! Вады-ы!.. — ачнуўся бацька і пачаў чухацца, скрэбціся.

Янг перавязаў вяроўку — ужо за пояс, а не за нагу.

— Пацярпі, пацярпі… Мы і так награшылі. Людзі па месяцу посцяць, у апошнія дні нават сліну не каўтаюць, а мы… У ручаі нап'ёмся… Вядзіце яго, мужчынкі, а то не праб'ёмся, — распараджаўся дзед Амос.

— Вядзіце… — прашапялявіў стараста Ганеш, нібы даў згоду.

Трэск і грукат барабанаў гусцелі. Было яшчэ цёмна, рэдкія лямпачкі на слупах мала памагалі, і хто-ніхто пачаў запальваць факелы і зыркія, іскрыстыя бенгальскія агні на доўгіх, паўметровых драцінах. Вакол гэтых агнёў пужліва завірылі, абпальваючыся, начныя мошкі і матылькі.

Біргусаўцы ішлі шчыльна, выстраіўшыся клінам, — каб лягчэй прабівацца праз натоўп. Першы, на вастрыі кліна, ішоў бацька Туна, ён быў самы здаровы. За ім, абняўшыся, а свабоднымі рукамі ўчаперыўшыся яму ў пояс, Ганеш і дзед Амос. Пасля іх трое — дзядзька Амат і бацька Пуола — Джыва, трымалі пад рукі Янгавага бацьку. У патыліцу за бацькам, схапіўшыся за аборку яго пояса, тупацеў Янг. Астатнія замыкалі шэсце.

Мабыць, яны зрабілі памылку, не трэба было перціся на «прашпект», як назваў галоўную вуліцу Янгаў знаёмы Абдула. Па абходнай, што ішла ў тым жа напрамку, было б хутчэй, хоць і адлегласць большая. Але ўсе чамусьці перліся на «прашпект», на скрыжаваннях з вуліцамі і завулкамі ўтварыліся магутныя завіхрэнні-людавароты. Адолець іх было цяжка, біргусаўцаў загнала было ў бакавую вуліцу. Біргусаўцы, што замыкалі шэсце, згубіліся. Не сталі супраціўляцца плыні, і яна зноў вынесла іх на «прашпект». «Чапляйцеся мацней адзін за аднаго!» — крычаў хрыпла Ганеш. І дзядзька Амат і Джыва ўчапіліся за старасту і Амоса. Як ні крычалі — і па адным, і ўсе разам, — не маглі дагукацца, згубленыя так і не абазваліся. А мо і тыя крычалі, згубіўшыся, але ў гэтым людскім вэрхале і гаме, барабанным грукаце пазнаць іх галасы было цяжка. Многія гукалі, нібы блудзілі ў джунглях. Янгаў бацька не ішоў, а ледзь ногі перастаўляў, і яго давялося валачы пад рукі.

Чым бліжэй падыходзілі да цэнтра, тым рабілася святлей. Але не ад сонца, сонца яшчэ толькі думала ўзыходзіць. Над вуліцай звісалі ад слупоў да слупоў гірлянды рознакаляровых электрычных лямпачак, такімі ж гірляндамі былі апавіты самі слупы, ствалы пальмаў. На макаўках слупоў бліскалі дзівосныя зоркі, вырабленыя з каляровых шкляных трубачак. Святло ў гэтых трубачках дрыжала, як жывое, і нібы пералівалася сюды-туды. На вялізных дамах розных кантор, офісаў, банкаў, магазінаў, гатэляў скакалі, бегалі ўсялякія надпісы, заклікі, аб'явы. На высознай глухой сцяне нейкага небаскроба вогненны чалавек усё наліваў з бутэлькі ў зялёную шклянку пепсі-колу, падносіў да губ і выпіваў — рот усміхаўся да вушэй ад прыемнай смакаты.

Янг тупацеў за бацькам, наступаў яму на пяткі, спатыкаўся, не цямячы, куды брыдуць, а сам усё круціў галавою направа — налева — угору, каб нічога не прапусціць. І ў гэтым неверагодным, тлумным свеце жывуць людзі?! І ім не страшна?! Але чаго ім баяцца — прывыклі. Ім цікава, ім весела, сытна… Не, не спіць Янг, усё гэта наяве.

Міналі цэнтр горада, і пачало світаць. Хутка, разам — як заўсёды ў тропіках, і ўся вакханалія агнёў пачала сціхаць, тухнуць, пакуль не прапала зусім.

Сонца падымалася ўгору імкліва, сям-там, дзе пракідаліся прамежкі паміж гмахамі ці дамы былі нізкія, двухпавярховыя, гарачыя праменні ўжо прарываліся на вуліцу. Яшчэ далёка было да канца горада, а там трэба будзе брысці да святога ручая-крыніцы, рабіць абмыванне, а потым падымацца ўгору, да храма. Як яны дойдуць, калі бацьку не трымаюць ногі? І не душна яшчэ, а па ім ужо цякуць пацёкі — потна-крывавыя і брудныя.

20
{"b":"549273","o":1}